Цягам дня 12 снежня адбылося некалькі прэзентацый і дыскусій пры ўдзеле прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, профільных міністэрстваў і ведамстваў, дыпламатычнага корпусу, экспертаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці пад агульнай назвай “Нацыянальны план дзеянняў па правах чалавека: актуальныя пытанні рэалізацыі і перспектывы”. 

У панэльнай дыскусіі “Роля грамадзянскай супольнасці ў рэалізацыі нацыянальнага плана дзеянняў па правах чалавека” ўпершыню шырока прымалі ўдзел прадстаўнікі грамадскіх і праваабарончых арганізацый, а таксама эксперты, якія былі запрошаныя на мерапрыемства ў асабістай якасці.

Удзельнікі кансультацый і дыскусій, якія прадстаўляюць грамадзянскую супольнасць, выказалі свае меркаванні аб рэалізацыі пунктаў нацыянальнага плану, падзяліліся думкамі аб учорашнім мерапрыемстве.

Неадназначныя ўражанні засталіся ад мерапрыемства ў старшыні Беларускага Хельсінскага камітэта Алега Гулака: “Уражанне даволі неадназначнае і складанае. Добра што гэта адбылося, добра, што гэты план па-ранейшаму ў павестцы дня, а  сустрэча з удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці дала магчымасць пашырыць кола ўдзельнікаў кансультацый і гэта было важна. Цікава таксама было пачуць ад прадстаўнікоў дзяржаўных органаў аб тым,  як яны бачаць гэты план, і што зраблена ў гэтым накірунку. А з іншага боку засталася і пэўная незадаволенасць: няўжо немагчыма рабіць запланаванае хутчэй і больш. Час ідзе, прайшоў ужо год, нейкія крокі робяцца, ёсць пэўны прагрэс, але усё гэта робіцца надта марудна”.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец заўважае, што і дзяржава, і трэці сектар могуць размаўляць на адной мове і шукаць пэўныя кропкі узаемадзеяння, і не толькі ў тых галінах, дзе гэта адбываецца ўжо дастаткова доўга, як, напрыклад,  у медыцыне, але і з удзелам праваабарончых арганізацый: “Зразумела і цалкам натуральна, што погляды прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і погляды прадстаўнікоў грамадскага сектару разыходзяцца. Вось адзін яскравы прыклад: прадстаўнік Міністэрства замежных спраў заяўляе, што, маўляў, будзе цудоўна, калі мы са ста паказчыкаў вось гэтага нацыянальнага плану па правах чалавека нешта выканаем, на што рэплікай адказаў Юры Чавусаў: “Беларусь будуць ацэньваць не па тым, колькі мы паказчыкаў выканалі, а наколькі палепшылася становішча ў той, ці іншай галіне грамадскага жыцця”. І ў гэтым бачыцца сур’ёзнае разыходжанне. Эксперты з боку грамадскасці звярталі ўвагу і на тую акалічнасць, што план сфармуляваны вельмі неканкрэтна, няма крытэрыяў для вызначэння, якія накірункі і пункты выкананыя, няма таксама індыкатараў для ацэнкі. Да гэтых ста накірункаў трэба было б распісаць, што менавіта трэба зрабіць, каб дасягнуць мэты, бо не заўсёды гэта ў плане пазначана. Але прадстаўнікі дзяржавы казалі, што распрацоўваць падрабязныя планы ня трэба, што публічнасць, пра якую вялася гаворка, таксама спрэчнае пытанне.На маю думку, гэтыя разыходжанні цалкам натуральныя і мне падаецца, што кансультацыя экспертаў прайшла дастаткова добра. Застаецца адзінае пытанне – наколькі будзе рэалізаванае тое, аб чым размаўлялі пад час мерапрыемства”.

Юрыст Асамблеі няўрадавых арганізацый,  які быў запрошаны як эксперт у індывідуальнай якасці Юрый Чаусаў, адзначае, што гэта не першая сустрэча, арганізаваная праграмай развіцця ААН супольна з Міністэрствам замежных спраў і датычная дзяржаўных планаў, справаздачаў і працы ў накірунку правоў чалавека.

“Добра, што гэтым разам быў запрошаны шэраг прадстаўнікоў не толькі зарэгістраваных арганізацый грамадзянскай супольнасці, але і ў індывідуальнай якасці, былі запрошаныя асобы са структураў, якія дзяржавай не прызнаюцца ў якасці зарэгістраваных. Я таксама быў запрошаны ў індывідуальнай якасці як эксперт, хаця насамрэч з’яўляюся юрыстам Асамблеі няўрадавых арганізацый. Атрымаўся такі кампраміс паміж двумя структурамі-арганізатарамі”.

Юрый Чавусаў падкрэслівае, што крытэрыем ацэнкі паспяховасці, ці не паспяховасці плана па правах чалавека павінна быць змяненне сітуацыі з правамі чалавека:“Няхай сабе нязначныя, няхай сабе у дробных рэчах, але мусіць быць вырашэнне праблемаў з правамі чалавека, а не проста выкананне мерапрыемстваў, замацаваных у плане. Для мяне, як для эксперта, які працуе ў сферы свабоды асацыяцый, прынцыпова важным пытаннем з’яўляецца паляпшэнне менавіта ў гэтай галіне. Не хаваю свайго расчаравання тым, што нягледзячы на тое, што пад час прадстаўлення Універсальнага перыядычнага агляду ў 2015 годзе, ды і пад час іншых справаздач, якія Беларусь праходзіць у міжнарождных структурах, вылучалася шмат рэкамендацый па свабодзе асацыяцый. Гэта і пытанні рэгістрацыі грамадскіх арганізацый, і пытанні крымінальнай адказнасці за дзейнасць без рэгістрацыі, і фінансавыя ўмовы для атрымання сродкаў для дзейнасці НДА як унутры краіны, так і па за яе межамі. На жаль, у зацверджаным год таму плане пытанні свабоды асацыяцый, ніякім чынам  не адлюстраваныя. Дарэчы і свабода слова таксама вельмі мала адлюстраваная. Збольшага гаворка ідзе пра тыя аспекты, дзе дзяржава можа прымяніць сваю рэгулятыўную функцыю, без канфлікту дзяржавы і індывідуума. Таму я мушу канстатаваць, што на дадзеным этапе, ад часу прынятых Беларуссю рэкамендацый у межах Універсальнага перыядычнага агляду ў 2015 годзе па прынцыповых, па важных пытаннях прагрэсу не дасягнута. Дзяржава можа казаць пра стварэнне перамоўных пляцовак і арганізацыі такіх вось канферэнцый. Але казаць пра сутнасныя змены з правамі чалавека на дадзеным этапе дзяржава на жаль не можа”.

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які  таксама браў удзел у кансультацыях, адзначае, што ў прадстаўнікоў дзяржаўных органаў дагэтуль не выпрацавана яснага бачання механізму ўзаемадзення з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці ў межах рэалізацыі прынятага Міжведамаснага плана.

“У мяне асабіста склаліся досыць супярэчлівыя ўражанні ад учорашняга мерапрыемства. З аднаго боку, нельга не адзначыць той факт, што гэтым разам кансультацыі адбыліся ў больш шырокім коле запрошаных удзельнікаў.  Былі не толькі прадстаўнікі зарэгістраваных НДА, але і прадстаўнікі незарэгістраваных арганізацый,  у якасці “экспертаў у асабістай якасці”. Я таксама быў запрошаны ў якасці такога “эксперта ў асабістай якасці” і гэта быў першы ўдзел прадстаўніка ПЦ “Вясна” ў такога кшталту кансультацыях. З іншага боку, некаторыя рэчы засмуцілі мяне. Было бачна, што ў прадстаўнікоў дзяржаўных органаў дагэтуль не выпрацавана яснага бачання механізму ўзаемадзення з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці ў межах рэалізацыі прынятага Міжведамаснага плану, хаця ўжо мінуў год ад моманту ягонага прыняцця. Быў відавочным брак камунікацыі паміж дзяржаўнымі органамі і грамадзянскай супольнасцю. Дагэтуль у публічным доступе немагчыма знайсці планы мерапрыемстваў па рэалізацыі канкрэтных рэкамендацый плана тых дзяржаўных органаў, якія пазначаныя ў якасці адказных за імплементацыю канкрэтных рэкамендацый, няма публічных справаздачаў аб выніках іх працы па рэалізацыі плана. Ды і з таго, што было агучана бачна, што зроблена, скажам шчыра, няшмат. У той жа час было цікава і карысна пачуць пра досвед узаемадзення НДА і дзяржаўных органаў у некаторых сферах, па гендэрных пытаннях, па правах людзей з інваліднасцю, па праблемах СНІД. Аказваецца, у краіне ёсць ужо напрацаваны досвед паспяховага ўзаемадзеяння НДА і дзяржаўных органаў па вырашэнню канкрэтных і важных праблем, якія таксама ўваходзяць у праваабарончы парадак дня”.

Стэфановіч нагадвае, што прадстаўнікі праваабрончай супольнасці неаднаразова заўлялі аб сваёй гатоўнасці да дыялогу і ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі дзеля вырашэння канкрэтных праблемаў у галіне правоў чалавека. Гэта было адлюстравана і ў выніковай Рэзалюцыі IV Беларускага праваабарончага форуму.

“Ці прывядзе рэалізацыя Міжведамаснага плана па правах чалавека да стварэння рэальных дыялогавых пляцовак па ўзаемадзеянні праваабарончых арганізацый з дзяржаўнымі органамі –  шмат у чым залежыць ад уладаў. Для нас важна, – кажа праваабаронца, – каб рэалізацыя гэтага плану прывяла да рэальных зменаў у канкрэтных сферах правоў чалавека”.

***

Першы Нацыянальны план па правах чалавека прыняты ў кастрычніку 2016 года і накіраваны на рэалізацыю прынятых Беларуссю рэкамендацый у межах Універсальнага перыядычнага агляду. Дакумент уяўляе собой своеасаблівую дарожную карту і вызначае асноўныя напрамкі дзеянняў па імплементацыі абавязкаў дзяржавы па захаванні правоў чалавека.


Артыкулы па тэме

Другі раўнд УПА: справаздачу Беларусі абмеркавалі ў Савеце па правах чалавека ААН

Беларускія НДА накіравалі ў ААН даклад у рамках працэдуры Ўніверсальнага перыядычнага агляду

У Мінску прайшло ўзнагароджанне лаўрэатаў Нацыянальнай праваабарончай прэміі