Асноўнай мэтай дадзенай канферэнцыі з’яўляецца абмен вопытам прадстаўнікоў з краін-удзельніц па пытаннях аказання прававой дапамогі і супрацоўніцтва адвакатаў і праваабаронцаў у пытаннях, звязаных з адмовай у прадастаўленні прававой дапамогі адваката .
У Канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі з краін-удзельніц праекта "Дыстанцыйнае навучанне адвакатаў правам чалавека", якія змаглі падзяліцца сваім прафесійным вопытам у дадзеным пытанні, а таксама эксперты з Літвы і Польшчы.
Эксперты з Расіі, Беларусі, Азербайджану і Грузіі прадставілі даклады па сваіх краінах, у якіх адлюстроўваліся праблемы і цяжкасці супрацоўніцтва адвакатаў і праваабаронцаў. Былі абмеркаваныя пытанні узаемадзеяння няўрадавых арганізацый і адвакатаў з мэтай аказання прававой дапамогі. Удзельнікі падчас дыскусіі абмеркавалі неабходнасць супрацоўніцтва адвактаў ды праваабаронцаў, пытанні, звязаныя з вызначэннем этыкі працы адвакатаў ды праваабаронцаў.
“Узаемадзеянне адвакатаў і праваабаронцаў з’яўляецца адным з ключавых элементаў у рэалізацыі абароны правоў чалавека, паколькі праваабаронцам часта патрэбна кваліфікаваная дапамога ў працы над канкрэтнай справай”, – адзначыла рэгіянальны каардынатар праекту Вольга Раманенка (на фота).
Удзельнікі дыскусіі закранулі таксама выпадкі, звязаныя з рознага кшталту ціскам, які аказваецца на праваабаронцаў ды адвакатаў. Як заявілі беларускія праваабаронцы, амаль усе адвакаты падвергнуліся ў бягучым годзе ціску з боку Мінюста ў ходзе шматлікіх праверак і працы атэстацыйных камісій. Вядома, што не менш як 6 адвакатаў былі атэставаныя усяго на год. Былі выпадкі прыпынення дзеяння адвакацкіх ліцэнзій.Паводле беларускіх праваабаронцаў, хваля ціску на адвакатаў пачалася менавіта пасля 19 снежня 2010 г.
Гары Паганяйла (на фота) , кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага Камітэта між тым адзначыў, што адвакаты, як і любыя грамадзяне краін, дзе гарантуецца свабода думкі, маюць права на свабоду высказвания свайго меркавання, а значыць – і права мець палітычныя прыхільнасці, і ні закон аб адвакатуры, ні канстытуцыя, не забараняюць такога падыходу ў рэалізацыі свабоды меркаванняў, перакананняў і свабоды асацыяцый.
“Сам ўдзел адваката ў так званых палітычна матываваных справах не ёсць пазіцыя адваката ў палітыцы. Ён выконвае сваю прафесійную задачу абаронцы па крымінальнай справе. Адвакат мае права перанесці дыскусію ў вобласць публічнага, каб абараніць правы і свабоды чалавека, якiя гарантуюцца канстытуцыяй. Ен можа для гэтага выкарыстоўваць судовую трыбуну, але часам даводзіцца выкарыстоўваць і СМІ. Ну, напрыклад, кліент хворы, а СІЗА, дзе ён утрымліваецца, не аказвае яму кваліфікаванай медыцынскай дапамогі. У такім выпадку адвакат можа ўзбуджаць публічную цікавасць да гэтай праблемы праз зварот у СМІ. Але за гэта на адвакатаў ціснуць. Мы ведаем стаўленне дзяржавы да тых адвакатаў, якія прынцыпова выкарыстоўваюць усе сродкі і спосабы абароны кліентаў. І менавіта ў гэтым мы бачым парушэнне правоў нашых адвакатаў,” – заявіў Гары Паганяйла.
Паводле Вольгі Раманенка, менавіта такі абмен вопытам паміж прадстаўнікамі розных краін, які адбыўся на канферэнцыі, дазволіць выявіць праблемныя аспекты дзейнасці праваабаронцаў і адвакатаў і паступова адшукаць шляхі іх вырашэння.
“Адвакаты вымушаныя працаваць у складаных умовах, калі парушаецца незалежнасць адвакатуры і права на свабоду выказвання меркавання. Адвакаты, якія былі пазбаўленыя ліцэнзій, па сутнасці, пазбаўленыя права на прафессію, яны вымушаныя звярнуцца да праваабарончай дзейнасці. Так, яны цяпер дзейнічаюць як праваабаронцы. Аднак гэта вельмі важна, бо гэтыя людзі могуць аказваць кваліфікаваную дапамогу на прафесійным узроўні”, – заявіла Вольга Раманенка.
***
Праект “Дыстанцыйнае навучанне адвакатаў правам чалавека” створаны, каб з дапамогай электронных навучальных матэрыялаў, падрыхтаваных міжнароднымі і нацыянальнымі экспертамі, аб’яднаць юрыстаў з розных краін. Зараз праект уяўляе сабой двухузроўневую навучальную праграму, якая складаецца з інтэрактыўнага навучання для юрыстаў, кансультацый з экспертамі, падрыхтоўкі эсэ і экзаменаў, індывідуальных паведамленняў у Камітэт па правах чалавека ААН і электронных тэстаў.
Агульная мэта праекта заключаецца ў тым, каб палепшыць якасць абароны асноўных свабод, заснаваных на вяршэнстве права, падвысіць дасведчанасць і забяспечыць прамое прымяненне міжнародных стандартаў па правах чалавека.
Артыкулы па тэме
Палітвязняў вызваляюць, але адвакатам працаваць не даюць
"Няправільных" беларускіх адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзій
Рэпрэсаваны беларускі адвакат: “Я буду далей бараніць правы чалавека”