У рамках кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання", першыя займаліся адукацыйнай дзейнасцю ў многіх гарадях і мястэчках краіны, дзе раздавалі мінакам улёткі, налепкі, буклеты па тэме існуючай у Беларусі меры пакарання.
Праваабаронцы даўно заяўлялі, то адукацыйны напрамак вельмі важны, бо прыняццё адпаведнага рашэння на вышэйшым узроўні залежыць, у першую чаргу, ад грамадскай думкі.
Смяротная кара? Дагэтуль?
Па словах праваабаронцаў, многія мінакі здзіўляліся таму, што ў Беларусі да цяперашняга часу існуе такая кара, даўно адмененая ва ўсёй Еўропе і нават на постсавецкай прасторы.
Большасць выказвала зацікаўленасць акцыяй, людзі падыходзілі, задавалі пытанні, некаторыя бралі буклеты і чытаючы, ішлі далей.
У адной сталіцы 10 кастрычніка каля цэнтральнай плошчы праваабаронцы і моладзевыя актывісты зладзілі інфармацыйны ланцуг.
,Мінчукам распавялі аб праблеме смяротнага пакараньня і аб тых пакутах, якія мусяць вынесці сваякі пакараных, якія ня ведаюць нават, дзе пахаваныя іх блізкія.
Удзельнікі акцыі былі апранутыя ў адмысловыя майкі з яскравым надпісам: “Скажы “НЕ” смяротнаму пакаранню”.
Як адзначаюць праваабаронцы, большасць людзей зараз выказвае абурэнне тым фактам, што краіна “у цэнтры Еўропы” захоўвае такія сярэднявечныя перажыткі, як пакаранне смерцю.
Але чыноўнікі па-ранейшаму лічаць грамадства “не гатовым да зменаў у гэтым напрамку”.
Культурны ціск
Культура, якая часта застаецца па-за палітыкай, таксама была актыўна прыцягнутая да праблемы смяротнага пакарання.
Варта хаця б прыгадаць выступ Стынга (на фота ў цэнтры), што адразу ж патрапіў у Youtube, з яго заклікамі адмяніць пакаранне смерцю ў Беларусі.
“Прывітанне, мяне завуць Стынг, і я супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках – таму што я веру ў чалавечую годнасць. У Еўропе толькі адна краіна ужывае смяротнае пакаранне, і гэтая краіна – Беларусь. Прыйшоў час змяніць гэта. Давайце пакладзем канец гэтай жорсткасці – раз і назаўсёды” – эмацыйна кажа спявак, апрануты ў майку “Скажы “НЕ” смяротнаму пакаранню”.
Узяць прыклад са знакамітага спевака вырашылі і музыкі з Беларусі і Літвы, што адыгралі ў Вільні дабрачынны канцэрт, каб заклікаць людзей сказаць “НЕ!” смяротнай кары ў Беларусі. Саліст літоўскага гурта Зала сказаў, што яны выступілі бясплатна, таму што добрыя ідэі трэба падтрымліваць.
У Вільні да кампаніі далучыліся актывісты недзяржаўнай арганізацыі Belarus Watch і Беларускі Дом правоў чалавека.
Як сказаў Андрэй Палуда з праваабарончага цэнтру “Вясна”, звяртацца да дзеячоў культуры тут абсалютна натуральна, бо неабходна агітацыя, ціск на ўлады.
Таксама Палуда выказаў надзею, што “пры наступнай нашай размове смяротнага пакарання ў Беларусі ўжо існаваць не будзе”.
“Смерць – гэта не правасуддзе”
Акрамя саміх беларускіх праваабаронцаў, што актыўна займаюцца тэматыкай адмены смяротнага пакарання, інфармацыйную кампанію ў краіне пачалі і міжнародныя структуры.
8 кастрычніка ў Мінску ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстава “Смерць – гэта не правасуддзе”.
На выставе прадстаўлена 100 плакатаў, адабраных у рамках конкурсу, які прайшоў пад патранажам генеральнага сакратара Рады Еўропы Турб’ерна Ягланда і прысвечанага скасаванню смяротнай кары.
Экспазіцыя ў Мінску будзе працавацца з 9 кастрычніка па 11 снежня 2010 года, уваход на яе вольны.
На цырымоніі адкрыцця выставы прымалі ўдзел в.а. кіраўніка дэлегацыі ЕЗ у Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Венгрыі ў Беларусі Ферэнц Контра, прадстаўнік генеральнага дырэктарата Рады Еўропы па дэмакратыі і палітычных пытаннях Данііл Хочабо.
Такая ўвага палітычных еўрапейскіх арганізацый да праблемы служыць доказам таму, што пытанне смяротнага пакарання ў Беларусі – палітызаванае, гэтая тэма ўжо шмат гадоў служыць прадметам сваеасаблівага “гандлю” паміж Беларуссю і ЕЗ.
Шснаванне смяротнага пакарання не дазваляе Беларусі стаць сябрам Рады Еўропы.
Беларусы, якім выносяцца смяротныя прысуды, не могуць звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Аўтарытарнай краіне з яе непразрыстай сістэмай правасуддзя зусім не патрэбны яшчэ адзін механізм вонкавага кантролю.
З іншага боку, скасаваць смяротную кару ў Беларусі можна за адзін дзень – указам прэзідэнта. Не выключана, што гэта будзе першай саступкай, якую зробіць Беларусь Еўропе ў выпадку патрэбы, бо яна нічым не пагражае захаванню ўлады цяперашняга ўраду.
***
У Беларусі штогод выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. Апошнімі – у сакавіку – былі забітыя Андрэй Жук і Васіль Юзэпчук.
Сваякам забітых не паведамляюць час выканання прысуду. Звычайна аб гэтым яны даведваюцца выпадкова, напр., прынесшы ў турму сваім родным чарговую перадачу.
Цела сем’ям не выдаюць, таму блізкія не маюць нават магчымасці наведаць магілу.
Цяпер легальнага забойства чакаюць новыя злачынцы.
Паводле рэсурсаў "Вясна96" і "Хартыя97
Па тэме:
Зварот аб смяротным пакаранні двух грамадзян Рэспублікі Беларусь
Міжнародная супольнасць абураная смяротнымі пакараннямі ў Беларусі