Алег Мацкевіч. Фота Яўгеніі Стрыжак

Алег Мацкевіч: «Я разумею, што мала шанцаў, іх амаль няма… Але я буду працаваць далей»

Праваабаронца з Барысава Алег Мацкевіч павінен быў перахопліваць замежныя перадатчыкі ў радыёвойсках пад Масквой, але станаўленне незалежнай Беларусі зрабіла яго іншым чалавекам.

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава працягвае інтэрвію з праваабаронцамі, выпускнікамі адукацыйных праектаў праграмы БДПЧ «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў у Беларусі» (скарочана – ILIA-By, ад англ. «International Law in Advocacy in Belarus»), у прыватнасці, праекта «Міжнародныя стандарты – у нацыянальную практыку» (скарочана – BISH, ад англ. “Bring International Standards Home”).

Мы ўжо распавялі гісторыі прыхода ў праваабарончую дзейнасць Уладзіміра Малярчука, электрыка з Вілейкі, і сталічнага адваката Таццяны Агеевай. Наступны герой цыкла – Алег Мацкевіч, сын савецкага ваеннага, які таксама меўся прысвяціць жыццё войску – але вучоба ў Беларусі падчас набыцця краінай незалежнасці літаральна зрабіла яго іншым чалавекам. Цяпер Алег Мацкевіч змагаецца ў Барысаве за свабоду мірных сходаў, свабоду слова і за правы людзей з інваліднасцю.

«Падабалася шукаць замежныя перадатчыкі. Хацеў вярнуцца ў войска «пінжаком»

Першая мая адукацыя – педагагічная. Я яе атрымаў выпадкова. Калі я скончыў школу, я не пайшоў нікуды вучыцца. Бацька быў вайскоўцам, жылі мы ў Печах. Не было ў мяне добрага, нажаль, атэстата, я быў безадказным маладым чалавекам. Магчыма, на гэта паўплывала тое, што бацька, які трымаў мяне ў руках, у апошнія два гады з’ехаў; ён быў у Афганістане; маці адна была, старэйшы брат служыў у войску. І я пайшоў у войска.

Алег Мацкевіч. Фота Яўгеніі Стрыжак
Алег Мацкевіч

Cлужыў пад Масквой у радыёвыведцы. Мне мая тэхнічная праца вельмі падабалася: шукаць замежныя перадатчыкі, перахопліваць тое, што яны перадавалі. І я хацеў вярнуцца ў войска, у тую частку, дзе служыў, так званым «пінжаком». «Пінжак» – гэта афіцэр, які працуе па кантракце. А для гэтага трэба было атрымаць вышэйшую адукацыю. Таму я прыехаў у 87 годзе дадому з намерам атрымаць адукацыю ў Беларусі і вярнуцца пад Маскву працаваць. Паступіў на гістфак у педагагічны інстытут.

«Калі людзі выходзілі на плошчу, заняткі ў нас спыняліся: мы разам з выкладчыкамі таксама мітынгавалі»

Калі я вярнуўся, правёў амаль год на падрыхтоўчым; потым у 88 годзе пайшоў на першы курс, і, пакуль я вучыўся, у Беларусі адбыліся такія карэнныя змены… Паступаў я адным чалавекам – камсамольцам; у войску ледзь не ўступіў у партыю… А скончыў універсітэт – зусім іншым.

Новы корпус гістарычнага факультэта БДПУ, «свечка», выходзіў вокнамі на плошчу. І ў гэты час, у 1990 годзе, калі людзі выходзілі, заняткі ў нас спыняліся. Мы разам з выкладчыкамі таксама выскоквалі на плошчу і мітынгавалі. Усё было вельмі ліберальна – у параўнанні з тым, што цяпер. І я, тады глытнуўшы паветра свабоды, дасюль яго адчуваю. Усё было іншае: і выкладчыкі, і студэнты. Мы шмат гаварылі аб усім, што адбываецца. Было шмат свабоды. Так я стаў мяняцца. Тады ж паставіў мэту вывучыць беларускую мову – бо я зусім яе не ведаў. Я ж быў сынам ваеннага, і нас вызвалялі ад гэтых урокаў. Урэшце рэшт я яе вывучыў, хаця цяжка было. Цяпер гэта дзіўным падаецца, але першы час я не мог нават чытаць па-беларуску; я па кожнае слова лез у слоўнік.

Алег Мацкевіч
Алег Мацкевіч

У тыя ж часы мы са сваім сябрам ад рукі напісалі антыкамуністычныя ўлёткі і расклейвалі іх на сценах у нашым корпусе.

Педагогам пасля інстытуту я папрацаваў вельмі мала. Заробкі былі такія мізэрныя, што я вымушаны быў сыйсці на «вольныя хлябы».

«І на адным з семінараў пазнаёміўся з Людмілай Ульяшынай. Так я трапіў у BISH»

Потым я атрымаў яшчэ адну адукацыю – юрыдычную, ужо ў прыватным ВНУ ў Менску. І ў 2004 годзе – я не адразу прыйшоў у праваабарону – я пазнаёміўся ў Барысаве з новымі людзьмі. Я заўсёды спачуваў тым, хто адстойваў праўду, але сам гэтым не займаўся, жыў сваім жыццём. Пазнаёміўся з хлопцамі, якія займаліся апазіцыйнай дзейнасцю, мы пасябравалі, я дапамагаў распаўсюджваць улёткі, удзельнічаў у акцыях… І праз пэўны час пачаў камунікаваць з барысаўскімі праваабаронцамі. Праўда, да праваабароны іх дзейнасць мела мала дачынення, гэта было больш вырашэнне лакальных праблемаў у межах палітычных кампаній: праблемы ЖКГ, збор подпісаў… Я дапамагаў назіраць на выбарах… Пасля таго, як я пазнаёміўся з праваабаронцамі, я пачаў супрацоўнічаць з “Вясной”. І на адным з семінараў ад “Вясны” ў Чарнігаве, годзе ў 2007 ці 2008, я сустрэўся з Людмілай Ульяшынай. (Людміла Ульяшына – адвакат, доктар права; разам з Барысам Звозскавым, заснавальнікам Беларускага дома правоў чалавека, кіравала навучальным праектам «Міжнародныя стандарты – у нацыянальную практыку» – тут і далей заўв. аўт.) Яна мне расказала пра існаванне навучальнай праграмы ILIA, і сказала, калі ёсць жаданне, падаваць заяўку. Я падумаў: чаму не? Новыя веды – заўсёды добра. Падаў заяўку, і мяне прынялі на курс BISH.

Алег Мацкевіч
Алег Мацкевіч

«Мы пастаянна спрачаліся, хто лепш абароніць чалавека: адвакат або праваабаронца?»

Вучыцца было цяжкавата, хоць і цікава. На маім курсе BISH збольшага вучыліся адвакаты. У нас з імі былі антаганістычныя погляды на праваабарону і на абарону чалавека ўвогуле. Мы спрачаліся, напрыклад, з Алегам Агеевым, з якім цяпер вельмі добра сябруем. (Алег Агееў – адвакат, праваабаронца, выпускнік праграмы ILIA). На той час ён яшчэ быў адвакатам – яшчэ не пазбавілі ліцэнзіі. Мы пастаянна з ім спрачаліся, хто лепш абароніць правы людзей: адвакат або праваабаронца? Я памятаю, мы ў кулуарах нават разыгрывалі сцэнцы, якім чынам можа дзейнічаць праваабаронца ў нейкай сітуацыі, і якім чынам – адвакат. Яго падтрымлівалі калегі, якія з намі вучыліся; мяне мала хто падтрымліваў. І гэтыя прыватныя дыскусіі заўсёды выплёскваліся падчас заняткаў. Канфлікты нават пераходзілі на асабісты ўзровень.  Барыс Звозскаў заўжды спрабаваў гэта разруліваць нейкім чынам. (Барыс Звозскаў – праваабаронца, адзін з заснавальнікаў Беларускага дома правоў чалавека. Цяпер БДПЧ носіць яго імя). Пазней я даведаўся, што ў арганізатараў – а яны вялі дзённікі працэса навучання – спрэчкі паміж праваабаронцамі і адвакатамі нават былі пазначаныя як адна з праблемаў.

Я гаварыў, што праваабаронца больш вольны ў сваіх дзеяннях, бо ён незалежны і ў яго больш магчымасцяў для манёўраў. Не скажу, хто з нас меў рацыю, хто не меў, але час паказаў… Калі мы сканчалі курс, шмат хто з адвакатаў не прыехаў атрымліваць сертыфікаты – бо адбылася Плошча 2010 года, і была небяспека ў тым, што іх таксама пазбавяць ліцэнзій. І хваля рэпрэсій пакацілася далей…

 

«Выраз «правы чалавека» дагэтуль не перакладзены на рускую і беларускую мовы»

Калісці даўно, на зломе эпох, у адным публіцыстычным матэрыяле я прачытаў выраз амерыканскага палітыка. Потым я шукаў у інтэрнэце, але не знайшоў аўтара. Ён сказаў: “Выраз “правы чалавека” дагэтуль не перакладзены на рускую мову”. Мне тады гэта вельмі засела ў галаву, хоць сэнса я не зразумеў.

Час ад часу, потым, калі я пачаў займацца праваабаронай, я вяртаўся да гэтай фразы. І я ўсё думаю: а што змянілася з тых часоў? Ці перакладзеныя “правы чалавека” на рускую, на беларускую мовы? Я цяпер магу сказаць: пераклад адбыўся, але напаўнення зместам не адбылося. І ў гэтым – вялікая віна дзяржавы. Мы можам казаць пра пасіўнае, аморфнае грамадства – але дзяржава ўзяла на сябе абавязкі, і павінна напаўняць зместам гэты выраз. Тое, што я вывучаў міжнароднае права правоў чалавека на курсе BISH, мне дапамагло напоўніць гэтую фразу сваімі сэнсамі. І гэта заслуга менавіта праграмы, бо міжнароднае права так паглыблена я не меў магчымасці вывучаць больш нідзе.

Пасля таго, як я даведаўся аб правах чалавека, мне дзіка чуць, як нашыя чыноўнікі кажуць аб тым, што такое “правы чалавека” ў іх разуменні. Напрыклад, МУС апублікавала артыкул “Яны не пройдуць”. І цяпер на ўсіх прайдах носяць партрэт Шуневіча, увесь у пацалунках. Мне смешна і горка ад таго, што чалавек такім чынам сябе зганьбіў.

Алег Мацкевіч
Алег Мацкевіч

Пэўны час я падпрацоўваў у таварыстве, якое абараняе правы спажыўцоў – дапамагаў скаргі пісаць, і трапіў у Менску на сустрэчу з цяперашнім міністрам юстыцыі. І ён на пачатку сустрэчы заявіў: “Вы – сапраўдныя праваабаронцы! Праваабаронцы – не тыя, хто ляпае языком, а менавіта вы займаецеся абаронай чалавека”. Як можна гаварыць, што людзі, якія абараняюць правы спажыўцоў, абараняюць правы чалавека?

На юрфаку аб правах чалавека не было абсалютна нічога. Але не гэта абурае. У сучаснай беларускай школе справа выкладання правоў чалавека цалкам занядбаная. Ведаю ад жонкі, настаўніцы, што ёсць у школьнай праграме чыста фармальныя гадзіны, прысвечаныя правам чалавека. Яскравы прыклад: калі аб правах чалавека гаварылі ў далёкім Савецкім саюзе, пачыналі са словаў “Мы абавязаныя”. Такі падыход у беларускай школе дагэтуль захаваўся. Дзеці вырастаюць у дарослых людзей – і яны не разумеюць сутнасці правоў чалавека; не ведаюць, што гэта такое і як гэта можна выкарыстоўваць у сваім асабістым жыцці. І гэта – наша грамадства.

«Мне вельмі шкада, што я мала ведаў гэтага чалавека»

Барыс Звозскаў як асоба… Ён быў спакойны, разважлівы і заўсёды ўмеў выслухаць чалавека. Ніколі не выказваў негатыўныя эмоцыі. Мог даць параду, выказаць сваё меркаванне – спакойна. У маім разуменні Барыс Звозскаў – ідэальны праваабаронца. Ёсць праваабаронцы, якія выказваюць такія асабістыя думкі, ад якіх становіцца моташна. Ты думаеш: “Як гэты чалавек займаецца праваабаронай, калі ён кіпіць нянавісцю да людзей?” Калі ты займаешся праваабаронай, ты павінен быць як пастар; ставіцца да людзей з разуменнем.

Памятаю лекцыі Барыса Звозскава аб мірных сходах. Таксама ён распавядаў пра свой досвед станаўлення як праваабаронцы, як ён вучыўся ў Марэка Навіцкага (Марэк Навіцкі – польскі дысідэнт, праваабаронца). Мне вельмі шкада, што я мала ведаў гэтага чалавека. Так супала, што мы з Барысам Звозскавым пазнаёміліся ў 2010 годзе, і ён неўзабаве адыйшоў. Апрача сэсій і навучання, не давялося камунікаваць, хаця гэтага было дастаткова, каб паважаць яго. Я ўдзячны лёсу за тое, што я пазнаёміўся з Барысам Звозскавым. Бо для людзей, якія прыйшлі пасля мяне на праграму,  Барыс Звозскаў – гэта партрэт на сцяне, а я ведаў яго асабіста.

Натуральна, што вучоба паўплывала на маю дзейнасць: і тэматыка пашырылася, і ўсталяваліся сувязі з праваабарончай супольнасцю. Я дагэтуль актыўна ўдзельнічаю ў жыцці BISH – прынамсі, спрабую ездзіць на сустрэчы – я сустракаюся з выпускнікамі майго і іншых курсаў, мне вельмі цікава на гэтых сустрэчах выслухаць людзей, якія дзеляцца сваім досведам; цікавыя і спрэчкі, якія адбываюцца падчас сустрэчаў.

Алег Мацкевіч
Алег Мацкевіч

Свабода мірных сходаў. “Я разумею, што мала шанцаў, іх амаль няма… Але я буду працаваць далей”

Я жыву і працую ў Барысаве. Ёсць некалькі вялікіх тэмаў, у якіх я спрабую нешта зварушыць сваімі малымі высілкамі. Па-першае, гэта свабода мірных сходаў: тэма, якая хвалюе мяне і якой я займаюся не першы год. Думаю, у выканкаме не раз пасыпалі попелам галаву з-за Алега Мацкевіча. Пару разоў дакладна я іх рашэнні скасоўваў. Гадоў восем таму дамогся скасавання рашэння аб месцах мірных сходаў у Барысаве: яно не было зарэгістравана ў рэестры, не прайшло экспертызу – і яны вымушаныя былі прымаць новае. Праўда, да дэмакратычных стандартаў свабоды мірных сходаў яно засталося такое ж глухое.

Таксама я дамагаўся скасавання рашэння Барысаўскага выканкама, якое не адпавядае не тое што стандартам, замацаваным у Канстытуцыі, і стандартам, якія ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах – гэтае рашэнне не адпавядае нават закону аб масавых мерапрыемствах. Я дайшоў да Генеральнай пракуратуры – сем разоў звяртаўся да іх, мне давалі адпіскі і ў рэшце рэшт спынілі са мной ліставанне. Я звярнуўся ў суд, суд адмовіў мне разгляд скаргі. Я абскардзіў рашэнне… Глухая сцяна.

Цяпер я рыхтую праект мясцовага рашэння па свабодзе мірных сходаў. У гэтым мне дапамагалі мае калегі па праваабароне, у прыватнасці, Павел Левінаў. Ён аналагічнае рашэнне рыхтаваў для Віцебскага гарвыканкама, і я хачу такое самае правесці: каб мяне запрасілі на сесію выканкама і там вывучалі мой праект рашэння. Цяпер буду звяртацца ў Барысаўскі выканкам. Я не планую спыняцца. Я разумею, што мала шанцаў, што іх амаль няма. Але я збіраюся працаваць далей.

Сам я падаваў скаргу на парушэнне свабоды мірных сходаў у дачыненні да сябе. Мы са спадарыняй Статкевіч падавалі ў 2007 годзе заяўку на пікет, нам адмовілі, мы судзіліся, і па выніках я напісаў скаргу ў КПЧ ААН. Скарга задаволеная; прызнанае парушэнне дзяржавы. І яшчэ я некалькім асобам дапамагаў пісаць скаргі на тую ж тэму.

 

Свабода слова

Свабода слова – яшчэ адна тэма, якая мяне цікавіць. Я шчыльна працую з журналістамі, з мясцовымі выданнямі: “Барысаўскія навіны”, сайт экспрэс.бай. Ва ўсіх выпадках парушэння права на доступ да інфармацыі я дапамагаю пісаць скаргі. Дарэчы, не толькі барысаўскія: са мной супрацоўнічае і маладэчанская філія Беларускай асацыяцыі журналістаў, і іншыя рэгіянальныя філіі па Менскай вобласці да мяне звяртаюцца.

 

Правы людзей з інваліднасцю

Апошнім часам таксама вельмі зацікавіла тэма правоў людзей з інваліднасцю: у гэтым кірунку ў Беларусі магчымыя нейкія зрухі. Нядаўна Беларусь падпісала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю. І хоць пратакол да яе не ратыфікаваны, гэта – вялікі крок наперад. Ужо можна імплементаваць гэтыя правы.

Гэта не толькі людзей з інваліднасцю тычыцца, чаму мяне гэтая тэма і цікавіць: інваліднасць можа крануцца любога чалавека. Зламалі нагу, сталі на мыліцу – вы ўжо чалавек з інваліднасцю, часова. Або мама з вазком… Гэта тычыцца ўсіх: сёння ты здаровы, на дзьвюх нагах – а заўтра бардзюр можа стаць для цябе непераадольнай перашкодай.

 

“У 70-я гады на ўсю дзесяцімільённую Беларусь толькі Міхась Кукабака разумеў, што такое правы чалавека, а цяпер такіх людзей тысячы”

Ёсць вельмі станоўчая тэндэнцыя разумення, што такое правы чалавека. Калі ў 70-я гады на ўсю дзесяцімільённую Беларусь толькі Міхась Кукабака разумеў, што такое правы чалавека, то цяпер такіх людзей ужо тысячы. Гэта сведчыць аб тым, што працэс ідзе, і перапыніць яго немагчыма. Пройдзе дзесяцігоддзе, два дзесяцігоддзі – і тое, што адбываецца ў грамадстве, абавязкова прывядзе да зменаў у дзяржаве.

Tags:
Belarus-BY

Latest

September 20, 2018

Школа DSS375. Философия цифровой безопасности

Почему рейтинги безопасных мессенджеров не только бесполезны, но еще и вредны; как любовь и политика влияют на наш выбор почтового сервиса; что ценнее: безопасность или общение – и другие вопросы о цифровой безопасности в новом выпуске рассылки Школы цифровой безопасности DSS375 Белорусского дома прав человека имени Бориса Звозскова.

September 20, 2018

Documenting first-hand the human rights situation in Crimea

“The level of political repressions unleashed in Crimea in 2014 has not decreased, though the forms and types of pressure and persecution have changed,” reported Tatsiana Reviaka, member of the human rights monitoring mission to the peninsula.

September 20, 2018

Candidates to the Human Rights Council must be fit for membership

UNGA73: Member States of the UN should refrain from voting for candidates to the Human Rights Council that are unfit for membership