Таццяна Равяка: «Калі ты ў самых складаных сітуацыях усміхаешся, значыць, ты яшчэ не пераможаны»

Таццяна Равяка – адна з першых праваабаронцаў Беларусі; уласна яна і ўдзельнічала ў стварэнні сучаснай праваабарончай супольнасці. Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава публікуе размову з Таццянай Равякай – Прэзідэнтам БДПЧ з 2010 па 2018 гады.

Універсітэт. Перабудова

Мае 17 гадоў, студэнцтва – гэта яшчэ часы Савецкага саюза. Я вучылася на філалагічным факультэце БДУ.  У дзяцінстве, у падлеткавым узросце я думала: калі ты паступаеш ва ўніверсітэт – ты ўсё жыццё будзеш тым, на каго вучыўся. Вось я і думала, што буду настаўніцай.

У мае студэнцкія гады пачалася Перабудова. Ва ўніверсітэце ты вучыш гісторыю КПСС і навуковы камунізм, сацыялістычны рэалізм у літаратуразнаўстве… А выходзіш з аўдыторыі і бачыш, што гэта ўсё няжыццяздольна, руйнуецца проста на тваіх вачах. Жыццё рабілася іншым, адбываліся падзеі, якія былі моцна адрозныя ад таго, за што яшчэ трымалася ўніверсітэцкая праграма. Студэнты пачалі цікавіцца грамадскім жыццём; выбухнулі звесткі пра Курапаты, іх пачалі даследваць… Я не была на першых акцыях у Курапатах, але ва ўніверсітэце яны абмяркоўваліся. Усе пра іх ведалі, усе гаварылі, але не адкрыта – яшчэ быў Савецкі Саюз, заставаліся абмежаванні, перасцярогі. Але было відавочна, что стрымаць змены немагчыма. Хутка набярэцца крытычная маса.

 

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

Я вельмі добра памятаю пачатак 90-х, калі паседжанні Вярхоўнага савета трансляваліся па радыё і тэлебачанні. Я была ў дыкрэтным адпачынку і з дзіцём сядзела ля радыё ці тэлевізара: глядзела і слухала, што адбываецца. Для мяне Савецкі саюз развальваўся менавіта тады, калі прымалася Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, калі замест БССР паўстала незалежная Беларусь. Дзіця было малое, і актыўнасці ў мяне ніякай не было, бо я была засяроджана на мацярынскіх абавязках. Але тады быў час, калі ўсе цікавіліся палітыкай, гэта была самая абмяркоўмаемая тэма – і сярод сяброў, суседзяў, нават на дзіцячай пляцоўцы – усе былі вельмі моцна ўцягнутыя ў падзеі, якія на вачах мянялі краіну.

У 1991 годзе я прыйшла на працу ў літаратурны музей Максіма Багдановіча, які ўжо быў прасякнуты не толькі ідэямі, але і вельмі актыўнай працай па станаўленні нацыянальнай свядомасці, развіцця нацыянальнай культуры, нацыянальнай супольнасці.

Супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча на акцыі памяці паэта. Мінск, травень 1996(7) г.

Я думаю, што ўсё залежыць ад людзей. У той час у музеі быў дырэктарам Алесь Бяляцкі і працавалі мае аднакурсніцы: гэта было працягам асабістых адносінаў – на іншай пляцоўцы, з моцным лідэрам, які далучыў да грамадскай актыўнасці.

 

Як паўстаў праваабарончы цэнтр “Вясна”. Першыя палітычныя вязні

Вясной 1996 года адбываліся вельмі важныя для ўсёй краіны падзеі – нарошчваліся інтэграцыйныя працэсы з Расіяй, у выніку чаго паўстала рэальная пагроза незалежнасці Беларусі. Умацоўваўся аўтарытарызм. І гэтыя пагрозы вельмі моцна актывізавалі людзей. На працягу ўсёй вясны адбываліся шматтысячныя мітынгі, шэсці, каб супрацьстаяць палітыцы на паглынанне Беларусі.

Тады з’явіліся першыя палітычныя зняволеныя ў найноўшай гісторыі Беларусі – быў арыштаваны Славамір Адамовіч, пасля Чарнобыльскага шляху ўпершыню былі брутальна затрыманыя больш за 200 чалавек, пачаліся крымінальныя палітычныя справы: Юрась Хадыка, Вячаслаў Сіўчык… З’явілася праблема – і нехта мусіў адказаць на новы выклік. Трэба было пачынаць з элементарных рэчаў. Людзі пайшлі на мітынг – і куды яны зніклі? Як знайсці гэтых людзей? Ніхто не ведаў, што такое Акрэсціна – гэта цяпер грамадскім актывістам гэтая вуліца вядомая з першых крокаў іх дзейнасці. І ў той самы час – пасля масавых затрыманняў на Чарнобыльскім шляху – людзі прыносілі ў музей прадукты, каб перадаваць іх зняволеным і падтрымаць родных. Стыхійная дапамога. Памятаю музейныя калідоры, застаўленыя каробкамі. Супрацоўнікі музея на кухні на другім паверсе наразалі сала для перадач. Але тады не было ўспрымання, што гэта пачатак чагосці новага ў жыцці.

Мы па-ранейшаму працавалі ў музеі, але ў 1998 годзе перад Алесем Бяляцкім паўстала пытанне выбару: або займацца грамадскай дзейнасцю, або заставацца дырэктарам музея. Ён вырашыў сыходзіць і стварыць арганізацыю. Прапанаваў Паліне Сцепаненцы і мне сыходзіць разам з ім. Я не зусім разумела, што трэба будзе рабіць. Памятаю, як спыталася: якая праваабарончая дзейнасць? Я нічога такога не ўмею – я не юрыст. Мне адказалі: Таня, ты ж кніжкі пісаць умееш? Вось і будзеш пісаць. Я і пачала з таго, што ўмела: са збору і апрацоўкі інфармацыі.

Разам з Валянцінам Стэфановічам на прэзентацыі першага Агляду-хронікі парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі за 1998 год

Я не стаяла перад пераломным выбарам: такім, што прачнулася і думаю: “Ну вось, гэта маё пакліканне”. Прыход у праваабарону быў звязаны з агульнымі працэсамі ў маім жыцці, у прафесійным, музэйным… І жаданнем працягваць супольную дзейнасць з людзьмі, якім я давярала і якіх паважала.

Знаёмства з сістэмай правоў чалавека адбылося пазней. Разуменне прыходзіла з цягам часу, бо першаснае ўяўленне аб праваабароне было такое: пакуй перадачы, збірай інфармацыю, каго дзе затрымалі, бяжы ў суды і гэтак далей. Уяўленне пра правы чалавека як міжнароднае права ў мяне звязана з адукацыйнымі праграмамі, якія ладзіў Хельсінкскі фонд па правах чалавека. І толькі тады я паціху пачала разумець, што гэта такое. Тады ж, дарэчы, я і пазнаёмілася з легендарным Марэкам Навіцкім.

Разам з Марэкам Навіцкім, Жаклін Кацпшак і Алесем Данільчыкам на курсе па правах чалавека, арганізаваным Хельсінкскім фондам па правах чалавека. Варшава, 1998 г.

 

Вышэйшы міжнародны курс па правах чалавека ў Варшаве

Спярша я навучалася на кароткіх, два-тры дні, курсах; яны давалі толькі фрагментарныя ўяўленні пра правы чалавека. Такое навучанне ставіла шмат пытанняў, але яшчэ не было на іх адказаў.

І толькі калі я ў 2006 годзе паступіла на Вышэйшы міжнародны курс па абароне правоў чалавека ў Варшаве, гэтая праграма нарэшце паставіла ўсё на свае месцы. Я падзяляю сваю праваабарончую дзейнасць на “да таго” і “пасля”. З’явілася яснае ўяўленне пра сістэму, задачы, мэты, магчымасці. І толькі тады сфармавалася база, на якую нарошчваліся веды і разуменне. Вышэйшы курс даваў сістэмныя веды, і вынікі гэтага навучання я адчуваю ўсе далейшыя гады; мая праваабарончая дзейнасць трымаецца на закладзеным тады фундаменце.

Першыя гады “Вясны” для ўсіх былі часам росту, станаўлення праваабарончай свядомасці. Не скажу, што мы рабілі нейкія памылкі, але недахоп ведаў адчуваўся. І недахоп менавіта праваабарончых ацэнак.

Бацькі і дзеці

Праваабарончая дзейнасць, грамадская актыўнасць не адбіраюць ў нас абавязкі мацярынства, неабходнасць клапаціцца пра сваіх дзяцей, сям’ю, блізкіх. Збольшага я стараюся аберагаць сваіх родных ад негатыву, з якім часам прыходзіцца сутыкацца самой – калі раптам мяне затрымалі, ніхто не павінен казаць пра гэта маме, каб яна не перажывала. Але цалкам аберагчы сваіх блізкіх, калі займаешся праваабаронай – цяжка. Вельмі добра памятаю, як плакала мая дачка, калі яе ўзялі на працу, а праз тыдзень выклікалі і спыталі, ці сапраўды Таццяна Рэвяка — яе мама. Сказалі, што яна цалкам падыходзіць па сваёй кваліфікацыі, але ім не трэба падвышаная ўвага да бізнэса. Папрасілі сысці. Дачка падтрымлівае мяне, любіць; але нам не забыцца і пра гэта – пра падвышаную ўвагу да сям’і з боку спецслужбаў. Для мяне як для маці гэта вельмі балюча. Спробаў ціску на мяне праз дачку ці маіх блізкіх не было, але наступствы для іх моцна б’юць па маіх мацярынскіх пачуццях. Верагодна, мужчыны-праваабаронцы адчуваюць тое самае, калі іх дзейнасць адбіваецца на сям’і.

Таццяна Равяка з Жанай Літвіной і Галінай Усцінавай у Беларускім доме правоў чалавека. Снежань 2018 года

Беларускі дом правоў чалавека

Першыя мае вельмі блізкія стасункі з Домам пачаліся, як толькі Дом адчыніўся ў 2007 годзе: тут адбываліся вясноўскія Школы па правах чалавека. Школы, папраўдзе, пачаліся яшчэ ў 2006 годзе, але яны былі вандроўныя: то тут правядзем, то там…  Гэта было вельмі складана: знайсці зручную прастору для людзей, якія працяглы час – 10 дзён – бавяць разам. Мы ж не толькі навучаем групу – мы фармуем добры псіхалагічны асяродак, каб матываваць на ўласныя актыўнасці. Дом стаў ідэальным месцам, каб рэалізаваць дадатковыя мэты, апрача адукацыйных.

Чаго вартае тое, што кожны з нас, блукаючы па Вільні, казаў: “Хадзем дадому!” Не проста “хадзем у дом”, як у нейкае памяшканне – а дадому, дзе ўсе свае, дзе цябе разумеюць, дзе дапамогуць.

З 2007 года кожнае лета ў Беларускім доме правоў чалавека ладзіліся Школы, і для мяне яны былі вельмі важнай часткай і працы, і жыцця. І клопату пра гэтае памяшканне. Бо яно – Дом, і пра яго трэба дбаць. Гэта не проста – пакарыстаўся і з’ехаў; яго трэба ўмацоўваць і рабіць лепшым.

 

Таццяна Равяка – Прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека

Я стала трэцім прэзідэнтам Дома – першым была Жана Мікалаеўна Літвіна, другім — Барыс Ігаравіч Звозскаў. У 2010 у Барыса Ігаравіча, Прэзідэнта Дома на той момант, пачаліся праблемы са здароўем, і ён выказаў намер скласці свае абавязкі. Арганізацыі-саўладальніцы Дома прапанавалі маю кандыдатуру, і на агульным сходзе яна была зацверджаная. Ад сакавіка 2010 года да скасавання гэтай пасады ў ліпені 2018-га я была Прэзідэнтам – цягам 8 гадоў. Гэта быў вялікі вопыт, за які я вельмі ўдзячная калегам, і гэта вялікая адказнасць. Пры гэтым я працягвала працаваць у “Вясне” – таксама да ліпеня 2018-га.

Пасля падзеяў канца 2010 года Дом асабліва адчуў сваю неабходнасць: гэта была ўжо не толькі пляцоўка для адукацыі, сюды ўцякалі людзі пасля разгону Плошчы; Дом стаў месцам, дзе праваабаронцы маглі сабрацца і ў бяспецы распрацоўваць стратэгіі, планаваць свае дзеянні падчас рэпрэсій у Беларусі – каб дапамагчы пацярпелым. Дом, на мой погляд, тады адыграў вельмі важную ролю.

Таццяна Равяка ў Вільні ў дворыку Беларускага дома правоў чалавека. Снежань 2018 года

 

Алесь Бяляцкі ў турме

Арышт Алеся Бяляцкага ў 2011 годзе стаў вялікім ударам і выклікам. “Вясна” не спыніла працу. Мы разумелі: мы на волі, а не за кратамі; кіраўніку арганізацыі нашмат цяжэй; Бяляцкі ў складаныя часы паказваў прыклад нязломнасці. І вясноўцы таксама імкнуліся паказаць, што нас немагчыма зламаць, пасадзіўшы кіраўніка, і чакаць, што мы разбяжымся, застрашаныя ягоным лёсам. Важна было дэманстраваць, што мы застаемся моцнымі, актыўнымі – хоць сілы часам і сканчаліся.

Дом – гэта частка Сеткі Дамоў правоў чалавека, якая мае сур’ёзны міжнародны ўплыў. І калі ў Беларусі ці не ўсе інструменты абароны правоў чалавека аслаблі або ўвогуле перасталі працаваць, то адвакатаванне інтарэсаў людзей з Беларусі, ціск на дзяржаву на міжнародным узроўні заставаліся ці не адзіным спосабам неяк паўплываць на дзеянні ўладаў. Дом тады актыўна запрацаваў на міжнародных пляцоўках.

Калі арыштавалі Алеся Бяляцкага, то ва ўсіх краінах, дзе ёсць Дамы правоў чалавека, нашыя калегі ішлі да амбасадаў Беларусі, пратэставалі супраць яго зняволення. Дамы правоў чалавека рабілі заявы, выступалі ў міжнароных арганізацыях; і ўвесь час мы адчувалі падтрымку і ўдзел у нашых праблемах нашых калегаў з розных краінаў.

 

Урок ад Міка Даніэляна

Калі пасля разгону Плошчы была створаная міжнародная місія маніторынга сітуацыі ў Беларусі, у яе ўвайшлі і нашыя калегі з Дамоў правоў чалавека. Праваабаронцы з розных краінаў прыяжджалі, калі мы былі знясіленыя масавымі рэпрэсіямі; яны рэальна дапамагалі: хадзілі ў тыя суды, куды мы не паспявалі; рабілі нашу працу, на якую ў нас ужо сілаў не хапала. Яны не проста падставілі плячо – яны рушылі плячо ў плячо з намі.

Нажаль, многія праваабаронцы, якія ўдзельнічалі ў міжнароднай місіі, атрымалі забарону на ўезд у Беларусь на доўгі час. Але яны паказалі, як можна рэальна прыйсці на дапамогу.

Вельмі моцна запалі ў памяць словы Міка Даніэляна з Армянскага Дома правоў чалавека; на жаль, яго ўжо няма з намі. Я была вельмі стомленая, а ён кажа: “Таня, хадзем паслухаем музыку! Я цябе пачастую віном”. Я кажу: “Міка, ты што, ты што! Столькі ўсяго трэба зрабіць, гэта немагчыма!” А ён адказаў: “Ад нас улады толькі і чакаюць, што мы проста заб’ем сябе з гэтымі праблемамі, перастанем заўважаць адно аднога, бачыць прыгожае; што мы перастанем успрымаць радасць нармальнага чалавечага жыцця. І таму нам трэба супрацьстаяць! Трэба шукаць нагоды, каб радавацца разам! Нам трэба святы святкаваць, трэба адзначаць поспехі адзін аднога, нам трэба паказваць, што мы – непатапляльныя”.

Для мяне гэта быў важны ўрок таго, як у самай складанай сітуацыі захоўваць годнасць, не апускаць рукі, не забіваць сябе і, прынамсі, не паказваць, што ты смяротна знясілены і цябе можна размазаць. Калі ты ў самых складаных сітуацыях можаш усміхацца, значыцца, ты яшчэ не пераможаны. І гэта вельмі добра заўважаюць тыя, хто хоча нас перамагчы.

 

Барыс Ігаравіч Звозскаў для беларускай праваабарончай супольнасці

Барыс Ігаравіч – знакавая асоба для беларускай праваабарончай супольнасці. Ён вучыў, што правы чалавека – гэта частка міжнароднага права, проста актывізму недастаткова. Дзякуючы яго намаганням, міжнародныя стандарты правоў чалавека ўвайшлі ў беларускую праваабарону. Гэта прыўзняло беларускі праваабарончы рух і далучыла яго, як паўнавартасны сегмент, да міжнароднага. І мы сёння, дзякуючы гэтаму размаўляем на адной мове з калегамі па ўсім свеце.

Барыс Ігаравіч быў рухавіком стварэння Беларускага дома правоў чалавека. Ён быў тым, хто збіраў арганізацыі вакол ідэі ўтварэння Дома. Спачатку планавалі, што Дом будзе ў Менску; падалі дакументы на рэгістрацыю і – не атрымалі дазволу. Вялікая ўдзячнасць Барысу Ігаравічу, што адмова ў рэгістрацыі не пахавала саму ідэю Дома, не спыніла яго стварэнне. Выйсце знайшлося: Беларускі дом правоў чалавека адкрыўся ў Вільні; у выгнанні – але ён ёсць, ён дзейнічае дзеля развіцця і ўмацавання, дапамогі беларускім арганізацыям. І за тое, што Барыс Ігаравіч не спыніўся пры першай паразе, я вельмі ўдзячная яму і тым, хто разам з ім ствараў Дом.

 

Майдан і вайна ва Ўкраіне

Бясспрэчна, уся нашая праваабарончая дзейнасць ад пачатку Майдана ідзе з разуменнем таго, што ў нас ёсць вельмі вялікая каштоўнасць, агульная для ўсёй краіны – пытанне незалежнасці, захавання суверэнітэта. Гэта разуменне праблем і пагроз, з якімі Ўкраіна ўжо пяць гадоў жыве і спрабуе змагацца. І сталае адчуванне таго, што мы, Беларусь, можам быць наступнымі – гэта прысутнічае з намі ўсе гэтыя гады, з часу акупацыі ўсходняй часткі Ўкраіны і Крыма.

Мы бачым новыя выклікі, якія паўсталі перад праваабаронцамі ва Ўкраіне. Ідэя захавання незалежнасці можа выдзернуць цябе з праваабароны, і ты возьмеш зброю і проста пойдзеш на перадавую. Я над гэтым разважаю… Але Ўкраіна дала яшчэ і разуменне таго, што праваабаронцы – вельмі запатрабаваныя нават у такіх складаных сітуацыях. Нехта мусіць даць аб’ектыўную і неперадузятую ацэнку сітуацыі, якая б яна ні была. І гэтую ролю бяруць на сябе праваабаронцы – нават ведаючы, што ўласная дзяржава фактычна знаходзіцца ў стане вайны – усё адно не даваць ёй пераступіць рысу дазволенага, не даваць адступіцца ад правоў чалавека.

 

Выбары ў Беларусі

Навошта праваабаронцы штогод назіраюць за выбарамі, якіх усё адно няма? Каб засведчыць, што вынікі і лічбы, якія называюцца Лідзіяй Ярмошынай, мякка кажучы, не адпавядаюць рэчаіснасці.

У праваабаронцаў заўсёды пытаюцца: ну, і чаго вы дасягнулі, калі няма ніякіх зменаў? Але калі б праваабаронцы не фіксавалі з году ў год усе сістэмныя парушэнні; калі б не даводзілі, раз за разам, і беларускаму грамадству, і міжнароднай супольнасці дакладныя звесткі пра ўвесь выбарчы працэс? Такія звесткі, якія дазваляюць і паставіць пад сумнеў выніковыя лічбы ў пратаколах. Заявы аб тым, што выбары сфальсіфікаваныя, былі б галасноўнымі; іх вельмі лёгка было б аспрэчыць: слова на слова. Праца праваабаронцаў – гэта сабраныя факты; і высновы пра фальсіфікацыю выбараў грунтуюцца менавіта на іх.

 

Міклаш Харасці, спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

Навошта Беларусі спецдакладчык? Пытане з той жа серыі, што і “навошта нам праваабаронцы”. Які вынік таго, што Міклаш Харасці штогод рабіў па дзьве справаздачы ў ААН аб правах чалавека ў Беларусі? А вынік такі, што тыя справаздачы Міклаша Харасці – гэта найбольш значная для свету крыніца інфармацыі: на іх падставе міжнародная супольнасць бачыць Беларусь, успрымае яе і выпрацоўвае свае палітыкі ў дачыненні да нашай краіны: эканамічныя, дыпламатычныя і любога кшталту. Калі б гэтай крыніцы не было, калі б Міклаш Харасці не прэзентаваў свету свае справаздачы, то нам у Беларусі было б значна складаней данесці тую самую інфармацыю. Ацэнкі нашай правабарончай супольнасці ніколі не разыходзіліся з ацэнкамі Міклаша; мы фактычна казалі пра адное і тое ж. Але ў яго як спецдакладчыка ААН вышэйшы статус, больш магчымасцяў быць пачутым на сусветным узроўні. Нам самім, как прагучаць на такім самым узроўні, давялося б прыкладаць значна больш намаганняў – і, магчыма, з меншым эфектам.

 

Беларускія ўлады, правы чалавека і праваабаронцы

Беларускія ўлады цяпер толькі спрабуюць асэнсаваць, што такое правы чалавека. Дагэтуль яны ўспрымалі праваабарону як частку апазіцыйнай, палітычнай дзейнасці. А праваабаронцы былі “ворагамі народу”, якія толькі і робяць, што крытыкуюць уладу. Але крытыкуюць дзеля чаго? Каб сітуацыя змянялася – праваабаронцы не змагаюцца за ўладу. Успрымаць нас як палітычную апазіцыю няверна, але гэтае ўспрыманне да гэтага часу захоўваецца. Магчыма, уплывае і тое, што праваабаронцы працуюць, напрыклад, з ахвярамі палітычнага пераследу. Калі пад рэпрэсіі трапляе палітычная апазіцыя, а праваабаронцы дапамагаюць, то здаецца, што ў нас адны мэты.

Не прапускаюць на суд над Аляксандрам Казуліным. Мінск, 2006 г.

Спадзяюся, што цяпер, калі беларускія ўлады пасля 20-гадовага ігнаравання сваіх міжнародных абавязальніцтваў у сферы правоў чалавека, пачалі паціху рабіць невялікія крокі, калі прыняты недасканалы, але ўсё ж ён ёсць – міжведамасны план, будзе адбывацца трансфармацыя разумення правоў чалавека як пазітыўнай і патрэбнай дзяржаве з’явы. Магчыма, гэта паўплывае і на разуменне дзейнасці праваабаронцаў. Няхай для ўлады гэта шмат  у чым і вымушаныя меры, але раней такіх працэсаў не было.

Беларусь

Безумоўна, я веру ў Беларусь. І ў беларусаў. І веру, нягледзячы на апошнія заявы з боку расійскіх уладаў, што Беларусь застанецца незалежнай дзяржавай.

 

Размаўляла Яўгенія Стрыжак
спецыяльна для Беларускага дома правоў чалавека

 

Інтэрвію БДПЧ з беларускімі праваабаронцамі:

Уладзімір Малярчук. “Я вывучаў не абавязкі, а правы і свабоды

Таццяна Агеева: “BISH – гэта лепшае, што здарылася са мной пасля пазбаўлення ліцэнзіі

Алег Мацкевіч. “Я разумею, што мала шанцаў, іх амаль няма… Але я буду працаваць далей

Дзіна Шаўцова. Дваццаць гадоў на варце свабоды веравызнання

Міхаіл Мацкевіч. “Трэба ўбачыць не аб’ект тваёй міласэрнасці – а чалавека

Tags:
Belarus-BY

Latest

July 18, 2019

«Мало принять хороший закон: нужно его внедрить в практику»

Правозащитница «Весны» Наталья Сацункевич рассказала Белорусскому дому прав человека о круглом столе, посвященном свободе собраний, который прошел в Вене в начале июля 2019 года.

July 16, 2019

HRC41: Joint NGO end of session statement

Some 16 human rights organisations, including Human Rights House Foundation, issued a joint statement on 12 July 2019, responding to the outcomes of the 41st session of the UN Human Rights Council.

July 11, 2019

HRC41: Concern about recent handling of protests in Georgia

On 11 July 2019, Human Rights House Foundation delivered a statement at the Human Rights Council expressing concern at the recent handling of peaceful protests in Georgia.