Навучальная праграма праекту, якая ажыццяўляецца адначасова для Азербайджана, Беларусі, Малдовы, Расіі і Украіны, накіравана на навучанне адвакатаў і юрыстаў прафесійнаму выкарыстанню нормаў міжнароднага і канстытуцыйнага права ў судовай практыцы. Так, першая частка мерапрыемства, якая праходзіла 17 лютага, была прысвечаная падвяддзенню вынікаў ды ацэнцы дасягнення мэтаў праекту у працы выпускнікоў , а таксама абмеркаванню працы партнераў ды ролі міжнародных экспертаў у межах курса навучання. Другая частка сустрэчы – 18 лютага – ў сваю чаргу датычылася правядзення трэнінгаў і рознага кшталту адукацыйных мерапрыемстваў, у межах якіх былі закранутыя аспекты працы ў сістэме дыстанцыйнага навучання MOODLE і навучання онлайн увогуле.
Нацыянальны каардынатар праекту з Украіны Дар’я Свірыдава выдзяляе тое, што курс дыстанцыйны, як безумоўную перавагу, а таксама, з яе пункту гледжання, навучэнцаў цікавіць і прываблівае да ўдзелу ў курсе ўтварэнне моцнай прафесійнай сеткі, магчымасць камунікацыі адвакатаў з розных краін, абмен вопытам, узаемадзеянне ды мажлівасць правядзення сумесных праваабарончых кампаній:
– Для Украіны гэта вельмі цікавы праект, гэта відаць і па колькасных паказчыках – на ўдзел у праекце было пададзена больш за 200 заявак ад праваабаронцаў, адвакатаў, юрыстаў, студэнтаў, якія сканчваюць навучанне. Праект запатрабаваны, бо ў нас не хапае сістэмнай адукацыі ў гэтай галіне, да таго ж адвакаты – гэта тая катэгорыя людзей, якія не валодаюць дастатковай колькасцю часу для вочнай адукацыі, а дыстанцыйнае навучанне – гэта вялікі плюс. Таксама украінскім юрыстам вельмі важны абмен вопытам, напрыклад, для нас вельмі цікавы вопыт Беларусі па зваротах у Камітэт ААН, таму што намі вельмі рэдка выкарыстоўваецца такі механізм абароны. Увогуле праект вельмі цікавы тым, што ў ім задзейнічана не адна краіна.
Зараз у праекце бяруць удзел спецыялісты з пяці краін: Азербайджан, Беларусь, Малдова, Расійская Федэрацыя ды Украіна. Як прызнаецца мэнэджэр праграмы Міжнароднае права ў праваабарончай і адвакацкай дзейнасці Сеткі Дамоў правоў чалавека Людміла Ульяшына (на фота), напачатку арганізацыя працы адразу некалькіх краін у адным адукацыйным курсе падавалася складанай задачай:
– Гэта была галоўная праблема, мы не ўяўлялі, як можа працаваць адзін навучальны праект для розных краін. Але ідэя гэтага праекта ў тым, каб універсальныя каштоўнасці і стандарты правоў чалавека былі данесеныя да розных краін. І нацыянальныя эксперты, атрымліваючы матэрыялы міжнародных экспертаў, адаптуюць іх і ў выпадку неабходнасці тлумачаць, як яны дзейнічаюць з улікам нацыянальнага заканадаўства або нейкіх культурных асаблівасцяў. І такім чынам распаўсюджваецца падыход універсальных правоў чалавека, але ўжо на нацыянальнай глебе. І самая галоўная наша задача – гэта прыцягнуць людзей, якія маюць наўпросты доступ у суд, каб яны праз сваю працу ўплывалі на нацыянальную судовую сістэму.
Таксама ў межах сустрэчы былі абмеркаваныя пытанні, звязаныя з працай электроннай бібліятэкі, была праведзеная падрыхтоўка нацыянальных экспертаў і партнёраў да наступнага курса навучання. Між тым, гаворачы пра папярэдніх удзельнікаў, якія цяпер сталі выпускнікамі курса, нацыянальны каардынатар праекта з Расіі Яўгенія Адрава заўважыла:
– Тыя, хто прайшоў гэты курс, зараз даволі актыўна выкарыстоўваюць атрыманыя веды, супрацоўнічаюць паміж сабой,а мы ў сваю чаргу хочам, каб яны не гублялі адно аднаго.
Такім чынам, праведзеная сустрэча паспрыяла падвышэнню кампетэнцыі ўдзельнікаў у пытаннях інфармацыйных камунікацый і садзейнічала падрыхтоўцы нацыянальных экспертаў да ўдзелу ў навучальным працэсе, а таксама дапамагла акрэсліць мэты праекта шляхам абмеркавання ўжо існуючых дасягненняў.
***
Праект “Дыстанцыйнае навучанне адвакатаў правам чалавека” створаны, каб з дапамогай электронных навучальных матэрыялаў, падрыхтаваных міжнароднымі і нацыянальнымі экспертамі, аб’яднаць юрыстаў з розных краін. Зараз праект уяўляе сабой двухузроўневую навучальную праграму, якая складаецца з інтэрактыўнага навучання для юрыстаў, кансультацый з экспертамі, падрыхтоўкі эсэ і экзаменаў, індывідуальных паведамленняў у Камітэт па правах чалавека ААН і электронных тэстаў.
Агульная мэта праекта заключаецца ў тым, каб палепшыць якасць абароны асноўных свабод, заснаваных на вяршэнстве права, падвысіць дасведчанасць і забяспечыць прамое прымяненне міжнародных стандартаў па правах чалавека.
Артыкулы па тэме
Юрысты і адвакаты запрашаюцца да вывучэння міжнароднага права правоў чалавека