Нягледзячы на гэта, праваабарончыя арганізацыі не толькі працягваюць працу, але і зацікаўленыя ва ўзмацненні ўласнага патэнцыяла, як аднога з элементаў, які спрыяе развіццю ўнутранай дэмакратыі, і ў развіцці партнёрскіх дачыненняў ў праваабарончым сектары.
ПРАВААБАРОНЧЫ ФОРУМ
Праваабарончыя форумы ладзяцца з 2004 года, і, пачынаючы з 2010 года, БДПЧ з’яўляецца асноўным арганізатарам гэтага мерапрыемства. З таго ж моманту форумы ладзяцца раз на тры гады дзеля ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, абмеркавання праблем праваабарончага руху, пытанняў камунікацыі і супрацы, абмена досведам і пазітыўнымі практыкамі.
ПРЭМІЯ БЕЛАРУСКАЙ ПРАВААБАРОНЧАЙ СУПОЛЬНАСЦІ
Праваабарончая прэмія за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе “Праваабарончым Альянсам”. Першымі лаўрэатамі сталі праваабаронца Барыс Звозскаў, адвакат Тамара Сідарэнка, журналіст Сямён Печанко.
За гады з моманту заснавання прэмія пашырылася і сёння ёсць прэміяй, якой беларуская праваабарончая супольнасць штогод адзначае лепшага праваабаронцу года, лепшага журналіста года, лепшага адваката года (да 2015 г.) і ўпершыню ў 2016 г. – лепшую праваабарончую кампанію ці ініцыятыву года.
Арганізацыямі су-заснавальніцамі прэміі з’яўляюцца Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Грамадская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, Камітэт “Салідарнасць”, Праваабарончы альянс, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Прававая дапамога насельніцтву, Прававая ініцыятыва, Цэнтр прававой трансфармацыі.
КОДЭКС ЭТЫКІ ПРАВААБАРОНЦАЎ
Ідэю скласці Кодэкс этыкі праваабаронцаў не раз агучвалі праваабарончыя і грамадскія арганізацыі. І напрыканцы 2016 года пачалася, а ў 2017 годзе трывала супольная праца над яго складаннем. БДПЧ ў стварэнні Кодэкса належала роля арганізатара; асноўную працу праводзіў Беларускі дакументацыйны цэнтр. Унікальны самарэгуляваны дакумент, Кодэкс этыкі праваабаронцаў, быў прэзэнтаваны на IV Праваабарончым форуме; цяпер ён знаходзіцца ў адкрытым доступе, і да яго можа далучыцца любая праваабарончая арганізацыя і грамадская ініцыятыва. На сёння Кодэкс прынялі 24 арганізацыі.
КОНКУРС МІНІ-ПРАЕКТАЎ
Штогод Беларускі дом правоў чалавека праводзіць конкурс міні-праектаў.
Мэта конкурса – кансалідацыя праваабарончай супольнасці: умацаванне і пашырэнне супрацы дзеля прасоўвання каштоўнасцяў праваў чалавека і абароны ахвяраў парушэння правоў чалавека, большай эфектыўнасці выканання міжнародных абавязкаў ў галіне правоў і свабод на нацыянальным узроўні.