Каардынатар кампаніі Андрэй Палуда мяркуе, што растраляць Вострыкава маглі ў перыяд з 13 па 29 красавіка, паколькі апошні ліст з СІЗА №1, дзе ўтрымліваўся асуджаны да вышэйшай меры, быў датаваны менавіта 13 красавіка, а абласны суд атрымаў паведамленне аб прывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду 29-га. Апроч гэтага 5 красавіка маці дазволілі сустрэцца з сынам у СІЗА. Гэта была іх апошняя сустрэча.
Нагадаем, Гомельскі абласны суд вынес смяротны прысуд 33-гадоваму жыхару абласнога цэнтра 19 траўня 2016 года. Сяргей Вострыкаў быў прызнаны вінаватым у двух асобных выпадках згвалтавання і забойства. Вярхоўны суд пакінуў смяротны прысуд у сіле.
Зараз праваабаронцы спрабуюць удакладніць інфармацыю пра лёс яшчэ аднаго асуджанага да смяротнага пакарання – жыхара Мазыра Кірылы Казачка, які быў прызнаны вінаватым у забойстве дваіх уласных дзяцей. Ён адмовіўся ад абскарджання прысуду ў Вярхоўным судзе, напісаўшы адпаведную заяву, у сувязі з чым справа была знятая з апеляцыйнага разгляду. Існуючая практыка сведчыць аб тым, што вельмі рэдка смяротнікаў, у якіх не засталося магчымасцяў абскардзіць прысуд ці атрымаць памілаванне ад прэзідэнта, расстрэльваюць па адным.
У камеры смяротнікаў такім чынам можа заставацца толькі жыхар Нароўлі Аляксей Міхаленя, у якога засталася магчымасць абскардзіць свой прысуд у Вярхоўным судзе.
Рэакцыя міжнароднай супольнасці
Генеральны сакратар Рады Еўропы Турб’ерн Ягланд выказаў глыбокае шкадаванне ў сувязі з паведамленнямі аб прывядзенні ў выкананне чарговага смяротнага прысуду ў Беларусі.
«Смяротнае пакаранне не з’яўляецца правасуддзем, – гаворыцца ў заяве Ягланда, распаўсюджанай 5 траўня прэс-службай Савета Еўропы. – Дадзеная пакаранне асабліва засмучае, паколькі адбылося на фоне дыялогу па пытанні аб адмене смяротнага пакарання, які працягваецца ў Беларусі».
Ягланд зноў заклікаў беларускія ўлады неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне і замяніць ўжо вынесеныя смяротныя прысуды на іншае пакаранне. «Я зноў кажу пра нашу цвёрдую перакананасць у тым, што смяротнае пакаранне супярэчыць еўрапейскім каштоўнасцям», – падкрэсліў генсакратар СЕ.
Таксама ў сувязі з чарговым пакараннем смерцю ў Беларусі Еўрасаюз зноў заявіў аб непрымальнасці дадзенага віду пакарання пры любых абставінах. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай 6 мая заяве афіцыйнага прадстаўніка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, піша БелаПАН.
“Прымяненне смяротнага пакарання ідзе ўразрэз з заяўленай Беларуссю гатоўнасцю ўзаемадзейнічаць з міжнароднай супольнасцю, у тым ліку з Еўрапейскім саюзам, па гэтым пытанні і разгледзець пытанне аб увядзенні мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання”, — гаворыцца ў заяве.
ЕС заклікае Беларусь — адзіную ў Еўропе краіну, якая ўсё яшчэ прымяняе смяротнае пакаранне, — неадкладна ўвесці мараторый на яго прымяненне ў якасці першага кроку да адмены гэтага віду пакарання. ЕС таксама заклікае замяніць смяротныя прыгаворы, якія яшчэ засталіся, на іншае пакаранне.
Артыкулы па тэме