Беларуская праваабарончая супольнасць традыцыйна, адзінаццаты раз, вызначыла лаўрэатаў у трох намінацыях: “Праваабаронца года”, “Журналіст года” і “Кампанія/ініцыятыва года”.

У шорт-ліст увайшлі наступныя намінанты:

У намінацыі «Праваабронца года»:

  • Андрэй Завалей, кампанія памяці Мішы Пішчэўскага Справа Пі;
  • Леанід Судаленка, Гомельскі цэнтр стратэгічнай цяжбы;
  • Васіль Завадскі, установа «ТаймАкт».

У намінацыі «Журналіст года» вылучаныя:

  • Сяргей Пятрухін, незалежны блогер;
  • Ганна Соўсь, «Радыё Свабода»;
  • Калектыў аўтараў спецпраекта TUT.BY «Если к вам пришли».

За званне лепшай «Праваабарончай кампаніяй/ініцыятывай года» будуць змагацца:

  • Кампанія «Вярнуць чалавека»;
  • Кампанія супраць пабудовы акамулятарнага завода ў Брэсце;
  • Цыкл мерапрыемстваў «Футбол для ўсіх».

Вядучы імпрэзы юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў павіншаваў усіх прысутных са святам – Міжнародным днём правоў чалавека, а затым перайшоў да абвяшчэння лаўрэатаў.

Алег Агееў

Пераможцам у намінацыі “Праваабаронца года” стаў юрыст Гомельскага цэнтру стратэгічнай цяжбы і Праваабарончага цэнтру “Вясна” Леанід Судаленка. Узнагароду ўручылі лаўрэаты мінулагодняй прэміі ў гэтай намінацыі, дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend Вольга Смалянка і прадстаўнік Незалежнага прафсаюза РЭП Ігар Комлік.

Леанід Судаленка і Андрэй Завалей (злева)
premia20193.jpg
Дырэкатарка Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка

Лаўрэаткай у намінацыі “Журналіст года” стала журналістка “Радыё Свабода” Ганна Соўсь. Замест Ганны на цырымоніі прысутнічала яе маці. Прэмію ёй уручыла лаўрэатка прэміі 2017 года Галіна Абакунчык.

Галіна Абакунчык

У намінацыі “Кампанія/ініцыятыва года” лаўрэатам была прызнаная кампанія супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце. Узнагароду прадстаўнікам кампаніі ўручыў Андрэй Палуда – каардынатар кампаніі супраць смяротнага пакарання, якая перамагла ў гэтай намінацыі ў мінулым годзе.

 

 

premia20196.jpg
Намінанты “Кампанія/ініцыятыва года”
Актывісты кампаніі супраць акумулятарнага завода ў Брэсце
Па матэрыялах “Вясны”  

Нацыянальная прэмія беларускіх праваабаронцаў за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе “Праваабарончым альянсам”. З 2011 года прэмія з’яўляецца агульнай ад усёй беларускай праваабарончай супольнасці, якой за абарону каштоўнасцяў правоў чалавека штогод адзначаецца “Праваабаронца года”, “Журналіст года”, “Адвакат года” (да 2015 г.) і ўпершыню ў 2016 годзе – “Кампанія/ініцыятыва года”.

Арганізацыямі-сузаснавальніцамі прэміі з’яўляюцца Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава, Камітэт “Салідарнасць”, Цэнтр прававой трансфармацыі, Праваабарончы альянс, Прававая ініцыятыва, Грамадская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.