На ўдзел у конкурсе адгукнуліся многія беларускія майстры і аматары фатаграфіі. Усяго было заяўлена каля 150 конкурсных прац.

У склад журы конкурсу ўвайшлі прадстаўнікі розных краін: Андрэй Бастунец – намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў; Тайда Харазовіч – дырэктарка Фундацыі CURE, Дом правоў чалавека ў Сараеве; Од Нербё – прафесійны фатограф, фотакарэспандэнт найбуйнейшай штодзённай газеты ў заходняй Нарвегіі, Bergens Tidende; Роан Джаясекера – рэдактар часопіса Index on Censorship, Дом правоў чалавека ў Лондане.

Перад міжнародным журы паўстала няпростая задача – выбраць з мноства выдатных здымкаў усяго толькі два.

У выніку працяглых дыскусій і абмеркаванняў, пераможцамі конкурсу сталіся:

1. У намінацыі “Найлепшае прафесійнае фота” – Андрэй Лянкевіч з працай “Жанчыны збіраюць журавіны” (Артыкул 23. 1. Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека: Кожны чалавек мае права на працу, на свабодны выбар працы, на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы і на абарону ад беспрацоўя.):

2. У намінацыі “Найлепшае аматарскае фота” – Вольга Тарасенка з працай “Дзіцё з мамай” (Артыкул 25.2. Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека: Мацярынства і маленства даюць права на асаблівае апекаванне і дапамогу. Усе дзеці, народжаныя ў шлюбе ці па-за шлюбам, павінны карыстацца аднолькавай сацыяльнай абаронай.):

Для вызначэння пераможцаў улічваліся многія фактары, у тым ліку нестандартны падыход. “Да прыкладу, здымак Андрэя Лянкевіча адразу кідаецца ў вочы сваёй іроніяй: вядомы факт, што журавіны на Захадзе асацыююцца з рознымі кактэйлямі і здаровым ладам жыцьця”, – дзеліцца сваімі ўражаннямі адзін з сябраў журы Роан Джаясекера.

Кожны з пераможцаў конкурсу атрымае прыз – паездку ў Вільню на двух чалавек на выходныя. Апроч гэтага, яшчэ 40 фатаграфій гэтых і іншых удзельнікаў конкурсу будуць уключаныя ў экспазіцыю “Правы чалавека праз аб’ектыў фотакамеры”, якая распачнецца ў Беларускім ДПЧ ў Вільні ў студзені 2009 году.

Конкурс ладзіўся пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Літвы, Міністэрства замежных спраў Нарвегіі і Фундацыі Дамоў правоў чалавека (Нарвегія).