Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава працягвае інтэрвію з праваабаронцамі, выпускнікамі адукацыйных праектаў праграмы Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў у Беларусі» (скарочана – ILIABy, ад англ. «International Law in Advocacy in Belarus»), у прыватнасці, праекта «Міжнародныя стандарты – у нацыянальную практыку» (скарочана – BISH, ад англ. Bring International Standards Home”).

 

Алег Агееў – кіраўнік юрыдычнай службы Беларускай асацыяцыі журналістаў, намеснік старшыні БАЖ – паходзіць з сям’і юрыстаў: яго маці – Таццяна Агеева, адвакат з трыццацігадовым стажам; апошнія восем гадоў свайго жыцця яна таксама прысвяціла праваабароне, і сын лагічна працягнуў сямейную традыцыю. Праўда, шлях да юрыспрудэнцыі пачаўся са службы афіцерам ў войску.

 

«ТАКАЯ СЯМЕЙНАЯ ТРАДЫЦЫЯ: ПАПРАЦАВАЦЬ АДВАКАТАМ»

 

– Да таго, як стаць юрыстам, я стаў артылерыстам. Але, шчыра кажучы, у войска я пайшоў з такім разлікам, каб стаць ваенным юрыстам. Юрыдычную адукацыю я атрымліваў падчас службы ў войску. Вучыўся на завочным ў Беларускім інстытуце правазнаўства: хадзіў у караўлы, у нарады, выконваў там хатнія заданні…

Калі Алег Агееў зразумеў, што не будзе працягваць кар’еру ваеннага, сямейная пераемнасць выявілася ў тым, што пасля войска ён пайшоў працаваць адвакатам – і працаваў ім ажно да пазбаўлення ліцэнзіі ў 2011 годзе:

– Ніякіх адмоўных эмоцый, узгадваючы той перыяд – і адвакацкая праца, і пазбаўленне ліцэнзіі – я не адчуваю. Такая сямейная традыцыя: папрацаваць адвакатам. Мама была адвакатам, муж мамы працуе адвакатам, брат – адвакат,

Праца падабалася:

– Я за кароткі тэрмін стаў цалкам паспяховым адвакатам. Здаецца, я быў нават наймаладзейшым, па  тэрміне адвакацкай працы, сябрам Прэзідыума Мінскай гарадской калегіі адвакатаў – органа адвакатскага самакіравання. Сябрам Прэзідыума я стаў у 2010 годзе і прабыў ім амаль год, да пазбаўлення мяне ліцэнзіі.

 

“ЯШЧЭ АДНА СУДОВАЯ ІНСТАНЦЫЯ”

 

Уласна, у статусе адваката Алег Агееў і пачаў свой шлях у праваабарону. Праўда, мэты, якія ён пераследваў, былі тады далёкія ад праваабарончых.

– Яшчэ такі смешны момант. У рэдакцыі закона «Аб адвакатуры», які дзейнічаў падчас маёй працы, адвакатская дзейнасць мела ў вызначэнні слова «праваабарончая». У сучаснай рэдакцыі закона ад гэтага слова пазбавіліся. Але ў мяне ёсць недзе Удзячнасць ад Прэзідыума Калегіі адвакатаў «За высокі прафесіяналізм у праваабарончай дзейнасці» – яшчэ ў статусе адваката я яе атрымаў.

– Яшчэ не разумеючы значэння слова «праваабарончы»?

– Так. Калі я паступіў на BISH напрыканцы 2009 года, я тады не столькі правы чалавека хацеў вучыць, колькі пераследваў меркантыльную мэту. Я разумеў, што адвакат, каб быць больш эфектыўным, павінен выйсці на міжнародны ўзровень. Яшчэ адна судовая інстанцыя; большая колькасць сервісаў, які я магу прадаць сваім кліентам… Менавіта такая меркантыльная матывацыя ў мяне была. Я вучыўся на другім цыкле BISH, выпуск 2009-2010 гг. Тады навучэнцы дзяліліся на дзве групы, якія вучыліся асобна: група праваабаронцаў і група юрыстаў. І ў нашай групе юрыстаў прыкладна палова была адвакатаў. Мы і дагэтуль з некаторымі супрацоўнічаем: яны ў якасці адвакатаў, я – як праваабаронца.

– Ці адчувалі вы, як юрыст, дысананс паміж новай інфармацыяй і ўсімі юрыдычнымі ведамі, атрыманымі раней?

– Менавіта так і было. Менавіта падчас вучобы на BISH я зразумеў, што нацыянальнае заканадаўства, якое для маёй працы адвакатам было адзіным арыентырам, не трэба разумець літаральна. Калі нацыянальнае заканадаўства супярэчыць правам чалавека, духу права, то трэба кіравацца духам права – і тым самым парушаць нацыянальнае заканадаўства. І гэта, з пункту гледжання правоў чалавека, па-першае, дапушчальна, а па-другое – для праваабаронцы ў некаторых выпадках проста неабходна.

– Ці быў стрэс ад такой перамены?

– Я б гэта назваў не стрэсам, але пераасэнсаваннем – усёй сваёй юрыдычнай працы. Вельмі сур’ёзнае пераасэнсаванне і, напэўна, сталенне. Калі разумееш, што перарос па манеры мыслення нацыянальную сістэму права. Калі можаш на яе глядзець згору ўніз і сур’ёзна яе аналізаваць на прадмет адпаведнасці правам чалавека. Гэта нават твой абавязак як праваабаронцы: суадносіць нормы нацыянальнага заканадаўства з духам права і з міжнароднымі стандартамі правоў чалавека.

– Як вы прымяняеце на практыцы ў Беларусі нормы міжнароднага права правоў чалавека?

– І я, і мае калегі спасылаемся на міжнародныя нормы рэгулярна; аднак судовая сістэма да гэтага не гатовая. Наша нацыянальная практыка правапрымянення ўсё адно трымаецца літаральнай трактоўкі нацыянальнага заканадаўства, і калі яно супярэчыць нормам права, усё адно карыстаюцца заканадаўствам. А ў гэтым 2020 годзе мы бачым дэфолт права – калі прававая сістэма не дае сабе працы адпавядаць нават нацыянальнаму заканадаўству, не кажучы ўжо пра міжнародныя стандарты правоў чалавека.

 

«А ВАМ ДАВОДЗІЛАСЯ АБАРАНЯЦЬ КАНДЫДАТА Ў ПРЭЗІДЭНТЫ?»

 

На шляху адваката Алега Агеева ў праваабарону адбылася яшчэ адна лёсавызначальная сустрэча: з кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года Алесем Міхалевічам.

– Я вельмі добра памятаю размову, якая адбылася адразу пасля разгону Плошчы 10 снежня 2010 года. Раніцай 11 снежня мне нехта пазваніў і сказаў: «Майго мужа затрымалі, патрэбны добры адвакат, параілі звярнуцца да вас». Гэта быў вельмі звычайны, стандартны запыт юрыдычнай дапамогі. Я адказваю: «Добра, давайце сустрэнемся, падпішам дамову, і я буду абараняць вашага мужа». Я ехаў у кансультацыю на падпісанне дамовы – ужо не памятаю прозвішча гэтага чалавека, і ў гэты час мне пазваніла жанчына: яе мужа таксама затрымалі, і таксама быў патрэбны адвакат.

Алег Агееў спачатку адмовіўся:

– Я кажу: «Ведаеце, я ўжо працую па гэтай справе», – я ўжо зразумеў, што гэта адна справа. Для адваката абараняць некалькіх кліентаў у межах адной справы вельмі рызыкоўна, бо паміж імі можа быць канфлікт у паказаннях, і тады адвакат павінен выйсці з абедзьвюх справаў. Каб не дапусціць парушэнне адвакатскай этыкі, я адказваю, што ўжо дамовіўся з іншымі кліентамі, ужо еду падпісваць дамову. І тут Мілана Міхалевіч – а гэта званіла менавіта яна – зрабіла паўзу і сказала наступную фразу: «А вам калі-небудзь даводзілася абараняць… кандыдата ў прэзідэнты? Вы зможаце распавядаць сваім дзецям, што абаранялі майго мужа, кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча».

– Я задумаўся. Сапраўды, кандыдатаў у прэзідэнты мне, напэўна, больш не выпадзе абараняць. І адказаў: «Вы мяне пераканалі». І папярэднім кліентам параіў іншага адваката. Так я стаў адвакатам Алеся Міхалевіча.

 

 МЯЦЕЖНЫ ПРЭЗІДЫУМ

 

– Я думаю, што не толькі мой удзел у справе Міхалевіча быў прычынай пазбаўлення мяне ліцэнзіі. Калі мяне потым выклікалі ў КДБ, вельмі шмат у гутарцы з афіцэрамі КДБ тычылася не справы Міхалевіча. Я, дарэчы, добра ведаў гэтых афіцэраў: гэта былі тыя ж супрацоўнікі, якія аператыўна суправаджалі Міхалевіча; я як адвакат прысутнічаў на ператрусе ў штабе Міхалевіча, напрыклад; і гэтыя ж супрацоўнікі потым працавалі па мне, калі мяне пазбаўлялі ліцэнзіі. І галоўнае, што іх цікавіла – гэта мой удзел у паседжаннях Прэзідыума Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.

Такая цікаўнасць КДБ да органа адвакатскага самакіравання, верагодна, была выкліканая ўнікальным выпадкам: тагачасны склад Прэзідыўма шэсць разоў адказаў Міністэрству юстыцыі ва ўзбуджэнні дысцыплінарных справаводстваў у дачыненні да адвакатаў:

– Мін’юст пісаў: пакарайце вашага адваката; а мы на Прэзідыуме абмяркоўвалі, галасавалі і пісалі ім: няма падставаў для прыцягнення адваката да дысцыплінарнай адказнасці, таму адмаўляем ва ўзбуджэнні дысцыплінарнага справаводства. Гэта быў мяцежны Прэзідыум! Дарэчы, у яго складзе было два аднолькавых прозвішча: мы з мамай абодва ўваходзілі ў яго. І трох чалавек са складу таго мяцежнага Прэзідыума – мяне, маму Таццяну Агееву і Паўла Сапелку – пазбавілі статуса адваката. За вельмі кароткі час. Мяне і маму – 14 лютага, адным загадам Міністэрства юстыцыі, а Паўла Сапелку – крыху пазней, літаральна праз два тыдні.

 

ЧАРГА АДВАКАТАЎ-ДЗЕКАБРЫСТАЎ

 

– А як адбывалася праца па справе Міхалевіча? Тамара Сідарэнка ў сваім інтэрв’ю ўзгадвала, як яна сядзела ў чарзе ў Амерыканцы (следчы ізалятар КДБ – заўв. аўт.), спрабуючы трапіць да свайго кліента Уладзіміра Някляева…

– Мы разам сядзелі ў той чарзе. Я Міхалевіча бачыў – ад моманту, як пачаў яго абараняць да таго, як мяне пазбавілі статуса адваката – бачыў літаральна два ці тры разы. І тое – на следчых дзеяннях, калі мяне выклікаў следчы, каб з маім удзелам дапытаць Міхалевіча. І мяне, як і ўсіх адвакатаў кандыдатаў, не пускалі на сустрэчу са сваім падабаронным. У СІЗО КДБ тады сядзела чарга, як казала Тамара Сідарэнка, з абаронцаў «дзекабрыстаў», якія чакалі «вызвалення кабінета». Цікава, што адвакаты, якія прыходзілі да іншых падабаронных па іншых справах, без праблем у абыход нашай чаргі сустракаліся са сваімі кліентамі. А мы сядзелі суткамі.

– Кожны дзень, пакуль я сядзеў у чарзе ў СІЗО КДБ, я пісаў гэтае хадайніцтва і дасылаў яго па пошце. І вось нарэшце я атрымаў гістарычны адказ: «Вашае хадайніцтва задаволенае. Міхалевічу змененая мера стрымання». Іронія ў тым, што Міхалевіча вызвалілі праз два дні пасля таго, як мяне пазбавілі статуса адваката…

Тады Алег Агееў, каб рабіць хоць нешта ў абарону свайго кліента, узяў на сябе абавязак штодня дасылаць хадайніцтва, каб яму забяспечылі сустрэчу з Міхалевічам і змянілі абвінавачанаму меру стрымання:

– Кожны дзень, пакуль я сядзеў у чарзе, я пісаў гэтае хадайніцтва і дасылаў яго па пошце шторазу, выходзячы з СІЗО КДБ. І вось нарэшце я атрымаў гістарычны адказ: «Вашае хадайніцтва задаволенае. Міхалевічу змененая мера стрымання». Іронія ў тым, што Міхалевіча вызвалілі праз два дні пасля таго, як мяне пазбавілі статуса адваката…  Памятаю, што я дамовіўся з калегамі, яны прынялі на сябе абарону Міхалевіча, і я сабе зрабіў копію гэтага дакумента, і ім таксама ў матэрыялы справы перадаў.

– У які момант вы зразумелі, што зараз вас будуць пазбаўляць ліцэнзіі?

– Калі супрацоўнікі КДБ прыйшлі да мяне па мае дакументы. Справядлівасці дзеля трэба сказаць, што адміністрацыя Мінскай гарадской калегіі адвакатаў заняла такую пазіцыю, што адвакатскія дакументы складаюць адвакатскую таямніцу, і мы вам, дарагія таварышы КДБісты, дакументы Агеева не аддамо. Гэта ўсё той самы мяцежны склад Прэзідыума заяўляў. Мы ж думалі, што мы – незалежны орган, які можа сам за сябе пастаяць. Аднак, мы адмовілі КДБ ў выдачы дакументаў, але па іх прышоў Мін’юст як ліцэнзуючы орган. Мін’юст сабраў дакументы і занёс у КДБ. Уся адвакатская таямніца на гэтым скончылася.

– Ці адчувалася пазбаўленне статуса адваката як крах жыцця, кар’еры?

– Напэўна, так. Я не разумеў, чаму… Для мяне справа Міхалевіча была звычайнай справай. Значнай, публічнай – так; але я па справе Міхалевіча працаваў гэтаксама, як і па іншых справах. І не разумеў, чаму ў яго выпадку права не працуе; чаму я, адвакат, не магу сустрэцца са сваім кліентам… Я нібыта сутыкнуўся са сцяной. Усё, што працавала ў іншых справах, тут не дзейнічала. Я не разумеў: чаму так парушаюцца правы майго кліента?

Калі Алесь Міхалевіч выйшаў на волю, яму перадалі ўсе заявы, якія напісаў Алег Агееў, седзячы ў чарзе:

– Іх нават не разгледзелі! А чамусьці проста перадалі Міхалевічу – мае заявы, каб з ім сустрэцца. Дваццаць з нечым аднолькавых заяваў, па адной за кожны дзень чакання. Трымай, сказалі, твой адвакат штодня пісаў…

– Недзе ў глыбіні душы жыла надзея, што статус адваката мне вернуць…

Алег Агееў адзначае, што падчас справы Міхалевіча яго вельмі ўразіла жонка падабароннага, Мілана:

– Вось хто быў сапраўднай жонкай дзекабрыста! У іх толькі нарадзілася дзіця; памятаю яе са слінгам: зіма, холад, і яна з маленечкім дзіцём насіла перадачы, прыходзіла да мяне ў кансультацыю… Мілану Міхалевіч і саму затрымлівалі: забіралі ў яе пашпарт. Калі яна паехала цягніком у Польшчу выступаць у Сейме, яе не выпусцілі з Беларусі: забралі пашпарт «на праверку сапраўднасці». Вярнулі праз некалькі дзён: «Ваш пашпарт сапраўдны». Вось такія дзіўныя рэчы адбываліся.

Такім чынам, палову адукацыйнага курса BISH Алег Агееў адвучыўся як адвакат, а сканчаў курс ужо экс-адвакатам. Ён прызнаецца, што не адразу пайшоў у праваабарону, бо нейкі час спадзяваўся, што вернецца ў адвакатуру:

– Недзе ў глыбіні душы жыла надзея, што статус адваката мне вернуць, бо на Беларусь сыпалася вялізная колькасць патрабаванняў, зваротаў і лістоў: на ўзроўні ААН, АБСЕ, Еўразвяза… Самыя розныя міжнародныя інстытуцыі патрабавалі аднавіць адвакатаў палітвязняў у адвакатуры. Мяне ж не аднога пазбавілі ліцэнзіі. За 2011 год 12 чалавек былі пазбаўленыя адвакатскага статуса. Я абскардзіў гэта ў судовым парадку, і, дарэчы, мой зварот зарэгістраваны ў Камітэце ААН па правах чалавека, ужо адбыліся ўсе этапы камунікацыі з дзяржавай; і на лютаўскай сэсіі 2021 года КПЧ ААН разгледзіць маю скаргу на тое, што мяне пазбавілі статуса адваката.

 

«ГРАМАДЗЯНІН І СЛЕДСТВА». БАРЫС ЗВОЗСКАЎ

 

Пасля 14 лютага Алег Агееў супрацоўнічаў з рознымі праваабарончымі арганізаціямі: з Беларускім Хельсінкскім камітэтам, Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Цэнтрам прававой трансфармацыі – як эксперт, без сталай працы. Тады ж яго прыняў у «Прававую ініцыятыву» Барыс Ігаравіч Звозскаў – заснавальнік Дома правоў чалавека, які цяпер носіць яго імя. Алег Агееў пазнаёміўся з Барысам Звозскавым падчас навучання на курсе BISH, дзе выкладаў і які стварыў сам Барыс Ігаравіч.

– Барыса Ігаравіча я ўважаю сваім настаўнікам – з вялікай літары. Мае першыя крокі ў праваабароне – гэта ўдзел у асветніцкім праекце «Прававой ініцыятывы» «Грамадзянін і следства». Мы разам з Барысам Ігаравічам ездзілі па Беларусі і ладзілі заняткі, як паводзіцца на допыце. Разам бавілі час у дарозе, у гатэлях; некалькі раз на месяц выяжджалі ў розныя гарады, мястэчкі… На BISH ён проста вёў у нас некаторыя заняткі; але як з чалавекам я пазнаёміўся з Барысам Звозскавым менавіта падчас гэтых паездак. Бясцэнны досвед!

 

Алег Агееў на фоне партрэта Барыса Звозскава ў Беларускім доме правоў чалавека

 

Барыс Звозскаў, на думку Алега Агеева, ёсць адным з родапачынальнікаў беларускага праваабарончага руху:

– Дзякуючы Барысу Ігаравічу мы маем сваю нацыянальную праваабарончую школу. Калі казаць аб пераемнасці і вытоках, то наша беларуская праваабарончая школа – з польскім акцэнтам: досвед Хельсінкскага фонда па правах чалавека [які знаходзіцца ў Варшаве – заўв. аўт.] Барыс Звозскаў перанес у беларускую рэальнасць і адаптаваў пад нашы ўмовы. Цяпер практычна кожны з вядомых беларускіх праваабаронцаў ёсць выпускніком адукацыйнага праекта  ILIA-By. А ў адукацыйных праграммах праектаў ILIA-By – вельмі шмат чаго ад праграмы Вышэйшага курса па правах чалавека Хельсінкскага фонда.

– Мяне ўражвала сумленнасць Барыса Ігаравіча і яго філасофскае стаўленне да жыцця праз прызму правоў чалавека. Менавіта ён мяне навучыў, што паўсядзённую рэальнасць можна вымяраць крытэрыямі правоў чалавека; яны паўсюль.

– Алег, вы – юрыст, аднак сваім настаўнікам у праваабароне называеце чалавека, які юрыстам не з’яўляўся…

– Сапраўды, Звозскаў не быў юрыстам. Калі не памыляюся, ён быў фізікам з адукацыі і да прыхода ў праваабарону працаваў фізікам недзе ў Росіі. Калі ў 1996 годзе ў Беларусі адбыўся рэферэндум, ён уваходзіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю; яго шлях у праваабарону пачаўся з палітыкі. Менавіта Барыс Звозскаў даў мне ўпэўненасць: каб быць праваабаронцам, не абавязкова трэба быць юрыстам. Больш за тое: трансфармацыя юрыста ў праваабаронцы, калі трэба пераасэнсаваць сваё стаўленне да нацыянальнай прававой сістэмы, гэта ў пэўным сэнсе ломка; дык вось не-юрысты праз гэтую ломку не праходзяць, гэта даецца прасцей, не трэба мяняць светапогляд. Проста дадаюцца веды аб правах чалавека.

– Мяне ўражвала сумленнасць Барыса Ігаравіча і яго філасофскае стаўленне да жыцця праз прызму правоў чалавека. Менавіта ён мяне навучыў, што паўсядзённую рэальнасць можна вымяраць крытэрыямі правоў чалавека; яны паўсюль.

– Што гэта за прызма правоў чалавека?

– Прызма чалавечай годнасці. Свабоды. Дачыненні чалавека і дзяржавы павінны быць такімі, каб чалавек ведаў свае правы і свабоды, а таксама меў матывацыю патрабаваць ад уладаў неўмяшальніцтва ў іх. Вось тое, чаму мяне навучыў Барыс Ігаравіч: патрабаваць выканання правоў чалавека, калі ты бачыш, як іх парушаюць: твае правы або правы іншых людзей.

– Мне моцна запомніліся словы, якія я пачуў ад яго не-юрыста; я часта іх паўтараю са спасылкай на Звозскава. Ён казаў так: «Правы чалавека заснаваныя на справядлівасці і павазе чалавечай годнасці. І чалавек, нават нічога не ведаючы аб правах чалавека, можа адчуць несправядлівасць». Барыс Ігаравіч быў упэўнены, што ў 95% выпадкаў гэтая несправядлівасць будзе парушэннем правоў чалавека; і нават простая фіксацыя гэтых парушэнняў дапамагае абараняць ці аднаўляць правы чалавека.

Барыса Звозскава Алег Агееў называе вельмі мужным чалавекам:

– Мы з ім падчас паездак часта начавалі ў гатэлях; і калі ўжо было вядома, што ён хварэе… Хвароба чыніла яму шмат болю; і памятаю, як у гатэлі ў Маладзечна, напэўна, за некалькі тыдняў да яго смерці, я чуў яго ў суседнім пакоі і разумеў, што за ўсю ноч ён не заснуў. Ён выходзіў курыць на балкон – ён вельмі шмат паліў; і я бачыў, што яму вельмі балюча. Аднак Барыс Ігаравіч не хацеў пра гэта размаўляць. Ён мужна пераносіў увесь боль, ехаў у паездкі, праводзіў заняткі – фактычна нёс сябе людзям.

– Ён меў вельмі інтэлігентную манеру маўлення. Вельмі стрыманую, сціплую. Нельга назваць яго гаворку безапеляцыйнай: з ім можна было спрачацца, ён сам правакаваў абмеркаванні; але адчувалася, што прамоўленыя ім перакананні – непахісныя. І гэтая ўнутраная непахіснасць прамоўленага Барысам Ігаравічам дагэтуль жыве са мной. Калі ён сыйшоў, наш праваабарончы рух згубіў аднога з найаўтарытэтнейшых людзей у гэтай сферы. Ён жа шмат рабіў і сам як праваабаронца. Я ведаю, што ён быў аўтарам аднога з альтэрнатыўных варыянтаў беларускай канстытуцыі, куды ўнёс частку аб правах чалавека і аб прынцыпе падзелу ўладаў. Вельмі любіў і шмат займаўся свабодай асацыяцый, дасканальна разбіраўся ў гэтым праве. Гэта быў сапраўды вялікі чалавек. І дзякуючы яму беларускі праваабарончы рух мае сваю нацыянальную школу падрыхтоўкі кадраў; школу вельмі высокага ўзроўня.

 

ПРАЦА КААРДЫНАТАРАМ  ПРАЕКТА BISH

 

Алег Агееў, пасля заканчэння курса BISH, сам пачаў працаваць у гэтым праекце як каардынатар, чым займаўся на працягу васьмі гадоў:

– Калі стала зразумелым, што Барысу Ігаравічу будзе цяжка кіраваць BISH, ён запрасіў мяне на пасаду асістэнта каардынатара. Але, як толькі мы пачалі рыхтаваць новы цыкл, Барыса Ігаравіча не стала. Так з асістэнтаў я сам стаў каардынатарам, да чаго, па шчырасці, быў абсалютна не падрыхтаваны. Я нават не да канца разумеў, што з сябе ўяўляе гэты праект, бо Барыс Ігаравіч павінен быў мяне паступова ўводзіць у курс справы. Тады Людміла Ульяшына, якая разам з Барысам Звозскавым пачынала праграму ILIA-By, дапамагла мне; вельмі шмат я даведаўся ад яе, пачынаючы ад таго, як сканструяваны праект. Памятаю сваю першую навучальную праграму, якую я падрыхтаваў да новага цыклу. Сеў і думаю: ну хіба складана напісаць праграму на навучальны год? Калі ласка! Напісаў. Вельмі рады, што тая праграма так і не запрацавала; аказалася, па ёй увогуле нельга нікога навучыць, няма ў ёй ні логікі, ні зместа. Канешне, перапрацавалі яе так, што нічога ад першага варыянту не засталося. Таксама я вельмі ўдзяны Сяргею Бураву з адукацыйнага Дома правоў чалавека ў Чарнігаве. Дзякуючы яму я зразуумеў ролю і месца адукаццыі ў галіне правоў чалавека у грамадскім сектары.

Цяпер каманда BISH складаецца з пяцёх чалавек, а тады, у 2011 годзе, мы працавалі удвух, з Дзінай Шаўцовай. Потым да нас далучыліся іншыя. Вельмі шмат дала праграме Наталля Мацкевіч. Яе прафесіяналізм і якасць яе навуковай падрыхтоўкі вывелі праграму на ўзровень, блізкі да ўніверсітэцкага. Я знаёмы з некалькімі праектамі навучання правам чалавека ў іншых краінах і смела магу назваць BISH адным з лепшых. І вельмі шмат у фундамент гэтага праекта заклаў Барыс Ігаравіч Звозскаў.

 

«ТРАНСФАРМАЦЫЯ БЕЛАРУСІ Ў ПРАВАВУЮ ДЗЯРЖАВУ НЕПАЗБЕЖНАЯ»

 

– Калі зменіцца ўлада, ці пойдзеце вы зноў працаваць адвакатам?

– Не! Я для сябе вырашыў: калі ў Беларусі пачнецца трансфармацыя з неправавой дзяржавы ў прававую, я дакладна застануся ў праваабароне, бо гэта маё.

Мой досвед камунікацыі са многімі палітычнымі апазіцыйнымі структурамі дазваляе мне сцвярджаць, што нават у іх, пры дэклараванай дэмакратычнасці, ёсць велізарныя прагалы ў разуменні правоў чалавека.Адвакат, на думку Алега Агеева, мае значна больш абмежаванняў, чым праваабаронца:

– Цяпер, калі я параўнаў узроўні свабоды ў адвакатуры і ў праваабароне, адвакатура мяне ўжо не цікавіць.

–Ці няма адчування, што вы марнуеце час у праваабароне, ведучы справы, якія не маюць юрыдычнага рашэння падчас прававога дэфолта?

– Прававы дэфолт рана ці позна скончыцца. І трансфармацыя Беларусі ў прававую дзяржаву непазбежная. Усё, што было зроблена да гэтага часу, не знікне, а чакае сваёй пары. У праваабаронцаў патрабаванні да любой улады – нязменныя. Патрабаванні аднолькавыя: павага чалавечай годнасці і выкананне правоў чалавека. Ёсць велізарны аб’ём напрацовак праваабаронцаў таго, што трэба зрабіць нашай дзяржаве, каб стаць прававой.

– І «бабарыкінцаў» гатовыя вучыць?

– Любую ўладу! Мой досвед камунікацыі са многімі палітычнымі апазіцыйнымі структурамі дазваляе мне сцвярджаць, што нават у іх, пры дэклараванай дэмакратычнасці, ёсць велізарныя прагалы ў разуменні правоў чалавека.

– Алег, дык вас трэба берагчы? Вы – праваабаронца па перакананнях, наш беларускі сахараў…

– Не, не! Такіх, як я, шмат; я адзін з многіх. За столькі гадоў у БАЖ я магу параўнаць беларускі праваабарончы сектар грамадзянскай супольнасці з іншымі сектарамі. І менавіта праваабарона – гэта супольнасць, якая мае і добрую кансалідаванасць, і структуру, і – не іерархію, але тэматычны падзел, які ахоплівае практычна ўсе правы; таму я абсалютна не залічваю сябе ў тытаны праваабароны. Я – адзін з многіх праваабаронцаў, якія ведаюць, што і навошта яны робяць.

– Ці хопіць працы праваабаронцам пасля трансфармацыі Беларусі ў прававую дзяржаву?

– Ва ўсіх краінах, нават у паспяховай Швецыі, ёсць праваабарончыя арганізацыі, якія, гэтаксама як і мы, глядзяць на рукі сваім уладам і падказваюць ім, што трэба рабіць, каб выконваць правы чалавека. Каб у нацыянальнай прававой сістэме статус правоў чалавека не прыніжаўся.

– Для беларускай праваабароны ўсё толькі пачынаецца?

– Безумоўна. У нас велізарнае поле работы. Работа будзе пры любой уладзе. Калі ўлада застанецца такой самай, будзем абараняць ахвяраў палітычнага пераследу. А калі захоча быць прававой – мы гатовыя дапамагчы прайсці перыяд трансфармацыі. Патлумачыць, што фраза «Для дзяржавы вышэйшай каштоўнасцю ёсць чалавек» – гэта не пустыя словы, а кожная літара тут напоўненая прававым сэнсам. І што ўсе рашэнні павінныя грунтавацца на тым, што чалавек – гэта найвышэйшая каштоўнасць дзяржавы. Праваабаронцы ўжо цяпер гатовыя патлумачыць усё: ад самых асноваў да таго, як стандарты міжнароднага права правоў чалавека павінныя быць замацаваныя ў нацыянальных  прававых актах.

 

«НІВОДНАМУ СЯБРУ БАЖ НЕ АДМОВІЛІ І НЕ АДМОВІМ У ПРАВАВОЙ ДАПАМОЗЕ»

 

Алег Агееў, які цяпер працуе кіраўніком юрыдычнай службы Беларускай асацыяцыі журналістаў, распавядае, што да журналістыкі ніколі не меў ніякага дачынення – калі не лічыць таго, што яго маці Таццяна Агеева крыху вучылася на журфаку на першым курсе ў мінулым стагодзі.

– У БАЖ я прыйшоў ужо пасля заканчэння BISH, атрымаўшы дыплом; а падчас вучобы самыя высокія адзнакі атрымліваў па свабодзе выказвання меркавання. І з усіх правоў, якія мы праходзілі на курсе BISH, свабода выказвання найбольш мне спадабалася. Гэта было тое права, якое я зразумеў і з якім мне было цікава працаваць. Вось так маё жаданне абараняць свабоду выказвання трансфармавалася ў паціцыю юрыста БАЖ.

– Калі я толькі прыйшоў у БАЖ, мяне ўразіла журналісцкая салідарнасць. Я памятаю, як мне не ставала адвакатскай салідарнасці, калі мяне пазбаўлялі статуса, і калі я ўбачыў салідарнасць у медыя-супольнасці Беларусі, я падумаў: ого! Аказваецца, так можна!

Калі Алега Агеева пазбавілі статуса адваката, ён недзе з паўгады чакаў вяртання ліцэнзіі, аспрэчваў загад Міністра юстыці. І гэтыя паўгады скончыліся тым, што ён адначасова атрымаў дзве прапановы працы:

– Пра першую – асістэнтам каардынатара BISH ад Барыса Звозскава – я распавёў. А другая прапанова была стаць юрыстам Беларускай асацыяцыі журналістаў. Спалучэнне гэтых дзвюх працаў працягвалася амаль восем гадоў. Я дагэтуль упэўнены, што пазіцыя каардынатара праекта BISH павінна быць занятая толькі тым, хто мае яшчэ нейкі праваабарончы занятак – каб з праекту, так бы мовіць, не знікла душа беларускага праваабарончага сектара. На практыцы дзве працы было цяжка сумяшчаць па часе; аўтаматычна ўзнікала больш за 100 % занятасці. Потым, калі ў БАЖ давялося стаць з простага юрыста кіраўніком юрыдычнай службы, давялося сысці з пазіцыі каардынатара BISH, праз восем гадоў. У БАЖ я сёння каардыную працу больш за 10 юрыстаў па ўсёй Беларусі.

– Чым займаецца Беларуская асацыяцыя журналістаў?

– У беларускай праваабарончай супольнасці замацаваўся такі падыход, калі арганізацыя займаюцца або пэўнай тэмай, або абаронай уразлівай групы. Вось БАЖ – гэта менавіта тая арганізацыя, якая займаецца абаронай ўсяго пакета правоў для журналістаў. Галоўнае – абарона свабоды выказвання меркавання, абарона права на доступ да інфармацыі. Але дзякуючы беларускім уладам, якія прымудрыліся парушыць практычна ўвесь пакет правоў і свабодаў у дачыненні да журналістаў, даводзіцца займацца і іншымі правамі. Напрыклад, свабода ад катаванняў – вельмі папулярнае парушанае права ў новай рэальнасці, нажаль. Свабода ад адвольных затрыманняў, недатыкальнасць асабістага жыцця… Сітуацыя з правамі журналістаў з крытычнай і вельмі цяжкай стала проста катастрафічнай.

– Ці не было адчування ўсе гэтыя гады, што абарона журналістаў у Беларусі – гэта сізіфава праца?

– Канешне, у цэлым нельга сказаць, што мы эфектыўна дасягаем пастаўленых вынікаў у 100 адсоткаў спраў. Але, калі глядзець на дынаміку, за 8 гадоў у нас атрымлівалася спыняць некаторую негатыўную практыку. Так, нядопуск журналістаў у залу судовых паседжанняў быў спынены. Можна казаць і пра перамогі. Напрыклад, у адным з рашэнняў Канстытуцыйнага суду мы дамагліся правільнай трактоўкі крытэраў СМІ. Дамагліся зменаў у рашэнні Канстытуцыйнага суда. У законе “Аб масавых мерапрыемствах” апісанне працы журналіста на мерапрыемствах адпавядае, хай і не цалкам, патрабаванням БАЖ. Што тычыцца канкрэтных кейсаў, то штогод маем ад 10 да 12 справаў, дзе па канкрэтных журналістаах атрымліваецца спыніць пераслед. Юрысты БАЖ, абараняючы журналіста, час ад часу знаходзяць хібы ў матэрыялах, якія прыводзяць да развалу справы.

– Ці вядзе БАЖ аналітычную працу?

– Безумоўна. У БАЖ ёсць падрыхтаваная праграма рэфармавання заканадаўства ў сферы медыя, з трох этапаў. У доўгатэрміновай перспектыве ў планах БАЖ – ліквідацыя Міністэрства інфармацыі. Бо ў дзяржавы не павінна быць такіх функцый, якія выконвае гэтае міністэрства. А на першых этапах – дэтальная распрацоўка заканадаўства аб СМІ.

– Калі я толькі прыйшоў у БАЖ, мяне ўразіла журналісцкая салідарнасць. Я памятаю, як мне не ставала адвакатскай салідарнасці, калі мяне пазбаўлялі статуса, і калі я ўбачыў салідарнасць у медыя-супольнасці Беларусі, я падумаў: ого! Аказваецца, так можна!

Салідарнасць, сцвярджае Алег Агееў, вельмі каштоўная:

– Многія журналісты, нават калі не атрымалася с прававога пункту гледжання абараніць правы журналіста, усё адно дзякуюць за салідарнасць, калі юрысты і адвакаты спрабуюць дапамагчы. Для чалавека затрыманне – заўжды моцны стрэс, нават для тых, каго затрымлівалі ўжо не раз. І людзі вельмі шануюць салідарнасць. Штогод на справаздачным сходзе я дакладаю Радзе БАЖ, што ў нас запыты дапамогі задаволеныя на 100 адсоткаў. Мы ніводнаму сябру БАЖ не адмовілі і не адмовім ў прававой дапамозе; нават калі разумеем, які будзе прысуд або абвінавачванне, будзем дапамагаць да апошняга.

 

Гутарыла Яўгенія Парашчанка,
спецыяльна для Беларускага дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Іншыя інтэрв’ю з беларускімі праваабаронцамі:
Уладзімір Малярчук: «Я вывучаў не абавязкі, а правы і свабоды»
Таццяна Агеева: «BISH – гэта лепшае, што здарылася са мной пасля пазбаўлення ліцэнзіі»
Алег Мацкевіч: «Я разумею, што мала шанцаў, іх амаль няма… Але я буду працаваць далей»
Дзіна Шаўцова. Дваццаць гадоў на варце веравызнання
Васіль Завадскі: Ні пракурор, ні суд не могуць пазбавіць чалавека пачуцця ўласнай годнасці
Анатоль Папоў: “Няхай мой кабінет будзе домам правоў чалавека ў нашым горадзе”
Аляксей Хвосцік: “Двойчы ў маёй практыцы дзяржава аднаўляла парушаныя правы”
Два жыцці Тамары Сідарэнкі, адваката і праваабаронцы