У працы над дакладам бралі ўдзел прадстаўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага Хельсінкскага камітэту, Асамблеі няўрадавых арганізацый і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Улады павінны здаць свой аналагічны даклад у тэрмін да лютага 2010 году. Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, кожная краіна-чалец ААН павінна раз на 4 гады рыхтаваць універсальны перыядычны даклад.

Беларусь будзе ўпершыню праходзіць такую працэдуру ў траўні наступнага году, але даклад павінен быць падрыхтаваны загадзя. Паводле спадара Стэфановіча, у межах падрыхтоўкі альтэрнатыўнага дакладу ўлады пагадзіліся на кансультацыі з няўрадавымі арганізацыямі, якія яго рыхтавалі.

Праваабаронцы двойчы сустракаліся з прадстаўнікамі МЗС Беларусі і першай намесніцай кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Наталляй Пяткевіч. Адносна зместу дакладу спадар Стэфановіч сказаў:

 «Мы акрэслілі асноўныя праблемныя моманты з рэалізацыяй правоў чалавека ў Беларусі. Натуральна ж, свабода асацыяцый у звязку з артыкулам 193-1, свабода мірных сходаў, пытанне палітычна матываванага пераследу, адвольных затрыманняў, дыскрымінацыі, свабода слова, смяротнае пакаранне. Гэта знайшло там сваё адлюстраванне. Збольшага мы робім выснову пра тое, што вельмі абмежаваная магчымасьць рэалізацыі шмат якіх грамадзянскіх і палітычных правоў у Беларусі».

Па выніках гэтых дакладаў, прадстаўленых з боку ўладаў і праваабаронцаў, Рада па правах чалавека будзе прымаць для Беларусі рэкамендацыі, якія Беларусь павінна выканаць.

Цяпер праваабаронцы рыхтуюць альтэрнатыўны даклад у Камітэт правоў чалавека аб выкананні Беларуссю міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Спадар Стэфановіч адзначыў, што раней афіцыйны Менск ужо двойчы ігнараваў прадстаўленне дакладу ў Камітэт і не выконваў яго рашэнні.

Спасылкі па тэме

Беларусь рыхтуецца да УПА: слова сказалі праваабаронцы