11 верасня ў Беларусі пройдуць выбары ў Парламент. 73 278 чалавек афіцыйна зарэгістраваныя акруговымі камісіямі ў якасці патэнцыйных сябраў участковых выбарчых камісіяў на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага склікання. Гэтую лічбу назваў сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік. Пры гэтым Выбарчы кодэкс дазваляе фармаваць участковую камісію ў складзе ад 5 да 19 чалавек.
«Мы рэкамэндавалі не рабіць участковыя камісіі вялікімі. Там, дзе максімальная колькасць выбарцаў (а гэта каля трох тысяч чалавек), мы прапануем, каб у камісію ўвайшлі 11-13 чалавек. А там, дзе ўчасткі маленькія, напрыклад, у шпіталі, хопіць і 5. За мяжой, у краінах, дзе беларусаў мала, мы дазволілі скараціць колькасць сябраў камісіі да трох», — распавёў Мікалай Лазавік.
Паводле статыстыкі ЦВК, найбольшую колькасць вылучэнцаў ва ўчастковыя камісіі маюць грамадскія арганізацыі — 49,9%. Праз збор подпісаў падалі заяўкі — 37,5%, ад працоўных калектываў — 12,6%.
Палітолагі звяртаюць увагу на вельмі нізкую актыўнасць палітычных партыяў пры вылучэнні кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі. Па-першае, з 15 афіцыйна зарэгістраваных у Міністэрстве юстыцыі партыяў, роўна траціна наагул не скарысталася такой магчымасцю. Па-другое, 10 партыяў супольнымі намаганнямі «наскрэблі» толькі 5,8% ад агульнай колькасці кандыдатаў на падлік бюлетэняў. Прынамсі, Аб’яднаная грамадзянская партыя — 0,3%, «Справядлівы свет» — 0,2%, Партыя БНФ і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — па 0,1%. І гэта прытым, што партыйныя лідэры неаднаразова абяцалі вылучыць кандыдатаў найперш ва ўчастковыя камісіі, дзе непасрэдна лічацца галасы выбарцаў.
«Магчыма, сітуацыя ўскладнілася з-за таго, што кіроўныя партыйныя органы не могуць вылучаць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі, калі гэтыя партыі не маюць зарэгістраваных філіяў у рэгіёнах, — каментуе сітуацыю эксперт кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары“, юрыст Праваабарончага цэнтру „Вясна“ Валянцін Стэфановіч (на фота).— Але калі казаць пра ролю палітычных партыяў, то яна ад выбараў да выбараў прынцыпова не змяняецца. Бо ў нас па колькасці вылучэнцаў з вялікім адрывам лідзіруюць грамадскія арганізацыі. І гэта — дзіўна, паколькі, паводле Выбарчага кодэксу, грамадскія арганізацыі не надзеленыя правам вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Кандыдатаў яны не вылучаюць, а ў камісіі прадстаўнікоў даюць тысячамі.
Я асабіста лічу гэта спецыфікай палітычнай сістэмы Беларусі, дзе на першы план выходзяць не палітычныя партыі, як ва ўсім цывілізаваным свеце, а грамадскія арганізацыі. Ведаеце, у нас склалася пяцёрка грамадскіх арганізацыяў, якія фактычна становяцца арганізатарамі выбараў. Гэта — Федэрацыя прафсаюзаў, „Белая Русь“, БРСМ, жаночая і вэтэранская арганізацыі».
Словы Валянціна Стэфановіча пацвярджаюць і лічбы сёлетняй кампаніі. Калі 10 палітычных партыяў супольна вылучылі для падліку галасоў 4 272 чалавекі, то 5 згаданых грамадскіх арганізацыяў — аж 25 646.
Артыкулы па тэме