Сустрэча выпускнікоў адукацыйнай міжнароднай праграмы "Фактычнае выкананне міжнародных абавязанняў Рэспублікі Беларусь у галіне грамадзянскіх правоў і свабод" была прысвечана пераважна агляду практычнай дзейнасці ўдзельнікаў пасля завяршэння актыўнай фазы навучання.

Шчырая размова выявіла: робіцца шмат, зроблена нямала, а зрабіць трэба яшчэ больш.

Як прадэманстравала сустрэча, да праблемы ўкаранення ў беларускай практыцы міжнародных стандартаў правоў чалавека існуе не менш за два падыходы. Першы ўяўляе сабой непасрэдную працу з судамі, праваахоўнымі і адвакацкімі ўстановамі. Напісанне скаргаў і прадстаўленне інтарэсаў у судах, далейшае “блуканне па інстанцыях” у пошуках праўды аж да Камітэта ААН па правах чалавека – адзін з найбольш папулярных інструментаў, і ён мае прамы практычны сэнс. Ні для каго не сакрэт, што адной з асноўных умоваў, якія робяць магчымым масавае пагарджанне правамі чалавека, з’яўляецца абсалютная недасведчанасць большасці беларускіх юрыстаў пра сутнасць гэтых паняццяў і міжнародных абавязкаў краіны па дадзенай тэме.  Практычныя спасылкі ў іскавых і іншых  дакументах на такога кшталту дамовы і законы прымушаюць суддзяў, пракурораў, міліцыянераў і адвакатаў, як мінімум, шукаць гэтыя акты і ўважліва іх вывучаць.

Другі падыход умоўна і некалькі іранічна можна было б назваць “кругом ды навокала”. Хацелася б, каб толькі нікога не ўвяла ў зман гэтая любоўная іронія, паколькі аўтар гэтых радкоў сам з’яўляецца яго гарачым прыхільнікам. Сутнасць заключаецца ў тым, што правы чалавека – гэта не толькі канкрэтныя нарматыўныя акты, але і вялікая, найглыбейшая тэарэтычная база, назапашаная за ўсю гісторыю чалавецтва. Гэта і працы філосафаў, і гісторыя станаўлення, і сутнасць розных паняццяў, і шмат іншых надзвычай цікавых і інтэлектуальных рэчаў, якія абгрунтоўваюць неабходнасць і безальтэрнатыўнасць недатыкальнасці правоў і свабодаў асобы. Калі такая інфармацыя трапляе да чалавека, узровень адукаванасці і развіцця якога хаця б крыху адрозніваецца ад нуля, то ўздзейнічае ў шмат разоў мацней за сухое выкладанне юрыдычных фармуліровак.

Інтэрнет-рэсурсы і публікацыі ў СМІ, часопісы, газеты і фільмы, адным словам – любая інфармацыйная работа, праз якую да чалавека можна данесці ўсе пералічаныя вышэй рэчы, падыходзіць дзеля таго, каб зрабіць “філасофію” (альбо “ідэалогію”) правоў чалавека бліжэйшай і даражэйшай простаму чалавеку.  І такая пастаянная, сур’ёзная праца можа істотна павысіць узровень павагі да правоў чалавека ў Беларусі, праз простых людзей уздзейнічаць на агульнадзяржаўную практыку.

У палітычных выбарчых тэхналогіях ёсць прынцып,  запазычаны ў камерцыйных рэкламшчыкаў: “прынцып татальнасці”. Скарочана яго можна сфармуляваць так: Ваш мэсыдж дойдзе да адрасата толькі тады, калі ён перадаецца па ўсіх магчымых у Вашых умовах каналах. Калі, скажам, Вы рэкламуецеся толькі па ТБ, а Ваш праціўнік – і па ТБ, і праз газеты, і праз лістоўкі на пад’ездах, шанцаў перамагчы ў яго будзе намнога больш, нават калі на асобныя спосабы ён траціць значна менш, чым Вы на сваё ТБ, а агульны бюджэт аднолькавы.

Унікальнасць першага выпуска праграмы “Фактычнае выкананне міжнародных абавязанняў Рэспублікі Беларусь у галіне грамадзянскіх правоў і свабод”, на мой погляд, у тым, што ўдзельнікам групы абсалютна натуральным чынам удалося дасягнуць некаторага балансу ў іх інтарэсах і ў сфармуляваных падыходах, у выніку чаго сёння можна з большай доляй верагоднасці меркаваць, што праца павольна, але пэўна набліжаецца да гэтага самага “прынцыпу татальнасці”.

У напісанні скаргаў і працы ў судах нямалага дасягнулі ўдзельнікі праграмы Леанід Судаленка, які прадставіў на суд грамадскасці самую вялікую ў Беларусі колькасць індывідуальных скаргаў у Камітэт ААН па правах чалавека (а да гэтай стадыі ў кожным асобным выпадку прыйшлося прайсці ўсе нацыянальныя інстанцыі), а таксама Леанід Свецік, які дасягнуў першых, але зусім канкрэтных поспехаў у барацьбе з дзяржаўнай машынай.

   

У праграмы з’явіўся свой Інтэрнет-рэсурс, які ўтрымлівае самы поўны на сённяшні дзень у Беларусі камплект матэрыялаў па правах чалавека. Аўтарам гэтага праекту стаў праваабаронца з Жодзіна Алесь Лапіцкі. 

Актывіст з Баранавічаў Карней Пятровіч канстатаваў практычна поўную гатоўнасць да пачатку выдання паўнавартаснага праваабарончага часопіса.

Ну і першая беларуская “Інтэрактыўная Праваабарончая Энцыклапедыя” ў фармаце DVD-дыска, якую прэзентаваў аўтар гэтага артыкула, мяркуецца, займае сваё месца ў шэрагу вартых ініцыятыў беларускіх праваабаронцаў. У “Інтэрактыўнай Праваабарончай Энцыклапедыі” сабраныя як фактычныя, прававыя дакументы і матэрыялы, так і лекцыі, відэафільмы, літаратура па правах чалавека.

Такім чынам, мы бачым: усе магчымыя каналы работы па распаўсюдзе ў Беларусі павагі і разумення сутнасці паняцця “правы чалавека”, даступныя сёння грамадскім актывістам, удзельнікамі праграмы  "Фактычнае выкананне міжнародных абавязанняў Рэспублікі Беларусь у галіне грамадзянскіх правоў і свабод" выкарыстоўваюцца! І гэта можна лічыць галоўным вынікам больш чым двухгадовай працы: “прынцып татальнасці” ў дзеянні!

Безумоўна, нельга не адзначыць некаторых хібаў у рабоце, што выявіліся ў ходзе сумеснага аналізу вынікаў: праваабаронцы, якія пішуць скаргі і перыядычна дасягаюць поспехаў (калі КПЧ займае іх бок і рэкамендуе беларускаму ўраду выправіць сітуацыю), яшчэ не знайшлі механіхмаў прымусіць дзяржаву выконваць гэтыя рашэнні.

Інтэрнет-сайт, як высветлілася, яшчэ мае патрэбу ў тэхнічным удасканаленні і “раскрутцы”, а “Праваабарончая энцаклапедыя” – у інфармацыйных дапаўненнях.

Але гэта наўрад ці павінна хваляваць ініцыятараў гэтых праектаў. Бо самым складаным заўсёды з’яўляецца першы крок, а ўдасканальваць – заўсёды прыемна.