Праграма “Міжнароднае права ў праваабарончай дзейнасці”, накіраваная на павышэнне ўзроўню дасведчанасці і навыкаў праваабаронцаў і прывядзенне нацыянальнай праваабарончай сістэмы ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, ажыццяўляецца ў межах Сеткі Дамоў правоў чалавека з 2006 года. Праграма ўключае ў сябе два праекты. Першы з іх – "Выкананне міжнародных стандартаў у нацыянальнай судовай практыцы”. Заняткі для адной з груп гэтага праекту былі праведзеныя ў 2006-2008 гг., а для другой адбываюцца ў цяперашні час і разлічаныя на 2009-2010 гг.  Яшчэ адзін праект – “Дыстанцыйнае навучанне адвакатаў правам чалавека” ажыццяўляецца зараз і мае мэту паспрыяць развіццю выкарыстання механізмаў абароны правоў чалавека.  

На сённяшні дзень у межах другога этапу праграмы "Міжнароднае права ў праваабарончай дзейнасці" ўжо адбылося два семінары, першы з якіх праходзіў пад Чарнігавам з 3 па 9 траўня 2009 года.

Чарнігаўскі семінар быў адкрыты прывітальнымі словамі вядомага беларускага праваабаронцы, удзельніка першага этапу праграмы "Міжнароднае права ў праваабарончай дзейнасці" Леаніда Свеціка, дасланымі аўтарам, паколькі сам ён на мерапрыемстве прысутнічаць не меў магчымасці.

Як вядома, Л. Свецік быў абвінавачаны, згодна з артыкулам 130 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь, у распальванні нацыянальнай варожасці. Дарэчы, на сённяшні дзень Л. Свеціку ўжо вынесены прысуд, згодна з якім ён абавязаны заплаціць велізарны штраф. Такое абвінавачванне адвакат праваабаронцы Павел Сапелка назваў правакацыяй, а на думку праваабаронцаў, пераслед і прысуд непасрэдна звязаныя з праваабарончай дзейнасцю Л. Свеціка.

У сваім звароце да ўдзельнікаў мерапрыемства Л. Свецік адзначыў, што, "нягледзячы на знаходжанне паняцця правоў чалавека ў працэсе станаўлення і развіцця, існуюць людзі, якія завуцца праваабаронцамі і для якіх правы чалавека з’яўляюцца абсалютнай каштоўнасцю. Дзеля гэтай каштоўнасці яны гатовыя ўсвядомлена ісці на значныя асабістыя страты. Праваабаронцы – гэта людзі, якія зрабілі свой выбар: заўсёды знаходзіцца паміж уладай і чалавекам ды выконваць функцыю абароны правоў апошняга, паколькі парушэнні правоў чалавека ў большай ці меншай ступені маюць месца пры любым палітычным рэжыме". Ён таксама звярнуў увагу на вялікую адказнасць удзельнікаў семінара, ад падрыхтоўкі якіх “будзе залежаць здольнасць абараніць не толькі асабістыя правы, але і правы грамадзян, якім патрэбная гэтая абарона”.  

Абарона правоў чалавека з’яўляецца адным з асноўных прынцыпаў сучаснага міжнароднага права, і рэалізацыі гэтага прынцыпу сусветная грамадскасць надае вялікую ўвагу. Менавіта таму канстытуцыйныя дакументы амаль усіх краін гарантуюць грамадзянам асноўныя правы і свабоды. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь таксама ўтрымлівае палажэнні аб выкананні правоў і асноўных свабод чалавека. Аднак, як адзначыў адзін з удзельнікаў праграмы Аляксандр Каралёў, у рэальнасці забеспячэнне правоў чалавека ў Беларусі выконваецца далёка не заўсёды. Менавіта таму мэта першага адукацыйнага семінару, у якім прымалі ўдзел беларускія праваабаронцы з розных рэгіёнаў краіны, была сфармуляваная Каралёвым як зразуменне механізму, пры дапамозе якога “дзяржава павінна забяспечваць правы чалавека і падпісаныя ёю міжнародна-прававыя абавязкі…”  

Праграма Чарнігаўскага семінару ўтрымлівала некалькі навучальных частак. Першая была прысвечаная разгляду пытанняў, якія датычацца месца і значэння міжнароднага і канстытуцыйнага права як асноўных прававых сродкаў дзеля абароны правоў чалавека. Размова ішла пра нацыянальную сістэму абароны гэтых правоў, у прыватнасці аналізаваліся правы і свабоды, пералічаныя ў Канстытуцыі РБ, а таксама механізмы іх абароны. Звярталася ўвага на функцыянаванне міжнародных праваабарончых механізмаў, распрацаваных такімі арганізацыямі як ААН і Рада Еўропы.

У другой частцы праграмы былі разгледжаныя асобныя правы чалавека, такія як права на свабоднае выказванне меркавання, права на свабоду асацыяцыяў, права на справядлівы судовы разбор, а таксама былі абмеркаваныя пытанні правамернасці абмежаванняў правоў чалавека, для чаго актыўна выкарыстоўвалася практыка Еўрапейскага Суду па правах чалавека. 

Адна з частак семінару таксама была накіраваная на даследаванне пытанняў, звязаных з магчымасцямі выкарыстання міжнародна-прававых механізмаў абароны правоў чалавека ў нацыянальнай прававой сістэме.

Удзельнікамі семінару абмяркоўваліся і разнастайныя праблемы, што датычацца выканання правоў чалавека ў Беларусі. У прыватнасці ўвага ўдзялялася такому пытанню, як скасаванне смяротнага пакарання. 

У ходзе семінару былі праведзеныя тэарэтычныя і практычныя заняткі. Таксама была прадугледжаная паездка беларускіх праваабаронцаў у Кіеў, падчас якой яны атрымалі магчымасць азнаёміцца з досведам краіны-суседкі ў сферы прымянення міжнародна-прававых механізмаў абароны правоў чалавека на прыкладзе дзейнасці Сакратарыяту Ўрадавага ўпаўнаважанага па справах Еўрапейскага Суду па правах чалавека і Ўправы маніторынгу выканання правоў чалавека пры МУС Украіны.

Удзельнікі семінару атрымалі інфармацыйныя матэрыялы, а таксама заданні па выкарыстанні міжнародных стандартаў праваабарончай дзейнасці як на міжнародным, так і на нацыянальным узроўні. Мяркуецца, што ўдзельнікі будуць выкарыстоўваць атрыманыя падчас семінару навыкі пры падрыхтоўцы індывідуальных зваротаў да беларускіх уладаў і ў спецыяльныя міжнародныя інстытуты па фактах парушэння правоў чалавека.  

Другі семінар у рамках праграмы быў арганізаваны пры падтрымцы АБСЕ/БДІПЧ, Еўракамісіі і Фундацыі Дамоў правоў чалавека і адбыўся з 25 па 29 чэрвеня 2009 года ў Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні.

У першай частцы семінару ўдзельнікі пазнаёміліся з супрацоўніцай Камітэту ААН па правах чалавека Анітай Трымайлавай, якая распавяла пра структуру і кампетэнцыю статутных органаў у сістэме Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Былі падрабязна разгледжаныя пытанні, звязаныя са складаннем скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека. У другой частцы сустрэчы аб міжнародных нормах, што датычацца права на свабоду асацыяцыі, паведаміў прадстаўнік бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ Бенджамін Маро.

Частка лекцыяў закранула пытанні прававой ацэнкі нацыянальнага заканадаўства і судовай практыкі ў праваабарончай дзейнасці ў нацыянальных і міжнародных працэдурах і  маніторынгу ў праваабарончай дзейнасці.

Практычная частка ўключала трэнінгі па складанні скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека, па маніторынгу. Асаблівая ўвага надавалася ацэнцы прымальнасці індывідуальнай скаргі ў Камітэт па правах чалавека і знаёмству з зыходнымі дакументамі.

Па выніках мерапрыемства праваабаронца, юрыст з Маладзечна Сяргей Балыкін абагульніў меркаванне ўдзельнікаў: “Мы вельмі задаволеныя тым, што арганізатары за такі невялікі час змаглі данесці да нас максімальную колькасць інфармацыі, якая ўжо ў найбліжэйшы час дапаможа нам правільна і кваліфікавана скласці скаргу ў Камітэт па правах чалавека”.

У якасці аднаго са станоўчых момантаў можна адзначыць і наведванне семінару паслом Ірландыі ў Літоўскай Рэспубліцы Доналам Дэнхэмам (на здымку злева), які адзначыў важнасць працы, што ажыццяўляецца з мэтай развіцця і ўдасканалення праваабарончай дзейнасці.     

Наступны семінар у межах праграмы "Міжнароднае права ў праваабарончай дзейнасці" плануецца правесці зноў у Вільні ў жніўні гэтага года.      

Матэрыялы па тэме

Праграма "Міжнароднае права ў праваабарончай дзейнасці"
Дыстанцыйнае навучанне адвакатаў правам чалавека
Вывучаць і выкладаць правы чалавека онлайн