Рашэнне праблемы неадпаведнасці нацыянальнага права міжнародным стандартам не можа з’явіцца само па сабе: грамадская супольнасць Беларусі патрабуе кваліфікаванай дапамогі. У сувязі з гэтым ажыццяўленне адукацыных праектаў у галіне праваабароны і выканання міжнародных абавязкаў на ўнутрыдзяржаўным узроўні бачыцца як арганізатарам, так і ўдзельнікам праграмы “Прымяненне міжнароднага права ў праваабарончай дзейнасці” жыццёва неабходным.
Менавіта таму цягам 5 год існавання праграмы (першы цыкл семінараў распачаўся у 2006 годзе) удзельнікі – праваабаронцы ды адвакаты з Беларусі – старанна выконваюць хатнія заданні, наведваюць сэсіі і семінары. Пры гэтым з мэтай стварэння ўмоў для трывалай супрацы паміж адвакатамі і праваабаронцамі самі па сабе навучальныя цыклы (2006-2008, 2009-2011) падзеленыя на 5-6 семінараў для кожнай з груп і 1-2 для выніковай агульнай групы.
Першыя плады
Кожны семінар – гэта блок, мэта якога – раскрыць значэнне пэўнага права альбо свабоды і пазнаёміць удзельнікаў з дзейнасцю адной з міжнародных прававых устаноў. Гэтым разам заняткі былі прысвечаныя Свабодзе мірных сходаў, дзейнасці Еўрапейскага суду па правах чалавека і правядзенню стратэгічных цяжбаў. Разгляд дадзеных пытанняў адбываўся пры ўдзеле міжнародных экспертаў – Генрыкаса Міцкявічуса (Літоўскі інстытут маніторынгу правоў чалавека), Славаміра Цыбульскага (Польскі Хельсінскі Камітэт) і Валянціна Стэфановіча (эксперт па беларускіх нормах у галіне мірных сходаў).
Цяперашні ж семінар для выпускнікоў і слухачоў праекту “Фактычнае выкананне абавязанняў Беларусі…”, па словах кіраўнічкі праграмы Людмілы Ульяшынай, з’яўляецца ў пэўным сэнсе ўнікальным, паколькі на ім упершыню прадстаўленыя кірункі дзейнасці выпускнікоў, якія ўжо далі практычныя вынікі.
Сярод дадзеных кірункаў – прымяненне стратэгічных цяжбаў, стварэнне прававога часопісу, інтэрнэт-форума і праца з дзяржаўнымі структурамі. Апошні кірунак дзейнасці выпускнікоў праграмы з’яўляецца абсалютна новым. Яго з’яўленне і інтэнсіфікацыя выкліканыя ў першую чаргу разуменнем праваабаронцаў і юрыстаў таго, што імплементацыя правоў не можа адкладацца да таго моманту, калі будзе прынятае рашэнне міжнародных устаноў. Праваабаронцам і адвакатам неабходна выходзіць з канкрэтнымі прапановамі ўжо на стадыі выяўлення праблемы. Пазітыўным прыкладам такой дзейнасці, па словах Ульяшынай, можа з’яўляцца вопыт кіраўнічкі дадзенага кірунку, якая, з’яўляючыся чальцом Камітэта па нагляду за працай турмаў па Гомельскай вобласці, мае магчымасць ажыццяўлення маніторынгу датрымання правоў чалавека ў калоніях.
Тэорыя на практыцы
Цягам заняткаў удзельнікі праграмы не толькі атрымліваюць самыя актуальныя веды ў галіне міжнароднага права ад запрошаных экспертаў – прадстаўнікоў Офіса вярхоўнага камісара ААН, Рады Еўропы, Польскай Хельсінскай Фундацыі, Кэмбрыджскага і Оксфардскага універсітэтаў, беларускіх ды літоўскіх правазнаўцаў – але і маюць магчымасць абмеркаваць выпадкі з уласнай практыкі, падзяліцца працоўнымі клопатамі, атрымаць парады ды проста адчуць, што яны не адны.
Апошняе з’яўляецца ледзьве не самым істотным, паколькі, па словах Людмілы Ульяшынай, “застаючыся раздробненымі, раз’яднанымі, адвакаты і праваабаронцы вельмі хутка губляюць энэргію, матывацыю да працы”. Сустрэчы падчас сэсій і семінараў даюць ім магчымасць пераканацца ў тым, што, нягледзячы на разнастайныя праблемы, пазітыўная дынаміка ў прымяненні стандартаў міжнароднага права беларускімі судамі усё ж існуе.
Гэта пацвярджаюць і канкрэтныя дадзеныя. Цягам маніторынгу працы судоў, які быў праведзены выпускнікамі праграмы і студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта было сабрана і прааналізавана больш за 80 рашэнняў беларускіх судоў першай інстанцыі, у выпадках, калі адвакаты і праваабаронцы цягам судовых працэсаў прымянялі міжнародныя нормы. Аналіз паказаў, што беларускія суды пачынаюць спасылацца на міжнародныя нормы, у выніку паслядоўных і карэктных зваротаў адвакатаў.
Аднак, нягледзячы на дадзены пазітыўны факт, вялікім пытаннем застаецца ўзровень працы нацыянальных судоў. Паколькі, як адзначае Людміла Ульяшына, нават калі Канстытуцыйны суд Беларусі прызнае вяршэнства міжнародных палажэнняў, то нацыянальныя суды прымаюць свае рашэнні ў адпаведнасці выключна з нацыянальным правам і, калі адвакаты альбо праваабаронцы звяртаюць увагу суддзяў на неадпаведнасць апошняга міжнародным стандартам, суды не заўсёды разумеюць, якім чынам падысці да вырашэння дадзенай праблемы. Вачавідна, што часткова гэта звязана і з адсутнасцю кадраў, якія маюць веды як у галіне як беларускага, так і міжнароднага права. Супольная дзейнасць жа выпускнікоў праграмы дазваляе рэалізоўваць стандарты міжнароднага права на ўзроўні нацыянальных судоў. Аб гэтым сведчыць досвед дзейнасці Гомельскага, Берасцейскага ды Віцебскага цэнтраў, працоўныя групы якіх неаднаразова дэманстравалі суддзям высокі ўзровень прафесійнасці іх зваротаў, што ў выніку прыводзіла да прыняцця судамі рашэнняў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.
Праваабаронцы і адвакаты: зрыньванне стэрэатыпаў
Неабходнасць усталявання сувязяў паміж праваабаронцамі і адвакатамі звязаная яшчэ і з тым, што да гэтага часу ў беларускім грамадстве даволі пашыранае стэрэатыпнае ўспрыняцце праваабаронцы як “нелегальнага юрыста”, які не толькі не дапамагае ў абароне правоў грамадзян, але і перашкаджае сваёй непрафесійнасцю адвакатам. У сувязі з гэтым працоўныя дачыненні праваабаронцаў і адвакатаў ніколі не віталіся, што, безумоўна, не ішло на карысць рэалізацыі міжнародных стандартаў права ў Беларусі.
Супраца праваабаронцаў і адвакатаў у межах праграмы дазваляе абодвум бакам не толькі пераканацца, што размова паміж імі можа адбывацца на адным узроўні і на агульнай мове, але і ў тым, што ў сваёй дзейнасці яны маюць агульную мэту. Разам з гэтым прыходзіць разуменне выгоднасці выкарыстання рэсурсаў адзін аднаго: адвакаты, ажыццяўляючы абарону тых, чыя справа знаходзіцца ў судзе, дапамагаюць канкрэтным ахвярам парушэння правоў чалавека, а суддзям яны дапамагаюць успрымаць правы чалавека як інструмент права.
Праваабаронцы ж маюць магчымасць выконваць сваю справу якасней, паколькі без юрыдычнай адукацыі спецыфічная логіка юрыспрудэнцыі не заўсёды можа быць засвоеная, што ў выніку прыводзіць да таго, што і праваабаронцы, і ахвяры парушэння правоў чалавека застаюцца непачутыя. Таму пераклад праваабаронцамі сваіх зваротаў на мову юрыстаў часам з’яўляецца ключавым ў прадастаўленні эфектыўнай абароны пацярпелым грамадзянам.
Акрамя гэтага, магчымасць падзяліцца сваім досведам і для праваабаронцаў, і для адвакатаў мае надзвычай вялікае значэнне. Па словах адной з удзельніц праграмы, адвакаткі Наталлі Мяцеліцы, сустрэчы падчас праграмы з’яўляюцца “штуршком для новых ідэй, магчымасцю атрымаць духоўныя сілы для таго, каб вярнуцца дадому і дзейнічаць-дзейнічаць-дзейнічаць”.
Перспектывы
Падсумоўваючы, варта адзначыць, што, як слушна заўважыла Наталля Мяцеліца, “нічога не адбываецца адразу”: працэс дэ-факта імплементацыі нормаў міжнароднага права ў Беларусі патрабуе як часу, так і кваліфікаваных кадраў.
Пры гэтым, улічваючы ўсю тую ж спецыфіку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, ініцыятывы праграмы «Прымяненне міжнароднага права ў праваабарончай дзейнасці» бачацца адным з крокам у кірунку да ўсталявання міжнародных прававых стандартаў як у судовай дзейнасці, так і на ўзроўні грамадскіх дачыненняў, калі кожны грамадзянін ведае свае правы і ўпэўнены ў тым, што ў яго будзе магчымасць абараніць іх, у выпадку неабходнасці, пры дапамозе спецыяліста нават у судовым парадку.