На канферэнцыю ў Вільню з’ехаліся адвакаты з Азербайджана, Беларусі, Грузіі і Расіі – чатырох краін, адвакатам якіх пашчасціла атрымаць веды ў рамках праграмы.

Вось ужо год таму яны пачалі з дапамогай Інтэрнету вучыцца прымяняць міжнароднае права ў  паўсядзённай практыцы ў сваіх краінах, а канферэнцыя ў Беларускім ДПЧ 11-14 сакавіка стала заключным акордам у навучальным працэсе.

Сенняшняя канферэнцыя – фінальны этап вялікага праекту, вялікай праграмы, у якой адвакаты зносіліся пераважна дыстанцыйна: яны абмяркоўвалі ў форумах вучэбныя матэрыялы і выпадкі з практыкі, – гаворыць каардынатарка праекту Л. Ульяшына (на фота).

Правы чалавека важнейшыя за закон

Праграма, якую ўжо 5 гадоў ажыццяўляе Фундацыя Дамоў правоў чалавека на пост-савецкай прасторы, кідае выклік пост-савецкай традыцыі непаважліва ставіцца да правоў асобы і ўсю юрыдычную рэчаіснасць звязваць толькі з наборам законаў і іншых нарматыўных “рамак”.

“Адвакат заўседы можа разглядаць закон як інструмент, які не мусіць парушаць права, – гаворыць Л.Ульяшына. – Закон можа абмяжоўваць права, але не да такой ступені, што чалавек становіцца несвабодны. Важна, каб чалавек сышоў з суда, дакладна ўбачыўшы: працэс адбыўся, усе “за” і “супраць” былі ўзважаныя, і ў зале суда помняць не толькі пра законы, але і пра правы”.

У гэтым сэнсе неацэнную ролю граюць або павінны адыграць адвакаты, сцвярджае кіраўнічка праекту: “Ідэя праекту – вярнуць прафесійных адвакатаў да сутнасці правоў чалавека. Юрысты не могуць заставацца толькі ў жорсткіх рамках законаў, бо ў такім выпадку заканадаўца можа, абмяжоўваючы людзей законам, увесці такое заканадаўства, якое наогул знішчыць чалавека.”

***

Праект “Дыстанцыйнае навучанне адвакатаў правам чалавека” створаны, каб з дапамогай электронных навучальных матэрыялаў, падрыхтаваных міжнароднымі і нацыянальнымі экспертамі, аб’яднаць юрыстаў з розных краін. Зараз праект уяўляе сабой двухузроўневую навучальную праграму, якая складаецца з інтэрактыўнага навучання для юрыстаў, кансультацый з экспертамі, падрыхтоўкі эсэ і экзаменаў, індывідуальных паведамленняў у Камітэт па правах чалавека ААН і электронных тэстаў.

Праграма канферэнцыі была таксама распрацавана з мэтай павышэння дасведчанасці юрыстаў у галіне правоў чалавека і паляпшэння  навыкаў у незалежнай інтэрпрэтацыі пытанняў правоў чалавека. На мерапрыемстве былі прадстаўленыя матэрыялы пра тое, як эфектыўна выкарыстоўваць механізмы ААН па абароне правоў чалавека, пра аспекты падачы скаргаў у Еўрапейскі суд па правах чалавека і пра сістэму абароны правоў чалавека, якую забяспечвае Еўрапейская канвенцыя па правах чалавека. На канферэнцыі выступілі эксперты з Расіі, Украіны, Польшчы, Балгарыі, Ірландыі, Вялікабрытаніі, Францыі. Усім удзельнікам праграмы былі ўручаныя сертыфікаты.

Першая такая міжнародная канферэнцыя адбылася ў верасні 2010 года і забяспечыла выбраных адвакатаў пашыранымі магчымасцямі і падрыхтоўкай у галіне правоў чалавека, стварыўшы моцную прафесійную сетку. Агульная мэта праекта заключаецца ў тым, каб палепшыць якасць абароны асноўных свабод, заснаваных на вяршэнстве права, падвысіць дасведчанасць і забяспечыць прамое прымяненне міжнародных стандартаў па правах чалавека.

Артыкулы па тэме

Еўрапейскія адвакаты накіравалі ліст міністру юстыцыі Беларусі

Абсурд: у адвакатаў забралі ліцэнзію, бо яны паддаліся на ціск КДБ (абноўлена)

Сорам Мін’юста: адвакаты баяцца абараняць палітвязняў

Беларускім адвакатам неабходная маральная падтрымка

Праваабаронцы і адвакаты: вучыць і аб’ядноўваць

Адвакаты атрымалі хатняе заданне