З самай раніцы цэнтр Мінска быў поўны службовых машын і супрацоўнікаў міліцыі. Пратэстоўцы планавалі сабрацца каля будынка Акадэміі навук, але міліцыя заблакавала месца сустрэчы і затрымлівала людзей, якія здолелі туды дабрацца. Масавыя затрыманні адбываліся ўздоўж праспекта Незалежнасці.

Затрыманні

Праваабаронцы

25 сакавіка а 12:45 па мясцовым часе, прыкладна за гадзіну да пачатку запланаваных мірных пратэстаў, у мінскім офісе Праваабарончага цэнтру “Вясна” міліцыяй быў праведзены ператрус. 57 чалавек былі затрыманыя, але хутка вызваленыя. Большасць затрыманых былі валанторамі, якія павінны былі назіраць за пратэстам у цэнтры Мінска. Сярод астатніх былі міжнародныя назіральнікі, прадстаўнікі замежных СМІ і праваабарончых арганізацый, у тым ліку прадстаўніца Front Line Defenders Маша Чычэнкова, а таксама старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак і юрыст “Вясны” Анастасія Лойка. Людзі былі вымушаныя легчы на ​​падлогу, у памяшканні адбыўся вобшук. Аднак у выніку ўсе затрыманыя былі вызваленыя. “Пасля таго, як нас адвялі ў трэнажорную залю, нас усіх пачалі абшукваць. Потым міліцыянты зачытвалі імёны і выпускалі нас па трое”, сказала Анастасія Лойка пасля свайго вызвалення. Адзін з затрыманых, Аляксей Лойка, быў дастаўлены ў бальніцу, бо быў збіты АМАПам падчас рэйду.

26 сакавіка міліцыя затрымала каля дзясятка дэманстрантаў на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, калі яны пратэставалі супраць гвалтоўнага разгону мірных сходаў у цэнтры горада, у якіх прынялі ўдзел тысячы людзей. Таццяна Рэвяка, прэзідэнтка Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава, была затрыманая разам з пратэстоўцамі. У выніку яна была выпушчаная без прад’яўлення абвінавачванняў. “Міліцэская машына завезла нас у РУУС Цэнтральнага раёна Мінска, дзе нам было загадана стаць тварам да сцяны і падняць рукі. Пазней мне было дазволена апусціць рукі ўніз. Нас трымалі больш за тры гадзіны такім чынам. Я налічыла каля 20 чалавек, у асноўным маладых мужчын. Потым яны пачалі фатаграфаваць”, – сказала праваабаронца пасля свайго вызвалення. Таксама яна адзначыла, што супрацоўнік міліцыі папрасіў яе падпісаць пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні. Таццяна адмовілася гэта зрабіць, так як прайшло больш за тры гадзіны з моманту яе затрымання, і ніхто не патлумачыў, у чым яна была абвінавачаная.

Праваабаронца Сяржук Русецкі быў ненадоўга затрыманы ў Бярозе. Аднак неўзабаве ён быў вызвалены без прад’яўлення абвінавачванняў. Юрый Бельскі, прадстаўнік Беларускага Хельсінскага Камітэта ў Полацку, быў затрыманы ў Полацку і ​​вызвалены 27 сакавіка.

Трое праваабаронцаў, Кастусь Мардзвінцаў (ПЦ “Вясна”), Леанід Свецік (ПЦ “Вясна”) і Павел Левінаў (БХК), былі затрыманыя ў Віцебску. Павел Левінаў быў назіральнікам на мірных сходах у Віцебску 25 і 26 сакавіка. Ён меў адпаведны бэдж і афіцыйнае заданне ад Рэспублікага праваабарончага грамадскага аб’яднання «Беларускі Хельсінкскі Камітэт». Павел Левінаў у цяперашні час знаходзіцца ў шпіталі з гіпертанічным крызам (высокі крывяны ціск). 27 сакавіка 2017 года Павел Левінаў і ягоныя калегі паўстануць перад судом. У выпадку прызнання вінаватымі, ім пагражае адміністрацыйны штраф або адміністрацыйны арышт. У выпадку складання некалькіх абвінавачванняў агульная працягласць пазбаўлення волі можа быць да 25 сутак.

Людзі: Мінск + Рэгіёны

Мінск

Паводле апошніх ацэнак, каля 700 чалавек былі затрыманыя 25 сакавіка. Большасць з іх была ў рэшце вызваленая – альбо без прад’яўлення абвінавачванняў, альбо пасля таго, як ім былі прад’яўленыя абвінавачванні ў “незаконным пікетаванні”. Каля 100 дэманстрантаў правялі ноч у аддзяленнях міліцыі, чакаючы судоў у панядзелак 27 сакавіка. У перыяд з 3 па 24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, больш за 300 актывістаў былі затрыманыя, у тым ліку 26 чалавек па справе аб “масавых беспарадках”.

26 сакавіка міліцыя затрымала каля 40-50 дэманстрантаў на Кастрычніцкай плошчы Мінска, бо яны пратэставалі супраць гвалтоўнага разгону мірных сходаў у цэнтры горада, у якім прынялі ўдзел тысячы людзей.

Месцазнаходжанне па меншай меры трох чалавек, затрыманых 25 ці 26 сакавіка, невядома.

Рэгіёны

25 сакавіка акцыі ў Гродна і Брэсце былі санкцыянаваныя ўладамі і прайшлі без затрыманняў. Несанкцыянаваныя дэманстрацыі ў Віцебску і Гомелі сабралі сотні людзей і скончылася затрыманнямі актывістаў. Прыкладна 10 чалавек былі затрыманыя ў Віцебску і прыкладна 13 – у Гомелі.

26 сакавіка у розных гарадах былі праведзеныя акцыі пратэсту ў знак салідарнасці з затрыманымі напярэдадні. Яны таксама скончыліся затрыманнем дзясяткаў чалавек. Некаторыя з іх былі вызваленыя, у той час як іншыя чакаюць суда ў панядзелак, 27 сакавіка, у зняволенні.

У прыватнасці, каля 30 чалавек былі затрыманыя ў Бабруйску. Трынаццаць пратэстуючых былі затрыманыя ў Брэсце. Рыгор Крывіцкі, актывіст, які арганізаваў акцыю пратэсту ў Мазыры, быў затрыманы міліцыяй і абвінавачаны ў парушэнні абмежаванняў на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Некалькі чалавек былі затрыманыя ў Оршы. Шэраг апазіцыйных актывістаў былі затрыманыя ў Рэчыцы.

Адказ МЗС Беларусі

У афіцыйнай заяве Міністэрства Замежных Спраў Беларусі ахарактарызавала дзеянні праваахоўных органаў 25-га сакавіка як “абсалютна адэкватныя” і абгрунтавала гэтыя дзеянні неабходнасцю прадухіліць кровапраліцце. МЗС адзначыла, што пратэсты ў шэрагу беларускіх гарадоў прайшлі без якіх-небудзь інцыдэнтаў, і прапанавала еўрапейскім палітыкам звярнуць увагу на дзеянні паліцыі падчас масавых пратэстаў у сваіх уласных краінах.

Артыкулы па тэме:

Патрабуем спыніць нагнятанне істэрыі і атмасферы страху ў беларускім грамадстве

У Беларусі дзясяткі затрыманых на фоне пратэстаў “сацыяльных дармаедаў”

Беларусы выступаюць супраць “падатка на дармаедства”