Пра гэта кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» паведамілі ў Сакратарыяце ENEMО. Звароты ў ЦВК і МЗС Беларусі былі накіраваныя яшчэ ў чэрвені, але ў адказ не было нават электроннага паведамлення, не кажучы ўжо пра афіцыйны ліст, падкрэслілі прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі. Яны нагадалі, што напярэдадні леташніх прэзідэнцкіх выбараў на аналагічны запыт ENEMО ЦВК хоць штосьці адказала: «Міжнародныя арганізацыі запрашаюцца Міністэрствам замежных справаў», а МЗС у сваю чаргу адказу не даў.

Варта адзначыць, што ўлады Беларусі не запрашалі місію ENEMO ні на адны выбары, нягледзячы на тое, што гэтая еўрапейская сетка назіральнікаў мае сур’ёзную рэпутацыю ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, ажыццяўляе назіранне ў многіх краінах былога Савецкага Саюза – Украіне, Азербайджане, Грузіі, Арменіі, Малдове, Кыргызстане, Казахстане, у некаторых балканскіх краінах, у прыватнасці ў Косава – то бок, у тых месцах, дзе сапраўды ёсць патрэба ў назіранні за выбарамі.

Да ўсяго, ад іншых міжнародных місій ENEMO адрознівае пэўная спецыфіка: гэта не міждзяржаўнае ўтварэнне (як, напрыклад, АБСЕ), а міжнародная сетка, якая аб’ядноўвае няўрадавыя арганізацыі з розных краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія прафесійна займаюцца назіраннем за выбарамі і з’яўляюцца незалежнымі, палітычна неангажаванымі. Магчыма, менавіта гэтая спецыфіка, прафесіяналізм сябраў ENEMO і насцярожвае беларускія ўлады.

Нагадаем, што ў ENEMO ўваходзяць дзве арганізацыі з Беларусі – Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Беларускі Хельсінкскі камітэт, якія з 2008 года ладзяць назіранне на нацыянальным узроўні ў межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Артыкулы па тэме

“Арганізатарамі выбараў у Беларусі фактычна з’яўляюцца праўладныя грамадскія аб’яднанні”

Уладзімір Кондрусь – новы палітзняволены ў Беларусі

Напярэдадні парламенцкіх выбараў назіральнікі прапануюць стварыць беларускамоўную версію сайта ЦВК