Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Грамадзянская Беларусь”, зарэгістраванае ў Чэхіі, якое далучылася да кампаніі “Стоп 193.1”, атрымала з Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь адказ на зварот аб прапанове скасавання артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса (“Незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, альбо фонда, альбо ўдзел у іх дзейнасці”).

Як паведамляецца ў лісце, падпісаным намеснікам міністра юстыцыі Ігарам Тушынскім, “на гэтым этапе мяркуецца выключыць з артыкула 193‑1 Крымінальнага кодэкса норму пра адказнасць за арганізацыю дзейнасці альбо ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі альбо фонда, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю, замяніўшы крымінальную адказнасць за гэткія дзеянні на адміністрацыйную адказнасць”.

Выканаўчая дырэктарка “Грамадзянскай Беларусі” Катка Шпацава ў каментары для сайту Беларускага ДПЧ зазначыла, што адказ з Мін’юсту яе паплечнікаў “прыемна здзівіў”. “Аднак наш энтузіязм пахіснуўся, калі на наступны ж дзень міністэрства не пацвердзіла гэтую інфармацыю журналістам“.

“Гэта можна патлумачыць так – або Мін’юст хацеў паказаць свае добрыя намеры толькі нам, як прадстаўнікам Еўразвязу, або яны сапраўды думаюць аб скасаванні крымінальнай адказнасці, але пакуль гэта няпэўна, не хочуць, каб інфармацыя прасачылася вонкі,” – разважае прадстаўнічка “Грамадзянскай Беларусі”. – “Мы, канешне, спадзяемся, што артыкул будзе скасаваны ці зменены, бо гэта пойдзе толькі на карысць грамадзянам Беларусі”.

Інфармацыю пра магчымы перагляд артыкула 193‑1 Крымінальнага кодэкса “Нашай ніве” каментуе юрыст Юры Чавусаў:

“Фармулёўкі ў лісце Міністэрства юстыцыі неканкрэтныя — магчымасць скасавання гэтага адыёзнага крымінальнага артыкула толькі разглядаецца неназванымі органамі. Але ўжо той факт, што дзяржава ўпершыню прызнала наяўнасць гэтай праблемы і прыслухалася да меркавання шматлікіх крытыкаў гэтай ненармальнай прававой сітуацыі — вялікае дасягненне.

Зразумела, што найлепшым варыянтам было б поўнае скасаванне забароны на дзейнасць незарэгістраваных аб’яднанняў, што наблізіла б Беларусь да еўрапейскіх стандартаў прававога рэгулявання грамадзянскай супольнасці.

Дзяржава абірае прамежкавы варыянт — дзейнасць незарэгістраваных аб’яднанняў перастане быць крымінальным злачынствам, але ўсё адно застанецца незаконнай, застанецца адміністратыўным правапарушэннем. Як вынікае з ліста Міністэрства юстыцыі, сам артыкул 193‑1 у кодэксе застанецца, але будзе распаўсюджвацца толькі на тыя аб’яднанні, якія былі ліквідаваныя альбо дзейнасць якіх была прыпыненая”.

З моманту ўвядзення закона (2006 г.) вядома пра 17 асобаў, асуджаных паводле артыкула 193‑1. Дзясяткам актывістаў выносіліся афіцыйныя папярэджанні з боку пракуратуры, а таксама неафіцыйныя папярэджанні падчас допытаў альбо размоваў з прадстаўнікамі спецслужбаў.

Ва ўмовах, калі пераважная колькасць няўрадавых арганізацыяў Беларусі працуе без рэгістрацыі, а атрымаць яе для незалежнай ад уладаў грамадскай структуры практычна немагчыма, тысячы беларускіх грамадзянаў лічацца злачынцамі і могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.

Кампанія «Стоп 193.1» пачалася сёлета ў красавіку з ініцыятывы Асамблеі няўрадавых арганізацый.

Дзясяткі грамадскіх арганізацыяў бяруць удзел у кампаніі, адсылаючы звароты ў палату прадстаўнікоў з заклікам адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу.

Да кампаніі далучаюцца і замежныя арганізацыі (напрыклад, Östgruppen (Швэцыя), FrontLine Defenders (Ірляндыя), Civil Belarus (Чэхія), Human Rights House Network ).

Яны высылаюць звароты ў дзяржаўныя органы Беларусі, звяртаюцца да ўрадаў сваіх краінаў, каб паінфармаваць іх аб існаванні ў беларускім заканадаўстве дыскрымінацыйнага закону адносна грамадзянскай супольнасці Беларусі і заклікаюць выкарыстаць дыпламатычныя захады ўплыву на беларускае кіраўніцтва.

Патрабаванне адмены артыкула 193‑1 утрымліваецца ў шматлікіх рэзалюцыях Еўрапейскага парламенту і іншых еўрапейскіх структураў, у якасці адной з неабходных умоваў паляпшэння становішча з правамі чалавека ў Беларусі.