“Наша місія – не стварыць праблемы дзяржаве, а зрабіць гэты свет хоць трошкі лепшым”

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда расказаў Беларускаму дому правоў чалавека аб нязменнай актуальнасці праблемы “вышэйшай меры”.

Штогод, з 5 па 10 кастрычніка, праваабаронцы Беларусі ладзяць Тыдзень супраць смяротнага пакарання, прымеркаваўшы яго да Сусветнага дню барацьбы з гэтай бесчалавечнай карай. Сёлета кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” споўнілася 10 гадоў. У 2018 годзе кампанія была ўганараваная Прэміяй праваабарончай супольнасці ў намінаціі “Праваабарончая кампанія году”. Каардынатар кампаніі, праваабаронца Андрэй Палуда расказвае, ці дамаглася кампанія нейкіх вынікаў, у чым парадаксальнасць паводзінаў беларускай дзяржавы і як гэта – дзесяць гадоў працаваць над той самай тэмай – не самай лёгкай у эмацыйным аспекце.

 

Чаму праблема смяротнага пакарання, дагэтуль не вырашаная, застаецца актуальнай і сёння?

– Штогод у Беларусі выносяць і выконваюць новыя смяротныя прысуды – нягледзячы на высілкі праваабаронцаў, журналістаў і актыўных грамадзян. Актуальнасць будзе трываць да тых часоў, пакуль, як найменей, не будзе ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне – як першы крок да яго скасавання.

І вось яшчэ “разынка” сітуацыі: краіны Еўропы дагэтуль не могуць абвясціць, што Еўропа цалкам вольная ад смяротнага пакарання – праз адну-адзіную Беларусь, пакуль у Беларусі караюць смерцю.

Шмат разоў мы, праваабаронцы, казалі, што смяротнае пакаранне вельмі моцна ўплывае на грамадства Беларусі. Яно раскручвае спіраль нянавісці. Літаральна сёння я сустракаўся з маці аднога з асуджаных – Аляксандра Асіповіча, ён у камеры смяротнікаў цяпер – і яна сказала, што, напэўна, іх сям’я будзе з’яжджаць з Бабруйску, бо вельмі шмат агрэсіі: і суседзі, і нават у дзіцячым садку, усе папракаюць, што сын асуджаны да смяротнага пакарання, і стаўленне – вельмі негатыўнае да іх. Хаця, калі ён раней сядзеў у турме, гэта нікога не турбавала.

 

Выходзіць, што смяротнае пакаранне замест выхаваўчай функцыі выконвае роўна адваротную?

– З “выхаваннем” такая дзіўная сітуацыя! Прадстаўнікі дзяржавы час ад часу кажуць, што смяротнае пакаранне – стрымліваючы фактар. Ну, калі гэта – стрымліваючы і выхаваўчы фактар, .чаму дзяржава не расстрэльвае публічна на Кастрычніцкай плошчы? Так можна “выхаваць” больш людзей? Але не ж! Дзяржава робіць роўна наадварот: ні месца на могілках не раскрывае, ні цела не выдае… Гэтая сакрэтнасць выглядае вельмі алагічна, калі сыходзіць з той рыторыкі, што часта можна пачуць ад прадстаўнікоў дзяржавы.  Насамрэч варта сказаць,  што цяжар пакарання не з’яўляецца стрымліваючым фактарам, а непазбежнасць пакарння – вось тое, што можа прымусіць чалавека задумацца, ці варта рабіць нешта супрацьпраўнае…

 

На ўсіх міжнародных пляцоўках беларускія ўлады на пытанні, калі будзе скасавана смяротнае пакаранне, кажуць: “Мы працуем з грамадствам”. Ці робяць яны нешта насамрэч?

– Калі казаць аб працы з грамадствам, то з боку дзяржавы амаль нічога не робіцца.

 

А ці дапамагла праца праваабаронцаў стварыць праблемы беларускім уладам на міжнародным узроўні праз тое, што ў Беларусі ёсць смяротнае пакаранне?

– Адразу скажу: мы не настроеныя ствараць праблемы дзяржаве. Вельмі часта нас і прадстаўнікі ўладаў успрымаюць як тых, хто супрацьстаіць дзяржаве. Але наша місія – зусім іншая. Наша місія – рабіць гэты свет хоць трошкі лепшым, наколькі ў нас атрымаецца. У тым ліку – расстаўляць сцяжкі, за якія – нельга; каб сама дзяржава не скатвалася да ўзроўню “дрэннага хлопца”. Мэта – не стварыць праблему, мэта – палепшыць сітуацыю, палепшыць паводзіны дзяржавы.

– І сёння пытанне смяротнага пакарання вельмі актуалізавана. На міжнародным узроўні яно заўжды знаходзіцца ў павестцы дня. Любая дэлегацыя, якая прыяжджае ў Беларусь, уздымае тэму смяротнага пакарання. Калі прадстаўнікі беларускай дзяржавы робяць міжнародныя візіты, яны шторазу чуюц пра смяротнае пакаранне ў Беларусі. Кожны вынесены смяротны прысуд, кожны выкананы прысуд – гэта абавязковая рэакцыя Еўразвязу. Натуральна, што гэта стварае пэўныя нязручнасці для прадстаўнікоў дзяржавы. Вось нядаўна міністр замежных справаў Уладзімір Макей ў інтэрв’ю незалежным СМІ таксама згадаў праблему смяротнага пакарання і тое, што міжнародныя партнеры увесь час ціснуць праз гэта на наш МЗС.

 

Такая ўвага да праблемы – гэта заслуга праваабаронцаў Беларусі?

– Я лічу, што заслуга праваабаронцаў у гэтым ёсць. Калі мяне пытаюць, якія дасягненні вашай кампаніі, я адказваю: грамадства вельмі актыўна рэагуе, і тэма смяротнага пакарання грамадству цікавая – за гэта вялікі дзякуй у тым ліку і журналістам. Тэма неадназначная, эмацыйна складаная, і кожны артыкул у СМІ выклікае вялікую дыскусію. Ёсць тыя, хто супраць смяротнага пакарання, ёсць тыя, што за. І гэта вельмі важна для нас – бо дазваляе нашаму грамадству сталець. Вельмі важна, калі гучаць розныя аргументы, пытанні, ідзе абмеркаванне. Можна сказаць, што дыскусія ўплывае на фармаванне талерантнасці ў нашым грамадстве.

 

–  Ці можна настолькі значныя пытанні аддаваць на рашэнне грамадства, ці павінна быць палітычная воля?

– Мы не раз казалі, што скасаванне смяротнага пакарання – гэта палітычная воля кіраўнікоў дзяржавы. Выпадкі, калі пытанне смяротнага пакарання вырашалася на рэферэндуме, нам не знаёмыя. Наш прэзідэнт увесь час кажа пра сябе, што ён – моцны лідэр. Дык калі ён – сапраўды моцны лідэр, хай ён мае моцы прымаць і не папулярныя ў грамадстве рашэнні – бо раней непапулярныя рашэнні на яго рэйтынгу ніяк не адбіваліся. Цяпер у Беларусі большасць выступае за смяротнае пакаранне. Але існуе такая з’ява: шмат у якіх краінах было зафіксавана, што пасля скасавання смяротнага пакарання грамадская думка мяняла накірунак. Колькасць людзей, якія падтрымлівалі смяротнае пакаранне, пасля яго скасавання пачынала рэзка змяншацца. Я больш чым упэўнены: калі б прэзідэнт скасаваў яго – дэкрэтам, законам, неістотна як – ніякіх пратэстных акцый не было б. Нават больш: я ўпэўнены, што для большасці скасаванне смяротнага пакарання прайшло б незаўважаным.

 

–  Ці не апускаюцца рукі: шмат гадоў займацца праблемай, якая дагэтуль не вырашаная?

–  Тэма складаная. Час ад часу адчуваецца нават не стомленасць, а безвыходнасць. Кожным новым кейсам мы займаемся са спадзевам, што гэта апошні кейс, з якога пачнецца новая старонка ў гісторыі нашай краіны, а смяротнае пакарнне стане часткай гісторыі. Але, нягледзячы на ўсю нашу дзейнасць унутры краіны і  на міжнародным узроўні, на ўсе нашыя звароты ў Камітэт ААН па правах чалавека, сітуацыя застаецца па-ранейшаму складанай. Дарэчы, як прыклад,  наш калега Леанід Судаленка нядаўна зрабіў агляд новых рашэнняў КПЧ, і там ёсць рашэнне па падрыхтаваным мной звароце: прызнана парушэнне права на жыццё Сяргея Іванова. Але пры гэтым, негледзячы на міжнародныя працэдуры, якія Рэспубліка Беларусь мусць прытрымлівацца і выконваць,  Сяргей Іваноў не дачакаўся рашэння: ён быў расстраляны.

– Мае калегі, з якімі я займаюся гэтай праблемай, яны лідэры, моцныя асобы. Мы хацелі б давесці справу да канца. Калі можна так сказаць – быць пераможцамі ў вырашэнні гэта важнай праблемы.

– Мы ўпэўненыя ў тым, што скасаванне смяротнага пакарання вельмі моцна паўплывае на розныя аспекты жыцця нашага грамадства і нашай краіны цалкам.

 

Фота Андрэя Палуды: orsha.eu

Latest

August 14, 2020

Праваабаронцы звярнуліся да Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і да тэматычных спецдакладчыкаў па сітуацыі ў Беларусі

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі звярнуліся да Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і да спецыяльных тэматычных дакладчыкаў па пытанні прыняцця тэрміновых мер і з просьбай ініцыяваць маніторынг сітуацыі.

August 13, 2020

European Union and Member States must support human rights in Belarus

In advance of the EU’s Foreign Affairs Council meeting on 14 August, Human Rights House Foundation calls upon the EU to send a clear and strong message to the Belarusian authoritarian president, police, and his security forces that those responsible for grave human rights abuses will be held accountable.

August 11, 2020

Праваабаронцы заклікаюць не затрымліваць мірных грамадзян, не ўжываць супраць іх сілу і спецсродкі

Беларускія праваабарончыя арганізацыі выказаліся супраць дзеянняў сілавых структур.