Адметнасць гэтай сэсіі была ў тым, што яна доўжылася не тры дні, як астатнія, а шэсць дзён; і навучанне адбывалася не ў Беларускім ДПЧ, а ў Чарнігаве, у Асветным доме правоў чалавека. Таксама адметнай была і тэма: удзельнікі вывучалі не змест асбных правоў чалавека, зафіксаваных у Міжнародным пакце грамадзянскіх і палітычных правоў, а займаліся планаваннем кампаній, скіраваных на імплементацыю гэтых правоў на нацыянальным узроўні.
Пра змест сэсіі распавядае сябра каманды BISH, фасілітатар-куратар групы Андрэй Стрыжак:
– Каманда праекту BISH рэагуе на патрэбы нашых навучэнцаў. Большасць удзельнікаў працуюць з абаронай грамадскіх інтарэсаў у Беларусі. У звязку з гэтым у праграму курса, скіраваную на абарону правоў чалавека з выкарыстаннем міжнародных праваабарончых механізмаў, мы дадалі элементы, якія звязваюць МПМ з магчымасцямі прасоўвання грамадскіх інтарэсаў на нацыянальным узроўні. Выкарыстанне ўсіх даступных інструментаў, як міжнародных, так і нацыянальных, дазваляе больш эфектыўна. Досвед, у тым ліку і выпускнікоў нашай праграмы, паказвае, што выкарыстанне, напрыклад, стратэгічных судовых цяжбаў, петыцый у дзяржаўныя органы ў спалучэнні з механізмам універсальнага перыядычнага агляду і звароту да спецдакладчыка даюць максімальны кумулятыўны эфект уздзеяння на беларускія ўлады.
– Асобна варта адзначыць, што сэсія БІШ у Чарнігаве заўжды мае ў праграме візіт у дзяржаўныя інстытуты Ўкраіны, якія дэманструюць імплементацыю стандартаў правоў чалавека ў сваю работу. Сёлета з дапамогай УГСПЛ былі арганізаваныя візіты ў Пракуратуру Аўтаномнай рэспублікі Крым, дзе таксама адбылася сустрэча з Упаўнаважаным Прэзідэнта Украіны па АРК, і ў Вярхоўны суд Украіны. Для нашай праграмы вельмі важна паказаць, што бываюць чыноўнікі, суддзі, пракуроры, якія не глядзяць са здзекам на правы чалавека і праваабаронцаў, а наадварот – падкрэсліваюць важнасць узаемадзеяння дзяржаўных структур з праваабаронцамі і НДА для рэалізацыі правоў і свабодаў людзей. Гэта ўнікальны натхняльны і матывуючы ўдзельнікаў групы досвед.
– На гэтай сэсіі ўдзельнікі аб’ядналіся ў групы, каб распрацоўваць уласныя планы адвакацыі. Гэты план з дапамогай экспертаў пройдзе шлях ад ідэі да практычнага пакрокавага плану рэалізацыі адвакацыйнай кампаніі. Распрацаваныя ўдзельнікамі планы будуць “дыпломнымі праектамі”, якія ўдзельнікі абароняць перад камандай на наступнай, фінальнай сэсіі праекта BISH праграмы ILIA-By.
Партнёрам праекту BISH быў Хельсінкскі фонд па правах чалавека, пры ўзаемадзеянні з якім была падрыхтаваная праграма гэтай сэсіі; трэнерам сэсіі з’яўляецца эксперт праграмы, супрацоўнік ХФПЧ Вольга Саламатава.
Візіты ў дзяржаўныя інстытуцыі Украіны былі арганізаваныя пры ўдзеле УГСПЛ (Украінскай Хельсінкскай суполкі па правах чалавека) і юрыста УГСПЛ Дар’і Свірыдавай.
Удзельнікаў сэсіі гасцінна прыняў Асветны дом правоў чалавека ў Чарнігаве; экспертам на сэсіі выступаў яго выканаўчы дырэктар Сяргей Бураў.
Падрабязней аб навучальным праекце Brings International Standards Home.
Супрацоўнік ХФПЧ (Варшава), трэнер сэсіі Вольга Саламатава
Удзельнікі сэсіі падчас экскурсіі ў Чарнігаве
У цэнтры – Сяргей Бураў, выканаўчы дырэктар Асветнага дома па правах чалавека ў Чарнігаве
Выступае Вольга Саламатава (ХФПЧ, Варшава)
Перад навучэнцамі выступае украінскі суддзя Павел Пархоменка, выпускнік праграм Чарнігаўскага ДПЧ, валанцёр праваабарончай арганізацыі
Дар’я Свірыдава (УГСПЛ) і намеснік пракурора Аўтаномнай Рэспублікі Крым Ігар Паначоўны
Ігар Паначоўны, намеснік пракурора Аўтаномнай Рэспублікі Крым, і прадстаўнік Прэзідэнта Украіны Антон Карыневіч
Падчас візіту ў Вярхоўны Суд
Суддзі Вярхоўнага суда разам з Вольгай Саламатавай (ХФПЧ) і Дар’яй Свірыдавай (УГСПЛ)
Эксперт Леанід Судаленка, выпускнік І цыкла BISH, расказаў пра адвакацыю на практыцы — на прыкладзе кампаніі супраць Дэкрэта №3.
Марына Гаварухіна, выпускніца праграмы Розуміємо права людини. Всеукраїнська освітня програма ОДПЧ правяла для навучэнцаў курса Bring International Standarts Home cэсію па стратэгічных камунікацыях і распавяла пра камунікацыйныя лайфхакі