Праграма, якая ажыццяўляецца адначасова для Азербайджана, Беларусі, Малдовы, Расіі і Украіны, накіравана на навучанне адвакатаў і юрыстаў прафесійнаму выкарыстанню ў судовай практыцы нормаў міжнароднага і канстытуцыйнага права і разлічаная на 1 год.

Праект “Дыстанцыйнае навучанне адвакатаў правам чалавека”  уяўляе сабой двухузроўневую навучальную праграму, якая складаецца з інтэрактыўнага навучання для юрыстаў, кансультацый з экспертамі, падрыхтоўкі эсэ і экзаменаў, індывідуальных паведамленняў у Камітэт па правах чалавека ААН і электронных тэстаў. Агульная задача праекта заключаная ў тым, каб палепшыць якасць абароны асноўных свабод, заснаваных на вяршэнстве права, падвысіць дасведчанасць і забяспечыць прамое прымяненне міжнародных стандартаў па правах чалавека.

Пра мэты праэкту гаворыць яго каардынатарка Людміла Ульяшына (на фота):

– Па-ранейшаму застаецца вельмі вялікім дэфіцыт юрыстаў і адвакатаў, якія ведаюць механізмы абароны правоў чалавека, як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні. Часцей за ўсё юрысты выкарыстоўваюць толькі нацыянальнае заканадаўства, што нярэдка толькі абцяжарвае становішча, таму што і пры падрыхтоўцы гэтага заканадаўства, і пры фарміраванні практыкі, міжнародныя стандарты, распрацаваныя лепшымі розумамі свету і падмацаваныя ўжо існуючымі рашэннямі, не прымаліся ў разлік. Дэфіцыт гэтых ведаў абумоўлены не толькі тым, што універсітэцкія праграмы недастаткова арыентаваныя на такое практычнае прымяненне гэтых ведаў, але яшчэ і тым, што дзяржава не гатова крытычна зірнуць на сваю прававую сістэму, і гарантыі і абавязацельствы міжнародных дагавораў разглядаюцца ўсе яшчэ як дэкларатыўныя. Таму гэты разрыў паміж ведамі, тэорыяй і практыкай застаецца вельмі вялікім. Гэты курс бярэ на сябе смеласць, запоўніць гэты разрыў канкрэтнымі ведамі міжнародных стандартаў і ўяўленнямі пра тое, як яны павінны прымяняцца на нацыянальным узроўні.

125 юрыстаў і адвакатаў, а таксама студэнтаў апошняга курсу юрыдычных факультэтаў, выкладчыкаў вышэйшых школ – па 25 слухачоў ад кожнай краіны, адабраных па выніках конкурсу, атрымаюць магчымасць прайсці тэарэтычную і практычную падрыхтоўку ў межах 7 абавязковых і 4 факультатыўных курсаў па прымяненні канцэпцыі правоў чалавека і міжнародных прававых стандартаў у нацыянальнай і міжнароднай прававой абароне, у тым ліку, у Еўрапейскім Судзе па правах чалавека і Камітэце па правах чалавека ААН.

Паводле кіраўніцы праэкту Людмілы Ульяшынай, усе удзельнікі аб’ядноўваюцца ў магутную сетку і актыўна дзеляцца вопытам і парадамі:

 Узнікла сетка адвакатаў, якія незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца, перыядычна сустракаюцца ў форумах, каб абмеркаваць праблемы, што ўзнікаюць. І яны знаходзяць калектыўныя рашэнні. Я думаю, што на сённяшні дзень гэта самы яркі прыклад такой сеткі. Часам у гэтыя дыскусіі ўключаюцца і эксперты, што дадае выніковасці. Таксама прыкладам сеткавай працы з’яўляецца правядзенне канферэнцый. Так, нядаўна у Беларускім Доме правоў чалавека прайшла канферэнцыя для адвакатаў з 4 краін, дзе абмяркоўваліся праблемы інстытута прававой дапамогі адвакатуры і тых элементаў, якія вядуць да таго, што права на абарону ў гэтых краінах парушаецца. Адна з выпускніц на апошняй канферэнцыі сказала, што ёй было важна зразумець, што яна не адна, што ёсць яшчэ такія ж людзі і ў іншых краінах і нават у розных рэгіёнах адной краіны, якія думаюць гэтак жа, як яна.

***
Праграма сертыфікаваная Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам (Вільнюс, Літва) і прайшла знешнюю экспертызу з боку вядучай арганізацыі ў галіне дыстанцыйнага навучання правах чалавека Human Rights Education Association.Дыстанцыйнае навучанне з’яўляецца асноўнай формай перадачы інфармацыі ў праграме, адмыслова распрацаваныя для гэтай праграмы курсы лекцый і матэрыялаў размешчаны ў Інтэрнэце на платформе CMS Moodle.

Усе ўдзельнікі праграмы будуць запрошаныя таксама для ўдзелу ў рэгіянальным семінары, які пройдзе да пачатку дыстанцыйнага курсу ў кожнай з вышэйназваных краін арыентыровачна ў сакавіку 2012 года. Удзельнікі праграмы, якія паказалі лепшыя вынікі ў навучанні, атрымаюць магчымасць прыняць удзел у рэгіянальнай канферэнцыі для ўдзельнікаў асобных краін і заключнай міжнароднай канферэнцыі ў красавіку 2013 года, якая будзе праходзіць у Вільні (Літва).

Больш падрабязная інфармацыя – тут.

Артыкулы па тэме

Алесь Бяляцкі – праваабаронца года

Праваабаронцы і адвакаты: узаемадзеянне і узаемадапамога

(Не) дылема адваката: бараніць асобу ці закон