Як нам стала вядома, 5 лістапада 2016 года ў СІЗА МУС №1 г. Мінска ва ўмовах таемнасці былі прыведзеныя ў выкананне смяротныя прысуды ў дачыненні да грамадзянаў Івана Куляша, Сяргея Хмялеўскага і Генадзя Якавіцкага.
Разам з расстраляным у красавіку Сяргеем Івановым, на працягу бягучага году ў Беларусі былі пакараныя смерцю чатыры чалавекі, а лёс Сяргея Вострыкава, прысуд у дачыненні да якога ўжо ўступіў у законную сілу і які знаходзіцца ў камеры смяротнікаў СІЗА №1, нам невядомы.
Беларусь застаецца апошняй краінай Еўропы, якая прымяняе такі бесчалавечны і варварскі метад пакарання на практыцы.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, асуджаем чарговыя смяротныя пакаранні і адзначаем наступнае.
Смяротнае пакаранне, якое выносіцца і прыводзіцца ў выкананне ад імя ўсіх грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, адмаўляе чалавечую годнасць, недатыкальнасць асобы і ніякім чынам не з’яўляецца фактарам, які стрымлівае ўзровень злачыннасці. Згодна з нашым глыбокім пераканнем, расстрэлы асуджаных да смерці знаходзяцца ў адным шэрагу з рабствам і катаваннямі, з’яўляюцца скрайняй формай жорсткага і бесчалавечнага, варварскага і амаральнага абыходжання з асобай, недапушчальнай у сучасным свеце.
Наяўнасць і прымяненне на практыцы смяротнага пакарання заўсёды ўтрымлівае пагрозу пазбаўлення жыцця невінаватых, пагрозу прымянення смяротнага пакарання ў палітычных мэтах. Ніводная судовая сістэма свету, у тым ліку і беларуская, не з’яўляецца ідэальнай і застрахаванай ад судовых памылак.
Асаблівую нашую занепакоенасць выклікае ігнараванне Беларуссю працэдур Камітэта па правах чалавека ААН, распачатых у выніку рэгістрацыі індывідуальных зваротаў асобаў, прысуджаных да смерці. Расстрэлы насуперак дадзеным працэдурам з’яўляюцца парушэннем міжнародных абавязкаў краіны ў галіне правоў чалавека, добраахвотна ўзятых ёй. Варта нагадаць, што КПЧ ААН было прынята шэсць рашэнняў па індывідуальных зваротах грамадзян краіны, у якіх Камітэтам устаноўлена парушэнне Рэспублікай Беларусь права на жыццё, а нявыдача целаў расстраляных для пахавання членам сям’і – жорсткім і бесчалавечным абыходжаннем у дачыненні да іх.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, у чарговы раз пацвярджаем сваю пазіцыю поўнага непрыняцця смяротнага пакарання пры любых абставінах. Мы з’яўляемся часткай сусветнага руху супраць смяротнага пакарання і выступаем за яго адмену ва ўсім свеце.
Мы ў чарговы раз заклікаем улады Беларусі:
- Адмовіцца ад выкарыстання смяротнай кары і ўжываць іншы альтэрнатыўны від пакарання для асуджаных за здзяйсненне асабліва цяжкіх злачынстваў – пажыццёвае зняволенне.
- Неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да поўнай яго адмены.
Мы заклікаем міжнародную супольнасць выступіць з асуджэннем выканання чарговых смяротных прысудаў у Беларусі.
АПУ “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”
Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
Грамадская кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”
Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”
ПУ “Беларускi дакументацыйны цэнтр”
ПУ “Цэнтр прававой трансфармацыі”
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”
Артыкулы па тэме