“Я рашуча асуджаю нядаўнія смяротныя пакаранні Сяргея Хмялеўскага, Івана Кулеша і Генадзя Якавіцкага”, сказаў спадар Харасці. “Выкананне трох пакаранняў яшчэ раз сведчыць пра абуральную непавагу беларускіх уладаў да права на жыццё, а таксама іх упартую адмову ад супрацоўніцтва з міжнароднай сістэмай правоў чалавека”.

Эксперт патлумачыў, што справы Хмялеўскага і Якавіцкага знаходзяцца на разглядзе Камітэта ААН па правах чалавека, які мае функцыю кантролю за выкананнем Беларуссю Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Як удзельнік Пакта, Беларусь абавязаная чакаць з выкананнем прысудаў і адказваць на пастановы Камітэта.

“Я ўстрывожаны адкрытым выклікам міжнародным працэдурам у галіне правоў чалавека з боку судовага апарату Беларусі. Разам з гэтымі пакараннямі агульная колькасць расстрэлаў вырасла да чатырох з пачатку года”, — сказаў Дакладчык, спасылаючыся на справу Сяргея Іванова, які быў пакараны смерцю ў пачатку гэтага года, нягледзячы на тое, што яго справа таксама знаходзілася на разглядзе Камітэта па правах чалавека.

“Гэтыя тры расстрэлы адбыліся ўсяго праз некалькі дзён пасля таго, як падчас паседжання Трэцяга камітэта Генеральнай Асамблеі ААН па рэзалюцыі аб глабальным мараторыі на смяротнае пакаранне беларускі ўрад устрымаўся падчас галасавання, што многімі краінамі на кантыненце і за яго межамі было расцэнена як шматабяцальны крок”, — сказаў спадар Харасці.

“Праз некалькі тыдняў беларускі ўрад будзе таксама адным з саарганізатараў міжнароднага мерапрыемства па “вывучэнню” пытання аб адмене смяротнага пакарання”, — адзначыў ён. “Улады паўтаралі гэтую неадназначную практыку некалькі разоў на працягу многіх гадоў, у той час калі пакарання працягвалі выконвацца”.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, якая ўжывае смяротнае пакаранне, што выключае яе магчымасць стаць сябрам Савета Еўропы.

“Я па-ранейшаму вельмі занепакоены лёсам тых, хто знаходзіцца ў камерах смяротнікаў у Беларусі. “Я яшчэ раз заклікаю беларускія ўлады як мага хучэй абвясціць мараторый на смяротнае пакаранне”, сказаў Спецыяльны дакладчык. “У гэты час прэзідэнт мог бы выкарыстаць сваю ўладу, каб замяніць смяротныя прысуды пажыццёвым зняволеннем, як гэта прадугледжана Канстытуцыяй”.

Артыкулы па тэме:

Праваабарончая супольнасць Беларусі рашуча заклікае ўлады краіны адмовіцца ад смяротнай кары

У адзін дзень у Беларусі пакараныя смерцю адразу 3 чалавекі (абноўлена)

Парламент ЕС прытрымліваецца прынцыповай пазіцыі ў Рэзалюцыі па Беларусі