“Я вывучаў не абавязкі, а правы і свабоды”

Ёсць меркаванне, быццам змагацца чалавеку з дзяржавай – як спрабаваць зрушыць гару. Аб гэтым цвердзіць дзвесце шэсцьдзясят чатыры скаргі на Беларусь, дасланыя ў КПЧ ААН, – і заўжды, як пад капірку, дзяржава адказвае, што нічога не парушала.

Але адзін чалавек здзейсніў неверагоднае. Пакуль ягоная скарга на парушэнне свабоды сходаў рушыла калідорамі ААН, старшыня Вярхоўнага суда скасаваў рашэнне суда раённага і пастанавіў нават вярнуць удзельніку пікета сплочаны штраф.

Чалавек, які змусіў круціцца ў іншы бок шасцярні непаваротлівай дзяржаўнай машыны, – гэта Ўладзімір Малярчук, электрык з Вілейкі; яму семдзясят гадоў, і з 1994 года ён абараняе правы чалавека.


“Валодзя, ты куды газеты вязеш?”

На першы погляд здаецца, што жыццё Ўладзіміра Архіпавіча цалкам складаецца з супрацьстаяння і пераследу. Ён нават не можа прыгадаць, колькі разоў яго арыштоўвалі:

– Шмат! Апошні раз – год таму, 24 сакавіка… Сядзеў два разы. А затрыманняў было не меней за дзесяць. А можа, і дваццаць.

Жыццё ў прыцэле неаслабнай увагі ператварылася ў звычку настолькі, што аб праслухоўванні яго тэлефонных размоваў Малярчук паведамляе будзённа, як аб надвор’і:

– Званю ў Маладзечна: хлопцы, вам газетаў падвезці? Дзве тысячы, кажу, прывязу.Праз пятнаццаць хвілінаў аўтобус з плошчы, хутка буду ў вас. Запакаваў газеты ў пакет… Тут пяць хвілінаў ісці. Стаіць машына, выходзіць з яе падпалкоўнік, мой знаёмы: “Валодзя, ты куды газеты вязеш?”

“Мяне асвяцілі фарамі. І не заўважылі, паехалі далей”

Ці выходзіць віжаванне за вілейскім праваабаронцам за межы “праслушкі”? Бадай, на гэтае пытанне ніхто не адкажа.

– Сябар мой папрасіў зрабіць яму святло. Я званю, кажу: а шостай вечара да цябе пад’еду. Прыехаў – ужо цёмна. Стаіць машына, роўна насупраць брамкі. Фары не гараць. Як убачыў машыну – сэрца ёкнула. Не страшна, але непрыемна. Я пайшоў. Машына кранулася. Я іду – і яна побач едзе паціху. Дайшоў да скрыжавання; машына паехала далей, і тут я назад разварочваюся, бягу, прабягаю квартал… Хаваюся за дрэва… Машына разварочваецца, едзе назад; мяне асвяцілі фарамі. І не заўважылі, паехалі далей. А я пайшоў па сцежцы вузенькай праз кар’ер; з іншага боку – плот. Іду і думаю: навошта я тут пайшоў? Сустрэнешся тут з імі – нікуды не ўцячэш. Бачу: машына спусцілася ўніз, развярнулася… А я дварамі да свайго дома дайшоў.


“Калі там будзе Малярчук, цягніце іх у аддзяленне”

Пасля пятай, дзясятай гісторыі пра ціск, пераслед, праслушку проста не верыцца, што гэта ўсё прызначана адному-адзінаму Малярчуку. Аднак уся вілейская міліцыя не прыхоўвае, што поўным складам працуе на яго ўтаймаванне:

– Той вясною ўжо і пратэсты, і плясканні скончыліся па ўсей Беларусі (т.зв. “маўклівыя пратэсты” вясной 2011 года – заўв. аўт.); але тут у Вілейцы я іх яшчэ трымаў у напрузе. Міліцыянты па ўсім горадзе. На адной плошчы, на другой… Каля фантана – чалавек восем. Стаяць, нас чакаюць. А плошча пустая: толькі мы з адным хлопцам і дзяўчынай. Я кажу: Дзім, давай хоць адзін раз пахлопаем! Толькі хлопнулі – гэтыя кінуліся да нас. Вось тады нас судзілі. Дзіме, як маладому, – сем сутак. Мне, як старому, – пяць. А на судзе цікава было, што адзін міліцыянт казаў суддзі: “Начальнік міліцыі загадаў: калі там будзе Малярчук і калі зайграе музыка, спрацуе будзільнік, ці калі хлопаць пачнуць – цягніце іх у аддзяленне!”


“Калі сядзеў на сутках, міліцыянты падсілкоўвалі мяне”

Беларускае мястэчка Вілейка не саступае маленькім гарадкам з Дзікага Захада, праслаўленым у вестэрнах: гісторый пра складаныя дачыненні каўбоеў, бандытаў і шэрыфаў хопіць не на адзін прыгодніцкі фільм:

– Пішу я ў абвестках: нам забаранілі правесці сход на плошчы – значыцца, сустрэнемся ў магазіне! Заходжу ў прызначаны час у магазін – а ён поўны міліцыянтаў! І яны ўсе кажуць: “Сыходзьце хутчэй! Праз пятнаццаць хвілінаў будзем вас браць!”

З добрым стаўленнем міліцыянтаў – у спалучэнні з татальным пераследам – Уладзімір Малярчук сутыкаўся не аднойчы:

– Яны ж разумеюць усё! Нават калі я сядзеў на сутках, міліцыянты мяне падсілкоўвалі. Яны выводзілі мяне ў пакой, дзе няма відэакамер, і дзяліліся сваімі ссабойкамі: бутэрбродамі з маслам… Чаму? – бо яны ведаюць мяне. Ведаюць, што я ім не вораг. Я ж пішу ў артыкулах пра іх начальства…


“Ты што, сябруеш з Малярчуком?”

Добра ведаюць Малярчука і чыноўнікі:

– Некаторыя баяцца нават побач са мной стаяць. Я размаўляў неяк на вуліцы з адным чалавекам – у адукацыі ён працуе – а міма ішоў намеснік старшыні выканкама. Потым выклікаў таго чалавека, давай запытвацца ў яго: “Ты што, сябруеш з Малярчуком?” Сцеражацца мяне…

Чаму Малярчука дагэтуль не выцяснілі на перыферыю гарадскога жыцця? Як у яго атрымліваецца, пры ўсёй адыёзнасці, пры нязгодзе, пры вечным пратэсце – заставацца і ўплывовым, і паважаным чалавекам у Вілейцы? Уладзімір Архіпавіч мае сваё тлумачэнне:

– Я тут запатрабаваны як добры спецыяліст. Хаця і спрабавалі звольніць мяне. Старшыня выканкама выклікаў дырэктара: звольні яго, загадваў. Але не. Паважаюць мяне. Калі хто дрэннае і думае, то ён гэта пры сабе трымае. Бо я людзям дапамагаю на самой справе.

“У адной вёсцы не было хлеба…”

Аб праваабаронцы хутка разносіцца слава як аб чалавеку, які “дапамагае ўсім”, і гэта зразумела: нельга патрабаваць ад людзей абазнанасці ў міжнародным праве правоў чалавека, калі такой абазнанасці няма нават у выпускнікоў юрфака. Таму даводзіцца выслухоўваць праблемы вельмі разнастайныя. Нехта б адмовіўся. Але не Ўладзімір Малярчук:

– У адной вёсцы не было хлеба. Яны пазванілі мне, бо я свае газеты распаўсюджваю. Ведаюць мяне многія… І пазванілі: два дні хлеба няма ў нас у магазіне! Я заходжу ў выканкам, у аддзел гандлю, пытаюся: чаму? Людзі скардзяцца! Яны адразу: ой, Уладзімір Архіпавіч, пачакайце! Пазванілі на хлебазавод, сказалі: праз пару гадзінаў прывязуць туды хлеб. А на наступны дзень тэлефануюць мне дадому: Уладзімір Архіпавіч, графік завоза хлеба такі і такі.

Праўда, не ўсе праблемы вырашаюцца адной сілай згадкі імя Малярчука. Але вырашаюцца:

– У адной жанчыны немагчыма было пачысціць прыбіральню – бо ЖКХ паставіла плот. Раней машына магла пад’ехаць і пачысціць, а цяпер – няма магчымасці. Кажуць: мы што, будзем плот прыбіраць? Яна звярнулася да мяне, я напісаў скаргу на імя начальніка, нам – адпіску; мы – у абласное ўпраўленне, адтуль – таксама адпіску; ну, тады мы ў Міністэрства камунальнай гаспадаркі напісалі. Адразу прыйшлі, плот пераставілі, прыбіральню пачысцілі…

Безумоўна, Уладзімір Малярчук разумее, што далёка не ўсе пытанні, якімі ён займаецца, – праваабарончага характару.

– Збольшага да мяне прыходзяць з крымінальнымі справамі. Я, як праваабаронца, тлумачу, чым я займаюся, а чым не. Пытаюся: вашыя правы парушаныя? Тлумачу, што рабіць далей. Дапамагаю скласці заявы. Але я нікому не адмаўляю. Я пачынаю з таго, што тлумачу людзям: гэта не парушэнне правоў чалавека. Я праваабаронца. Калі вашыя правы парушаныя, то я магу напісаць скаргу, прыцягнуць увагу праз прэсу… Яны гэта разумеюць, калі я тлумачу. А да тлумачэння думаюць, што я дапамагу ўсім і ва ўсім.


“Правёў тры заняткі аб правах чалавека, пакуль не даведаўся гарвыканкам”

Шлях у праваабарону Ўладзімір Малярчук пачаў настолькі даўно, што нават паспеў факультатыўна выкладаць школьнікам правы чалавека. Сёння такое выкладанне выдае на фантастыку.

– Уся гэтая несправядлівасць мяне вельмі кранае. Можна сказаць, у мяне абвостранае пачуццё справядлівасці. Я пачаў пісаць артыкулы і распавядаць пра гэта. І людзі ўбачылі ўва мне калі не абаронцу, то чалавека, які можа вырашыць іх праблемы. І ў адзін цудоўны дзень – я не памятаю дакладна; можа, на паседжанні БХК – далі мне кніжку такую тоўстую: “Правы чалавека”. А потым з’явілася магчымасць паехаць у Варшаву, у Школу правоў чалавека (гаворка аб курсах, дзе выкладаў Марэк Навіцкі, вядомы польскі праваабаронца – прым.аўт.). Скончыў яе, вярнуўся ў Вілейку. Палаю жаданнем працаваць. Знаёмаму дырэктару школы прапанаваў: аб правах чалавека ніхто не кажа, і дзеці пра іх нічога не ведаюць. Той пагадзіўся. Выкладаў я пасля заняткаў, для восьмага-дзявятага класа, замест класнай гадзіны. Першы ўрок быў, здаецца, цікавы: вучні разумелі, што да чаго. Я ўсё тлумачыў на зразумелых прыкладах: напрыклад, у Індзіі забаранялі варыць соль індзійцам; дазволена было толькі брытанцам…


“На месцы кожнага знесенага крыжа мы будзем ставіць два”

Уладзімір Малярчук распавядаў вілейскім вучням пра Саляны паход Гандзі; але і Вілейка мае гісторыю падобнага змагання. Гісторыю, дзе вілейцы дамагліся свайго; пераканалі чыноўнікаў у тым, што не адступяцца:

– Судзілі нас за тое, што на месцы расстрэла Лапіцкага… Ведаеце гісторыю Лапіцкага? Хлапчыну расстралялі ў 1968 годзе. Тут, у Вілейцы, школьнікі стварылі антысталінскае падполле, пісалі ўлёткі. Натуральна, іх хутка накрылі. Дваім прысудзілі расстрэл. Калі прывялі іх расстрэльваць пад Вілейкай, сказалі: “Вы можаце папрасіць прабачэння, каб вас памілавалі”. Адзін папрасіў, яго адразу ад ямы адвялі. А другі – Лапіцкі – сказаў: “Я злачынства не рабіў. Няма за што прасіць прабачэння”. На месцы ягонага расстрэла мы ўмацавалі таблічку “Героям Беларусі” і паставілі велізарны камень – не ведаю, колькі тонаў ён важыў. Улады вывернулі гэты камень, завезлі на звалку і закапалі на глыбіні сем метраў. Тады мы паставілі крыж. Улады знеслі і гэты крыж. Тады мы напісалі на сайце: “Кожны раз, калі вы будзеце зносіць крыжы, мы будзем ставіць на адзін болей”. Яны знеслі два крыжы! – і мы паставілі тры. Яны зразумелі, што гэта сур’ёзна; крыжы стаяць дагэтуль…

Выкладанне школьнікам Вілейкі правоў чалавека, нажаль, трывала нядоўга:

– Тры заняткі я правёў – пакуль не даведаўся гарвыканкам. Пазванілі дырэктару і забаранілі.

Дзяржава ў асобах вілейскіх установаў адукацыі брала яшчэ некалькі спробаў наладзіць кантакт з правамі чалавека – праўда, перайначыўшы іх на свой капыл:

– Аднойчы ў ПТВ было ток-шоў “Правы чалавека”. І калі я пачаў распавядаць пра правы чалавека, мне выкладчыкі кажуць: “Вы скажыце пра абавязкі!” Я тлумачу: я вывучаў правы і свабоды, а не абавязкі, пра іх я і буду распавядаць. Выкладчыкі кажуць: “Але ж трэба, каб дзеці слухаліся… Яны абавязаныя, абавязаныя…” Не, кажу я, ёсць правы і свабоды. І болей мяне не запрашалі нікуды.


“Я гляджу – а ў яго, юрыста, балаў за тэст удвая меней, чым у мяне, электрыка!”

Ці складана было авалодаць міжнародным правам правоў чалавека? Уладзімір Малярчук хіба ўсміхаецца:

– Адукацыя ў мяне – сярэдняя. Я сам электрык. Валодаю я прыкладна дзесяцю спецыяльнасцямі. Для мяне не праблема – працаваць. Я амаль усе будаўнічыя спецыяльнасці засвоіў: электрыку, сантэхніку; я рамантую камбайны, трактары, машыны – чаго я толькі не рабіў! Кладу плітку, будую дамы… І – праваабарона.  Я ў праваабарону прыйшоў таму, што быў вынік у маёй працы. Пішу артыкулы, скаргі – і адразу бачны вынік! Напэўна, мая цікаўнасць прывяла мяне да правоў чалавека: я за што ні вазьмуся, у мяне ўсё атрымліваецца.

Уладзімір Архіпавіч нават пахваліўся, з зухаватым студэнцкім гонарам, сваімі вынікамі падчас вучобы:

– Аднойчы я прыехаў на сэсію; і дай, думаю, пагляджу, як мой сусед па пакоі здаў тэст. Ён жа юрыст, павінен усё ведаць. Гляджу – а ў яго балаў удвая меней, чым у мяне, электрыка! Можа, таму ён і кінуў вучобу… Аднойчы ён звоніць мне сярод ночы: Валодзя, да мяне КДБ прыйшлі, абшукваюць; што рабіць? Я яму пачаў расказваць: няхай спачатку назавуцца, пакажуць дакументы, падставы для вобшука…


“Яны проста стаялі моўчкі”

Першы ж індывідуальны зварот Уладзіміра Малярчука ў КПЧ ААН – на парушэнне Беларуссю свабоды мірных сходаў – займеў неверагодны вынік; бадай, адзіны такі ў краіне: скаргу зарэгістравалі, але спынілі яе разгляд, бо дзяржава ліквідавала парушэнне:

– Мы стаялі ў пікеце з партрэтамі зніклых людзей. Гэта быў самы першы пікет. Увесь выканкам прайшоў міма, убачыў усе партрэты. Глядзелі і людзі, спыняліся: “Гэта што, памерлыя?” Мы тлумачылі, што гэтых людзей выкралі, распавядалі, за што… Калі ўжо звечарэла, мы пайшлі па дамах, то па кватэрах сталі забіраць людзей, якія стаялі ў пікеце. Забралі мяне; быў суд, мне далі штраф. Я абскардзіў у адной інстанцыі, у другой, потым напісаў у Камітэт ААН па правах чалавека. І тут не ведаю, што і як было – напэўна, ААН націснуў на беларускі ўрад; мне дасылалі іх ліставанне… І тут мая справа была перагледжаная. Сукала, старшыня Вярхоўнага суда, выносіць пастанову, што мае дзеянні не падпадалі пад адміністратыўную адказнасць, што мы проста стаялі моўчкі, а за гэта не трэба караць…

“Чаму я, як сабака, павінен сёрбаць суп з міскі, што стаіць на бруднай падлозе?”

Імплементацыя нормаў міжнароднага права адбываецца ў Вілейцы і больш дзіўнымі шляхамі – але кожнага разу праз намаганні і ахвярнасць Уладзіміра Архіпавіча:

– Пасадзілі мяне першы раз на суткі. Раніцай прыходзіць начальнік турмы. А ў камеры ўсё бруднае, усё чорнае: напэўна, гадамі не мылі. Кашмар! Для мяне гэта было жахліва! Я зняў кашулю, паклаў на падушку, каб легчы галавой… Кажу начальніку турмы: “Што за лухта? Дзе пасцельная бялізна, дзе коўдра, дзе ўсё астатняе?” Ён прынёс мне прасціну, навалачку… Потым я пачаў дамагацца, каб мяне на прагулку выводзілі: там так пракурана ўсё, гэты пах ніколі не знікне. А туалет які? Кран з вадой, з якога ты п’еш – роўна над унітазам. Я напісаў у санстанцыю. Але ў адказ – адпіскі, адпіскі… Калі выйшаў, то напісаў пракурору. Я знайшоў восем момантаў катавання! Чаму я, як сабака, павінен сёрбаць суп з міскі, якая стаіць на бруднай падлозе? А пракурор мне адказаў, што ніякіх катаванняў няма. Але потым даведаўся ад хлопцаў, якія там сядзелі, што ў камерах паставілі сталы, крэслы… Паўплывала тое, што я сядзеў.

Як пераканаць людзей, што за свае правы варта змагацца? Уладзімір Архіпавіч разводзіць рукамі:

– Калі ідзе ранішні шмон, усе скручваюць пасцелі і становяцца ля сценкі. А я ж не ведаў, што так трэба рабіць! Яны прыходзяць, а я сяджу на нарах. Падыходзіць дзяжурны: “Прывет, Валодзя!” Сукамернікаў маіх абшукалі… А калі начальнік турмы прынес пасцельную бялізну, я пытаюся: “Сярожа, а хлопцам прынесці?” Начальнік паглядзеў на мяне, потым на сукамернікаў: “Вам жа не трэба?” І яны ўсе галовамі заківалі: “Не-не-не!” Калі начальнік сыйшоў, я пытаюся ў іх: “Чаму адмаўляецеся? Пакуль я на сутках, і вы пасядзелі б нармальна!” Яны адказваюць: “Ты прыйшоў, а заўтра цябе не будзе; а мы тут рэгулярна. Яны ж потым на нас адыграюцца”. 


“Звоніць бабка: “Я не магу хадзіць, але хачу дапамагчы”

Ні ў каго ў Вілейцы, бадай, не павернецца язык абвінаваціць Уладзіміра Малярчука ў тым, што ён нажываецца на праваабароне: па-першае, у невялікіх мястэчках усе цудоўна ведаюць, чым хто зарабляе. Па-другое, аўтарытэт Уладзіміра Архіпавіча непахісны:

– Адкуль сродкі браць? У мяне няма праблем, адкуль іх узяць. У 2010 годзе, калі былі пасадкі, я звярнуўся да людзей, каб дапамаглі сядзельцам. Мы ўсім нашым арыштаваным вілейцам далі па дзвесце даляраў. Мне звоніць бабка: “Прыйдзіце да мяне, я хадзіць не магу, але вельмі хачу дапамагчы”. Я прыходжу, а яна мне дае мільён рублёў. Я кажу: “Ну што вы, гэта шмат!” А яна: “Не-не-не, я ведаю, што патрэбная дапамога!” Прыходзіць хлопчык, дае мне 500 баксаў… Прыходзяць людзі… І апрача гэтага, я яшчэ і сам збіраў: бачу, што грошы пайшлі, і пачаў хадзіць па прадпрыемствах. Прыходзіў да дырэктара, да начальніка ўпраўлення… Тут, напэўна, адыграла ролю яшчэ й тое, што я як спецыяліст усім патрэбны. Усе з маіх паслугаў скарысталіся калісці. Я ж нават не за заробак працаваў, а за цікаўнасць: змагу зрабіць ці не? Рабіў печкі, пліты, каміны… Калі захочаш, то ўсяму навучышся; я ж і праваабароне так навучыўся…

 

“Прыйдзе час, і кожны будзе прыцягнуты да адказнасці”

Адзінае, што можа паўплываць на нязломнага вілейскага праваабаронцу – гэта час. Няўмольны час…

– Цяпер я згас ужо. Спачатку аднялася нага, потым у мяне быў інфаркт… Вялікія праблемы. І я бачу, што людзі не хочуць увогуле змагацца за свае інтарэсы. Не тое, што правы кагосьці іншага абараняць – свае ўласныя не хочуць. І я пачаў згасаць, згасаць… Але часам мяне зноў прарывае. І тады я зноў нешта раблю, змагаюся. А так…

Аднак не варта занадта давяраць словам праваабаронцы аб згасанні: Уладзімір Архіпавіч, нават у веку сямідзесяці гадоў, дасць фору многім маладзейшым і ўдвая, і ўтрая:

– Многія кажуць мне: “Нерваў ты шмат на гэта траціш, і ўсе хваробы твае праз гэта”. Я разумею. Але, з іншага боку, я былы спартовец: займаўся боксам, штангай – чым я толькі не займаўся! Усім! У мяне былі разрады па ўсіх відах. Эмоцыі? Можа быць, недзе прыхавана… Але няма ў мяне такога, каб я засмучаўся. Так, непрыемна. Але я ўсведамляю і разумею, што адбываецца. Баяццца? Праз што я павінен баяцца? Для многіх людзей, якія нічога не аналізуюць, усё страшна. Міліцыянта ўбачыў – ужо страшна; той дубінкай замахнуўся – яшчэ страшней…

Уладзімір Архіпавіч распавядае пра выпадкі, калі над ягоным жыццём навісала немаленькая пагроза: аўтамабіль, які збіў яго на пераходзе; супрацоўнік КДБ, які вез яго палямі і лясамі ў невядомым кірунку… У параўнанні з гэтым пікет з перспектывай разгона дубінкамі сапраўды падаюцца прыемным шпацырам у сонечны дзень:

– Яны бачаць, што я іх не баюся!

Бадай, непахісная ўпэўненасць у тым, што ён – на баку справядлівасці, і дадае супермэну з Вілейкі моцы:

– Мяне суддзя спытала аднойчы на судзе: навошта вы гэта робіце? Я адказваю: адзін напісаў незаконны рапарт, другі склаў незаконны пратакол, напісаў няпраўду, паклёп. Пракурору я скіраваў скаргу; калі ён не задаволіць яе, то таксама будзе вінаваты. І рана ці позна ўсе будуць прыцягнутыя да адказнасці. Прыйдзе час, і ўсіх будуць судзіць. 

Tags:
Belarus-BY

Latest

June 19, 2018

Конкурс на выкананне працы аналітыка па тэме “Правы чалавека і бізнэс”

Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава з экспертнай падтрымкай РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” аб’яўляе конкурс на выкананне працы аналітыка па тэме “Правы чалавека і бізнэс”.

June 19, 2018

Renew mandate of Special Rapporteur on Belarus

In a joint letter, HRHF urges delegations at the UN Human Rights Council (HRC38) to support the renewal of the mandate of the Special Rapporteur on Belarus.

June 18, 2018

HRHF statement on assembly and association #HRC38

Speaking during a dialogue on the freedoms of association and assembly, Human Rights House Foundation delivered the following statement to the UN Human Rights Council #HRC38.