Тады ж, на заранку незалежнасці Беларусі, Аляксей Хвосцік прыйшоў і ў праваабарону. Яго звароты ў Камітэт па правах чалавека ААН давалі плён: беларуская дзяржава двойчы аднавіла парушанае права.
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава працягвае інтэрвію з праваабаронцамі, выпускнікамі адукацыйных праектаў праграмы Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў у Беларусі» (скарочана – ILIA–By, ад англ. «International Law in Advocacy in Belarus»), у прыватнасці, праекта «Міжнародныя стандарты – у нацыянальную практыку» (скарочана – BISH, ад англ. “Bring International Standards Home”).
ХАІ, ракета “Сатана” і горад Міас
Першую вышэйшую адукацыю маладэчанскі праваабаронца атрымаў у Харкаве. Яго спецыяльнасць не была нават аддалена звязаная з юрыспрудэнцыяй і правам:
– Я скончыў Харкаўскі авіяцыйны інстытут, радыёфакультэт. Два такіх крутых інстытуты былі ў Саюзе: МАІ ў Маскве і мой, ХАІ, у Харкаве. Пасля заканчэння я працаваў на Урале ў горадзе Міас. Цяпер сакрэту няма: там было галоўнае канструктарскае бюро па распрацоўцы ракет. Я ўдзельнічаў у распрацоўцы ракеты, якую амерыканцы называлі “Сатана”. Працаваў я там маладым спецыялістам; збольшага, пераводзіў у мікраэлектроніку ўсё, што ў іх было на кабялях. Міас – цікавы горад: два горныя хрыбеты, паміж імі – даліна; горад даўжынёй больш за 50 кіламетраў, а ў шырыню – адна, дзьве, тры, максімум – чатыры вуліцы. Тэмпература зімой там – 33 градусы, і вецер – як у аэрадынамічнай трубе: ці з аднаго, ці з іншага боку дзьме. Дачка крыху хварэла, і вырашылі з’ехаць ва Украіну. Там я папрацаваў па спецыяльнасці я гадоў дзесяць, а потым так здарылася, што я скасаваў шлюб. Пакінуў жонцы кватэру і вырашыў зноў шукаць працу па радыё-спецыяльнасці. Аб’ехаў Украіну, Малдову і заехаў у Беларусь. Прыехаў у Маладэчна на завод “Спутнік”, зайшоў у аддзел кадраў, а там кажуць: “Ну дык заўтра і выходзь на працу!” Так, недзе з году 1984, я пачаў працаваць на радыёзаводзе.
“Атрымаў другую вышэйшую адукацыю, цяпер ужо юрыдычную”
Упершыню з патрэбай абараніць людзей з дапамогай права Аляксей Хвосцік сутыкнуўся менавіта на радыёзаводзе:
– Бывала, што маіх супрацоўнікаў каралі, іншым разам і незаслужана; даводзілася дапамагаць. І ўжо тады я някепска ведаў працоўнае заканадаўства, шмат чытаў адпаведнай літаратуры. А потым разваліўся Савецкі саюз. Бачу, што радыёінжынеры хутка будуць не патрэбныя. А я назапасіў крыху грошай. Думаю: куды іх выдаткаваць? Ідзеш з працы, а паўсюль – чэргі, люзді нешта купляюць, а я не меў часу стаяць у чэргах, я ж быў на працы. І вось я прачытаў у газеце, што ў Мінску адкрываецца БІП – Беларускі інстытут правазнаўства, і прымаюць туды з вышэйшай адукацыяй адразу на трэці курс. Я ўклаў грошы ў адукацыю і пачаў вучыцца. Потым, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, то давялося і за першы курс здаць іспыты, і за другі, і палітэканомію, і замежную мову – цалкам атрымаў другую вышэйшую адукацыю, цяпер ужо юрыдычную.
“У першым туры я быў абраны”
Аляксей Хвосцік распавядае, што на самым заранку станаўлення незалежнасці Рэспублікі Беларусь выбары ў саветы – Вярхоўны, абласны, мясцовыя – адбываліся адначасова:
– Мы нашым працоўным калектывам вылучалі прадстаўнікоў у Маладэчанскі раённы савет. І адзін мой калега кажа: “А што мы толькі ў раённы? Давайце вылучым Аляксея ў абласны савет!” Вось так у першым туры я быў абраны і стаў дэпутатам Мінскага гарадскога савета.
– Тады дэпутацкая дзейнасць была не такая, як цяпер, а сур’ёзная: людзі прыходзілі, я ім дапамагаў. У інтэрнаце радыёзавода “Спутнік” быў пакой, называўся “Беларуская хатка”; прыемны пакой, там усё было аздоблена ў беларускім нацыянальным стылі. Ад гэтага пакою я браў на вахце ключ і праводзіў сустрэчы з людзьмі як дэпутат. Пытанні ў людзей былі рознымі: і аб працоўным праве, і жыллёвыя пытанні; а таксама прыходзілі з праблемамі, дзе некага незаконна асудзілі, некага збіла міліцыя… Даводзілася дапамагаць. Міліцыя часцей за ўсё выбачалася, нават спрабавалі заплаціць грошы пацярпелым людзям.
“Першы ў Маладэчне стаў сябрам БХК”
– У маё быццё дэпутатам я ўжо знаходзіўся недзе побач з праваабаронай. А потым, калі я ўжо атрымаў юрыдычную адукацыю, звольніўся з завода «Спутнік», мяне паклікаў да сябе працаваць юрысконсультам Мікалай Гаўрылавіч Івашкевіч – дырэктар на «Маладэчнажалезабетоне». Сам дырэктар быў вельмі актыўны; аднойчы прыехаў са сталіцы і кажа мне: «Аляксей! Утвараецца такая праваабарончая арганізацыя ў Беларусі: Беларускі Хельсінкскі камітэт. Яго арганізуе Таццяна Процька». Даў мне тэлефон; я сазваніўся, прыехаў у Мінск – і першы ў Маладэчна стаў сябрам БХК. У той час праваабарончы рух Беларусі бурліва развіваўся. І калі ўтварыўся праваабарончы цэнтр «Вясна», то я паралельна ўдзельнічаў у рабоце і гэтай арганізацыі. А потым практычна цалкам перайшоў да супрацы з «Вясной».
Аляксей Хвосцік стаў выпускніком самага першага набору на курс «Brings International Standards Home»:
– Навучанне на курсе BISH арганізавалі Людміла Ульяшына і Барыс Ігаравіч Звозскаў, з якім я да таго быў ужо гадоў дзесяць знаёмы. Здаецца, менавіта ад яго я і даведаўся пра вучобу. Даслаў сваё рэзюмэ – і быў залічаны. Навучанне на курсе вельмі падабалася. Нам давалі той матэрыял, які не даюць студэнтам юрыдычныя ВНУ ў Беларусі. І да сёння ў вышэйшай юрыдычнай адукацыі ў нашай краіне адсутнічаюць тыя веды аб міжнародных дакументах, якія мы атрымалі на курсе BISH. Мала хто з адвакатаў, суддзяў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў арыентуецца ў міжнародным праве правоў чалавека.
– Гэтае навучанне падштурхнула мяне і далей займацца праваабаронай. Ды й увогуле, большасць тых, хто прайшоў навучанне на курсе BISH, засталіся ў праваабароне і дагэтуль, і вельмі плённа працуюць. Мае аднагрупнікі – а мы склалі першы выпуск BISH – гэта і Леанід Судаленка, якога ведае, напэўна, уся Беларусь і ўвесь Камітэт па правах чалавека ААН. Гэта і праваабаронцы з Віцебска Павел Левінаў, Леанід Свецік…
Пра Барыса Ігаравіча, па словах Аляксея Хвосціка, можна доўга распавядаць:
– Першы раз мы сустрэліся з ім, калі ён прыехаў у Маладэчна са сваімі паплечнікамі, былымі следчымі, і яны ладзілі навучанне, як паводзіцца, калі чалавека выклікаюць праваахоўныя органы, як змагацца за свае правы… Гэты семінар стаў адкрыццём. Бо ў гэтых пытаннях ніхто збольшага не цяміў. І пасля семінару мы з Барысам Ігаравічам часта сустракаліся, гутарылі па тэлефоне…
Аляксей Хвосцік у падрабязнасцях памятае справы, у якіх удзельнічаў Барыс Ігаравіч, абараняючы людзей:
– Гэта было годзе ў 2002. Есць ў Астраўцы такі Іван Фёдаравіч Крук. У адной жанчыны зніклі залатыя ўпрыгожванні. Міліцыя часцей за ўсё як працуе? Калі на прыкмеце ёсць нехта з былых вязняў, пачынаюць іх апрацоўваць, пакуль не прызнаюцца. І вось затрымалі аднога былога асуджанага, пагрузілі ў машыну, вывезлі ў лес – а быў месяц люты! – распранулі, вопратку забралі, і скотчам прыматалі да дрэва. І з’ехалі. У чалавека атрымалася вызваліцца; ён прыбег у бліжэйшую вёску, пагрукаў у акно, яму нейкая жанчына дала стары спартовы касцюм… І аб гэтым учынку міліцыянтаў згаданы Крук склаў зварот у Генеральную пракуратуру. У той час, як я памятаю, начальнікам міліцыі быў чалавек з прозвічшам Кабрынец. І гэты Кабрынец, каб унікнуць пакарання, напісаў пазоў у суд на Крука аб абароне годнасці. Першае рашэнне суду абавязала Крука выплаціць, на той час, 500 тысяч, а таксама судовыя выдаткі на 143 тысячы рублёў. Да справы падключыўся Звозскаў; мы доўга змагаліся. І ў рэшце рэшт Гродненскі абласны суд спыніў гэтую справу. Начальніку міліцыі Кабрынцу давялося звольніцца, з’ехаць працаваць у іншае месца…
– Рэдка сустрэнеш чалавека больш годнага і справядлівага за Барыса Ігаравіча. Думаю, ніводны знаёмы з ім чалавек не запярэчыць. Шкада, што ён так рана сыйшоў, не ў час. Але цяпер Беларускі дом правоў чалавека носіць яго імя.
“Праз падатковую вярнулі сплочаны штраф”
Працаваць з міжнароднымі механізмамі маладэчанскі праваабаронца пачаў яшчэ да свайго навучання ў Беларускім доме правоў чалавека:
– У мяне яшчэ да вучобы на курсе BISH былі выйграныя справы ў Камітэце па правах чалавека ААН. Першым быў зварот у КПЧ па справе Алеся Капуцкага з Маладэчна. У 2000 годзе апазіцыя абвясціла байкот выбараў; Капуцкі ішоў недзе каля рынку і абвестку на слуп наляпіў: “Байкот!” А тут выходзяць два супрацоўнікі міліцыі, Капуцкага – у аддзяленне, загадалі прыйсці на наступны дзень. Ён праспаў, і рашэнне вынеслі без яго. А ў той час, паводле старога адміністратыўнага кодэксу, калі рашэнне вынеслі без абвінавачанага, то рашэнне мусіць быць скасаваным. Мы прайшлі ўсе інстацыі, дайшлі да Вярхоўнага суду – ніхто не скасаваў. Скіравалі зварот у КПЧ, і калі Камітэт скіраваў зварот у Міністэрства замежных справаў Беларусі, то МЗС перанакіраваў гэты зварот у Вярхоўны суд. І старшыня Вярхоўнага суду скасаваў усе пастановы і прызнаў Алеся Капуцкага невінаватым. Звярнуліся ў суд аб вяртанні штрафу, і праз падатковую вярнулі і сплочаны штраф.
Пра наступны зварот Хвосціка у КПЧ ААН – калі беларуская дзяржава аднавіла парушанае права нават на этапе камунікацый – распавядаў у сваёй гутарцы з БДПЧ праваабаронца з Вілейкі Ўладзімір Малярчук:
– У Беларусі на пачатку нулявых гадоў адбыліся гвалтоўныя знікненні людзей: Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і іншых, і ў Мінску пачаліся акцыі пратэсту: людзі выходзілі з партрэтамі зніклых. Гэтых людзей каралі. Такая самая акцыя адбылася ў Вілейцы. Удзельнікам прысудзілі штрафы. Адным з іх быў вілейскі праваабаронца Уладзімір Малярчук, які звярнуўся да мяне. Мы прайшлі ўсе інстацыі, а потым звярнуліся ў КПЧ ААН, і Камітэт таксама звярнуўся ў МЗС Беларусі – тады яшчэ была такая практыка. Цяпер улады не рэагуюць на падобныя звароты. А тады з МЗС прыйшоў зварот да Старшыні Вярхоўнага суду, і той сваёй пастановай скасаваў гэтыя штрафы. І пасля гэтага амаль два гады людзей не маглі пакараць за такія самыя пікеты, бо мы стварылі прэцэдэнт: пастанову Старшыні Вярхоўнага суду, што гэтыя дзеянні не падпадаюць пад адміністратыўнае пакаранне. Ну, канешне, пазней людзей пачалі проста выцясняць з пікетаў; ішлі супрацоўнікі міліцыі шыхтом і фізічна выцяснялі людзей…
Аляксей Хвосцік адзначае, што ў параўнанні з тымі часамі праваабарончая праца, прынамсі, яго асабістая, трансфармавалася:
– Цяпер, збольшага, людзі да мяне звяртаюцца па пытаннях аб працоўным праве, з жыллёвымі пытаннямі, з парушэннямі супрацоўнікаў міліцыі… Але апошнім часам крыху зменшылася колькасць такіх зваротаў. Не ведаю, з чым гэта звязана. Відаць, актыўнасць людзей таксама знізілася.
Ці варта працаваць з міжнароднымі механізмамі, калі дзяржава перастала рэагаваць на заключэнні Камітэту па правах чалавека ААН? Аляксей Хвосцік не сумняецца на гэты конт:
– Я прывёў два прыклады са сваёй практыкі, калі дзяржава аднаўляла парушаныя правы. А цяпер дзяржава ўзяла на ўзбраенне такую методыку: не рэагаваць увогуле на рашэнні КПЧ ААН і іх не прызнаваць; казаць, што тыя «носяць рэкамендацыйны характар», што выконваць іх не абавязаны і санкцый за гэта ніякіх няма. А я мяркую, што трэба карыстацца і магчымасцямі беларускага нацыянальнага права, і міжнароднага, і на ўсіх узроўнях абараняць правы чалавека. Ёсць такі філасофскі панятак аб тым, што колькасць пераходзіць у якасць. У КПЧ ужо больш за 200 рашенняў па зваротах ад грамадзян Рэспублікі Беларусь. А акрамя Камітэту па правах чалавека ёсць яшчэ і Рада па правах чалавека, якая можа разгледзець пытанне Беларусі, калі парушэнняў правоў чалавека шмат, а ўлады не рэагуюць. Рашэнні гэтага органу могуць мець наступствы для беларускіх уладаў у выглядзе новых санкцый і абмежаванняў. Беларускім праваабаронцам трэба не спыняцца ў сваёй справе.
Гутарыла Яўгенія Стрыжак
спецыяльна для Беларускага дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава