Read this article in English.
Пасля таго, як 16 лютага 2021 года наступ на грамадзянскія правы ў Беларусі атрымаў далейшае развіццё, Фундацыя Дамоў правоў чалавека выступіла з патрабаваннем да беларускіх уладаў неадкладна спыніць узгоднены напад на журналістаў, праваабаронцаў і іх арганізацыі, які адбываецца ў гэты час. Органы дзяржаўнай улады павінны зняць абвінавачанні супраць праваабаронцаў і журналістаў, вызваліць затрыманых і спыніць іншыя накіраваныя супраць іх дзеянні, у тым ліку ператрусы ў дамах праваабаронцаў, журналістаў і чальцоў іх сем’яў. Тое, што ўлады Беларусі прадпрынялі 16 лютага – гэта дзеянні на абвастрэнне цяперашняй тэндэнцыі парушэння правоў чалавека ў краіне і невыканання сваіх жа міжнародных абавязанняў.
16 лютага ўладамі Беларусі распачатая, мяркуючы па ўсім, узгодненая кампанія ператрусаў у офісах праваабарончых структур, ператрусаў і затрыманняў праваабаронцаў ды журналістаў у Мінску і абласных цэнтрах. Прадстаўнікі ўлады на працягу трох гадзін вялі ператрусы ў офісах Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), у ходзе якіх былі забраныя звесткі аб чалецкім складзе і іншыя дакументы ды тэхніка, пасля чаго памяшканні офісаў былі апячатаныя. Дзеянні прадпрынятыя супраць прынамсі 25 праваабаронцаў, большасць з якіх працуе ў дзвюх чалецкіх арганізацыях Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава – БАЖ і Праваабарончым цэнтры “Вясна”.
Мяркуючы па звестках, якія паступаюць, праведзеныя 16 лютага рэйды звязаныя з крымінальнай справай паводле Артыкула 342 Крымінальнага кодэкса аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх. Паводле наяўнай інфармацыі, сённяшнія дзеянні былі праведзеныя Галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) пры Міністэрстве ўнутраных спраў і санкцыянаваныя Генеральнай пракуратурай.
У прыватнасці, 16 лютага дзеянні з боку дзяржаўных органаў прадпрынятыя ў дачыненні да наступных асобаў:
- АГЕЕЎ Алег, намеснік старшыні БАЖ – затрыманы, пазней выпушчаны, тэхніка і грошы канфіскаваныя.
- БАСТУНЕЦ Андрэй, старшыня БАЖ – забраны з дому супрацоўнікамі праваахоўных органаў, завезены на офіс БАЖ, дзе праведзены ператрус; ператрус у сынавым доме, тэхніка канфіскаваная;
- БУХЕЛЬ Барыс, чалец “Магілёўскай вясны” – ператрус у доме, затрыманы;
- ГАРЭЦКІ Барыс, прэс-сакратар БАЖ – затрыманы, пазней выпушчаны, тэхніка і грошы канфіскаваныя.
- КОЛЧЫН Аляксей, чалец “Магілёўскай вясны” – ператрус у доме, магчыма затрыманы;
- МАСЛЮКОВА Алена, кіраўнічка светлагорскай філіі “Вясны” – ператрус у офісе.
- МЯДЗВЕДЗЕЎ Андрэй, чалец “Вясны” – ператрус у доме, тэхніка канфіскаваная.
- ПАЛУДА Андрэй, каардынатар кампаніі “Вясны” “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” – ператрус у офісе.
- ПАРАШЧАНКА Яўгенія, прэс-сакратарка Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава – ператрус у доме і ў бацькоў.
- РЫХТЭР Крысціна, юрыстка БАЖ – ператрус у доме, канфіскаваныя тэлефон і дакументы, звязаныя з дзейнSet featured imageасцю БАЖ.
- САЛАЎЁЎ Дзмітрый, праваабаронца “Вясны” – ператрус у доме, затрыманы.
- САПЕЛКА Павел, адвакат правоў чалавека “Вясны” – ператрус у доме, канфіскаваная тэхніка.
- САЦУНКЕВІЧ Наталля, праваабаронца “Вясны” – ператрус у маці.
- ЦЕЛЯПУН Уладзімір, кіраўнік мазырскай філіі “Вясны” – ператрус у офісе.
Дзеянні, учыненыя беларускімі ўладамі сёння – гэта яшчэ адзін крок, каб усіх нязгодных прымусіць замаўчаць, а таксама каб вынішчыць ў Беларусі свабоду слова, сходаў, аб’яднанняў. Няма сумневу, што гэта – рэпрэсіі з боку ўладаў супраць арганізацый і людзей, якія ажыццяўляюць законную дзейнасць для прасоўвання і абароны правоў чалавека ў Беларусі. Прывязка сённяшніх дзеянняў да Артыкула 342 КК дае падставу сцвярджаць, што працягваецца надзвычай трывожная тэндэнцыя да выкарыстання Крымінальнага кодэкса для расправы над праваабаронцамі, у тым ліку журналістамі.
Варта прыгадаць, што раней гэты артыкул ужо прымяняўся, у прыватнасці, супраць наступных асобаў:
- СУДАЛЕНКА Леанід, кіраўнік гомельскай філіі “Вясны” – затрыманы 18 студзеня, пазней выстаўленае абвінавачанне паводле артыкула 342. Ператрусы ў доме і офісе. Пагражае зняволенне тэрмінам да 3 гадоў. Знаходзіцца пад вартай ў СІЗА №3 г. Гомеля.
- ЛАСІЦА Таццяна, праваабарончая актывістка, валанцёрка гомельскай філіі “Вясны” – 21 студзеня затрыманая ў аэрапорце ў Мінску, адкуль спрабавала вылецець у Літву. Выстаўленае абвінавачанне паводле артыкула 342. Знаходзіцца пад вартай ў СІЗА №3 г. Гомеля.
- РАБКОВА Марфа, каарынатарка валанцёраў “Вясны” – затрыманая 27 верасня паводле абвінавачання ў фінансаванні і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Пазней да абвінавачанняў дададзенае распальванне сацыяльнай варажнечы да ўлады групай нявысветленых асобаў паводле Артыкула 130 КК. Знаходзіцца пад вартай, пагражае да 12 гадоў турэмнага зняволення.
- ЧАПЮК Андрэй, валанцёр “Вясны” – затрыманы 2 кастрычніка, абвінавачаны ва ўдзеле ў беспарадках. Знаходзіцца пад вартай.
Напады на іншых праваабарончых дзеячоў і аб’яднанні, якія ажыццяўляюць правамерную працу для абароны правоў чалавека, працягваюцца і гэтаксама падлягаюць неадкладнаму спыненню.
Дзеянні з боку беларускіх уладаў прадпрынятыя, у прыватнасці, і ў дачыненні да наступных дзеячоў:
- БУРАКОЎ Алесь, магілёўскі праваабаронца і журналіст-фрылансер – ператрус у офісе 16 лютага.
- ГРАБЛЕЎСКІ Алег, юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю – 2 лютага на працягу 7 гадзін цярпеў жорсткае і прынізлівае абыходжанне падчас допыту ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, затрыманы ў Мінску 3 лютага, абвінавачаны ў незаконным выкарыстанні грашовых сродкаў.
- ДРАЗДОЎСКІ Сяргей, дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю – 2 лютага на працягу 7 гадзін цярпеў жорсткае і прынізлівае абыходжанне падчас допыту ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, затрыманы ў Мінску 3 лютага, абвінавачаны ў незаконным выкарыстанні грашовых сродкаў.
- КВАНТАЛІЯНІ Мікалай, праваабаронца – ператрус у доме 16 лютага.
- СТРЫЖАК Андрэй, каардынатар BY_SOL: ператрус у бацькоў, канфіскаваныя мабільны тэлефон і дыскі.
Сённяшняя акцыя беларускіх уладаў супраць журналістаў, праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый – гэта працяг абуральнага наступу з мэтай запалохвання і поўнага задушэння няўгодных меркаванняў. Па сутнасці, гэта яшчэ адзін крок у няспынным занядбанні Беларуссю міжнародных абавязанняў у галіне правоў чалавека. Праваабаронцы, у тым ліку журналісты, выконваюць законную працу для пашырэння і абароны правоў чалавека. Усе намаганні запалохаць, затэрарызаваць і іншымі сродкамі пераследаваць праваабаронцаў, у тым ліку журналістаў, а таксама ўсіх, хто аказвае ім падтрымку, павінны быць зараз жа спыненыя.