Адвакат Таццяна Агеева: «BISH – гэта лепшае, што здарылася са мной пасля пазбаўлення ліцэнзіі»

«Каб зразумець важнасць правоў чалавека і міжнародных стандартаў, мне трэба было пазбавіцца ліцэнзіі» – распавядае Таццяна Агеева, выпускніца IV цыкла адукацыйнага праекта BISH.

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава працягвае інтэрвію з праваабаронцамі, выпускнікамі адукацыйных праектаў праграмы Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў у Беларусі» (скарочана – ILIA-By, ад англ. «International Law in Advocacy in Belarus»), у прыватнасці, праекта «Міжнародныя стандарты – у нацыянальную практыку» (скарочана – BISH, ад англ. “Bring International Standards Home”).

Як становяцца праваабаронцамі? Кожная гісторыя індывідуальная, як уласна жыццё. Гераіня гэтага інтэрвію нават не думала ні пра якое міжнароднае права правоў чалавека – на той момант, калі лёс, увасоблены ў Мінюсце, распарадзіўся іначай, Таццяна Агеева была на вяршыні сваёй адвакацкай кар’еры.

Папярэднія артыкулы: Уладзімір Малярчук: «Я вывучаў не абавязкі, а правы і свабоды»

Таццяне Агеевай да трыццацігадовага стажа адвакацкай работы не хапіла года. Сябра Мінскай гарадской калегіі адвакатаў з 1982 года, сябра Прэзідыюма і Атэстацыйнай камісіі МГКА, не раз узнагароджаная і Мінюстам, і Саюзам юрыстаў, не мела ніводнага спагнання – усю яе працу за апошнія тры гады ў студзені-лютым 2011 года, пасля вядомай снежаньскай акцыі пратэста супраць фальсіфікацыі, правяралі КДБ і Мінюст. І 14 лютага Таццяна Агеева была пазбаўленая права займацца адвакацкай дзейнасцю: за абарону ўдзельнікаў Плошчы-2010 і за адстойванне прынцыпаў незалежнасці адвакатуры.

Сёння Таццяна Агеева – аўтар васьмі індывідуальных зваротаў супраць Рэспублікі Беларусь, зарэгістраваных у Камітэце па правах чалавека ААН; адзін з іх – ад імя Ульяны Захаранка, маці зніклага ў 1999 годзе палітыка Юрыя Захаранка (у суаўтарстве з Уладзімірам Букштынавым). Таццяна Агеева адстойвае ў КПЧ ААН і Мікалая Статкевіча, Алега Волчака, Фёдара Мірзаянава, Мікіту Ліхавіда, Мікалая Дзядка, Леаніда Кулакова, рух «Маці 328».

У 2016-2017 гадах уваходзіла ў рабочую групу па падрыхтоўцы Прынцыпаў дзейнасці беларускіх праваабароцаў, якія былі прынятыя на IV Беларускім форуме праваабаронцаў.  Тады ж ініцыявала грамадскую дыскусію па Праекце Закона аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці» і стварыла Рэкамендацыі па ўнясенні зменаў і дапаўненняў у гэты праект. Да рэкамендацыяў далучыліся дзесяць праваабарончых арганіацый, пасля чаго яны былі накіраваныя ў Нацыянальны Сход.

Таццяна Агеева працуе юрыстам праваабарончай арганізацыі «Беларускі дакументацыйны цэнтр» і дапамагае ахвярам парушнняў правоў чалавека, удзельнічае ў падрыхтоўцы альтэрнатыўных дакладаў у камітэты ААН – і, як яна сама кажа, ні на секунду не губляе сувязі з адвакатурай.

 

«Якія цікавыя ў іх лекцыі – з муляжамі трупаў, з фотаздымкамі!»

Усё жыццё Таццяны Агеевай прысвечанае праву, хаця ў сям’і да яе не было ніводнага юрыста.

– Пасля школы я паступіла на журфак БДУ. А юрфак быў у тым самым будынку. І калі я бачыла, якія цікавыя ідуць у юрыстаў лекцыі – па крыміналістыцы, з муляжамі трупаў, з фотаздымкамі – ўва мне гэта спарадзіла такія сумневы… Я друкавалася ў раённых газетах, бачыла сябе славутым журналістам – але мне хапіла розуму сысці з другога курса і з нуля паступіць на юрфак. Мама, тата, усе плакалі! «Ты скончы адну вну, а далей будзе бачна!»

Але я вырашыла: не, я буду вучыцца на юрфаку. Студэнты юрфака распавядалі такія цікавыя рэчы, у іх гарэлі вочы… Не заразіцца было проста немагчыма. Я падхапіла гэты вірус і дагэтуль хварэю. Права – гэта маё.

 

«Будзеш юрыстам на мясакамбінаце»

– Так выпадкова я стала студэнткай факультэта правазнаўства, прычым – стацыянара. У сям’і не было юрыстаў. Мама – настаўніца, тата працаваў на аўтакамбінаце, і мы ўсе былі настолькі далёкімі ад закона… «Калі не хочаш быць журналістам, то будзеш юрыстам на мясакамбінаце», як сказала мне мама. Я адказала: пажывем – пабачым.

 

«Я зразумела, што абвінавачваць – прасцей за ўсё. Гэта абсалютна не творчы працэс»

Але ўжо ў бытнасць студэнткай юрфака, Таццяна Агеева не адразу абрала адвакацкую прафесію:

– Я марыла быць пракурорам. Але адна справа – вучыцца на нейкай спецыялізацыі, і зусім іншая – па ёй працаваць. На другім курсе, на трэцім, на летняй практыцы – я заўжды практыкавалася ў пракуратуры. Толькі ў апошнюю, пераддыпломную практыку мяне накіравалі ў суд сакратаром судовага паседжання. І там я пела магчымасць паглядзець на пракурора, адваката і суддзю – знутры ўбачыць гэтую кухню. І неяк мне не надта захацелася рабіцца пракурорам. Бо пракурор сам па сабе нічога не стварае. Яму даюць гатовую гісторыю злачынства, і ён з гэтай гісторыяй, як дзяцел, падымаецца ў судзе і «ту-ту-ту»… Яго асабістае ў судзе – толькі просьба аб меры пакарання.

– Іншая справа – адвакат. Яму ніхто нічога не дае гатовага. Яму самому трэба знайсці ўсе недахопы, усе слабыя месцы ў абвінавачванні. Самому трэба спрабаваць пераканаць суд, што яго кліент невінаваты, або калі вінаваты – то ў іншай ступені, і знайсці змякчальныя акалічнасці. Гэта неймаверна складана! Я зразумела, што абвінавачваць – гэта самае простае. Гэта абсалютна не творчы працэс. І ён загадзя з усімі ўзгоднены ва ўсіх інстанцыях, усе з ім пагадзіліся. Судді засталося толькі сказаць, колькі.

– А адвакат! – ішая гісторыя! Прастора бясконцай творчасці! Я памятаю свой першы апраўдальны прысуд, калі я прыбегла дадому і сказала, што выйграла справу! – у мяне было столькі эмоцый! Адрэналін біў праз край. Праўда, мой малодшы сын, які вучыўся тады ў класе другім-трэцім, паглядзеў на мяне і спытаў: «А ці многа грошай дадуць?»

 

«Шанцаў трапіць з вуліцы ў адвакатуру было нуль цэлых нуль дзясятых»

– Адвакатура заўжды была закрытай келейнай арганізацыяй. Там працавалі нечыя дзеці, унукі, сваякі, браты і сваты. Я нікога не мела. І трапіць з вуліцы ў адвакатуру – шанцаў было нуль цэлых нуль дзясятых. Але я, абраўшы мэту, пачала ўгрызацца ў граніт навукі і атрымала дыплом з адзнакай. Я ішла пятай па размеркаванні і мела адзіную магчымасць у першай дзясятцы абраць месца працы. Кажуць, што лепей сіні дыплом і чырвонае аблічча – нічога падобнага! Мой чырвоны дыплом спрацаваў на пяцёрку. Я абрала сабе адвакатуру – ужо цалкам усвядомлена, і не проста адвакатуру, а адвакатуру ў Мінску. І са студэнцкай лаўкі я стала стажорам адваката. Гэта адбылося ў 1982 годзе.

 

«Пра правы чалавека за пяць гадоў вучобы я не чула ад ніводнага выкладчыка»

Калі Таццяна Агеева вучылася ва ўніверсітэце, правы чалавека былі такой самай забароненай тэмай у СССР, як некалі генэтыка, «прадажная дзеўка імперыялізма»:

– Пра такі курс нават гаворкі не было! Пра правы чалавека за пяць гадоў вучобы я не чула ад ніводнага выкладчыка. Ад ніводнага!

 

«Не скажаш жа кліенту, што я не маю ніякага ўяўлення, з чым гэта ядуць!»

На пытанне аб тым, дзе Таццяна Агеева ўпершыню сустрэлася з правамі чалавека, яна ўсміхаецца і запытвае: «Адказаць праўду?»

– Я трыццаць гадоў працавала ў адвакацкай калегіі: не проста шараговым адвакатам, а ў кіраўніцтве. У мяне ўжо была свая кліентура. І ўпершыню аб парушэнні нейкіх там правоў чалавека я пачула – вы не паверыце! – ад кліента. Ён мне сказаў: «Паслухайце, Таццяна Мікалаеўна, тут столькі касякоў: і права на абарону парушанае, і тут мяне не азнаёмілі ў час, і тут не даставілі ў другую інстанцыю – ці не звярнуцца нам па дапамогу ў Камітэт па правах чалавека?” І я была вельмі збянтэжанай! Сапраўды, як у гэты камітэт звярнуцца? Не скажаш жа кліенту, што я не маю ўяўлення, з чым гэта ядуць!

–Але патроху пачала вывучаць. Пачала сама чытаць і нават згадваць у сваіх выступах у судзе нейкія нарматыўныя акты. Гэта быў толькі пачатак знаёмства з правамі чалавека: недзе за два-тры гады да пазбаўлення ліцэнзіі.

 

«Усе справы, дзе я буду бачыць несправядлівыя прысуды, пайдуць у КПЧ ААН»

Таццяна Агеева верыць у тое, што справядлівасць запануе, і ёй яшчэ давядзецца вярнуцца ў любімую прафесію. І праваабарончая дзейнасць істотна паўплывала на яе падыход да працы:

– Мабыць, я наіўная – але я дагэтуль абсалютна ўпэўненая, што мне вернуць ліцэнзію. Аднойчы патэлефануюць з Міністэрства юстыцыі і скажуць: прыяжджайце, забярыце сваю ліцэнзію. Я яе забяру і ў той самы дзень пачну працаваць – я ні на секунду не губляла сувязі з адвакатурай. І цяпер у адвакатуры я буду працаваць зусім іначай. Я буду прымяняць міжнародныя стандарты: з іх пачынаць абарону па ўсіх катэгорыях дзел і імі сканчаць. І усе справы, дзе прысуды будуць несправядлівымі, – пайдуць у КПЧ. Але, каб прыйсці да гэтага, спатрэбіўся час! Трэба было пазбавіцца ліцэнзіі, прайсці шэраг міжнародных адукацыйных праграм, каб зразумець, наколькі важнымі ёсць правы чалавека і якімі запатрабаванымі яны мусяць быць.

 

«Сядай і пішы кнігу: «Плошча вачыма праваабаронцаў»

Аб праваабароне Таццяна Агеева кажа, што тая сама знайшла яе:

– Не паспелі мы згубіць ліцэнзіі – тады рыхтык ішлі суды па абскарджванні гэтых рашэнняў – як мяне паклікала да сябе Алена Танкачова. І з разбегу кажа мне: «Сядай і пішы кнігу «Плошча вачыма праваабаронцаў». Цэнтр прававой трансфармацыі тады маніторыў падзеі 19 снежня 2010 года. Я пытаюся: як? Я не ўмею пісаць кнігі! Я ніколі не пісала! А мне далі чацьверты раздзел, самы аб’ёмны. Там і роля пракурора, і роля адваката, і права на справядлівы суд – і ўсё гэта трэба злучыць з міжнароднымі стандартамі. Ну што: я села і пачала пісаць! Вось сёння мяне б вярнуць у тую сітуацыю – безумоўна, была б зусім іншая кніга, іншы падыход, змястоўнейшы, больш пісьменны і дэталізаваны.

– А потым, калі кніга была ўжо гатовая, мяне паклікала да сябе Раіса Міхайлоўская ў Беларускі дакументацыйны цэнтр. З лістапада 2012 года і па сёння я там.

 

«Я разумела, што я – юрыст-міжнароднік самавучка»

Аб адукацыйным праекце BISH, які ладзіць Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Таццяна Агеева адгукаецца з непрыхаванай цеплынёй і захапленнем:

– BISH – гэта лепшае, што здарылася са мной пасля пазбаўлення ліцэнзіі! Лепшае – ва ўсіх сэнсах!

Калі я ішла вучыцца, я цвёрда сказала, што іду па новыя веды і сістэматызацыю старых; што мне патрэбны базавы падыход да міжнародных стандартаў. Калі я прыйшла працаваць да Міхайлоўскай, тая адразу мяне загрузіла міжнароднымі механізмамі: пісаць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН. Сёння я маю восем скаргаў у АПЧ, і ўсе – зарэгістраваныя, камунікацыя ідзе. Але ж я раней ніколі гэтым не займалася! Я не ўмела гэта рабіць. Вынаходзіла скаргі, грунтавалася на ўласным бачанні і вельмі дзівілася, што іх рэгістравалі. Я разумела, што я – юрыст-міжнароднік самавук. І калі з’явілася магчымасць падацца на BISH, я ўжо разумела, што лепей за BISH мяне ніхто не навучыць, не раскладзе веды па палічках.

«Калі я чула, як не-юрысты разважаюць аб юрыдычных панятках, у мяне проста вушы згортваліся ад абурэння!»

Адну з асаблівасцяў курса BISH – адзіную праграму навучання юрыстаў і актывістаў без юрыдычнай адукацыі – Таццяна Агеева спярша прыняла ў штыкі:

– Першы час у BISH быў для мяне самым складаным, асабліва чарнігаўская сэсія: проста катастрофа! Калі нас сабралі разам, юрыстаў аказалася мала, а не-юрысты пачынаюць разважаць аб юрыдычных панятках – у мяне проста вушы згортваліся ад абурэння! Непрыняцце было поўнае: як так? Вы ж не маеце ніякага ўяўлення, пра што гаворка, а спрабуеце пераканаць ва ўласнай рацыі! Я проста знемагала першую сэсію. Думала: я загіну за год! Яны ж кажуць зусім не тое, што трэба, і не так, як яно насамрэч! А мы ж адным з першых правілаў у BISH прынялі талерантнасць да чужога меркавання! То бок, адкрыта выступіць і сказаць, што вось ён кажа лухту, мне было забаронена!

Але гэта працягвалася роўна першую чарнігаўскую сэсію:

– З кожным днём я рабілася ўсё болей і болей цярплівай. На другой сэсіі я з такой цікаўнасцю пачала прыслухоўвацца да меркаванняў не-юрыстаў на юрыдычную тэматыку, што мне самой было нават дзіўна: ну гэта ж трэба! А я з гэтага боку нават не зірнула б на праблему! То бок, я сустрэла зусім іншы, свежы позірк, не замылены нашымі юрыдычнымі тэрмінамі. А журналісты, тыя ўвогуле малайцы: так цікава ўмеюць выкласці праблему, што радуешся пачутаму!

 

«Сваім дыпломам BISH з адзнакай я ганаруся дагэтуль»

Таццяна Агеева мяркуе, што міжнароднае права правоў чалавека, пры правільным яго вывучэнні, дае магчымасць займацца праваабаронай кожнаму чалавеку:

– У нас у групе асноўную масу складалі людзі, далёкія ад юрыспрудэнцыі; юрыстаў можна было па пальцах пералічыць. Але ўсе так актыўна і творча вучыліся! Выконвалі ўсе заданні – і ўсе да адзінага, за малым выключэнем, атрымалі дыпломы. А колькі дыпломаў з адзнакай! Я сваім дыпломам з адзнакай ганаруся дагэтуль.

 

«Зварот да міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека – гэта найперш абавязак ахвяры парушанага права»

– Я думаю, што зварот да міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека – гэта найперш юрыдычны абавязак самой ахвяры парушанага права. Бо з’яўляецца магчымасць, па-першае, аднавіць парушанае права, па-другое, спагнаць кампенсацыю з дзяржавы, а па-трэцяе – атрымаць маральнае задавальненне. На секунду ўявіце, што такая высокая інстанцыя – ААН, Жэнева, палац Вільсана – вашу скаргу разабрала па костках і прызнала, што вы маеце рацыю! – а дзяржава няправільна паводзілася ў дачыненні вас.

І на пытанне аб тым, чаму Беларусь не выконвае рашэнні КПЧ ААН, Таццяна Агеева мае ўпэўнены адказ:

– Пазіцыя дзяржавы не скасоўвае пералічанага вышэй. І я думаю, што рана ці позна нашая дзяржава прыйдзе да таго, што рашэнні трэба выконваць.

 

«Самы разгорнуты адказ дало Міністэрства ўнутраных справаў»

– Мабыць, гэта і наша адказнасць: зрабіць так, каб мы мелі такую дзяржаву, якая выконвае свае міжнародныя абавязкі?

– Безумоўна! Мы, праваабаронцы, не толькі на тэарэтычным, але і на практычным узроўні спрабуем схіліць дзяржаву да выканання ўскладзеных на яго абавязкаў. Жывы прыклад: справа Захаранка. Па скарзе адбылося пазачарговае слуханне ў КПЧ, скаргу задаволілі ў поўным аб’ёме, і мы разгарнулі такую бурлівую дзейнасць па імплементацыі гэтага рашэння ў Беларусі: задзейнічалі палову дзяржаўных органаў. І вы ведаеце, яны ўсе пісьмова нам адказалі: і даслалі не проста аднатыпныя шаблонныя адпіскі ў стылі «не будзем выконваць» – а пазначылі, што ў перспектыве, магчыма, выканаюць. Пры тым самы разгорнуты адказ дало Міністэрства ўнутраных справаў, з такім пасылам: у будучыні магчыма ўсё.

 

Гутарыла Яўгенія Стрыжак
спецыяльна для Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Latest

December 10, 2018

Названыя лаўрэаты Прэміі ад праваабарончай супольнасці 2018

У Міжнародны Дзень правоў чалавека, 10 снежня, адбылася цырымонія ўзнагароджання штогадовай Прэміі ад праваабарончай супольнасці. Урачыстая дзея адбылася на новай асветніцка-адукацыйнай пляцоўцы “Тэрыторыя правоў”.

December 7, 2018

Abusive use of extremism laws against Crimean human rights lawyer

Human rights lawyer Emil Kurbedinov has sentenced to administrative detention in Crimea on charges related to extremism. Members of Human Rights Houses in Ukraine and international human rights organisations, including HRHF, condemn his detention and the persecution of lawyers in Crimea.

November 30, 2018

Вызначаны шорт-ліст Нацыянальнай прэміі беларускіх праваабаронцаў

30 лістапада праваабарончая супольнасць Беларусі вызначыла шорт-ліст штогадовай Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў галіне правоў чалавека.