Другое папярэджанне можа стаць апошнім

Міністэрства інфармацыі 24 студзеня вынесла папярэджанне недзяржаўнай грамадска-палітычнай газеце «Народная воля» за распаўсюд нібыта не адпаведнай рэчаіснасці інфармацыі (арт. 4 закона «Аб СМІ»).

Нагодай для санкцыі стаў пералік на старонках газеты кропак у сталіцы, дзе можна на больш выгадных умовах падпісацца на газету. Такая падпіска атрымліваецца танней, і «НВ» назвала гэтыя ўмовы «ільготным тарыфам».

Мінінфармацыі палічыла ўжыванне гэтага словазлучэння парушэннем, за чым надышло і папярэджанне – другое ў гэтым годзе. «Якога-небудзь ільгатавання па газеце „Народная воля“ не прадугледжана», — паведамляецца ў дакуменце за подпісам новапрызначанага міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага.

Між тым, паводле арт. 51 п. 2.2. закона «Аб СМІ», вынясенне рэдакцыі альбо заснавальніку СМІ на працягу года двух і больш папярэджанняў можа пацягнуць за сабой прыпыненне выпуску гэтага СМІ.

                                                    «Папярэдзіць газету, пусціць яе ў сістэмы распаўсюду, закрыць і г.д. — гэта не пытанне выканання альбо парушэння нейкім СМІ заканадаўства, а выключна пытанне палітычнай волі, — лічыць намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец (на фота злева). — Міністэрства інфармацыі лёгка можа знайсці нагоду для вынясення папярэджанняў на самых нязначных падставах.

Абскарджванне папярэджання вельмі дорага каштуе — 20 базавых велічынь. З улікам таго, што рэдакцыі недзяржаўных СМІ не надта вераць у магчымасць вырашыць праблему ў судовым парадку, няшмат хто з іх гатовы пайсці на такія выдаткі.

Але гэта праблема не рэдакцыі, а беларускага правасуддзя і беларускага заканадаўства, якое стварае прававыя магчымасці для закрыцця газеты. Пра што БАЖ казаў яшчэ на стадыі разгляду законапраекта „Аб СМІ“ ў Палаце прадстаўнікоў».

 «Газета Слонімская»: супрацьстаянне працягваецца

28 снежня рэдакцыя недзяржаўнай рэгіянальнай «Газеты Слонімскай» атрымала пісьмовую адмову на просьбу акрэдытаваць журналістаў выдання пры мясцовым райвыканкаме. Але ў гэтым выданню было адмоўлена. Кіраўніцтва мясцовых уладаў спаслалася на тое, што іх працу ўжо асвятляе дзяржаўная раённая газета.

 У лісце за подпісам намесніка старшыні Слонімскага райвыканкама Дзмітрыя Дзешкі паведамляецца, што «асвятленне пасяджэнняў, а таксама нарадаў, якія праводзіць выканкам, ажыццяўляецца журналістамі дзяржаўнай газеты „Слонімскі веснік“, якая з’яўляецца афіцыйным органам Слонімскага райвыканкама».

«На жаль, чыноўнікі раённай адміністрацыі ніяк не хочуць ісці на кантакт з „Газетай Слонімскай“, — каментуе сітуацыю галоўны рэдактар выдання Віктар Валадашчук. — Чыноўнікам прасцей маўчаць. Сённяшняя адмова ў акрэдытацыі нашай газеце — звычайная справа».

25 лістапада рэдакцыя «ГС» накіравала таксама зварот на імя старшыні аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў упраўлення ўнутраных спраў Гарадзенскага аблвыканкама Георгія Еўчара з просьбай акрэдытаваць журналістаў выдання Міколу Канановіча і Вольгу Шынкевіч пры Слонімскім РАУС, а пазаштатную карэспандэнтку Хрысціну Марчук — пры УУС Гродзенскага аблвыканкама.

На сёння афіцыйнага адказу газета так і не атрымала.