Мерапрыемства, пазначанае як канферэнцыя, мае, аднак, больш шчыльны характар дыскусій, дэбатаў, абмена досведам паміж 15-цю яе удзельнікамі, некаторыя з якіх – даволі вядомыя па сваёй прафесійнай дзейнасці. Пра тое, якія мэты перад сабой ставіць дадзеная канферэнцыя, пра яе асаблівасці  і карысць распавядае Барыс Звозскаў,  прэзідэнт беларускага Дома правоў чалавека і яе арганізатар.

 – Чым абумоўлена дадзеная сустрэча? Магчыма, з’явілася вострая неабходнасць, ці гэта больш планавая сустрэча?

– Канферэнцыя носіць больш нефармальны характар, і яе мэта – у першую чаргу, гэта, канешне, абмен досведам па зададзенай тэме. У нас 15 удзельнікаў, і ўсе гэтыя людзі практычна займаюцца праваабарончай дзейнасцю. Таму падыскутаваць ёсць пра што. Нашыя удзельнікі – гэта праваабаронцы з аднаго рэгіёна, але розных краінаў. 7 чалавек – гэта беларусы, 3 – прадстаўнікі Літоўскай Рэспублікі, столькі ж чалавек прыехала з Украіны, і 2 прадстаўляюць Расію.

 –Ці значыць такое геаграфічнае прадстаўніцтва, што ўсе гэтыя краіны сутыкаюцца з аднолькавымі праблемамі ў праваабарончай дзейнасці?

Не думаю, што можна так казаць. Канешне, ёсць і агульныя праблемы, агульныя і механізмы, якімі мы карыстаемся, каб іх вырашаць. Але ж я б сказаў, што ў кожнай з прадстаўленых краінаў ёсць свае, і даволі значныя асаблівасці. Калі, напрыклад, ва Укаріне ці Літве грамадзянская супольнасць мае магчымасць ціснуць на афіцыйныя ўлады з патрабаваннямі перагляду, змены заканадаўства, то такое, як мы ведаем, цалкам немагчыма ў сучаснай Бекларусі. І Расія, на жаль, зараз паказвае такія ж тэндэнцыі, гэта зусім маларадасна. Але ж гэтым больш і цікавыя нашыя дэбаты: яны могуць даць шмат карыснага, дазваляюць паглядзець на сваю краіну з-за яе межаў, падказаць іншыя, альтэрнатыўныя варыянты дзеянняў у праваабарончай галіне. Тым больш, нашыя удзельнікі даведаліся пра шмат канкрэтных выпадкаў, так бы мовіць, «з першых вуснаў», калі раней яны маглі прачытаць пра іх толькі ў прэсе.

 – То бок дэбаты, дыскусіі – і ёсць сама мэта праекта?

Гэта вельмі важны аспект. Увогуле, як заяўлена, нашая сустрэча прысвечана праблематыцы прэвентыўнай праваахоўнай дзейнасці. Мы наогул шукаем адказ на пытанне, ці магчымая яна. Гэта як з медыцынай: у большасці выпадкаў прасцей прыняць меры загадзя, каб хвароба не развілася. Але ж, як паказвае досвед, – і гэта датычыцца як той жа медыцыны, так і нашай прафесійнай дзейнасці – такія выпадкі, хутчэй, выключэнні, чым правілы. Бо чалавек звяртаецца з нейкай праблемай ужо постфактум, калі яна здарылася. Асабліва – па крымінальных пытаннях. Здарылася – звярнуліся. А не наадварот.

 –Ці ёсць тады сэнс увогуле казаць пра прэветныўныя меры?

Ну дык вось мы агульнымі сіламі і спрабуем знайсці механізмы. Трэба працаваць з грамадствам. Гэта – таксама наша задача. Бо логіка вельмі простая: каб нешта папярэдзіць, трэба элементарна ведаць пра магчымыя наступствы. Карацей, ёсць над чым працаваць.

 Раман Раманаў, удзельнік канферэнцыі, прадстаўнік праграмы «Вяршэнства права» міжнароднага фонда «Адраджэнне» у Кіеве акцэнтуе ўвагу на тым, што асноўны прадмет дыскусій – усё ж такі сітуацыя у Беларусі. «Такія мерапрыемствы, па-першае, садзейнічаюць развіццю кантактаў, і гэтым яны вельмі карысныя, бо, па вялікім рахунку, усе мы, хто сабраліся зараз тут – калегі, супрацоўнікі. Вядома, што Беларусь не ўваходзіць у некаторыя значныя, аўтарытэтныя міжнародныя суполкі, але мы, працуючы са сваіх краінаў, можам таксама спрыяць прыцягненню ўвагі да беларускіх праблем».  У той жа час праваабаронца адзначае, што многія інструменты, якія можна выкарыстоўваць ва Украіне, на Беларусі немагчымыя, і наадварот. «Украінскі праваабаронца, напрыклад, адкрыта займаючыся сваёй дзейнасцю, ніколі не будзе баяцца прэзідзента ці прэм’ер-міністра, як у Беларусі. Але магчыма, ён будзе баяцца простага міліцыянта- участковага. Тут мы кажам проста пра розныя сістэмы».

 На думку арганізатара, галоўнае ў гэтай канферэнцыі – не нейкія практычныя вынікі, а параўнальны аналіз. Таму што «параўнаць» вельмі блізка стаіць да «зразумець» і «зрабіць». Падобныя мерапрыемствы плануецца ладзіць і надалей.