Людзі з розных краінаў свету ў сваіх петыцыях заклікаюць беларускія ўлады ў якасці першага кроку ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Да перадачы звароту і подпісаў у Адміністрацыю далучыліся праваабаронцы “Вясны”: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда.

У звароце нагадваецца, што Беларусь — апошняя краіна ў Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. Ад пачатку 1990 года да вышэйшай меры ў Беларусі было прыгаворана больш за 400 чалавек, за ўвесь гэты час смяротнае пакаранне было заменена турэмным тэрмінам толькі аднаму асуджанаму. Ад пачатку 2017 года адзін прысуд быў прыведзены ў выкананне. Гамяльчанін Сяргей Вострыкаў, скаргу якога Вярхоўны суд пакінуў без задавальнення, растраляны ў другой палове красавіка. Яшчэ адзін чалавек чакае выканання прысуду — гэта жыхар Мазыра Кірыл Казачок, які адмовіўся ад падачы апеляцыйнай скаргі.

Чыноўнік прэзідэнцкай адміністрацыі зарэгістраваў звароты ад імя Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча і прыняў перададзеныя подпісы. Згодна з заканадаўствам, адказ павенен быць дадзены цягам 1 месяца.

Варта адзначыць, што ў рэзалюцыі ПА АБСЕ па Ўсходняй Еўропе, што была прынятая ў Мінску 11 ліпеня, сярод іншага змешчаны заклік да ўрада Беларусі “неадкладна адклікаць усе вынесеныя прысуды да смяротнага пакарання і прыступіць да працы па яго адмене”, а таксама “прыняць неабходныя меры для забеспячэння свабодных і сумленных будучых выбараў, у тым ліку да, падчас і пасля іх правядзення”.

Артыкулы па тэме

У Беларусі прыведзены ў выкананне першы прысуд за 2017 год

У Беларусі вынесены першы смяротны прысуд у 2017 годзе

У Мінску прайшла другая міжнародная канферэнцыя па смяротным пакаранні