Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь абвяшчае забеспячэнне правоў і свабодаў грамадзянаў найвышэйшай мэтай дзяржавы.
Абмежаванне правоў і свабодаў асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных дзеючым законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў.
Канстытуцыя краіны, сярод іншых грамадзянскіх і палітычных свабодаў, гарантуе грамадзянам свабоду мірных сходаў і выказвання свайго меркавання.
Пачынаючы з лютага, у многіх гарадах Беларусі адбываюцца мірныя сходы грамадзянаў, на якіх яны выказваюць нязгоду з эканамічнай палітыкай Урада, выступаюць супраць Дэкрэта прэзідэнта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.
Нягледзячы на абсалютна мірны характар гэтых сходаў, уладамі краіны былі распачаты рэпрэсіі ў дачыненні да іх удзельнікаў і арганізатараў. Пад хвалю рэпрэсій патрапілі лідары і актывісты палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, праваабаронцы, блогеры і журналісты шэрагу незалежных СМІ, звычайныя грамадзяне. Уладамі быў задзейнічаны і выкарыстаны шырокі спектр найгоршых рэпрэсіўных практык: адвольныя затрыманні, масавае выкарыстанне адміністрацыйных арыштаў, вобшукі ў офісах дэмсіл і прыватных памяшканнях, буйныя штрафы.
Асаблівую занепакоенасць выклікаюць выпадкі пераследу праваабаронцаў і журналістаў у сувязі з прафесійнай дзейнасцю.
Усяго па інфармацыі, якой мы валодаем, пачынаючы з 3 сакавіка за ўдзел у мірных сходах у той ці іншай форме былі рэпрэсаваны каля 300 чалавек, больш за 100 з іх падвергнуты адміністрацыйным арыштам.
21-22 сакавіка стала вядома пра шматлікія затрыманні грамадзянаў у межах узбуджанай крымінальнай справы аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч.3 арт. 293 КК). Усе затрыманыя ўзяты пад варту і змешчаны ў СІЗА КДБ і СІЗА №1 г. Мінска. 23 сакавіка КДБ паведаміла, што ў межах справы затрыманы 26 чалавек, прычым аператыўна-следчыя дзеянні працягваюцца і магчымыя новыя затрыманні.
Дзеянні прадстаўнікоў сілавых ведамстваў суправаджаюцца грубымі парушэннямі правоў затрыманых, у прыватнасці, неабгрунтаваным ужываннем фізічнай сілы.
Асаблівую занепакоенасць выклікае інфармацыя аб недапушчэнні адвакатаў да затрыманых. Мы расцэньваем дадзеныя дзеянні як парушэнне гарантаванага Канстытуцыяй краіны права на абарону.
Масавыя рэпрэсіі пры садзеянні ўладаў суправаджаюцца прапагандысцкай кампаніяй у дзяржаўных СМІ, скіраванай на нагнятанне істэрыі і атмасферы страху ў мэтах запалохвання грамадства. Гэта дае нам падставы ацэньваць характар пераследу як палітычна матываны.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, патрабуем ад уладаў:
- Неадкладна спыніць нагнятанне істэрыі і атмасферы страху ў беларускім грамадстве.
- Вызваліць усіх асобаў, якія былі падвергнуты адвольным затрыманням ці адміністрацыйным арыштам за ўдзел у мірных сходах і выказванне меркавання.
- Забяспечыць няўхільнае выкананне ўсіх працэсуальных гарантый асобам, узятым пад варту ў межах узбуджанай крымінальнай справы; устрымацца ад любых формаў ціску на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу, у тым ліку – адвакатаў.
- Забяспечыць правы грамадзянаў на мірныя сходы і выказванне меркавання, устрымацца ад ужывання гвалту ў дачыненні да іх, не перашкаджаць журналістам у іх прафесійнай дзейнасці.
ПУ “Цэнтр прававой трансфармацыі”
Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”
Беларускі Дом правоў чалавека імя Б. Звозскава
РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
ПУ “Беларускі дакументацыйны цэнтр”
Артыкулы па тэме