“ЕўраЗУМ” прымусілі замаўчаць

На мінулым тыдні Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла  пісьмовае папярэджанне FM-станцыі “Аўтарадыё”. Падставай стаў праект “ЕўраЗУМ” сумесна з незалежнай радыёстанцыяй “Еўрарадыё”. Паводле Мінінфармацыі, папярэджанне зробленае за “невыкананне творчай канцэпцыі вяшчання”. Пры гэтым кіраўніцтва радыёстанцыі выказвае неразуменне адносна парушэнняў, пра якія вядзе размову ведамства.  

Па словах дырэктара радыёстанцыі Юрыя Базана, 29 верасня з Мінінфармацыі патэлефанавалі і папрасілі для маніторынгу аўдыёфайлы з запісам праграмы «ЕўраZOOM», што з’яўляецца сумесным праектам «Еўрарадыё» і «Аўтарадыё» і рэалізуецца пад патранажам Еўракамісіі.  А 30 верасня “Аўтарадыё” атрымала ад міністэрства папярэджанне.

 Ю. Базан паведаміў, што накіраваў і Мінінфармацыі ліст, у якім просіць канкрэтызацыі прэтэнзій да “Аўтарадыё”. Кіраўнік радыёстанцыі таксама адзначае, што да таго часу, пакуль ён не атрымае адказу ад ведамства, трансляцыі праграмы «ЕўраZOOM» адбывацца не будзе ў мэтах захавання ўсяго праекта ў цэлым:

“З аднога боку, мы рызыкуем страціць частату, з іншага — парушаем абавязанні перад „Еўрарадыё“, а праз яго — і перад Еўракамісіяй”.

Каментар дадзенай падзеі намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэем Бастунцом утрымлівае наступныя высновы:

“Канцэпцыя праграмы была ўхваленая Еўракамісіяй. Папярэджанне Мінінфармацыі — даволі своеасаблівы адказ Беларусі на ініцыяцівы Еўразвязу па супрацоўніцтве з нашай краінай”.

А. Бастунец назваў азначаныя дзеянні дзяржорганаў “недапушчальным умяшаннем дзяржавы ў творчую дзейнасць СМІ”.

Большасць незалежных газет – па-за падпіскай

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі паведаміла, што не збіраецца павялічываць колькасць незалежных друкаваных выданняў у падпісных каталогах. Чыноўнікі аргументавалі такое рашэнне малым лікам чытачоў узгаданых выданняў. 

Гэта было адзначана на прэс-канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў Мінсувязі з нагоды надыходзячага Міжнароднага дня пошты.  

Падчас прэс-канферэнцыі намесніца кіраўніка Мінсувязі Ніна Гаўрылава канстатавала адсутнасць у планах ведамства пашыраць падпісны каталог за кошт незалежных выданняў і растлумачыла:  

“Я думаю, што гэта не вельмі страшная рэч. На сённяшні дзень, калі прааналізавалі, а колькі ж тых выданняў выпісваецца. І калі мы бачылі, што іх там і пяць, і шэсць, і дзесяць, і дванаццаць – ну які даход ад такіх выданняў можа быць прадпрыемству? Толькі каб уключыць у падпісны каталог і каб яно там значылася?

Нагадаем, што ў 2005 годзе з падпісных каталогаў “Белпошты” былі выключаныя 15 рэспубліканскіх і мясцовых грамадска-палітычных выданняў, такіх як “Віцебскі кур’ер”,  Товарищ”, Наша Ніва”, “Народная Воля”, “Бабруйскі кур’ер”, “Свободные новости плюс”, “Інтэкс-прэс” і іншыя.  

Сёлета “Наша Ніва”, “Народная Воля” і “Бабруйскі кур’ер” былі вернутыя ў каталог, аднак, са словаў Святланы Калінкінай – шэф-рэдактара “Народнай Волі”, распаўсюд незалежнага выдання каштуе больш за палову цаны газеты.

12 недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў так і застаюцца па-за падпіснымі каталогамі “Белпошты”.

Намеснік кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Аляксандраў адзначае палітычную матываванасць такога рашэння і каментуе нежаданне паспрыяць лібералізацыі для недзяржаўных выданняў наступным чынам:  

Ніякага пацверждання версія Міністэрства інфармацыі пра эканамічныя стасункі не мае, і яна не вытрымлівае ніякай крытыкі. Відавочна, што гэта палітычнае рашэнне, прынятае яшчэ ў 2005 годзе, якое дзейнічае і дагэтуль. Магчыма, робяцца нейкія касметычныя крокі, справакаваныя спробай дыялогу паміж Беларуссю і Еўразвязам. Некалькі газет ужо вернутыя ў сістэму распаўсюду, а астатнія ўлады трымаюць у закладніках, каб пакрысе выгандлёўваць праз іх нейкія эканамічныя выгоды для Беларусі”.