Згодна з міжнародным правам правоў чалавека, надзвычайныя заканадаўчыя нормы і меры рэагавання павінны быць жорстка абмежаваныя ў часе, вузка скіраваныя на вырашэнне сітуацыі, якая склалася ў гэты момант, а таксама павінны ўтрымліваць адпаведныя перасцерагальныя палажэнні. Яны павінны заставацца прадметам эфектыўнага заканадаўчага і судовага кантроля.

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека

Поўны тэкст зварота на англійскай і рускай мовах.

Арганізацыі, якія падпісаліся пад гэтым зваротам, заклікаюць усе дзяржавы прымаць усе рашэнні падчас крытычнага перыяду, захоўваючы падыход, заснаваны на правах чалавека; у тым ліку, забяспечыць абарону ўразлівым і сацыяльна не абароненым групам людзей; своечасова спыняць або змяняць палітычныя меры, прынятыя дзеля барацьбы з эпідэміяй, а таксама спыніць любыя напады на праваабаронцаў.

Многія дзяржавы, якія сутыкнуліся з распаўсюдам віруса, зрэагавалі так, як немагчыма было сабе ўявіць яшчэ колькі месяцаў таму. Спрабуючы спыніць дэзінфармацыю пра вірус, улады абмяжоўваюць свабоду слова. Каб абмежаваць блізкія кантакты паміж людзьмі і знізіць узровень інфікавання, абмяжоўваецца свабода асацыяцый і сходаў.

Вельмі ўскладняюцца магчымасці для праваабаронцаў праводзіць маніторынг закрытых установаў і абараняць уразлівыя групы грамадства. Некаторых праваабаронцаў, у сувязі з іх дзейнасцю, улады спрабуюць паказаць як ворагаў дзяржавы. Для аператыўнай барацьбы з распаўсюдам віруса, беспрэцэдэнтрай у найноўшай гісторыі, многія ўрады імкнуцца атрымаць надзвычайныя паўнамоцтвы. У такіх умовах уладам дзяржаваў даецца немалая свабода, каб дзейнічаць хутка і рашуча з мэтай процістаяння вірусу і яго ўплыву на насельніцтва краінаў.

Пры ўсёй неабходнасці гэтых крокаў, не менш важна дзяржавам узяць пад увагу напамін Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, які прагучаў надоечы:

«Згодна з міжнародным правам правоў чалавека, надзвычайныя заканадаўчыя нормы і меры рэагавання павінны быць жорстка абмежаваныя ў часе, вузка скіраваныя на вырашэнне сітуацыі, якая склалася ў гэты момант, а таксама павінны ўтрымліваць адпаведныя перасцерагальныя палажэнні. Яны павінны заставацца прадметам эфектыўнага заканадаўчага і судовага кантроля».

Надзвычайнымі мерамі не могуць дапускацца парушэнні абсалютных правоў, такіх, як забарона на жорсткае абыходжанне і катаванні.

Абвяшчаючы аб увядзенні надзвычайнага стану, улады абавязаныя праінфармаваць адпаведныя міжнародныя арганізацыі, ад выканання якіх правоў дапускаюцца адхіленні і па якіх матывах гэта неабходна.

Дзяржавы таксама абавязаныя накіраваць адпаведныя паведамленні пасля скасавання надзвычайнага стану.

Гісторыя нагадвае нам, што падчас рэагаванняў на стыхійнае бедства часта прымаюцца залішнія меры. Нярэдка ўводзяцца неапраўдана шырокія заканадаўчыя змены, якія вядуць да абмежавання правоў у празмерным масштабе і ў шматлікіх сферах, дзе можна было б абысціся і без такіх абмежаванняў. Улады могуць імкнуцца захаваць атрыманыя надзвычайныя паўнамоцтвы ўжо і пасля таго, як пагроза знізіццца.

Нажаль, у гісторыі шмат прыкладаў і таго, як няшчасці выкарыстоўваюць з мэтай палітычнага апартунізма, што ў доўгатэрміновай перспектыве вядзе да не меней катастрафічных наступстваў.

З нагоды вышэйсказанага, Сетка Дамоў правоў чалавека заклікае ўлады ўсіх краінаў дзейнічаць адкрыта, празрыста, забяспечваць своечасовы доступ да інфармацыі аб мерах рэагавання на распаўсюд COVID-19; неадкладна спыняць абуральныя парушэнні правоў чалавека; уводзіць часовыя абмежаванні на новыя акты заканадаўства і іншыя меры; гарантаваць рэальны заканадаўчы і судовы кантроль, а таксама перасцерагальныя палажэнні ў новых НПА; абмежаваць усе меры строга тымі сферамі, якія неабходныя для рэагавання на крызіс, абумоўлены каронавіруснай інфекцыяй.

Мы падтрымлівалі і падтрымліваем дзеянні, патрэбныя, каб знізіць захворванні і смяротнасць ад каронавіруса. Разам з тым, мы будзем фіксаваць і кантраляваць усе дзеянні ўладаў, якія выходзяць за межы строга неабходнага. Як арганізацыі грамадзянскай супольнасці, мы будзем імкнуцца не дапусціць, каб улады нашых краінаў ухіляліся ад іх міжнародных абавязальніцтваў і злоўжывалі надзвычайнымі паўнамоцтвамі.

 

Поўны спіс арганізацыяў, якія падпісалі зварот, глядзіце па спасылцы.

Поўны тэкст зварота на англійскай і рускай мовах.