Жанчыны ўзяліся за рукі і акружылі мужчынаў жывым ланцугом, каб не даць АМАПу арыштаваць іх.

Пераклад з англійскай мовы паводле Фонду дамоў правоў чалавека.

– Рэгістрацыя Святланы Ціханоўскай адбылася часткова і таму, што прэзідэнт Лукашэнка не бачыў у жанчыне суперніка; у яго вачох яна была “слабой”. Жанчыны, у сваю чаргу, скарысталіся гэтымі патрыярхальнымі поглядамі.

– Некалькі дзён пасля выбараў 9 жніўня ў Беларусі большасць арыштаваных пратэстоўцаў складалі мужчыны. І ў адказ жанчыны ўзяліся за рукі і акружылі мужчынаў жывым ланцугом, каб не даць АМАПу арыштаваць іх.

– Жанчыны заўжды былі актыўнымі пратэстоўцамі нароўне з мужчынамі. Яны таксама былі сярод арыштаваных падчас папярэдніх выбараў у 2006 і 2010 гадах. А сёлета нечым новым ёсць гэтыя выключна жаночыя пратэстныя акцыі.

Я вырашыла ўдзельнічаць у акцыях пратэсту, бо проста не магу заставацца дома, калі ў Беларусі адбываецца жахлівая несправядлівасць.

– Да таго, як з’явіліся выключна жаночыя пратэсты, усе пасля-выбарчыя выступленні зазналі беспрэцэдэнтны ўзровень гвалту з боку беларускай міліцыі і АМАПу. Дзе-нідзе ў Мінску і ў рэгіёнах пратэстоўцы збудавалі барыкады, і дзяржаўныя СМІ выкарысталі гэта, каб давесці, што пратэсты нібыта маюць гвалтоўны характар.

– Жаночыя пратэстныя акцыі былі скіраваныя, сярод іншага, на тое, каб змяніць гэтую рыторыку і паказаць, што большасць пратэстоўцаў – мірныя і не ўяўляюць небяспекі для міліцыі.

– Я вырашыла ўдзельнічаць у акцыях пратэсту, бо проста не магу заставацца дома, калі ў Беларусі адбываецца жахлівая несправядлівасць. Мне балюча бачыць, як спачатку людзі былі пазбаўленыя голасу падчас выбараў, а потым атрымалі такое жорсткае і бесчалавечнае стаўленне за мірны пратэт.

 

– Больш за тое: паводле адукацыі я юрыст са спецыялізацыяй у міжнародным праве правоў чалавека; я вывучаю правы чалавека амаль траціну свайго жыцця; таму мой пратэст выкліканы не толькі пачуццём несправядлівасці, але і веданнем таго, што міліцыя парушыла абсалютную забарону катаванняў. Я не магу заставацца дома, пакуль ахвяры не даб’юцца справядлівасці.

Мне загадалі стаць тварам да сцяны; я не магла азірацца. Міліцыя пачала кагосці біць, і па гуках і словах я зразумела, што б’юць майго мужа. Было страшна чуць удары міліцэйскіх дубінак па чалавечым целе і ведаць, што ты не можаш дапамагчы

– На трэці дзень пасля выбараў мы з мужам былі арыштаваныя. Нашу машыну спынілі далёка ад пратэстаў; АМАП пагрозамі змусіў адкрыць фотаздымкі на нашых тэлефонах; калі яны ўбачылі фота з акцыяў, адразу пачалі вельмі груба размаўляць: “Вы хацелі пераменаў? Мы вам пакажам пераменаў” і адвезлі нас у міліцэйскі пастарунак.

– Наша гісторыя не такая ўжо і рэдкая. Людзей часцяком арыштоўвалі толькі за тое, што яны аказаліся не ў тым месцы не ў той час.

– У міліцэйскім пастарунку нас раздзялілі. Мне загадалі стаць тварам да сцяны; я не магла азірацца. Міліцыя пачала кагосці біць, і па гуках і словах я зразумела, што б’юць майго мужа.

– Было страшна чуць удары міліцэйскіх дубінак па чалавечым целе і ведаць, што ты не можаш дапамагчы; а калі паспрабуеш нешта сказаць, то можаш аказацца наступным.

– Я думаю, што найбольш стамляе адчуванне няспыннай небяспекі. У апошнія некалькі месяцаў беларусы навучыліся заўважаць бусы без нумароў, абіраць маршруты, па якіх прасцей уцячы і схавацца, заўважаць міліцыянтаў у штатскім.

– Мы навучыліся загадзя быць падрыхтаванымі да затрымання: пакідаць ключ ад кватэры камусьці, хто будзе карміць катоў, мець кнопку SOS на тэлефоне. Мы ўвесь час аналізуем наваколле, бо разумеем, што небяспека можа пагражаць адкуль заўгодна.

Складана прадказаць, чым пагражае затрыманне, але звычайна ўсе разумеюць, што заўжды ёсць рызыка быць збітым АМАПам. Аднак людзі ўсё адно выходзяць на пратэсты.

– Калі вы ўдзельнічаеце ў акцыях пратэсту, вы заўжды рызыкуеце быць арыштаваным, а потым атрымаць штраф або прабавіць ад пяці да пятнаццаці сутак адміністратыўнага арышту ў турме. Горшы варыянт – крымінальны пераслед за арганізацыю акцый пратэсту або іншыя неабгрунтаваныя абвінавачванні.

– Таксама ёсць верагоднасць, што арыштаваных будуць катаваць у міліцыі ці ізалятары. Складана прадказаць, чым пагражае затрыманне, але звычайна ўсе разумеюць, што заўжды ёсць рызыка быць збітым АМАПам. Аднак людзі ўсё адно выходзяць на пратэсты.

Гэта неверагоднае пачуццё салідарнасці, якое дапамагае мне не згубіць надзею.

– Але, як ні дзіўна, удзельнічаць у пратэстных акцыях – гэта вельмі натхняе. Вы бачыце, колькі людзей поруч; вы разумееце, што знаходзіцеся ў моры аднадумцаў, якія стаміліся ад дзяржаўнай хлусні і жадаюць лепшай будучыні для нашай краіны. Гэта неверагоднае пачуццё салідарнасці, якое дапамагае мне не згубіць надзею.

– Беларускія пратэсты – гэта не пра геапалітыку. Людзі не абіраюць паміж Захадам і Ўсходам, капіталізмам і планавай эканомікай; пратэсты не спансуюцца ўрадамі Захаду. Людзі стаміліся ад дзяржаўнай хлусні і хочуць абіраць свой лёс і кірункі развіцця праз свабодныя і сумленныя выбары.

Людзі не могуць сабе дазволіць забыцца на кампанію тэрора, якую развязаў беларускі ўрад пасля выбараў. Гэтыя злачынствы нельга дараваць.

– Раз-пораз я чую, што Беларусь знаходзіцца ў сферы інтарэсаў Расіі, таму будучыню Беларусі трэба абмяркоўваць з Расіяй. Гэта – ментальнасць 19 стагоддзя. Беларусь – незалежная краіна, і яе лёс павінен вызначаць беларускі народ.

– Людзі не могуць сабе дазволіць забыцца на кампанію тэрора, якую развязаў беларускі ўрад пасля выбараў. Гэтыя злачынствы нельга дараваць, і ў кожнай размове пра Беларусь замежныя прадстаўніцтвы павінны патрабаваць расследаванні тэрору і пакарання вінаватых. Людзі павінны ўвесь час нагадваць сваім урадам, што дыялог з прадстаўнікамі беларускай улады заўжды павінен складацца з такіх пытанняў.

– Для нас вельмі важная падтрымка іншых краінаў. Калі ласка, сачыце за Беларуссю; памятайце, што мы змагаемся за сваю свабоду і правы.

Марыя Сляпцова – беларускі юрыст, праваабаронца, кіраўнік праграмы ILIA-By у Беларускім доме правоў чалавека.