Дваццаць гадоў на варце свабоды веравызнання

«Па прафесіі я юрыст. Нават не магу сказаць, праваабаронца я ці не», – сціпла прэзентуе сябе Дзіна Шаўцова, кіраўніца навучальнай праграмы ILIA-By, у межах якой яна і сама некалі вывучала міжнароднае права правоў чалавека; і ўжо амаль дваццаць гадоў Дзіна Шаўцова прасоўвае і абараняе свабоду веравызнання ў Беларусі.

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава працягвае серыю інтэрвію з выпускнікамі навучальнай праграмы ILIA-By. Гераіня гэтага матэрыяла – Дзіна Шаўцова, прадстаўніца Ініцыятывы FORB, выпускніца навучальнага курса EHREL – і кіраўніца самой праграмы.

Алег Мацкевіч: «Я разумею, што мала шанцаў, іх амаль няма… Але я буду працаваць далей»

Адвакат Таццяна Агеева: «BISH – гэта лепшае, што здарылася са мной пасля пазбаўлення ліцэнзіі»

Уладзімір Малярчук: Я вывучаў не абавязкі, а правы і свабоды

«Па прафесіі я юрыст. Нават не магу сказаць, праваабаронца я ці не», – сціпла прэзентуе сябе Дзіна Шаўцова, кіраўніца навучальнай праграмы ILIA-By, у межах якой яна і сама некалі вывучала міжнароднае права правоў чалавека; і ўжо амаль дваццаць гадоў Дзіна Шаўцова прасоўвае і абараняе свабоду веравызнання ў Беларусі.

«Правазнаўства да гандлю не мела ніякага дачынення і выпускала не прадаўцоў, а юрыстаў-практыкаў»

Часта прафесія бывае вызначаная сям’ёй; аднак бацькі Дзіны былі інжэнерамі, а рашэнне паступаць на юрфак з’явілася ў яе ў школе, у дзявятым класе: дзякуючы схільнасці настаўніцы англійскай мовы паразважаць аб старонніх рэчах:

– Настаўніца спытала, хто кім хоча быць. І аднакласнік заявіў: «Я хачу быць юрыстам». Інтрыга… Што гэта за прафесія? Што ў савецкія часы можна было пачытаць на гэтую тэму? Хіба што кніжкі Чаргінца – і паглядзець серыял «Следствие ведут знатоки».  Так я і вырашыла: пайду на юрыдычны!

 

У год яе паступлення на юрфак БДУ быў шалёны конкурс; а ў Дзіны Шаўцовай – адна чацьвёрка ў атэстаце. І яна, па яе ж словах, «здрэйфіла» і падала дакументы ў тэхнікум савецкага гандлю на аддзяленне правазнаўства. Правазнаўства да гандлю не мела ніякага дачынення і выпускала не прадаўцоў, а юрыстаў-практыкаў. Дзіна распавядае, што ні разу не пашкадавала аб рашэнні пайсці ў тэхнікум:

– Я паўсонная чытала прысуды, у мяне гэтыя карцінкі плылі перад вачыма, і валасы на галаве варушыліся ад жудасці гэтых злачынстваў.

– Мы выпускаліся адтуль з паўнавартаснай кваліфікацыяй «юрыст», і спецкурсы былі адпаведныя, якія давалі навыкі работы судовым выканаўцам, сакратаром судовага паседжання, інспектарам па кадрах і юрысконсультам у сістэме спажывецкай кааперацыі. Былі і вельмі практычныя прадметы: друкаванне на машынцы – друкавалі ўсляпую 22 удараў у хвіліну; сценаграфія – потым на юрфаку ўсе пляваліся ад маіх канспектаў, бо я іх сценаграфіравала; і мы разбіралі гаспадарчыя дамовы, умелі іх пісаць, пісалі прэтэнзіі, позвы – пазоўную работу я цудоўна ведаю. Быў прадмет “Стылістыка дзелавога маўлення. Рэдагаванне службовых дакументаў”. Тое, чаго зусім не даваў юрыдычны факультэт. З чырвоным дыпломам я паступіла на юрыдычны.

На вытворчую практыку Дзіну Шаўцову накіравалі ў Мінскі абласны суд. Ішоў 1984 год. Старшынём суда тады быў Валянцін Алегавіч Сукала:

– Я прыйшла на практыку – пасля апошняга званка, бяссоннай ночы; і мяне адразу адправілі знаёміцца з практыкай суда – далі падшыўку прысудаў. Я паўсонная чытала прысуды, у мяне гэтыя карцінкі плылі перад вачыма, і валасы на галаве варушыліся ад жудасці гэтых злачынстваў. Гэтыя справы мелі высокую падсуднасць – абласны суд разглядаў цяжкія злачынствы.

 «І забойствы былі, і згвалтаванні, і даведалася, як робяць сыр»

Пасля практыкі Дзіне Шаўцовай прапанавалі застацца працаваць у судзе, а яна ўжо паступіла ў БДУ. Тады было прынята рашэнне пайсці на вячэрняе аддзяленне:

– Пазіцыя мая ў Абласным судзе называлася вельмі крута: сакратар Прэзідыума Мінскага абласнога суда. Я адказвала за выкананне прысудаў у частцы грамадзянскіх позваў. Але, апрача гэтага, мяне яшчэ адпраўлялі раз-пораз пісаць пратаколы судовых паседжанняў. Я ездзіла на розныя справы: і забойствы, і згвалтаванні, і службовая крыміналка была – па Халопніцкім масласыразаводзе. Я даведалася, як гатуюць сыр, і потым месяц яго не ела – бо паўсюль бачыла так званыя заганы якасці: паху, крашлівасці, адслаення парафінавай абалонкі… Юрыст – унікальная прафесія; ты можаш у любую сферу ўвайсці, толькі вывучы спецыфіку заканадаўчага рэгулявання.

 «Уяўляла царкву як месца, дзе шмат бабулек, якім трэба дапамагаць па сацыяльных пытаннях. Але пытанні ўзніклі зусім іншыя»

Абарону і прасоўванне свабоды думкі, сумлення і рэлігіі Дзіна Шаўцова не абірала так, як студэнты абіраюць тэму курсавой, ацэньваючы «за» і «супраць» – да гэтага яе прывялі жыццёвыя акалічнасці:

– Недзе з года 1995, ад таго, як я прыйшла ў царкву, я хацела зразумець: чым я магу быць тут карыснай як юрыст? У маім разуменні царква была як месца, дзе шмат бабулек, ім трэба дапамагаць, магчыма, па нейкіх сацыяльных пытаннях… Але пытанні з’явіліся зусім іншыя – першыя ластаўкі вялікіх праблем.

У пераходны перыяд паміж дзьвюмя эпохамі, у дзевяностыя гады, у Беларусі паспела яшчэ запанаваць сапраўдная свабода: ішоў бурлівы рост колькасці арганізацый, фармальных і не, з самымі рознымі перакананнямі:

– Па горадзе ходзіш – там улётка Белага брацтва, там – крышнаіты, на стадыёнах нешта адбываецца… Я ўжо не кажу пра Кашпіроўскага і астатніх «экстрасэнсаў». А напрыканцы дзевяностых у дзяржаве пайшоў працэс зваротны: трэба было ўсё гэта паставіць пад кантроль. Ужо праявіліся рэальныя праблемы рэлігійных арганізацый. У дзяржаўнай прэсе пачалі друкавацца дыфамацыйныя матэрыялы. «Народная газета» апублікавала два вялікіх артыкулы: «Беларусі пагражае перспектыва ператварыцца ў пратэстантскую рэспубліку».

Ад таго, як з’явіліся першыя весткі будучага наступу на свабоду веравызнання, Дзіна Шаўцова з мужам, таксама юрыстам, пачалі шукаць спецыялістаў у гэтай галіне – і не знайшлі. Давялося закасаць рукавы і разбірацца сваімі сіламі.

У 2002 годзе паднялася вялікая хваля супраць прыняцця ў новай рэдакцыі закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях»; гэтую хвалю падымалі і грамадскія актывісты, і самыя розныя рэлігійныя арганізацыі. З іх утварыўся касцяк – чалавек 15-20 найбольш актыўных; так з’явілася грамадзкая ініцыятыва «За свабоднае веравызнанне», якая ў 2013 годзе набыла форму простага таварыства і назву «Ініцыятыва FORB» (FORB – скарот ад Freedom Of Religion or Believe), якую сёння і прэзентуе Дзіна Шаўцова.

“На шыльдзе напісана “Дом культуры”, а не “Дом малітвы”

Замест дапамогі бабулькам давялося вырашаць праблемы зусім іншага парадка. Па справах, якія вяла Дзіна, можна прасачыць, як дзяржава крок за крокам наступала на свабоду веравызнання:

– Мы з мужам як юрысты кансультавалі, актыўна хадзілі па судах. Звярталіся вернікі і рэлігійныя арганізацыі. Усе трапілі пад раздачу ў 1999 годзе, калі быў прыняты Дэкрэт № 36, калі закон аб масавых мерапрыемствах сталі прымяняць і да рэлігійных. Калі мерапрыемства рэлігійнай арганізацыі, рэлігійнага характару, ладзіцца ў будынку, які па тэхпашпарце не ёсць культавым, – значыць, ідзіце і атрымайце дазвол. Перад 36 Дэкрэтам, да верасня 1999 года, гэта было не трэба. Арэндаваў – і ладзіш усё, што заўгодна. Напрыклад, богаслужэнні пратэстантаў па сваёй мадэлі вонкава выглядае як канцэрт і дэкламацыя са сцэны. І тут рэзка памяшканні ператварыліся ў «не прызначаныя», бо на шыльдзе напісана “Дом культуры”, а не “Малітоўны дом”. У 2000 годзе многія рэлігійныя арганізацыі страцілі магчымасць арэндаваць памяшканні, бо выканкамы не давалі дазволы.

– Менавіта ў рэлігійным асяродку ўпершыню пачалі прыцягваць да адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

У красавіку 2018 года ў Беларусі прагучала абсурдная справа «Пра піццё гарбаты» – калі васьмёх жыхароў Віцебска аштрафавалі за тое, што яны збіраліся ў прыватнай кватэры «выпить чаю и обсудить интеллект и развитие человека». Аказваецца, штрафы за такія сходы – зусім не навінка для Беларусі: у практыцы Дзіны Шаўцовай упершыню аналагічная справа была ў 2002 годзе:

– Менавіта ў рэлігійным асяродку ўпершыню пачалі прыцягваць да адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У Адміністратыўным кодэксе быў артыкул, па іроніі лёсу таксама пад нумарам 193. І вось у 2002 годзе паводле пастановы адміністратыўнай камісіі групе вернікаў выпісалі штраф. 15-20 чалавек, моладзь, рэгулярна збіраліся ў кватэры. І аднойчы – званок у дзьверы, хто там, участковы, на вас скарга паступіла; адкрываюць – а за ўчастковым яшчэ чалавек шэсць увальваюцца: І АВІР, і гарвыканкам, і два таварышы ў цывільным, адзін з камерай… Усіх развялі па пакоях, націснулі, склалі акт, забралі рэлігійную літаратуру…

Гэты штраф Дзіна Шаўцова абскардзіла ў судзе, дзе спасылалася не толькі на 31 артыкул Канстытуцыі, але і на 18 артыкул Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах:

– Прыйшла ў суд – памірала ўсярэдзіне, падрыхтавалася да найгоршага. Але што дзіўна: суд скасаваў пастанову адміністратыўнай камісіі! Усё зайшло: і Канстытуцыя, і норма наўпроставага дзеяння, і аргументы пра тое, што закон не прадугледжвае абавязковую рэгістрацыю!

 

«Ён дзьве перадачы па 40 хвілін распавядаў, як пяцідзясятнікі прынеслі ў ахвяру чалавека»

Сярод справаў, якія вяла Дзіна Шаўцова, быў і суд з Белтэлерадыёкампаніяй і вядучым перадачы БТ:

– Была позва, па якой я цэлы год хадзіла ў суд, прадстаўляючы інтарэсы рэлігійнага аб’яднання ХВЕ, рэлігійнай абшчыны і яе пастара. У 2002 годзе па БТ прайшла перадача Яўгена Новікава «Правы чалавека: погляд у свет». Ён дзьве перадачы па 40 хвілін распавядаў, як пяцідзясятнікі прынеслі ў ахвяру чалавека.

– За справу ўзяўся Новікаў: запрасіў, выслухаў, пачытаў, пранікся – і зрабіў дзьве праграмы, у якіх распавядаў жудасныя гісторыі пра секты. Тут ужо цярпенне скончылася

– Перадгісторыя такая. У адной царкве ў раённым горадзе прэсвітар памёр у веку 35 гадоў. У яго была слабая пячонка з-за таго, што ён перахварэў гепатытам; ён нечым атруціўся, вельмі хутка развіўся цыроз пячонкі, і ён памёр. А яго маці не магла з гэтым замірыцца; на царкву яна мела нейкую крыўду, канфлікт, і яна дамагалася адкрыцця крымінальнай справы: была ўпэўненая, што яе сына атруцілі, прынеслі ў ахвяру. Пісала ў розныя інстанцыі, нават дамаглася эксгумацыі для паўторнай экспертызы. Нават на тэлебачанне напісала. За справу ўзяўся Новікаў: запрасіў, выслухаў, пачытаў, пранікся – і зрабіў дзьве праграмы, у якіх распавядаў жудасныя гісторыі пра секты. Тут ужо цярпенне скончылася, і падалі позву аб абароне гонару і кампенсацыі маральнай школы. Новікаў усё не прыходзіў і не прыходзіў у суд; у рэшце рэшт яго прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці і прымусовага прыводу. Суд задаволіў нашыя пазоўныя патрабаванні; праўда, не цалкам. Хадзілі мы ў суд разам з Алегам Гулаком; Гары Пятровіч Паганяйла збіраўся ўдзельнічаць, але так і не далучыўся, бо быў заняты. А я пагадзілася толькі таму, што Гары Пятровіч узяўся быць адвакатам; я мелася адно паперкі падносіць. І ў выніку з заміраннем сэрца рыхтавалася да кожнага судовага паседжання…

 

 «Пад кантроль гэтай дзяржавы мы не ідзем»

Дзіна Шаўцова як юрыст аналізавала новую рэдакцыю закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» яшчэ ў статусе законапраекта, і ўжо тады бачыла, што калізіі, закладзеныя ў ім, спрарадзяць на практыцы шмат праблем. Нажаль, з часам спраўдзіліся найгоршыя чаканні:

– І самі рэлігійныя арганізацыі памыляліся, мяркуючы, што не павінны падпарадкоўвацца законам дзяржавы. І мы, як юрысты, прыкладалі ўсе намаганні, каб патлумачыць: калі ёсць рэлігійная арганізацыя як юрыдычная асоба, то на яе распаўсюджваюцца ўсе нормы і правілы, якія рэгулюць адпаведныя прававыя дачыненні юрасобы: падатковыя, грамадзянска-прававыя, працоўныя… А вось пытанні рэгістрацыі – гэта з міжнародных стандартаў, паводле якіх рэгістрацыя не павінна быць абавязковай умовай дзейнасці рэлігійнай супольнасці. У выпадку Беларусі гэты стандарт парушаецца, то бок права на свабоду рэлігіі абмяжоўваецца. Так, канструкцыя закона такая, што з 2002 года патрабуе абавязковай рэгістрацыі. І ў Беларусі аказалася шмат незарэгістраваных рэлігійных суполак. Напрыклад, паводле перакананняў. Ёсць такая рада баптысцкіх цэркваў – яны не рэгіструюцца прынцыпова! Пад кантроль гэтай дзяржавы, кажуць яны, мы не ідзем. Ёсць і такія арганізацыі, якія не могуць сабраць дваццаць чалавек, патрэбных для рэгістрацыі. Напрыклад, у вёсцы жыве 100 чалавек, з іх 15 – вернікі. Або ў іудзееў для першаснай ячэйкі дастаткова дзесяці чалавек – і яны ўважаюць, што маюць абшчыну.

 

«Што такое адміністратыўная адказнасць? – яe нашмат прасцей прымяніць»

Нягледзячы на тое, што Беларусь ужо практычна адмовілася прымяняць крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імені незарэгістраванай арганізацыі, Дзіна Шаўцова скептычна ставіцца да дэкрыміналізацыі артыкула 193.1:

– Я, шчыра кажучы, нават не ведаю, што лепш. Канешне, калі вісіць крымінальная адказнасць – гэта страшней: бо могуць і пазбавіць волі. Але крымінальную адказнасць прымяніць складана. На практыцы, як я ведаю, да рэлігійных арганізацый артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса прымянялі, з узбуджэннем крымінальнай справы, – два разы, і абедзьве справы не дайшлі да суда: справа Царквы Аб’яднання (Муна) і ў дачыненні да Аляксея Шчадрова. Абедзьве справы былі спыненыя. Замест крымінальнага артыкула 193.1 уводзяць адміністратыўную адказнасць. А што такое адміністратыўная адказнасць? – яе нашмат прасцей прымяняць! Узровень грамадскай небяспекі іншы – а штрафы там да 50 базавых! З улікам таго, што нашая дзяржава папаўняе бюджэт і такім чынам, можна чакаць, што гэта будзе рабіцца з большай лёгкасцю, чым узбуджался крымінальныя справы. Дзяржава будзе даваць справаздачу: мы выдалілі з Крымінальнага кодэкса артыкул 193.1. А пра тое, што з’явіцца адміністратыўка, будуць маўчаць…

 

«У лютым я паехала вучыцца… І сям’я страціла мяне на год. У мяне плавіліся мазгі»

Калі ў 2002 годзе Дзіна Шаўцова аналізавала закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных аб’яднаннях», ужо тады яна заўважыла неадпаведнасць закона міжнародным дакументам:

– Я разумела, што тут нешта не так: у тым, як заканадаўча рэгулюецца гэтая сфера. Я стала сама вывучаць дакументы па свабодзе рэлігіі, якія былі ў зборніках АБСЕ, рэкамендацыі экспертаў па аналізе рэлігійнага заканадаўства, і разумела, што сістэмных ведаў у мяне няма. Я стала шукаць магчымасць недзе павучыцца. І тут… У 2009 годзе, у лістападзе, праз нейкую рассылку абвестка дыстанцыйнага курса «Электроннае навучанне адвакатаў/юрыстаў правам чалавека». Гэта быў курс EHREL у межах праграмы Сеткі дамоў правоў чалавека «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў» (International Law in Advocacy, скарочана ILIA ). Я думаю: гэта для багоў, ну, дай паспрабую! Папрасіла рэкамендацыі ў калег, запоўніла даўжэзную анкету, і – мяне ўзялі на курс. Я паехала вучыцца… і сям’я страціла мяне на год. Гэта было поўнае заглыбленне ў міжнароднае права! У мяне плавіліся мазгі: філасофія правоў чалавека… тэсты… задачы… форумы… Мы пісалі эсэ па кожным курсе; а я ніколі не пісала эсэ! У жыцці такога фармата не сустракала. Я на той момант ужо 20 гадоў як скончыла ўніверсітэт і забылася, як гэта – вучыцца. Было цяжка. Пазнаёмілася з калегамі з іншых краінаў, якія таксама вучыліся на курсе: з Расеі, Грузіі, Азербайджана – разам з Беларуссю ўдзельнічалі чатыры краіны. Было вельмі цікава! Я была ў такім захапленні! Зусім іншыя падыходы да навучання; гэтая камунікацыя, гэтыя цудоўныя людзі – матываваныя; а выкладчыкі! – гэта іншы сусвет. Я нават марыць пра такое не магла.

 «За сталом побач сядзяць: крышнаіты, каталікі, бахаі, прэс-сакратар рымска-каталіцкай царквы, прадстаўнікі амбасадаў»

– Яшчэ быў адзін цікавы момант, для мяне вельмі важны. З нашай тэмай – праблемы рэалізацыі рэлігійнай свабоды – мы меліся правесці міжнародную канферэнцыю. Падалі заяўку ў IBB – і нам адмовілі: гарвыканкам не ўзгадніў. А назва была кшталту «Праблемы ў сферы свабоды рэлігій у Беларусі». Але калі я пачала вучыцца правам чалавека, я ўбачыла іншы бок тэмы. Я ўбачыла, што можна гаварыць пра праблемы, паказваючы, як павінна быць. Паглядзець на стандарт свабоды рэлігій і на практыку іншых дзяржаваў. Бо калі ў Беларусі прымалі закон, то рыторыка дзяржавы была такой: “Наш закон адпавядае міжнародным актам і стандартам, а практыка ў Беларусі ў параўнанні з іншымі ледзь не прагрэсіўная”. І мы вырашылі развянчаць гэтыя два міфы: паглядзець на стандарты і на практыку ў іншых краінах; і ў мяне нарадзілася назва. Гучала яна так: “Права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі: міжнародна-прававыя стандарты і іх імплементацыя ў нацыянальна-прававыя сістэмы еўрапейскіх дзяржаваў”. Гэта я паўгады павучылася і змагла сфармуляваць такую разумную назву! Падалі чарговую заяўку – і канферэнцыю дазволілі.

Ішоў 2010 год, набліжаліся прэзідэнцкія выбары.

– На канферэнцыю прыехалі калегі з розных краін, класныя эксперты, тады яшчэ місія АБСЕ была ў Беларусі, старшыня місіі адкрывала нашую канферэнцыю… І так было цікава: чалавек 70 удзельнікаў, за сталом сядзяць: крышнаіты, каталікі, прэс-сакратар рымска-каталіцкай царквы, прадстаўнікі амбасадаў, бахаі, яшчэ нехта… Тады быў такі трэнд дзяржавы: прасоўвалі «еўрапейскія каштоўнасці»; розным дзяржаўным інстытуцыям загадалі займацца гэтым.

 

«Барыс Ігаравіч распавядаў, што мы павінны адукоўваць людзей у сферы правоў чалавека»

У 2011 годзе Дзіна Шаўцова стала выпускніцай праграмы ILIA-By, а ўжо ў 2012 годзе заняла пазіцыю яе кіраўніка:

– Я не стаяла ля вытокаў BISH. Я даведалася аб праграме, калі сама пачала вучыцца. З Барысам Ігаравічам Звозскавым (Барыс Звозскаў – беларускі праваабаронца, другі Прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека)   мы пазнаёміліся ў 2011 годзе, а ў 2012 яго не стала. Нажаль, я з ім вельмі мала камунікавала! У Доме правоў чалавека ў Вільні я бачыла яго як каардынатара, эксперта. А ўпершыню ўбачыла яго на Другім праваабарончым форуме; там была панэль, прысвечаная адукацыі ў сферы правоў чалавека. Барыс Ігаравіч распавядаў, што мы павінны як мага болей навучаць людзей правам чалавека, механізмам абароны… Гэта была такога высокага палёта думка; сам ён быў вельмі інтэлігентны і вельмі пераканаўчы. Тады ён мяне вельмі ўразіў; я сядзела і сама сабе казала: «Так, так! Гэта тое, што трэба!» Гэта ўва мне прамаўляў мой юрыст, які меў вялікі прагал у ведах датычна правоў чалавека.

 «Цяпер юрысты і праваабаронцы навучаюцца разам»

Дзіна Шаўцова згадвае, як праходзіла адно з першых сумоўяў, калі ёй прапанавалі разгледзець магчымасць працы на пазіцыі каардынатара (далей гэта перарасло ў кіраўніка) адукацыйнай праграмы ILIA-By Беларускага дома правоў чалавека:

–  Гэта была скайп-канферэнцыя, і Барыс Ігаравіч задае такое пытанне: вы разумееце, што трэба будзе працаваць з адвакатамі? І я думаю: але ж адвакаты таксама людзі! Я тады не зразумела гэтага пытання. І толькі потым даведалася, што калі пачынаўся BISH, была ідэя “пажаніць” адвакатаў і праваабаронцаў, бо яны працуюць на адным полі, але ў іх няма ўзаемаразумення, агульнай мовы; і ідэя навучальнай праграмы была ў тым ліку даць агульныя веды і адной, і другой групе, і потым, на выніковай сэсіі – а яны навучаліся асобна – “пажаніць”. Былі баталіі, але нарэшце ўсё прыцерлася. І вось з чацьвертага цыкла BISH юрысты і праваабаронцы вучацца разам. Мы зразумелі, што няма сэнсу іх падзяляць. І гэта нават карысна для адвакатаў і юрыстаў, бо той прававы пазітывізм, які закладае акадэмічная юрыдычная адукацыя, трэба пераплаўляць. Я сама была такая. BISH – гэта пераплаўка мазгоў, гэта іншыя погляды, гэта ўменне з іншага боку глядзець на звыклую з’яву – складана, цяжка, але вельмі карысна.

 

«Нават самую цудоўную ідэю немагчыма рэалізаваць, калі паміж людзьмі няма давера»

Так у 2012 годзе Дзіна Шаўцова разам з Алегам Агеевым – выпускніком BISH, адвакатам, які страціў ліцэнзію пасля абароны кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча – прынялі кіраўніцтва адукацыйнай праграмай, заснаванай Барысам Звозскавым і Людмілай Ульяшынай. У той час Барыс Звозскаў ужо працяглы час змагаўся з хваробай…

– Барыс Ігаравіч ужо не мог з такой актыўнасцю працаваць, і ён Алега Агеева рыхтаваў на змену, перадаваў паціху справы… Так атрмалася, ніхто не чакаў, але Барыс Ігаравіч не паспеў усё перадаць. І вось мы разам з Алегам павінны рэалізоўваць праграму… Гэта быў для нас складаны досвед, цяжкі, але мы ўсё адолелі. Пры актыўным удзеле супрацоўнікаў Беларускага дома правоў чалавека наладжвалі арганізацыйныя і кіраўнічыя працэсы. Выпусцілі дзве групы трэцяга цыкла BISH, атрымалі вынікі вонкавай ацэнкі, упарадкавалі ўсё, стала значна прасцей, каманда пашырылася. Сфармаваліся кампаненты падтрымкі пасляадукацыйнай дзейнасці выпускнікоў, бо і выпускнікоў робіцца ўсё болей, і нэтваркінг развіваецца, што вельмі важна: праваабаронцы павінны ведаць адзін аднога і ўзаемадзейнічаць. Нават самую цудоўную ідэю немагчыма рэалізаваць, калі паміж людзьмі няма даверу.

Tags:
Belarus-BY

Latest

May 10, 2019

International Civil Society Week in Belgrade

International Civil Society Week 2019 (ICSW) was held in Belgrade from 8-12 April 2019. Events were co-organised by Civic Initiatives (member of Human Rights House Belgrade), CIVICUS: Civic Alliance for Citizen Participation, and Balkan Civil Society Development Network.

May 10, 2019

“If you can smile in the most difficult situations, you are not yet defeated”

A key contributor to creating a human rights community in Belarus, Tatsiana Reviaka was one of the country’s first human rights defenders when she began her work in the newly-independent Belarus. Reviaka was the president of Barys Zvozskau Belarusian Human Rights House between 2010 and 2018.

May 10, 2019

Marking 10 Years of the Anti-Discrimination Act in Croatia

Marking the anniversary of the adoption of the main legal instrument to fight discrimination in Croatia, Human Rights House Zagreb held an international conference in cooperation with the Office of the Ombudswoman.