3-14 траўня наступнага года Беларусь будзе праходзіць праз працэдуру Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) ў Радзе па правах чалавека ААН. Як прадстаўнікі усіх астатніх дзяржаў, беларускія чыноўнікі павінны будуць перад усімі чальцамі Рады прэзентаваць сітуацыю з правамі чалавека ў краіне і адказаць на іх пытанні.

Механізм УПА таксама прадугледжвае магчымасць для няўрадавых суб’ектаў падаць уласнае бачанне сітуацыі з аховай правоў чалавека ў краіне. Іх меркаванне прымаецца да ўвагі як альтэрнатыўная думка пры распрацоўцы канчатковых рэкамендацыяў.

Даклады могуць падаваць як беларускія, так і замежныя НГА.
 
Частыя парушэнні
У дакладзе на УПА (поўная версія па-ангельску – справа, у секцыі "Дакументы") Міжнародная камісія юрыстаў (ICJ) сцвярджае, што "Рада па правах чалавека і яе працоўная група па УПА мусіць прыняць да ўвагі распаўсюджанасць парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку права на свабоду слова, сходаў і аб’яднанняў;

парушэнні права на свабоду і бяспеку асобы праз практыку самавольных затрыманняў;

парушэнні права на справядлівы суд, у кантэксце кантролю выканаўчай улады над судовай і над префесіяй юрыста.

Уяўляецца важным нагадаць Беларусі абавязанне супрацоўнічаць з міжнароднымі механізмамі ў галіне аховы правоў чалавека”.

На думку НГА, працэдура УПА Беларусі, што мае адбыцца ў траўні, “мае выключную значнасць для Беларусі з улікам сістэматычнага недатрымання ёй шмат якіх са сваіх міжнародных абавязанняў”.

Неаказанне прававой дапамогі
Крытыку ў дакладзе зазнала ўся судова-прававая сістэма цяперашняй Беларусі – у якасці адных з асноўных ICJ вылучыў шэраг праблем, звязаных з незалежнасцю судовай улады і адвакатаў.

Дасяг да прававой дапамогі – пытанне, актуальнае ў працы праваабаронцаў – таксама абазначаны як праблематычны: 

“У крымінальных справах, за выключэннем першай кансультацыі адваката, падазраванаму або абвінавачанаму прававая дапамога не аказваецца. Усе далейшыя выдаткі аплачваюцца дзяржавай, але ў выпадку прызнання яго вінаватым, абвінавачаны павінен іх кампенсаваць.

Гэтыя абмежаванні маюць сур’ёзныя наступствы для права на справядлівы суд у крымінальных справах і супярэчаць праву на бясплатную юрыдычную дапамогу ў крымінальных справах, гарантаваную арт. 14.3.d МПГПП.

Працоўная група мусіць рэкамендаваць, каб Рада па правах чалавека заклікала Ўрад Беларусі:

• унесці папраўкі ў законы, якія даюць Міністэрству юстыцыі магчымасць кантролю за адвакатурай;
• аднавіць права адвакатаў на арганізацыю самакіраўнічых прадстаўнічых органаў;
• забяспечыць магчымасць ажыццяўлення адвакацкай практыкі без дзяржаўнага ўмяшання, запалохванняў або адмоўных наступстваў у выпадку сумленнай абароны імі інтарэсаў кліентаў;
• устрымацца ад умяшання ў канфідэнцыйнасць дачыненняў адваката з кліентам;
• забяспечыць права на справядлівы суд, прынятае ў міжнародных стандартах, у тым ліку належную прававую дапамогу, поўны дасяг да ўлік, карыстаных супраць абвінавачанага, роўнасць бакоў у судзе і датрыманне прэзумпцыі невінаватасці;
• прадставіць грамадскасці, СМІ і назіральнікам эфектыўны дасяг да судовага разбірання.”

Запалохванне праваабаронцаў
ICJ паведаміла ААН аб шэрагу перашкодаў, што чыняцца на шляху беларускіх праваабарончых і іншых НГА: ім неабходна “праходзіць працэдуру рэгістрацыі і цэлы шэраг адміністрацыйных патрабаванняў, якія з’яўляюцца абмежаваннем права на свабоду аб’яднанняў.

Між тым праца незарэгістраваных арганізацыяў падлягае забароне. Згодна з артыкулам 193.1 КК, браць удзел у дзейнасці гэткіх з’яўляецца злачынствам.

Акрамя таго, шмат якія праваабарончыя арганізацыі сутыкаюцца з цяжкасцямі праз свой удзел у назіранні за выбарамі ў Беларусі. Нават тыя аб’яднанні, што змаглі зарэгістравацца, знаходзяцца пад пільным кантролем дзяржавы, асабліва ў пытаннях падаткаабкладання і фінансавай дапамогі, у выніку чаго няспынна існуе пагроза іх закрыцця або роспуску.

Такія захады, якія не дазваляюць аб’яднанням у поўнай ступені вольна ажыццяўляць дзейнасць, даюць падставу сцвярджаць аб парушэнні права на свабоду аб’яднанняў, гарантаванае артыкулам 22 МПГПП (Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах).

Не хапае кампетэнцыі і адкрытасці
У галіне свабоды аб’яднанняў, паводле ICJ, органам ААН належыць заклікаць беларускі ўрад:

• унесці змены ў заканадаўства, якое прадугледжвае празмерныя і самавольныя абмежаванні на правядзенне мірных дэманстрацыяў, што супярэчыць свабодзе сходаў, гарантаванай артыкулам 21 МПГПП;
• унесці змены ў крытэры рэгістрацыі НГА і кантролю дзейнасці зарэгістраваных НГА дзеля дасягнення адпаведнасці патрабаванням свабоды аб’яднанняў, гарантаванай артыкулам 22 МПГПП;
• забяспечыць належную падрыхтоўку кадраў праваахоўных органаў, якія ўдзельнічаюць у дзеяннях, звязаных з правядзеннем дэманстрацыяў, з мэтай надання ім неабходнай кваліфікацыі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека;
• правесці належнае даследаванне па фактах парушэння свабоды слова, сходаў і аб’яднанняў, якія паўсталі з дзеянняў міліцыі падчас дэманстрацыяў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 г., і прыцягнуць да адказнасці службовых асобаў, адказных за парушэнні правоў чалавека, што мелі характар крымінальнага злачынства;
• стварыць асяроддзе, спрыяльнае для заснавання і вольнай працы няўрадавых арганізацыяў, гарантаванае Канстытуцыяй Беларусі.

Дайце журналістам рабіць сваю працу
Гаворачы пра становішча СМІ, ICJ падкрэсліла, што “патрабаванні аб праходжанні рэгістрацыі і перарэгістрацыі ствараюць прастору для палітычных злоўжыванняў. У дадатак, замежныя журналісты часта сутыкаюцца з адмовай у акрэдытацыі, тым часам арт. 35 Закона аб СМІ забараняе ім працу без акрэдытацыі.

Названыя захады ўяўляюць сабой відавочнае ўмяшанне ў ажыццяўленне свабоды слова і абмяжоўваюць дасяг грамадскасці да інфармацыі ў парушэнне арт. 19.2 МПГПП”.

Са словаў экспертаў, “Працоўная група і Рада павінны рэкамендаваць Ураду Беларусі:

• скасаваць нормы заканадаўства, якія ўводзяць неадэкватныя абмежаванні свабоды слова, у т.л. арт. 369-I КК аб “дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь”, і забяспечыць, каб усе існыя абмежаванні паходзілі толькі з прававых актаў і былі неабходнымі для забеспячэння легітымных мэтаў у адпаведнасці з арт. 19.3 МПГПП;
• забяспечыць для незалежных СМІ дасяг да паслуг друку і распаўсюду, а таксама ахову журналістаў ад запалохвання і пераследу ў мэтах прадстаўлення ім магчымасці свабодна ажыццяўляць прафесійную дзейнасць;
• устрымацца ад любых незаконных умяшанняў у выкарыстанне свабоды слова.”

Улады ўспомнілі пра праваабаронцаў
Беларускі Хельсінкскі камітэт, праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларуская асацыяцыя журналістаў і іншыя айчынныя праваабарончыя арганізацыі таксама падалі свой уласны даклад на працэдуру УПА Беларусі ў Радзе па правах чалавека ААН.

Падрыхтоўка да УПА прымусіла беларускія ўлады прыгадаць пра праваабаронцаў і запрасіць іх “на размову”.

Адбылася сустрэча з першай намесніцай Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Н. Пяткевіч (справа) старшыні БХК А.Гулака і віцэ-старшыні Т.Гацуры, намесніка старшыні БАЖ А. Бастунца, праваабаронцаў з “Вясны” В. Стэфановіча і У. Чавусава.

Паводле БХК, “падчас сустрэчы прадстаўнікі трэцяга сектара выказалі заклапочанасць сітуацыяй з правамі чалавека ў краіне. У прыватнасці абмяркоўваліся пытанні адмены смяротнага пакарання, праблемы парушэння правоў на свабоду меркаванняў і мірных сходаў, пытанні свабоды асацыяцыяў.”

Раней падобная сустрэча адбылася ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Новы механізм 
Універсальны перыядычны агляд (УПА), да якога рыхтуецца Беларусь, – гэта новы механізм Савета па правах чалавека, у рамках якога Савет збіраецца праводзіць рэгулярныя агляды па выкананні 192 дзяржавамі-чальцамі ААН абавязанняў і абавязкаў у галіне правоў чалавека.

УПА закліканы паляпшаць сітуацыю з правамі чалавека «на месцах», спрыяць выкананню абавязацельстваў дзяржавы ў галіне правоў чалавека і ўмацоўваць патэнцыял дзяржавы ў справе абароны правоў чалавека.

УПА праходзіць пад патранажам Рады па правах чалавека і дае магчымасць кожнай дзяржаве здаць справы аб захадах, што робяцца для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека і датрымання міжнародных абавязанняў у гэтай галіне.

Працэдура УПА была створаная Генеральнай Асамблеяй ААН 15 сакавіка 2006 г. рэзалюцыяй 60/251, той самай, якой была заснаваная сама Рада па ПЧ. Праз працэдуру УПА да 2011 г. пройдуць усе дзяржавы свету.

На дадзены момант гэта унікальны механізм, які не мае аналагаў у свеце. УПА – адзін з асноўных механізмаў новай Рады, які нагадвае дзяржаве аб абавязку цалкам датрымлівацца і пераносіць у сваю праўную базу усе правы чалавека і асноўныя свабоды.

Канчатковай мэтай новага механізма з’яўляецца паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ва ўсіх краінах свету і барацьба з парушэннямі правоў чалавека, дзе б яны ні адбываліся.

Documents: