When: Thursday, 1. December 2016
To: Sunday, 12. March 2017
Where: Вільня, Музей генацыду ў Вільні (Aukų g. 2A)
More info: sarychau.com

Праект «Скрадзеныя дні» (2014 – 2016) паказвае, што страцілі ці прапусцілі людзі, трапіўшы ў турму па палітычна матываваных прычынах. У фокусе праекта знаходзяцца прадстаўнікі самых розных палітычных і сацыяльных плыняў Беларусі: нацыяналісты, анархісты, эколагі, сацыяльныя актывісты. Гэтых людзей аб’яднала тое, што палітычны рэжым убачыў у кожным з іх небяспеку, тую сілу, якую спатрэбілася здушыць. Звыклае жыццё, любімыя людзі і сябры, планы, штодзённыя дробязі, радасці і засмучэнні ў адзін момант засталіся на волі і ва ўспамінах.

«Тут ёсць два героя: грамадзянская супольнасць і сілавыя механізмы ўлады. Менавіта рэпрэсіўная механіка ўлады задае выбар герояў праекта, яна фармуе іх гісторыі, якія выцякаюць з персанальнага вопыту сутыкнення з турэмнай і праваахоўнай сістэмамі. Мне толькі застаецца працаваць з гэтым вопытам і падзеямі, рабіць іх бачнымі.
Я абраў для экспазіцыі турэмную камеру – месца, якое захоўвае боль і пакуты невінаватых людзей, ахвяраў савецкага рэжыму ў Літве. Гэта важнае канцэптуальнае рашэнне, якое развівае тэму сілы ўлады ў праекце і задае новы ўзровень абстракцыі ў яго ўспрыманні »- распавядае пра праект і выставу Максім.

Праект «Скрадзеныя дні» пачаўся ў 2014 годзе і праца над ім працягваецца да гэтага часу. Ён атрымаў гран-пры Belarus Press Photo 2015, быў фіналістам прэміі PRAFOTA 2014 і фіналістам фестывалю Vilnius Photo Circle 2014.

Максім Сарычаў – мастак, які працуе з візуальнымі медыя. Жыве і працуе ў Мінску (Беларусь) над доўгачасовымі праектамі, выкарыстоўваючы розныя падыходы і медыя: дакументальную і эксперыментальную фатаграфію, фотажурналістыку, відэа, мультымедыя. З’яўляецца членам калектыву беларускіх мастакоў LĒD.

У сваіх праектах звяртаецца да тэм праявы сілы, жорсткасці і кантролю з боку ўлады і ўнутры традыцыйнага грамадства. Яго таксама хвалюе пытанне правоў жывых істот. Максім ставіць пад сумнеў выключную ролю чалавека ў прыродзе і трапляе на тэрыторыю этыкі, права, палітыкі і гуманізму.

Музей ахвяраў генацыду (Aukų g. 2A, Вільнюс, Літва). Камера №8 турмы КДБ (падвал будынка).

серада – нядзеля (10.00-18.00, у нядзелю да 17.00)
Уваход па квітках музея (4 € для дарослых, 1 € студэнтам)