Павел Левінаў: «Можа прыйсці да ўлады добры кіраўнік, эканаміст… Але ў правах чалавека ён – нуль! Давядзецца вучыць»

Інтэрв’ю з віцебскім праваабаронцам Паўлам Левінавым.

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава працягвае інтэрвію з праваабаронцамі, выпускнікамі адукацыйных праектаў праграмы Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў у Беларусі» (скарочана – ILIABy, ад англ. «International Law in Advocacy in Belarus»), у прыватнасці, праекта «Міжнародныя стандарты – у нацыянальную практыку» (скарочана – BISH, ад англ. Bring International Standards Home”).

ПРАГА СПРАВЯДЛІВАСЦІ

Павел Левінаў паходзіць з сям’і, далёкай ад юрыспрудэнцыі: яго мама – інжынер-канструктар, тата – кіроўца. Яшчэ са школьных часоў ён пачаў адстойваць свае правы – пры тым, што юнацтва Паўла Левінава прыпала на 70-я: эпоху, яшчэ далёкую ад Перабудовы:

– А пачалося ўсё з адной гісторыі… Я тады хадзіў у школу, адвучыўся сем класаў, меўся пасля восьмага класа паступаць у Віцебскі станка-інструментальны тэхнікум. І калі я першага верасня даведаўся, што мяне перавялі з майго класа, дзе я адвучыўся сем гадоў, у паралельны – я не пайшоў да мамы-таты… Сам не ведаю, чаму. Я пайшоў да дырэктара школы вырашаць гэтае пытанне: каб я застаўся вучыцца ў сваім класе. Не хацеў я ў апошні школьны год мяняць калектыў, настаўнікаў… З першай спробы ў мяне не атрымалася; і другой спробай я напісаў заяву на імя дырэктара: «Праз такія і такія абставіны я адмаўляюся хадзіць у школу».

Пасля гэтай заявы дырэктар вярнуў Паўла Левінава ў родны клас.

– Гэта цяпер такое называецца «адвакатыўная кампанія». А тады… Я быў хлапцом, мне было 14 гадоў… Напэўна, гэта быў першы праваабарончы досвед, дзе я змог абараніць – пакуль што толькі свае – правы. Ёсць такая прымаўка: «Дурны прыклад заразны»; а гэты мой учынак, напэўна, быў не столькі заразай, колькі прышчэпкай, вакцынай – праз якую я атрымаў такі досвед абароны сваіх правоў. А гэта ж было задоўга да Перабудовы: гэта быў 1975 год! Перабудовай яшчэ і не патыхала, у нас Леанід Ілліч быў яшчэ не ў маразме; у нас усё яшчэ было, напэўна, не так і кепска ў эканамічай сітуацыі. У школе мы яшчэ канспектавалі XXV З’езд КПСС, выхоўваліся ў духу марксізма-ленінізма; і такое словазлучэнне, як “правы чалавека”, я ўвогуле не ведаў; і калі я абараніў сваё права, я тады яшчэ не разумеў, што я абараніў сваё права вучыцца там, дзе жадаю – я, а не нейкія пабочныя, хай і службовыя, асобы. Я тады яшчэ не разумеў, што я абараніў правы чалавека.

– Адкуль гэтая прага справядлівасці?

– Хутчэй за ўсё, тут галоўнае – выхаванне, якое я атрымаў у сям’і. Разумееце, у савецкія часы… Гэта сёння моладзь можа паехаць у любую краіну, былі б грошы. У наш час, у 1975 годзе, Польша здавалася такім недасяжным замежжам, што калі да майго сябра прыехала дзяўчынка па абмене ў Беларусь, сяброўка па ліставанні – мы на яе глядзелі як на дзяўчынку з іншай планеты! Бо яна прыехала адтуль, з-за жалезнай заслоны! Сённяшняй моладзі і з’яжджаць нікуды не трэба, можна і па інтэрнэце камунікаваць з жыхарамі іншых краін. А тады нам было дзіўна нават тое, што ў іх і скура такая самая, як у нас.

Пасля школы Павел Левінаў абраў тэхнічную прафесію: скончыў станка-інструментальны тэхнікум па спецыяльнасці «Эксплуатацыя і наладка станкоў з лічбавым і праграмным упраўленнем», пайшошў працаваць на станочны завод у Віцебску, пісаў праграмы для станкоў:

– Гэта ж, як сёння кажуць, IT-тэхналогіі; напэўна, мяне можна параўнаць з сённяшнімі айцішнікамі. І я яшчэ паступіў у вну на тэхнічную спецыяльнасць. Праўда, калі мы маладыя і прыгожыя, мы думаем не толькі пра вучобу, таму я быў прызваны ў шэрагі Узброеных сілаў і, праслужыўшы два гады, вырашыў звязаць з войскам сваё жыццё. Я застаўся служыць па кантракце ва Ўзброеных сілах – тады Савецкага саюзу, а калі ён распаўся – Беларусі. І наша пакаленне, разумееце, трапіла ў такую сітуацыю… Як у шлюбе: вянчаўся з адной, а потым усё змянілася, і трэба вянчацца з іншай; а два разы нельга. Калі я прызываўся ў армію, я прысягаў на вернасць народу СССР, і гэтую прысягу даваў па добрай волі; а потым мы змушаныя былі прысягаць на вернасць Рэспубліцы Беларусь. Я разумеў, калі гэта рабілі мы, беларусы па нараджэнні; але мяне напружвала тое, што прысягалі і многія ваенныя, не беларусы, якія нават не разумелі мовы, на якой яны гэтую прысягу прамаўляюць; я не разумеў – як такое ўсогуле магчыма? А ў кантэксцё сённяшніх падзеяў [гутарка з Паўлам Левінавым адбылася 5 снежня 2020- заўв. аўт.] хачу ўзгадаць вось што. Як прымаў першую прысягу, у маёй памяці не замацавалася. А калі прысягаў Рэспубліцы Беларусь – я памятаю, як гэта было ўрачыста, і гэта адбывалася пад нацыянальным сцягам Беларусі, які сёння ўлада называе фашыстскім. І ў мяне пытанне: дык я, выходзіць, хто? Фашыст?

Перш чым сустрэцца з міжнародным правам правоў чалавека, Павел Левінаў быў сябрам КПСС, і ўступіў туды, як ён сам сцвярджае, з ідэйных меркаванняў:

– У партыю я ўступіў, калі служыў у войску. Працэдура была такой: спачатку ты пішаш заяву, год ходзіш кандыдатам, і праз год на партыйным сходзе разглядаюць тваю кандыдатуру: апраўдаў давер ці не апраўдаў. І вось я на сходзе, дзе мяне павінныя былі прымаць у сябры КПСС, сказаў прыкладна такое: «Я не супраць палітыкі КПСС, але я адмаўляюся ўступаць у гэтую партыйную арганізацыю, бо мяркую, што на службе ў гэтай ваеннай частцы ёсць людзі, не чыстыя на руку: карупцыянеры і хабарнікі». Мяне на тым сходзе і не прынялі. Па маёй заяве была праверка, узбудзілі крымінальныя справы, і людзі былі заслужана пакараныя. І пасля гэтага, калі партыйную арганізацыю, як кажуць, ачысцілі, я паспяхова ўступіў у партыю. Бо для мяне, паўтараю, гэта была не кан’юнктура! Я выхоўваўся на тых ідэалах, я ў гэта свята верыў, і я пра гэта заяўляў.

 

Павел Левінаў, Андрэй Стрыжак, Тамара Сідарэнка ў Беларускім доме правоў чалавека. Вільня, 2019 год

 

«ХАЧУ ЎСЁ ВЕДАЦЬ!»

Праваабарончая дзейнасць пачалася для Паўла Левінава з дапамогі людзям:

– Я не ведаю, чаму так склалася… Ведаеце, у маёй маладосці ў кіно паказвалі такі кінажурнал: «Хачу ўсё ведаць!» Вось і  па жыцці такі чалавек, што мне ўсё цікава. Я хацеў ведаць усё! І вось я займаўся самаадукацыяй – у розных сферах. І людзі, ад салдатаў да высокіх начальнікаў, бывала, прыходзілі да мяне па параду. Нават у побытавай сітуацыі, жыццёвай. У той час быў дэфіцыт, і прыходзіў да мяне афіцэр: жонка, кажа, просіць пральную машыну, я ў спісах стаю ў ваенторзе, і нешта мая чарга не рухаецца… Я не ведаю, чаму прыходзілі да мяне! Але я кожнае пытанне вывучаў і дапамагаў людзям. І я не звязваў гэта з правамі чалавека. Гэта ж чыста чалавечыя дачыненні. Ну калі я магу дапамагчы, калі ў мяне стае часу і ўменняў, чаму б і не дапамагчы?

У 1999 ці ў 2000 годзе, узгадвае Павел Левінаў, ён замахнуўся на святое святых: праходзячы службу ва Ўзброеных сілах Беларусі, падаў судовую позву на Міністра абароны:

– Гэта быў вядомы працэс і крыху гучны – па тых часах; гэта ж сёння ёсць інтэрнэт, незалежныя СМІ, а тады мы і словаў такіх не ведалі. Судовы працэс я прайграў, бо ён быў звязаны з палітыкай. Сутнасць патрабаванняў была такая. Ваенных, у тым ліку салдатаў тэрміновай службы, пазбавілі права бясплатнага праезда да месца службы і дадому. Я спачатку міністру задаў простае пыанне: з сяла ў Гродненскай вобласці прызваны малады чалавек служыць у Віцебскую паветрана-дэсантную дывізію. Дома ў яго няпоўная сям’я, мама выхоўвае малодшых дзяцей, працуе даяркай, фінансава дапамагчы цяжка. Яму дзяржава дае адпачынак. Скажыце, калі ласка: ён за якія грошы павінен ехаць у адпачынак? Ён павінен у саслужбоўца скрасці з кішэні? Ці, можа, маёмасць армейскую скрасці, каб былі грошы на праезд? Пасля адказа міністра, які, як гэта часта бывае – ты пішаш пра Фаму, а адказваюць пра Ярому – я змушаны быў звярнуцца ў суд. Нягледзячы на тое, што суд я прайграў, праблема з праездам была вырашаная: аднавілі норму пра кампенсацыю праезда ваенным да месца адпачынку. Мне ціснулі руку высокія суддзі ў тым ліку і ў Мінску і казалі: «Ну вы паднялі каласальную праблему! Закон на вашым баку, але… мы не можам яе вырашыць, бо… не можам. Мы людзі залежныя, нас прызначаюць на пяць гадоў, і мы не можам пайсці супраць сістэмы». Не Міністр абароны гэтую норму прыбраў. Міністр абароны, скасоўваючы ільготу, спаслаўся на загад прэзідэнта. Таму, хоць і позва была да Міністра абароны, усе разумелі, што Міністр не сам гэта прыдумаў. «Яго» ўжо ў той час ніхто не мог не паслухацца.

 

«ПЫТАЮЦЦА: ЯК ВЫ СТАЛІ ПРАВААБАРОНЦАМ? А Я НЕ СТАЎ! МЯНЕ ІМ ЗРАБІЛА ЎЛАДА»

– Калі я прынёс пазоўную заяву ў суд… Сёння пра гэта хіба са смехам магу ўзгадваць! Я пісаў позву сам, без усялякіх юрыстаў. Як разумеў, так і пісаў. Калі прыйшоў падаваць заяву ў суд, суддзя паглядзеў і кажа: «Вы спасылаецеся на Канстытуцыю, на нейкі закон… Усё, на што вы спасылаецеся, вы павінныя заверанымі копіямі прыкласці да заявы». Я выйшаў з суду… Ну добра, думаю. Трэба – значыць, трэба, суддзя ж сказаў. Завераныя – значыць, завераныя. Я не мог зразумець… Я ж спасылаюся на Канстытуцыю, а яна прынятая на ўсенародным рэферэндуме. Мне што, склікаць рэферэндум, каб яны ўсё заверылі мне? Я не разумеў, што рабіць. Тыкаўся носам туды, туды, і наткнуўся на Віцебскае аддзяленне Беларускага Хельсінкскага Камітэту. Прыйшоў да іх: «Дапамажыце, у мяне ёсць позва, мне трэба заверыць дакументы». Яны з мяне пасмяяліся, сказалі: малады чалавек – а я тады яшчэ быў малады і прыгожы – вас проста разводзяць. Не займайцеся лухтой, пакладзіце ўсё ў канверт і дашліце заказным лістом. Што я і зрабіў. І пасля гэтага заява пачала разглядацца і прайшла ўсе інстанцыі да Вярхоўнага суда. І гэтая справа нават дазволіла мне ў 2000 годзе трапіць на асабісты прыём да Старшыні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Валянціна Алегавіча Сукалы.

Выпадковы візіт у БХК абярнуўся запрашэннем уступіць у арганізацыю:

– Я думаю, што людзі з Беларускага Хельсінкскага камітэту паглядзелі на мяне і падумалі: ну нічога сабе, ёсць жа такі. Прапанавалі мне нават уступіць у БХК. Я і ўступіў, і вось ужо фактычна 20 гадоў з яго не выходжу. І вырас у ім…

Павел Левінаў вызнае сябе выключна як праваабаронцу:

– Чамусьці сённяшняя ўлада праваабаронцаў лічыць апазіцыяй. Я ж сыходжу крыху з іншага. Якая бы ўлада ні прыйшла ў Беларусь, няхай гэта будзе найлепшы прэзідэнт, ці нават сам Байдэн сюды прыйдзе – любая ўлада будзе парушаць правы чалавека. Апазіцыя – гэта тыя, хто імкнецца да ўлады. На мясцовым узроўні, на рэспубліканскім… Праваабаронцы – у нас нават у статутах напісана: мы не пераследуем палітычных мэтаў. Таму мы не апазіцыя. У нармальных цывілізаваных краінах праваабаронцы – гэта памочнікі ўлады, якія ўладзе расплюшчваюць вочы, каб яна выправіла свае ўчынкі і рашэнні. Мы не прэтэндуем на ўладу. Мы за тое, каб улада выконвала правы і свабоды чалавека.

– Ведаеце, калі пытаюцца: як вы сталі праваабаронцам? А я не стаў. Мяне ім зрабіла ўлада. Калі б суддзя тады прыняў маю заяву, я б, можа, тады так і прайграў гэты працэс, і лёс бы не звёў мяне з Беларускім Хельсінкскім камітэтам. І, можа быць, Павел Левінаў праявіў бы сябе ў іншай сферы. Трэба сказаць дзякуй уладзе за тое, што ўзгадавалі мяне такім, які я ёсць. Нават не ўзгадавалі – а скіравалі мяне на гэты шлях.

Таццяна Равяка, Леанід Мархотка, Павел Левінаў на IV Праваабарончым форуме. Вільня, 2017 год

 

«А Я МЯРКУЮ, ШТО БЕЛАРУСКІ ДОМ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА – ГЭТА МОЙ ДОМ»

– Безумоўна, БХК вельмі шмат зрабіў на пачатковай стадыі майго станаўлення як праваабаронцы і як вольнай асобы. Так, у нас былі нейкія семінары, заняткі па правах чалавека, але гэта ўсё было не сістэматызавана. І акрамя таго, вельмі шмат даводзілася займацца самаадукацыяй. Я чытаў літаратуру, вывучаў прэцэдэнты ў нашай краіне, у іншых… Але такі моцны ўнёсак у мазгі пра тое, што такое правы чалавека, з чым іх ядуць і з чым падаюць, і ў што ператвараюцца, калі іх парушаюць – гэтыя веды даў мне курс BISH.

Ці заспелі вы Барыса Ігаравіча?

– Так, безумоўна! Па-першае, Беларускі дом правоў чалавека быў заснаваны ім, і гэтым ужо ўсё сказана. Гэты чалавек вельмі шмат зрабіў для станаўлення праваабарончага руху ў Беларусі. Не проста – стварыў рух, але і напоўніў яго зместам. А рухаліся хто? – мы, людзі. Гэта былі яго ідэі, яго і калег: стварыць Беларускі дом правоў чалавека, навучальныя праграмы, якія пачаліся яшчэ тады, у сярэдзіне нулявых гадоў і працягваюцца дагэтуль. Нягледзячы на тое, што фізічна Барыс Ігаравіч ужо не з намі, ён жыве не толькі ў нашых сэрцах, як добры чалавек, але і ў нашых галовах – як настаўнік. Які паставіў нас – кажу не толькі ад сябе, але і ад імя калег, пра якіх ведаю – паставіў нас на праваабарончыя рэйкі. І не толькі паставіў, а яшчэ і даў пінка, і мы па гэтых рэйках коцімся, набіраючы хаду, таранім перашкоды і прымушаем улады выконваць правы чалавека.

– Не магу ўзгадаць, якія дакладна лекцыі чытаў Барыс Ігаравіч у BISH; але заслуга Барыса Ігаравіча яшчэ і ў тым, што на курс было запрошана шмат экспертаў, у тым ліку і з іншых краінаў, што для нас было вельмі важна. Эксперты прыводзілі канкрэтныя прыклады, як дамагчыся выканання правоў чалавека, як гэта адбывалася ў іншых краінах. Такога высокага ўзроўню эксперты – гэта ўсё дзякуючы асабістым кантактам Барыса Ігаравіча з праваабарончым рухам у еўрапейскіх краінах. Я мяркую, што Барыс Ігаравіч стаіць на адным узроўні з Сахаравым, як заснавальнік праваабарончага руху Беларусі.

– У асабістых зносінах ён быў найперш чалавечным. І, нягледзячы на яго чалавечнасць, ён патрабаваў ад нас дысцыпліны, прычым не толькі дысцыпліны ў паўсядзённым жыцці: калі сказана, што ў 9 пачатак, прыйшоў ты ці не, занятак пачнецца ў 9. А калі ты спазніўся, Барыс Ігаравіч разважаў так: ты выказаў непавагу да ўсіх прысутных. І гэта да праваабароны, у прынцыпе, ніякага дачынення не мае. Але да выхавання асобы… Калі ты праваабаронца, ты павінен быць прыкладам для ўсіх, заўсёды і ва ўсім. У тым ліку і ў дробязях.

– Па маім меркаванні, інтэлігентнасць у Барыса Ігаравіча нават зашкальвала. Я не хачу сказаць, што я не інтэлігентны чалавек, але я магу і пасмяяцца, і пратроліць… Барыс Ігаравіч сабе такога ніколі не дазваляў.

– Што для вас ДПЧ?

– Скажу каротка: родны дом. Я заўсёды прыяжджаў у ДПЧ як дадому. Я не пачуваўся там як у гасцях. Беларускі дом правоў чалавека – ён называецца, а я меркаваў, што гэта – мой дом. Ён не толькі – правоў чалавека, а мой! Для мяне там усё роднае, усе родныя, хто там працуе.

Павел Левінаў пагаджаецца, што Барыс Звозскаў дасягнуў сваёй мэты – стварыць супольнасць беларускіх праваабаронцаў:

– Чым каштоўныя курсы BISH: іх жа некалькі выпускаў: першы, другі, трэці… Калі са школай параўнаць, то са школы цябе выпусцілі, і школа больш за цябе не адказвае і не адсочвае твой шлях, не бярэ ўдзел у тваім станаўленні. А курсы BISH, якія прыдумаў Барыс Ігаравіч з калегамі, не толькі цікавяцца, чым займаюцца выпускнікі, а ладзіць сустрэчы, на якіх сустракаюцца выпускнікі розных курсаў: каб падзяліцца сваімі поспехамі, паразамі, каб зрабіць работу над памылкамі… Парасткі, якія ўзыйшлі тады, сёння выраслі ў вялікае разгалінаванае дрэва, дзе ўсе мы, праваабаронцы, перапляліся і працуем дзеля выканання правоў чалавека ў Беларусі.

 

«ЯКІЯ Б ДОБРЫЯ ЛЮДЗІ НІ ПРЫЙШЛІ ДА ЎЛАДЫ, ЯНЫ НЕ ВУЧЫЛІСЯ ПРАВАМ ЧАЛАВЕКА»

Праваабаронца, па яго словах, мае аптымістычны погляд на будучыню Беларусі, асабліва – грамадзянскай супольнасці:

– Так, аптымістычны, нягледзячы на прававы дэфолт і нават катастрофу з правамі. Катастрофы для грамадзянскай супольнасці я не бачу. Так, рэпрэсіі ўзмацніліся; аднак я б гэта катастрофай не называў – хаця я разумею, што рэпрэсіі ў дачыненні да любога індывіда – гэта злачынства; нічога не мае большую каштоўнасць, чым чалавечае жыццё. Але грамадзянская супольнасць на верным шляху. Улада зараз паводзіцца як слон у лаўцы з посудам. Што б яна ні зрабіла, для яе выходзіць бокам. Так, грамадзянскай супольнасці не робіцца лепш, але і ўлада церпіць страты. Гэты ком павялічваецца, і я думаю, што неўзабаве надыйдзе той час, калі ўлада сама сябе загоніць у кут.

– Ці можна сказаць, што грамадзянская супольнасць дзеля гэтага і працавала ўсе мінулыя гады?

– Я працаваў не на змену ўлады. Я не сябра ніякіх партый. Я за тое, каб выконваліся правы чалавека. Сёння ў краіне сапраўды адбыўся прававы дэфолт: гэта калі змагайся, не змагайся, а чалец дзяржавы кажа, што трэба адмовіцца ад законаў. Калі я гэта пачуў, я падумаў, што, напэўна, гадоў дваццаць таму не пачуў іншае… Прапусціў! А можа, гэта было прамоўлена на закрытай нарадзе? Вось той загад, які дзейнічаў негалосна ўсе гэтыя гады: «Калі трэба адступіцца ад правоў чалавека, калі ласка: адступайцеся!” І ўвесь гэты час улада адступалася ад правоў чалавека. А сёння адступаецца яшчэ і ад уласнага ж заканадаўства, якое сама ж напісала, прыняла і сама ж прымушала нас па ім жыць. Але я настроены аптымістычна. Маё глыбокае перакананне: хто б ні прыйшоў да ўлады, ён будзе мкнуцца парушаць правы чалавека. Нават новай уладзе давядзецца тлумачыць правы чалавека.  Новая ўлада прыйдзе ж не з ніадкуль – а з нашага соцыюма, дзе яна і жыла. І якія б добрыя людзі ні прыйшлі да ўлады, яны не вучыліся правам чалавека. Яны не падрыхтаваныя! Можа прыйсці добры кіраўнік, эканаміст… Але ў правах чалавека ён – нуль! Давядзецца вучыць. Я спадзяюся, што рана ці позна ўлада ў Беларусі памяняецца, да ўлады прыйдуць людзі прытомныя, здольныя да навучання, якія зразумеюць, што такое правы чалавека, з чым іх ядуць і падаюць, і якімі прыборамі можна ўмешвацца ў правы чалавека.

 

Гутарыла Яўгенія Парашчанка,
спецыяльна для Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Іншыя інтэрв’ю з беларускімі праваабаронцамі:
Уладзімір Малярчук: «Я вывучаў не абавязкі, а правы і свабоды»
Таццяна Агеева: «BISH – гэта лепшае, што здарылася са мной пасля пазбаўлення ліцэнзіі»
Алег Мацкевіч: «Я разумею, што мала шанцаў, іх амаль няма… Але я буду працаваць далей»
Дзіна Шаўцова. Дваццаць гадоў на варце веравызнання
Васіль Завадскі: Ні пракурор, ні суд не могуць пазбавіць чалавека пачуцця ўласнай годнасці
Анатоль Папоў: “Няхай мой кабінет будзе домам правоў чалавека ў нашым горадзе”
Аляксей Хвосцік: “Двойчы ў маёй практыцы дзяржава аднаўляла парушаныя правы”
Два жыцці Тамары Сідарэнкі, адваката і праваабаронцы
Алег Агееў: «Патрабаванні праваабаронцаў да любой улады – нязменныя: павага чалавечай годнасці і выкананне правоў чалавека»
Леанід Судаленка: «Мне падабаецца мая праца. Я прыходжу сюды нават у выходныя. Люблю працаваць у нядзелю: у цішыні, калі ў офісе няма людзей…»

Latest

July 15, 2021

CSP: International community should immediately and strongly react to a new massive wave of repression against civil society in Belarus

We, the undersigned organisations, members of the Civic Solidarity Platform, with increasing pain and anger have witnessed the assault over the past year by the de facto Belarusian authorities on democratically-minded persons, independent media, civil society organisations and professionals that defend human rights, such as lawyers.

July 15, 2021

International standards and mechanisms must protect all lawyers regardless of Bar membership

On 8 July 2021, Human Rights House Foundation joined six other civil society organisations in an exchange of views with the Council of Europe’s (CoE’s) Committee of Ministers’ group of rapporteurs on legal co-operation on the protection and promotion of the work of lawyers.

July 14, 2021

Belarusian authorities must immediately end crackdown on civil society

Human Rights House Foundation (HRHF) strongly condemns today’s actions by the Belarusian authorities against independent civil society and human rights defenders.