Удзел беларусаў у працы міжнароднай місіі стаўся магчымы, дзякуючы праекту "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка", які супольна рэалізуецца Аб’яднаным цэнтрам беларускіх ініцыятываў (JuBIC), Шведскім міжнародным ліберальным цэнтрам (SILC), Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам (ЕГУ) і Беларускім Домам правоў чалавека ў Вільні (БДПЧВ).
Праект складаецца з аднатыднёвай інтэнсіўнай навучальнай праграмы ў Вільні 11-18 траўня, распрацаванай вядомымі нарвежскімі палітолагамі пад кіраўніцтвам прафесара Фрэнка Арэборта з Універсітэта Бергена. Тэарытычныя веды, атрыманыя ў час лекцыяў, замацоўвалі на практыцы непасрэдна ў час прэзідэнцкіх выбараў у Літве 17 траўня. Апроч беларусаў ўдзел у праекце ўзялі літоўскія студэнты і шведскія грамадскія актывісты.
Каардынатарка праекту і студэнтка ЕГУ Наста Матчанка патлумачыла, у чым унікальнасць праекту:
– Праект складаецца з тэарытычнай і практычнай частак. Спачатку ўдзельнікі праслухоўваюць курс лекцыяў, якія ім чытаюць нарвежскія і беларускія палітолагі, праўнікі і праваабаронцы. Атрыманыя веды замацоўваюцца на практыцы – у час непасрэднага назірання за хадой выбарчай кампаніі. Адначасова ўдзельнікі праекту праходзяць акадэмічны курс, атрымліваюць адпаведныя сертыфікаты і акадэмічныя крэдыты.
Дарэчы, гэта не першыя выбары, за якімі мы назіраем. Пачынаючы з 2007 году, калі праект толькі пачынаўся, мы ўдзельнічалі ў міжнародных місіях на выбарах у Нарвегіі, Грузіі і Літве – ад муніцыпальных да парламенцкіх і прэзідэнцкіх. І кожны актыўны малады чалавек, які цікавіцца дэмакратыяй у свеце, можа да нас далучыцца.
Сябра JuBIC Яўген Гладкі дзеліцца ўражаннямі ад праграмы і назірання за выбарамі:
– Безумоўна, здараліся казусныя сітуацыі. Да прыкладу, мы зафіксавалі, як яшчэ дзейсны прэзідэнт краіны Валдас Адамкус галасаваў, не маючы пры сабе дакументаў. Аднак асноўная маса парушэнняў мела, хутчэй, тэхнічны характар і была справакаваная рознымі падыходамі да практычнай рэалізацыі міжнародных стандартаў выбарчай працэдуры. Да прыкладу, у нацыянальным заканадаўстве не расшыфраваны прынцып адкрытасці: “Ніхто не павінен ведаць, як хто галасуе”. А паводле мінжародных нормаў, тая ж адсутнасць фіранак у кабіне для галасавання – відавочнае парушэнне.
Нашыя групы назіральнікаў абавязкова ўтрымліваюць беларускіх і літоўскіх удзельнікаў, а нейкаторыя – яшчэ і ўдзельнікаў са Швецыі. Аднак нейкі выпадак, калі б мы не паразумеліся міжсобку, нават цяжка прыгадаць. Дый як тут не паразумецца, калі мы атрымлівалі аднолькавыя веды і навыкі, дый урэшце – мы ж усе еўрапейцы! Наадварот, тое, што група была інтэрнацыянальная, нават дапамагала! Да прыкладу, цяжка зразумець адэкватна ўсе асаблівасці і адценні літоўскага менталітэту, калі ты тут не жывеш стала. І тут дапамога мясцовага ўдзельніка папросту неацэнная!
Зрэшты, у час апошняй выбарчай кампаніі далася ў знакі менавіта беларуская спецыфіка. У той час, калі незаангажаваныя людзі пераважна зважаюць на агульную дэмакратычнасць працэдур, назіральнікі з Беларусі звярталі ўвагу найперш на ступень празрыстасці падліку галасоў. Хаця, вядома ж, гэта толькі адзін са складнікаў усяго выбарчага працэсу.
І ўсё-ткі найважнейшым было агульнае разуменне таго, што ёсць закон і яго трэба паважаць і трымацца. Гэтае разуменне нас усіх і задзіночыла.
Documents: