18 і 19 кастрычніка 2019 году ў Беларускім доме правоў чалавека імя Барыса Звозскава ў Вільні адбылася апошняя, сёмая сэсія V цыклу адукацыйнага праекту Bring International Standards Home (BISH) праграмы International Law in Advocacy (ILIA).

 

Праект BISH – гэта праграма дадатковай адукацыі для дарослых, якая навучае міжнароднаму праву правоў чалавека на ўзроўні, дастатковым для прафесійнага прымянення.

 

Сертыфікаты аб навучанні атрымалі дваццаць чалавек, сярод якіх – грамадскія актывісты, супрацоўнікі некамерцыйных арганізацый Беларусі, юрысты і незалежныя журналісты. Усіх іх цяпер аб’ядноўвае валоданне навыкамі прымянення міжнародных стандартаў правоў і свабодаў чалавека, веды аб сучасных канцэпцый правоў чалавека і здольнасць дадаваць культуру правоў чалавека і гуманістычныя каштоўнасці ў сваю працу.

 

Апошняя сэсія цыклу складалася з абароны планаў адвакацыйных кампаній, складанне якіх было хатнім заданнем для ўдзельнікаў пасля папярэдняй сэсіі ў Чарнігаве, цалкам прысвечанай абароне грамадскіх інтарэсаў у рэчышчы правоў чалавека. Агулам удзельнікі стварылі шэсць планаў адвакацыйных кампаній на тэмы, якія абіралі самастойна. Іх спектр атрымаўся вельмі шырокі:

  • абарона правоў дзяцей на інклюзіўную адукацыю;
  • стварэнне механізма абароны правоў дзіцяці на грунце міжнародных стандартаў і каштоўнасцяў правоў чалавека;
  • прадухіленне побытавага гвалту праз падвышэнне эфектыўнасці прававых механізмаў;
  • абарона права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі;
  • прасоўванне альтэрнатыўнай службы;
  • абарона права на працу былых зняволеных, ліквідацыя іх дыскрымінацыі.

 

 

Абарона праектаў

 

Падчас абароны праектаў удзельнікі атрымлівалі парады ад экспертаў і ад калегаў, як удасканаліць кампанію, зрабіўшы яе прыдатнай да рэалізацыі. Фактычна, вынікам сэсіі сталі гатовыя планы дзеянняў.

На другі дзень сэсіі перад удзельнікамі выступала Людміла Ульяшына – юрыст, доктар права, якая разам з Барысам Звозскавым, заснавальнікам Беларускага дома правоў чалавека, стаяла ля вытокаў навучальнага праекта «Міжнародныя стандарты – у нацыянальную практыку» (ILIA). Яе лекцыя “У мяне ёсць мара. Аб ролі культуры правоў чалавека ў імплементацыі стандартаў” стала падсумаваннем усяго курсу і сімвалічным пажаданнем новым выпускнікам.

Сёлетнія выпускнікі далучыліся да супольнасці выпускнікоў усіх адукацыйных праектаў БДПЧ, а гэта – больш за 150 чалавек, аб’яднаных праграмай пасляадукацыйнай дзейнасці Folow-up.