Арганізатарам сустрэчы выступіла беларуска-літоўская ініцыятыва “Vilnius Media Seminar”, якая ладзіць падобныя мерапрыемствы з 2006 году. Мэта VMS – стварэнне незалежнай прасторы для даследавання і папулярызацыі медыяактыўнасці сярод насельніцтва абедзвюх краін, найперш сярод студэнцтва. Кожная сустрэча мае ўласную тэму, прадугледжвае прэзентацыі даследаванняў у абранай тэме, а таксама дыскусію ўдзельнікаў.

Гэтым разам актывісты разглядалі тактычныя медыя на прыкладзе ролікаў, што з’явіліся ў Сеціве ў час апошніх выбарчых кампаніяў у Беларусі і Літве.

Як цвердзіць медыяактывіст з Менску Аляксей Крывалап, беларуская медыяактыўнасць – надзвычай палітызаваная з’ява, якая, аднак, мае распаўсюд сярод індывідуальных актывістаў, а не сярод палітычных партыяў. Палітызаванасць жа ёй у Беларусі надаюць не палітыкі, але абмежаванне доступу да інфармацыі, альтэрнатыўнай урадавай прапагандзе.

Прыклады медыяактыўнасці ва ўмовах адкрытага доступу да разнастайнай інфармацыі і дэмакратычнага ладу ў краіне, прэзентаваў актывіст з Вільні Томас Тамілінас. Як цвердзіць актывіст, літоўскія палітыкі разглядаюць Інтэрнэт як сур’ёзны рэсурс для працы з насельніцтвам. У час апошняй выбарчай кампаніі, калі дзейнічала забарона на палітычную рэкламу на тэлеканалах, некаторыя партыі скіравалі вялікія сродкі на выраб і распаўсюд у Сеціве ўласных прамацыйных ролікаў (забарона на палітычную рэкламу не распаўсюджвалася на Інтэрнэт). У выніку, гэтыя партыі атрымалі вялікую папулярнасць сярод моладзі, а таксама бізнэс-колаў, што дапамагло ім выйграць кампанію.

“У Літве няма праблемы з свабодай слова, як у Беларусі. Навошта тады тут прыкладаць нейкія высілкі на тое, каб выкласці ўласную думку ў Інтэрнэт? А калі ўсё добра, то хочацца не змагання, а забаваў, – адзначае Аляксей Крывалап. – Свабода ж слова ў нашай краіне вельмі абмежаваная – і палітычна, і тэхнічна. Ты можаш знайсці альтэрнатыўную інфармацыю ў Інтэрнэце, але гэта патрабуе пэўных навыкаў, што значна абмяжоўвае яе дасяжнасць для шырокіх колаў грамадства. І менавіта таму вельмі важна, каб як мага больш людзей у Беларусі зразумелі: кожны з нас можа прадукаваць уласны медыяпрадукт, выказваць уласную думку – нават з дапамогай маленечкай відэакамеры ва ўласным мабільным тэлефоне – і, гэткім чынам, станавіцца ўсё больш незалежным і свабодным. Адзіная сур’ёзная небяспека для беларускіх медыяактывістаў – гэта імкненне да публічнай славы, якая ў таталітарным грамадстве далёка не заўсёды вітаецца. Як і нашыя папярэднікі-партызаны, якія расклейвалі ці раскідвалі ўлёткі ў стане ворага, мы звычайна не пазначаем аўтарства на ўласных творах”.

Наступным разам медыяактывісты збіраюцца сустрэцца ўвесну 2009 году і запрашаюць далучацца да свайго “віртуальнага фронту” ўсіх ахвотнікаў.