Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава працягвае інтэрвію з праваабаронцамі, выпускнікамі адукацыйных праектаў праграмы Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў у Беларусі» (скарочана – ILIABy, ад англ. «International Law in Advocacy in Belarus»), у прыватнасці, праекта «Міжнародныя стандарты – у нацыянальную практыку» (скарочана – BISH, ад англ. Bring International Standards Home”).

На той час, калі дзеянне яе адвакацкай ліцэнзіі было спыненае, Тамара Сідарэнка адпрацавала ў адвакатуры 33 гады – усё прафесійнае жыццё. Пагатоў, каб трапіць у адвакатуру, давялося прыкласці немалыя намаганні.

“Было такое правіла: з сям’і адвакатаў браць адно дзіця ў адвакатуру”

– У нашай сям’і не было юрыстаў: бабулі і дзядулі жылі ў вёсцы, і толькі бацькі пераехалі ў горад і атрымалі вышэйшую адукацыю. Тата быў ваенным, служыў за мяжой, і ў Мінску, дзе я скончыла школу, мы аказаліся воляй лёсу. Гэта былі ве-е-ельмі даўнія часы, мне самой нават страшна!

 

– Тады прафесія юрыста была вельмі прэстыжнай; але, напрыклад, набірала сілу прыкладная матэматыка. Я не вельмі доба ведала, што такое юрысты, пагатоў – адвакаты. Вучылася я добра і выдатна, але ў першы год не паступіла – а паступала я ў Інстытут народнай гаспадаркі на таваразнаўства прамысловых тавараў. Гэта была наогул найкруцейшая рэч! Таваразнаўцы на фоне дэфіцыту тады хоць нешта мелі… Я тады – хай прабачаць мне таваразнаўцы – не вельмі і разумела, што таваразнаўства – гэта ў прынцыпе не прафесія. Не паступіўшы – я не дабрала аднаго балу – я год працавала ў бібліятэцы БДУ. І зацікавілася юрфакам. Конкурс быў вялікі, але ў мяне атрымалася.

– Вучоба давалася лёгка, падабалася. Даспадобы было і студэнцкае таварыства. У нас, у параўнанні з іншымі факультэтамі, была вельмі разнастайная публіка: дыяпазон па веку складаў гадоў дзесяць. Наш ВНУ прымаў шмат хлопцаў пасля войска, са стажам…

– Я скончыла юрфак з чырвоным дыпломам. І пачаліся цікавосткі з размеркаваннем. Многія імкнуліся ў следчыя. Меркавалася, што гэта не жаночая прафесія, і многія дзяўчынкі вельмі пратэставалі супраць гэтага. А я – пагаджалася, як бы дыскрымінацыйна, на сёння, гэта б ні гучала. А вось адвакатура заўжды была прэстыжным інстытутам – прэстыжным у сэнсе трапляння туды. Пагатоў, у нашай сям’і не было юрыстаў. Было такое правіла, нават прапісанае: з сям’і адвакатаў адно дзіця могуць прыняць у адвакатуру пасля ВНУ.

– Па размеркаванні я трапіла ў Мінскую абласную калегію адвакатаў. Але, калі прыйшла туды праз месяц… Аказалася, што мяне «выпадкова размеркавалі», «месцаў няма» і «аддавайце сваё размеркаванне». Прапанавалі або размеркавацца ў Гомельскую вобласць, або выдаць свабодны дыплом. Я была маміна-татава дачка, нічога не ведала, з’яжджаць было страшна… І вось са свабодным дыпломам я ўладкавалася ў гарадскі кожвендыспансер. Там рыхтык вызвалялася месца юрыста. Там, каля медыцыны, я прапрацавала яшчэ два гады.

 

«Усё гэта было працай не для юрыста»

Праца маладой спецыялісткі ў дыспансеры мела шмат азнакаў свайго часу, якія катэгарычна не спалучаліся з канцэпцыяй правоў чалавека. На шчасце, шматлікія практыкі ўжо адыйшлі ў мінулае:

– Чым займаецца юрыст у кожвендыспансеры? Там вялася прафілактычная праца з хворымі – калі яны, напрыклад, сыходзілі са стацыянарнага лячэння ці не прыходзілі на амбулаторныя працэдуры. Тады яшчэ існавала крымінальная адказнасць за ўхіленне ад лячэння венерычных хваробаў. Вось я і афармляла матэрыялы на такіх асобаў. А ўвогуле – займалася “чым загадаюць”. Напрыклад, удзельнічала – ну, не ў аблавах, але ў міліцэйскіх рэйдах: гомасексуалістаў – тады гэтае слова было яшчэ не зразумелае, ніхто яго не ведаў, нешта страшнае! – “вылоўлівалі па прыбіральнях”. Ці вось, напрыклад, я з лекарам прыяжджала на дом – але такіх выпадкаў было мала – каб шпіталізаваць дзяўчынку з сіфілісам, бо яна хавалася ад лячэння. Канешне, усё гэта было працай не для юрыста.

– А тым часам я даведалася, што трэцяе месца ўсё ж было ў адвакатуры – але яго аддалі маёй сакурсніцы, якая, канешне, нашмат горш вучылася, затое яе тата працаваў у пракуратуры.

 

Тамара Сідарэнка не пакідала спробаў трапіць у адвакатуру, і яе намаганні прынеслі плён:

– Аднак перыядычна ў адвакатуры вызваляліся месцы, і аднойчы я стала адной з тых, каго прынялі – у Мінскую абласную калегію. Так я трапіла ў юрыдычную кансультацыю Ленінскага раёна Мінска, дзе і прапрацавала ўсё сваё жыццё – да спынення дзеяння ліцэнзіі.

– Пачала стажорам, стала паціху ўваходзіць у прафесію. Рэчаіснасць і тэорыя не заўжды супадалі, гэта закон жыцця. Давялося вельмі шмат чытаць, вывучаць новае. І ў грамадзянскіх, і ў крымінальных справах – вельмі шмат нюансаў. Было цікава, бо – я ўжо потым усвядоміла – адвакаты самыя «падкаваныя» ў юрыдычным плане па шырыні ведаў пасля суддзяў. Але ў адвакатаў ёсць адметная рыса: мы абараняем чалавека, мы хочам дапамагчы.

 

«Я была далёкай ад палітыкі»

Тамара Сідарэнка сціпла і паслядоўна настойвае на тым, што ў палітыцы яна не цяміла, захоўвала нейтральнасць і ні за што не змагалася. Аднак справы, у якіх яна ўдзельнічала цягам усёй сваёй адвакацкай кар’еры, ёсць добрым прыкладам таго, што для змагання за праўду не абавязкова гэта артыкуляваць – дастаткова проста сумленна і прафесійна выконваць сваю працу.

– Так вось я і жыла; выйшла замуж, нарадзіла дачку, пахавала мужа… Уся ў жыццёвых клопатах. Мае сталыя гады ў адвакатуры прыйшліся на распад Савецкага Саюзу. БНФ, Пазняк, беларусізацыя – я тады адразу купіла руска-беларускі юрыдычны слоўнік. Хоць я і беларуска, але беларускую мову – тата быў ваенны – не вывучала ў школе ўвогуле. Але тады і ніхто з юрыстаў не мог размаўляць на юрыдычнай мове па-беларуску: нават тэрмінаў не ведалі.

– Шчыра скажу гэта не першы раз: я была далёкай ад палітыкі. Не было мужа, які б цікавіўся гэтым, а я б, як жонка, цягнулася за ім. Ні ў якія арганізацыі я не трапіла. Усе гады была нейтральнай. І ўжо потым – калі ў 2010 годзе здарылася тое, што здарылася – я пачала аналізаваць сваё жыццё, усе свае 33 гады ў адвакатуры. І тады я зразумела, што ўдзельнічала ў значных для грамадства справах. Абараняла Андрэя Кіма ў «Справе чатырнаццаці», удзельнічала ў справе Аўтуховіча – абараняла другога абвінавачанага Асіпенку; у 2006 годзе была другім адвакатам у Аляксандра Шалайка – па крымінальнай справе да кіраўнікоў незарэгістраванай арганізацыі «Партнёрства», адной з нешматлікіх справаў па артыкуле 191-1 Крымінальнага кодэксу; абвінавачванымі былі Аляксандр Шалайка, Цімафей Дранчук, Мікола Астрэйка і Эніра Браніцкая. Удзельнічала ў некалькіх вядомых адміністратыўных справах… Але адна з сапраўды важных і лёсавызначальных для мяне справаў – справа па абароне Някляева пасля падзеяў 2010 года.

 

Як вы пачалі яго абараняць?

– Я не буду сабе прыпісваць чужога – досыць выпадкова. Да мяне за некалькі дзён да 19 снежня звярнулася жонка Уладзіміра Пракоп’евіча – па прававую дапамогу. Тады здавалася, што, магчыма, па адміністратыўнай адказнасці за нешта яго прыцягнуць…

 

«У КДБ для адвакатаў ёсць жывая чарга»

Аб падзеях канца 2010 – пачатку 2011 году, то бок, аб Плошчы і яе наступствах ёсць шмат інфармацыі. Пераглядаючы відэа ў інтэрнэце, мы можам даведацца, як адбываўся разгон і збіццё людзей; з успамінаў і інтэрвію арыштаваных – аб падзеях у Амерыканцы (турмы КДБ) і на Акрэсціна (ў ізалятары). Зусім іначай выглядала Плошча для адвакатаў, якім выпаў  кон абараняць зняволеных палітыкаў.

– А калі грымнулі гэтыя падзеі… Гэта было ўпершыню, напэўна, у нашай гісторыі. Усё, звязанае з 19 снежня, у такім маштабе здарылася ўпершыню ў Беларусі. Упершыню палітыкаў у такой колькасці схапілі і кінулі ў краты. Яўнае парушэнне правоў – недапушчэнне адвакатаў да сваіх падабаронных. Гэта азы правоў чалавека! – прапісаныя ў законе. І я сама ўпершыню сутыкнулася з тым, каб настолькі груба парушалі закон.

– Пра тое, што Някляева затрымалі, мне сказала яго жонка. Напэўна, даведалася пра гэта ад дзяжурнага адваката, які прысутнічаў пры першым затрыманні. Але той дзяжурны адвакат, з Кастрычніцкай кансультацыі, якая абслугоўвае КДБ, вельмі асцярожнічаў і не сказаў – што Някляеў быў збіты; яшчэ на падыходзе, на выхадзе з уласнага офісу. Гэта потым, праз некалькі дзён у газетах з’явіліся фотаздымкі з таго затрымання.

 

 

– Я прыступіла да сваёй працы. Натуральна, што трэба наведаць падабароннага; даведацца, што з ім, як ён пачуваецца, якое абвінавачванне… Мы пазванілі ў КДБ і папярэдзілі, што ў нас пагадненне з кліентам, што мы будзем абараняць Уладзіміра Пракоп’евіча.

– Чаму я раптам загаварыла пра сябе на «вы»? Рэч у тым, што Някляеў меў два адвакаты. Калі стала вядома, што Някляеў арыштаваны, і што затрымана вельмі шмат людзей увогуле, і кандыдатаў, то я падыйшла да свайго калегі – Букштынава Міхаіла Уладзіміравіча, і спытала, ці не хоча ён быць другім – па ліку, не па значнасці – адвакатам у Някляева. З досведу папярэдніх вялікіх справаў мы ведалі, што такія справы цягнуцца доўга: следства, шматдзённыя суды, і адвакат не заўсёды можа ўдзельнічаць у працэсах: ёсць і іншыя справы; а раптам захварэў? – не спыняць жа суды праз хваробу адваката!

– Спачатку маштаб падзеяў складана было ўявіць. Але пачалі з’яўляцца плёткі, страхі, асцярогі… Забягаючы наперад: калі я ўбачыла Някляева, ён распавёў, что іх будуць судзіць ледзь не за здраду радзіме, за арганізацыю масавых беспарадкаў… Артыкулы, якія называлі следчыя, спачатку гучалі як іх прыдумка. А потым мы даведаліся, што ў КДБ было камандзіравана вельмі шмат следчых – сабраная каманда з усёй Беларусі, і кожны следчы вёў аднога з палітыкаў. Мясцовы КДБ з такім аб’ёмам работы ўжо не даў рады.

– І вось, трэба наведаць падабароннага. Мы аформілі дакументы, паведамілі следчаму, выправіліся ў КДБ. А ў КДБ для адвакатаў ёсць жывая чарга: прыходзіш, здаеш свой ордэр – такі допуск, што ты адвакат і прыйшоў да падабароннага – і чакаеш у чарзе, калі па цябе прыйдуць. У КДБ мала кабінетаў, куды адваката могуць прывесці на размову: два ці тры. І я прыходзіла. Дзень прыйшла, прасядзела – не дайшла да мяне чарга, хоць я была першая ці другая. Другі дзень прасядзела… Дзяжурныя нічога не кажуць: «Мы нічога не ведаем, мы толькі водзім». Або адказваюць: «Няма кабінетаў, усе занятыя». – Як занятыя, кім? – я сяджу першая! З мной прыходзяць некалькі калегаў – па іншых затрыманых кандыдатаў. Другі дзень сядзім з дзевяці да шасці, ні пра што не можам даведацца.

– Па заканчэнні другога дню бяжым у пракуратуру, кідаем скаргі: парушаныя права на абарону, права на камунікацыю – гэтыя правы нельга абмяжоўваць! А ў адказ Генеральны пракурор піша, што нашыя скаргі адпраўленыя ў гарадскую пракуратуру… Але час ідзе, а сустрэцца немагчыма! Мы пісалі і ў кнігу скаргаў КДБ, і нейкаму начальніку ў прыёмнай… Я ўжо, прабачце, задняе месца за тры дні адсядзела з гэтымі скаргамі – не пускаюць, і ўсё.

– А народ жа ж цікавіцца! І праз некалькі дзён я дала інтэрвію. Яно вельмі невялікае, на Белапане яго і цяпер можна знайсці.

Тое самае інтэрвію Тамары Сідарэнкі

– І адразу ўсчалася вялікая шуміха. Раздзьмуваўся вялікі скандал. Міністэрства юстыцыі ўзялося за нас, адвакатаў, і накіравала прадстаўленне ў Калегію адвакатаў, што нібыта аб іх нехта ганебна адазваўся. Гэтым “нехта” была я. А тут яшчэ і Павел Сапелка (адвакат Саннікава – Я.С.) выказаўся… Міністэрства юстыцыі пачало розныя праверкі па гэтых выказваннях. Спачатку нас цягалі ў Мін’юст: “Напішыце тлумачальную!” Ну, і праз тое, што Мін’юст накіраваў у Калегію прадстаўленне, то прайшло паседжанне Презідыюма Калегіі, на якім разбіралі гэтае прадстаўленне.

 

Як вы мяркуеце, ці быў ад пачатку загад спыніць дзеянне вашай ліцэнзіі? Ці ведаў Мін’юст адразу, што рабіць з адвакатамі палітыкаў?

– Не, не ведалі! Нават тое, што я цяпер расказваю, усе высновы і аналіз – гэта погляд у мінулае з цяперашніх пазіцый.

У чым вінаватыя адвакаты? Чаму іх вырашылі пакараць?

– А каб не лезлі! Каб не актыўнічалі! І яшчэ, я думаю, нас пераследвалі праз страх. Упершыню ў жыцці Міністэрства юстыцыі пачало так страшна ціснуць адвакатаў. Нейкія прадстаўленні ў Калегію… Хоць я і адвакат, я і не ведала, што ў нас ёсць такія прадстаўленні Мін’юста, праз якія адвакат можа страціць ліцэнзію… Гэта ўсё ад нас, адвакатаў, было вельмі далёка. Такіх падзеяў раней не было. Таму я і думаю, што ўсё тады вырашалася спантанна.

Ціск на адвакатаў трываў, а тым часам сітуацыя з Някляевым ускладнялася:

– А праз некалькі дзён я сустрэлася з Уладзімірам Пракопавічам. Затрымалі яго, як мы ведалі, у шпіталі – бо яго моцна збілі, і ледзь не голым, у коўдры, нягледзячы на крыкі жонкі, кінулі ў машыну. Уладзімір Пракопавіч шмат пісаў пра гэта ва ўспамінах. Тады ён і сам не ведаў, куды яго везлі: ён думаў, што яго вязуць тапіць ці яшчэ куды; думаў, што жыць ён болей не будзе, бо яму і апрануцца не далі. І ўся гэтая сітуацыя ўскладнілась тым, што ў Някляева здарыўся гіпертанічны крыз.

– Людзі чакалі інфармацыі. Які стан Някляева? Што з яго здароўем? У прэсу траплялі чуткі, што яму кепска. Але афіцыйна ніхто не даваў адказаў; адвакаты біліся, крычалі аб сваіх правах і правах падабаронных, спрабавалі іх абараніць…

 

 

Ці камунікавалі міжсобку адвакаты, якія абаранялі кандыдатаў?

– Камунікавалі, але я не скажу, каб шчыльна. Кожны быў заняты сваёй справай. Мы з розных кансультацый. Ды й калі камунікаваць? Я сяджу тут, а той адвакат у іншым месцы.

– У самым пачатку падзеі нагадвалі пазлы, з якіх вельмі цяжка было скласці агульную карціну. А скончылася гэта тым, што справы кандыдатаў штучна падзялілі. Статкевіч, пры тых самых умовах, атрымаў значна больш цяжкое абвінавачванне, чым Някляеў. Справы падзялілі па нейкім дзіўным прынцыпе, які складана было адсачыць. Па нашай справе, апрача Някляева, праходзілі Вазняк і Фядута – з яго штаба, і чамусці – Наста Палажанка, цяпер Дашкевіч: яна ніяк не была звязаная з Някляевым.

 

– Бліжэй да мая стала зразумела, што ў нашага падабароннага сітуацыя не такая ўжо і кепская, абвінавачванне не цяжкае. А затое на адвакатаў пачаўся беспрэцэдэнтны ціск, якога не было ні раней, ні потым. Напрыклад, у справе Белага Легіёна спрабавалі прыціснуць адвакатаў – але не настолькі. А тады ніхто з нас і не ўяўляў, што гэта выльецца ў такія масавыя і жорсткія рэпрэсіі.

– Пачалося ўсё, паўтару, з таго недарэчнага прадстаўлення Мін’юста аб маім інтэрвію на Белапане. Каллегія адвакатаў разгледзела гэтае прадстаўленне, не знайшла нічога страшнага і адказала Міністэрствю юстыцыі, што ўсё добра. Але Мін’юст потым прызнаў, што было парушэнне. Быццам я парушыла «правілы адвакацкай этыкі». Якія правілы, якія канкрэтна пункты?

– А потым пачаліся праверкі па ўсіх юрыдычных кансультацыях. Пакуль мы ў следзтве ўдзельнічаем, трусяць нашыя журналы, падымаюць пагадненні з іншымі кліентамі; растрыбушылі і праверылі ўсё, што можна ўзяць у адваката. Шукалі парушэнні. І ў мяне знайшлі! За пару месяцаў да таго адвакатаў абавязалі весці такія сшыткі, у якія ты павінен занатоўваць, якія справы вядзеш. Абсалютна дурное распараджэнне Міністэрства юстыцыі! Бо кліенты плоцяць грошы, і ўсе пагадненні рэгіструюцца ў агульным журнале. Гэты сшытак – лішняя паперка! – але было рашэнне Мін’юста, якое мы абавязаныя выонваць. І ў мяне знайшлі, што я не ў час нейкае пагадненне запісала. І мне, як кажуць, следам у плечы – ідзе другое прадстаўленне Мін’юста!

– Прыкладна ў той самы час мы даведваемся, што Павел Сапелка ўжо па сутнасці звольнены, што адваката Халіп моцна ціснуць… Але не было адзінага цэнтру, які б збіраў і ацэньваў інфармацыю. Кожны з нас варыўся ў сваім. Пазлы замест цэльнай карціны.

– Міністэрства юстыцыі абвясціла пазачарговую атэстацыю адвакатаў. Гэта калі ўся кансультацыя здае экзамены. Заўжды атэстацыі праходзілі вельмі проста. Прыходзіш, а пра цябе распавядаюць: «Той дваццаць гадоў працуе, той – трыццаць; вось, яна столькі-та справаў правяла», ну пра што тут пытацца? І ўсё, ты вольны. Самае смешнае, што ў мяне былі дзьве граматы ад Міністэрства юстыцыі; адну літаральна далі на пачатку 2010 года.

– І тут – пазачарговая атэстацыя! Іду з міліцыі Маскоўскага раёну, мне тэлефануюць і кажуць, што ў нас заўтра атэстацыя, а я не дапушчаная: «Сказалі не прыходзіць». Мяне асобна выклікала Міністэрства юстыцыі на паседжанне кваліфікацыйнай камісіі. Потым, калі я абскарджвала рашэнне (аб спыненні дзейнасці ліцэнзіі – Я.С.), я ўжо падрыхтавалася, разумела, як сябе бараніць. А спачатку мне было ўсё вельмі дзіўна, незразумела: прыйшла кваліфікацыйная камісія… Там сядзяць прадстаўнікі Мін’юста; некалькі чалавек з адвакатуры… І яны прагаласавалі за тое, каб спыніць дзейнасць маёй ліцэнзіі. Гэта мяне вельмі падбіла.

 

 

– Я не апраўдвалася, не хацела некага пераканаць. Я адчула, што ў камісіі сядзяць людзі, якім ўсё адно. Яны не ўнікаюць у сутнасць і ўнікаць не хочуць. Відаць, рашэнне было ўжо прынятае. Скажу больш: да мяне даходзілі чуткі, быццам указанні, каго з адвакатаў звольніць, былі дадзеныя на самым высокім узроўні. Мой калега, другі адвакат Някляева Уладзімір Букштынаў – ён цяпер таксама ў праваабароне – прайшоў вялікую школу: быў пракурорскім работнікам, дайшоў да Генеральнай пракуратуры, у адвакатуры быў больш за дзесяць гадоў. Ён сітуацыю ўяўляў сабе лепш, чым я, і вырашыў сам сысці.

– Мне ісці не было куды. Куды я пайду? Я працавала і не ўяўляла, што мяне могуць звольніць. Я яшчэ прасіла прынамсі месяц не выконваць рашэнне аб спыненні дзеяння ліцэнзіі: у мяне было некалькі сур’ёзных паралельных справаў. У адной справе тройчы скасоўваўся абвінавачвальны прысуд. Як яе аддаць нейкаму адвакату, калі я столькі працавала па гэтай справе? Людзі пад вартай, для іх замена адваката – страшная рэч… Але як быццам ніхто нічога не бачыў, не чуў, з каменнымі абліччамі сядзелі – спынілі дзеянне маёй адвакацкай ліцэнзіі.

– Потым, калі я пачала абскарджваць рашэнне, так хацелася працытаваць: “Погубил так неумело!” Я не чакала ад Міністэрства юстыцыі такіх ляпаў, такой дурасці! Не на той закон спасылаліся, даты блыталі…

– Смешная рэч: першае парушэнне ў мяне – гэта снежаньскае інтэрвію. Калі пачалі правяраць, то накапалі парушэнняў, якія былі да снежня. Адваката можна звольніць, калі ён пасля першага папярэджвання здзейсніў другое парушэнне. А ў мяне другое парушэнне атрымалася раней за першае!

– Калі я ішла ў суд абскарджваць рашэнне, я была такая натхнёная! Двойчы два – чатыры; за што ж мяне могуць звольніць? Гэта было так смешна! – і так сумна!..

– А найбольш сумным было тое, што суддзя Маскоўскага раёну мне ў позве адмовіў. І другая інстанцыя – таксама. Таксама было вельмі смешна. Судовая калегія – тры суддзі гарадскога суду, тры жанчыны – калі адна зачытвала рашэнне, другая суддзя стаяла, апусціўшы вочы. Так, у гарадскім судзе было некалькі суддзяў, якія паказвалі, што ім нібыта сорамна, што яны не згодныя; і таму яны, калі суддзя зачытваў іх жа агульнае рашэнне, стаялі, апусціўшы вочы.

 

– Адвакатура спрабавала абараніць адвакатаў, і, ў прыватнасці, мяне. Я не пачувалася кінутай і самотнай. Ды і Беларускі Хельсінкскі камітэт далучыўся: іх прадстаўнікі быліна судовых працэсах, дзе я аспрэчвала спыненне дзейнасці маёй ліцэнзіі; Гары Пятровіч Паганяйла ад БХК выказваў амікус курыю.

 

«На Канстытуцыю было не модна спасылацца – мёртвы закон»

– Як цікава атрымліваецца, калі глядзець рэтраспектыўна: мяне вяло па жыцці ў праваабарону і ў рэшце рэшт у БХК. Вельмі-вельмі даўно ў мяне была цікавая справа, дзе майго падабароннага абвінавачвалі ў забойстве двух асобаў; яго выкралі ў Санкт-Пецярургу і прывезлі ў Беларусь. Я і маці майго падабароннага тады звярталіся ў БХК, каб атрымаць юрыдычную ацэнку і дапамогу, хаця гэта і была чыста крымінальная справа. Апрача таго, я эпізадычна супрацоўнічала з БХК: нейкія лекцыі, паездкі… Але я, хоць і ўдзельнічала ў гучных справах, не адчувала сябе ў рэчышчы праваабароны.

 

– А свядома я прыйшла ў праваабарону пасля ўсіх гэтых падзей. Мой калега Букштынаў пайшоў юрыстам у «Гавары праўду», а я – ў Lawtrend. Спачатку мне было вельмі складана: я не разумела розніцу паміж адвакацкай работай і праваабаронай. Вельмі шмат дакументаў, на якія спасылаюцца праваабаронцы, мне, да майго сораму, не былі вядомыя. Раней хіба нешта чула пра Міжнародны пакт грамадзянскіх і палітычных правоў…

– У адвакатуры мала хто… ды ніхто насамрэч! – не спасылаўся на міжнародныя дакументы. На Канстытуцыю спасылацца было не «модна» – яе ўважалі практычна за мёртвы закон. Мы, адвакаты, не выкарыстоўвалі агульныя палажэнні Канстытуцыі, якія гучаць сур’ёзна і якія варта было б выкарыстоўваць.

– А тут яшчэ прыспела вучоба – я рыхтык пачала вучыцца ў Беларускім доме правоў чалавека па праграме для адвакатаў EHREL. А на наступны год з’явілася магчымасць працягнуць навучанне ў праекце BISH, бо навучальныя праграмы адрозніваліся. Так я пачала нешта разумець; ну і напрацоўвала практыку ў праваабароне.

– І паступова я вярнулася да той арганізацыі, з якой шмат гадоў таму крыху супрацоўнічала, – да БХК. І вярнулася на больш высокім узроўні, бо я сама ўжо магла разумець пэўныя моманты міжнароднага права; тое, як яго прымяняць. Не скажу, што я такі ўжо дока – нават цяпер; бо надта шырокае, выходзіць, поле дзейнасці ў праваабарончых арганізацый.

 

«Новыя веды, новыя людзі, новыя адносіны»

Ці было для вас міжнароднае права правоў чалавека адкрыццём – у параўнанні з юрыдычнымі ведамі, якія вы ўжо мелі?

– Так, безумоўна! Я не скажу, што вучоба мне давалася лёгка. Усё-ж такі адвакаты «заточаныя» на дакладныя правы, дакладныя навукі. А ўсё гэтае мягкае права, гэтыя абавязкі дзяржавы, якія яна не выконвае… Складана было вывучыць усе міжнародныя інстытуты, як і куды звяртацца… Мне здаецца, што цяпер я ўжо нешта ведаю; але чым болей ведаеш, тым меней ведаеш. Цяпер мая праца ў БХК – гэта кансультацыі людзей, якія да нас звяртаюца: праца з лістамі, асабісты прыём. Але таму, што я варуся ў агульным катле, то цямлю і ў астатніх тэмах: у выбарах, ва ўніверсальным перыядычным аглядзе, у тым, як нашая дзяржава выконвае свае міжнародныя абавязкі, як нашыя законы адпавядаюць канстытуцыйным – як найменей, канстытуцыйным! – нормам. Ну, яшчэ Гары Пятровічу дапамагаю друкаваць яго мудрыя думкі…

– Сёлета давялося працаваць па двух цікавых накірунках. Ёсць такі панятак – булінг. Да таго, як я ім занялася ў БХК, я не ведала, што гэта такое. Давялося вывучаць юрыдычныя аспекты цкавання школьнікаў, дзяцей і напісаць такую работу для прадстаўніцтва дзіцячага фонда ЮНІСЭФ у Беларусі. І яшчэ БХК дапамагаў разабрацца з размеркаваннем – толькі не студэнтам, а зацікаўленым арганізацыям: мы шукалі шляхі, як юрыдычна можна змагацца з размеркаваннем, як яно юрыдычна аформлена, якія ёсць недахопы і як іх выкарыстаць.

 

Тамара Сідарэнка ў Беларускім доме правоў чалавека побач з партрэтам Барыса Звозскава. Вільня, 2019 год

Тамара Сідарэнка адзначае, што з Барысам Ігаравічам Звозскавым, адным з ключавых стваральнікаў Беларускага дома правоў чалавека, арганізатара навучання правам чалавека, яна не паспела пазнаёміцца:

– Я заспела толькі ўспаміны аб гэтым чалавеку і вялікая павагу да яго. Успаміны былі яшчэ вельмі свежымі: калі я трапіла ў Беларускі дом правоў чалавека, мінула меней за год з яго смерці.

Гэта было марай Барыса Ігаравіча: навучыць ў Беларусі людзей правам чалавека і ўзняць праваабарону на прафесійны ўзровень. Ці атрымалася?

– Я думаю, так! Атрымалася ператварыць ідэю ў жыццё. Адукацыя ў сферы правоў чалавека патрэбная і праваабаронцам, і адвакатам. Іншая справа, што адвакаты з цяжкасцю могуць сюды трапіць, бо трэба паведамляць аб навучанні Міністэрству юстыцыі, а там могуць і намякнуць: непажадана, каб вы тут вучыліся.

– Арганізацыя навучання BISH – гэта ж велізарная праца; да яе непасрэдна датычна і Людміла Ульяшына, мая калега; я крыху памятаю яе па Беларусі. Такіх людзей – пералічыць па пальцах; я нават не ведаю другога такога чалавека, які мае столькі ведаў і так іх нясе людзям. Кожнага чалавека Людміла Ульяшына шануе вельмі высока, кожнаму выказвае сваю павагу.

 

Тамара Аляксандраўна зноў і зноў вяртаецца да моманту, які стаў для яе рубіконам, падзяліўшы жыццё на дзьве часткі:

– Маё жыццё крута перавярнулася. Адлік усіх падзеяў у мяне цяпер прывязаны да звальнення: да таго гэта было ці пасля?

Я шмат згубіла. Гэта было маё жыццё: адвакатура і дом. І пазбавілі мяне прынамсі паловы звыклай завядзёнкі – канешне, цяжка прыйшлося. Але мяне сустрэла такая падтрымка, і плюс да ўсяго: я ўбачыла іншае жыццё, іншыя погляды, іншых людзей, якія хочуць нешта рабіць на карысць усяго грамадства. Шчыра прызнаюся, я гэтага боку жыцця не ведала. І не даведалася б! – каб не здарылася гэтага няшчасця. Не было бы шчасця, ды няшчасце дапамагло.

І сёння я пачуваюся – гучна будзе так сказаць – звышкарыснай для людзей, але, у кожным разе, я магу выконваць тую працу, якую цяпер раблю. Гэта вялікі прарыў. Гэта новыя веды, новыя людзі, новыя адносіны – новыя праваадносіны! Гэта як два жыцці.

Гутарыла Яўгенія Стрыжак
спецыяльна для Беларускага дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Іншыя інтэрвію з беларускімі праваабаронцамі:
Уладзімір Малярчук: «Я вывучаў не абавязкі, а правы і свабоды»
Таццяна Агеева: «BISH – гэта лепшае, што здарылася са мной пасля пазбаўлення ліцэнзіі»
Алег Мацкевіч: «Я разумею, што мала шанцаў, іх амаль няма… Але я буду працаваць далей»
Дзіна Шаўцова. Дваццаць гадоў на варце веравызнання
Васіль Завадскі: Ні пракурор, ні суд не могуць пазбавіць чалавека пачуцця ўласнай годнасці
Анатоль Папоў: “Няхай мой кабінет будзе домам правоў чалавека ў нашым горадзе”
Аляксей Хвосцік: “Двойчы ў маёй практыцы дзяржава аднаўляла парушаныя правы”