Фундацыя дамоў правоў чалавека

Belarusian

Карцінка: У Мінску прайшла другая міжнародная канферэнцыя па смяротным пакаранні 
Правы належаць: belapan.by

У Мінску прайшла другая міжнародная канферэнцыя па смяротным пакаранні

13 снежня ў Мінску распачалася другая міжнародная канферэнцыя “Адмена смяротнага пакарання і грамадскае меркаванне”, якую арганізуе Савет Еўропы ў супрацоўніцтве з Міністэрствам замежных спраў Беларусі.

пятніца, 16 снежня 2016, Беларускі ДПЧ, паводле spring96.org

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускага ўрада, Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ), ААН і іншых міжнародных арганізацый, беларускай праваслаўнай царквы, міжнародных і беларускіх НДА і СМІ.

Упершыню на канферэнцыю былі запрошаныя ў асабістай якасці праваабаронцы “Вясны” Андрэй Палуда і Валянцін Стэфановіч.

Пасля выступаў дакладчыкаў каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда ўзяў слова ў першай адкрытай дыскусіі і адзначыў, што вельмі шмат ідзе размоваў пра смяротнае пакаранне з пункту погляду гістарычнага і філасоўскага аспекту, а ён хацеў бы закрануць пытанне практычнай сітуацыіі ў краіне.

“Ведаеце, тут шмат казалі, што дэ-факта ў Беларусі быў мараторый на смяротнае пакаранне паміж растрэламі Аляксандра Грунова і Сяргея Іванова. Але я б не казаў, што гэта быў у пэўнай ступені мараторый, таму што растрэлы ўсё роўна адбываліся. Мяне турбуе, што пасля той канферэнцыі, што была арганізаваная ў сакавіку на самым высокім узроўні, ужо праз некалькі тыдняў быў растраляны Сяргей Іваноў. А гэтая канферэнцыя адбываецца на фоне таго, што прыведзеныя ў выкананні чатыры смяротных прысуды ў гэтым годзе, тры з якіх - месяц таму”, - сказаў Андрэй Палуда.

Правабаронца звярнуў увагу на тое, што шмат урадавых прадстаўнікоў выступаюць з пазіцыі супрацоўніцтва з Саветам Еўропы, але практыка паказвае адваротнае:

“На сённяшні дзень супрацоўніцтва з міжнароднымі дамоўнымі органамі не адбываецца і як прыклад гэтаму – шэсць рашэнняў Камітэта па правах чалавека ААН, якія не былі прынятыя да ўвагі, а таксама меры тэрміновага характара ААН, якія былі ўключаны ў дачыненні да Генадзя Якавіцкага і Сяргея Хмялеўскага, але на сёняшні дзень яны ўжо растраляныя”.

Старшыня першай сэсіі начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Беларусі Андрэй Бушыла адрэагаваў на выступ праваабаронцы, сказаўшы: "Магчыма, пакуль мы не падступіліся непасрэдна да ўвядзення мараторыя, але гуманізацыя заканадаўства паступова адбываецца".

Ён сказаў, што па дадзеных апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў у красавіку гэтага года за захаванне смяротнага пакарання выказаліся 51% рэспандэнтаў, а 49% - былі супраць.

Дырэктар па палітычных пытаннях Савету Еўропы Аляксандр Гэсель падкрэсліў, што казаць пра “мараторый дэ-факта”, пра які ішла гаворка, як казаць пра тое, што можа быць галадоўка паміж сняданкам і абедам.

Валянцін Стэфановіч таксама звярнуў увагу, што ўчора праваабаронцамі былі разасланыя сумесныя даклады “Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах” для ўсіх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання, з якімі ім вельмі важна азнаёміцца. Ён заявіў пра неабходнасць у далейшым праводзіць парламенцкія слуханні з шырокім колам грамадскасці, праваабарончых арганізацый. "Хацелася б, каб быў нейкі канкрэтны пасыл ад дзяржавы ў гэтай галіне, каб было зразумела, ці ёсць у нас у парадку дня ўвядзенне мараторыя як такога, або мы будзем шмат казаць і працягваць прымяняць смяротнае пакаранне. Беларускія ўлады пакуль ніяк не дэманструюць, што неяк пытанне смяротнага пакарання будзе вырашацца", - сказаў Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, Савет Еўропы зрабіў адмену смяротнага пакарання адным са сваіх прыярытэтаў і змагаецца за гэта ўжо на працягу дзесяцігоддзяў. У выніку гэтага ў дзяржавах-сябрах Савета Еўропы з 1997 года не было ніводнага выпадку прымянення смяротнага пакарання.
Беларусь, якая не з'яўляецца сябрам Савета Еўропы - адзіная краіна ў Еўропе, якая па-ранейшаму ўжывае сьмяротнае пакараньне. У самым першым Плане дзеянняў Савета Еўропы для Беларусі на 2016-2017 гады падкрэсліваецца, што "адмена смяротнага пакарання ў Беларусі застаецца галоўным прыярытэтам для СЕ і найважнейшай перашкодай на шляху да таго, каб стаць дзяржавай-членам".

Беларускі ДПЧ, паводле spring96.org

Перамяшчэнне па старонцы