Фундацыя дамоў правоў чалавека

Belarusian

Карцінка: У Мінску прайшло ўзнагароджанне лаўрэатаў Нацыянальнай праваабарончай прэміі  
Правы належаць: spring96.org

У Мінску прайшло ўзнагароджанне лаўрэатаў Нацыянальнай праваабарончай прэміі

8 снежня ў мінскай кнігарні “ЛогвінаЎ” беларуская праваабарончая супольнасць урачыста ўзнагародзіла лаўрэатаў дзевятай Нацыянальняй прэміі беларускіх праваабаронцаў 2017 года ў трох намінацыях – “Праваабаронца года”, “Журналіст года” і “Кампанія/ініцыятыва года”.

пятніца, 08 снежня 2017, Беларускі ДПЧ, паводле spring96.org

Пераможцай у намінацыі “Праваабаронца года” стала кіраўніца Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская.

“Раіса Міхайлоўская паўтары гады кіравала працэсам і непасрэдна прымала ўдзел у распрацоўцы і прасоўванні Прынцыпаў дзейнасці беларускіх праваабаронцаў. На працягу 18 гадоў яна аказвае дапамогу сем’ям зніклых беларускіх палітыкаў, задзейнічае пры гэтым усе нацыянальныя і міжнародныя механізмы абароны. Адным з найбольш значных яе дасягненняў у 2017 годзе з’яўляецца праца з кейсамі ў КПЧ ААН Уль’яны Захаранка (права на жыццё і прызнанне Юрыя Захаранкі памерлым)”, – прадставіла лаўрэата Таццяна Рэвяка, Прэзідэнт Беларускага ДПЧ ім. Б. Звозскава.  Узнагароду Раісе Міхайлоўскай уручыў лаўрэат мінулагодняй прэміі ў гэтай намінацыі, кіраўнік Офісу па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі. 

Лаўрэатам у намінацыі “Журналіст года” стала карэспандэнтка Беларускай службы “Радыё Свабода” Галіна Абакунчык, якая ў сваёй працы рэгулярна закранае пытанні правоў чалавека ў Беларусі. Як адзначыла падчас уручэння Таццяна Рэвяка, праваабарончая супольнасць высока ацэньвае прафесійную дзейнасць Галіны Абакунчык і  ўплыў яе працы на грамадства і вырашэнне праблем у галіне правоў чалавека.

Галіна Абакунчык падчас атрымання ўзнагароды падзякавала калегам і ўсяму грамадству за салідарнасць: “Без салідарнасці ў гэтым свеце вельмі цяжка працаваць і праваабаронцам, і журналістам, і грамадскім актывістам. Усе мы працуем у бесчалавечных умовах беларускіх законаў, што тычацца журналістаў, і таму падтрымка вельмі патрэбная. Я ўпэўнена, што ўсе мы, грамадзянская супольнасць, працуем недарэмна. Мы набліжаем той час, калі чалавек і яго правы будуць галоўнай каштоўнасцю ў краіне. Той час, калі законы будуць законамі, а правы чалавека сапраўды правамі чалавека”.
У намінацыі “Кампанія/ініцыятыва года” лепшай была прызнаная кампанія By_Help, што ўзнікла як рэакцыя на масавыя рэпрэсіі ўвесну 2017 года з мэтай аказання дапамогі рэпрэсаваным. Яе ініцыятарамі выступілі грамадскія актывісты Андрэй Стрыжак, Юлія Дарашкевіч і Аляксей Лявончык. У межах кампаніі ўдалося сабраць каля 60000 даляраў для аплаты паслуг адвакатаў, штрафаў, для дапамогі сем’ям рэпрэсаваных. Кампанія мела ўплыў на прыцягненне ўвагі шырокіх колаў насельніцтва да праблемы парушэння асноўных правоў чалавека і атрымала вялікую падтрымку ад тысяч грамадзян.
Узнагароду ад імя кампаніі атрымала Юлія Дарашкевіч, дыплом ёй урычыла прадстаўніца арганізацыі “Салідарнасць” Тамара Сідарэнка. Юлія Дарашкевіч, у сваю чаргу, падзякавала праваабарончай супольнасці за такое рашэнне: “Я падзяляю гэтую прэмію не толькі са сваімі калегамі-стваральнікамі кампаніі, але і з тысячамі людзей з розных куткоў Беларуі і нават з розных краін, якія дапамаглі ўзняць гэтую хвалю салідарнасці і такім чынам заклалі чарговую цаглінку ў падмурак нашай грамадзянскай супольнасці”.
У гэтым годзе ў вызначэнні лаўрэатаў прынялі ўдзел 27 беларускіх праваабарончых арганізацый ды ініцыятыў, а таксама арганізацый, што маюць у сваёй дзейнасці праваабарончую кампаненту.

***

Нацыянальная прэмія беларускіх праваабаронцаў за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе “Праваабарончым альянсам”. З 2011 года прэмія з'яўляецца агульнай ад усёй беларускай праваабарончай супольнасці, якой за абарону каштоўнасцяў правоў чалавека штогод адзначаецца “Праваабаронца года”, “Журналіст года”, “Адвакат года” (да 2015 г.) і ўпершыню ў 2016 годзе – “Кампанія/ініцыятыва года”.

Арганізацыямі-сузаснавальніцамі прэміі з'яўляюцца Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава, Камітэт “Салідарнасць”, Цэнтр прававой трансфармацыі, Праваабарончы альянс, Прававая ініцыятыва, Грамадская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.  

Беларускі ДПЧ, паводле spring96.org

Перамяшчэнне па старонцы