Фундацыя дамоў правоў чалавека

Belarusian

Карцінка: У Беларусі вынесены першы смяротны прысуд у 2017 годзе 
Правы належаць: lrnews.ru

У Беларусі вынесены першы смяротны прысуд у 2017 годзе

17 сакавіка на смяротнае пакаранне быў асуджаны 32-гадовы Аляксей Міхаленя.

панядзелак, 20 сакавіка 2017, Беларускі ДПЧ, паводле spring96.org

Аляксей Міхаленя быў абвінавачаны ў забойстве двух чалавек – брата і сястры, якія жылі разам у адным доме, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю (п.1, 6, 16 ч.2 арт.139 Крымінальнага кодэксу).

Суд таксама пастанавіў спагнаць з Міхалені на карысць пацярпелай кампенсацыю маральнай шкоды ў суме 50 тысяч рублёў.

Целы пажылых брата і сястры былі знойдзеныя 5 сакавіка 2016 года ў прыватным доме ў Нароўлі. Забітыя пражывалі разам.

Праз некаторы час меркаваны забойца, які пражываў непадалёк, быў затрыманы. Вядома таксама, што мужчына раней быў судзімы за крадзеж, а ў непаўнагадовым узросце - за забойства.

У Аляксея Міхалені ёсць магчымасць абскардзіць  прысуд у Вярхоўным судзе і права на памілаванне ад імя прэзідэнта.

Варта адзначыць, што роўна месяц таму Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) распачала онлайн-кампанію за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. 

FIDH публікуе ў сацыяльных сетках відэа пад назвай "Тым часам у Беларусі", звяртаючыся да добра вядомай для відэапрадукцыі канцэпцыі "Тым часам у ...". Многія відэа, апублікаваныя пад такой назвай у сацыяльных сетках, паказваюць абсурдныя паводзіны. Відэа "Тым часам у Беларусі" створанае для таго, каб паказаць, што смяротнае пакаранне на сённяшні дзень - абсурд.

"Смяротнае пакаранне - гэта ўзаконенае забойства, якое не аднаўляе справядлівасць. Яно дапамагае эскалацыі жорсткасці ў грамадстве і не аказвае ніякага ўплыву на ўзровень злачыннасці", - кажа прэзідэнт FIDH Дзімітрыс Хрыстопулас.

Відэа заклікае карыстальнікаў Інтэрнэту дзейнічаць на карысць адмены смяротнага пакарання ў Беларусі: наведаць вэб-сайт "Беларусь: апошняя краіна ў Еўропе, якая прымяняе смяротнае пакаранне" і падпісаць петыцыю за адмену смяротнай кары.


Беларускі ДПЧ, паводле spring96.org

Перамяшчэнне па старонцы