Вітаючы ўдзельнікаў, Таццяна Рэвяка, прэзідэнт Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава, адзначыла, што з кожным форумам арганізацый, што бяруць удзел у мерапрыемстве, становіцца толькі больш: “Правядзенне форуму стала ўжо добрай традыцыяй, распачатай у 2004 годзе, працягнутай у 2010 і 2013 гадах. Многія з сенняшніх удзельнікаў і гасцей бралі ўдзел у папярэдніх форумах і з кожным годам нас становіцца болей. Так, у 2010 годзе ў форуме прымалі 17 арганізацый, у 2013 – 25, а зараз тут прысутнічаюць прадстаўнікі 29 арганізацый. Праваабарончы сектар пашыраецца, з’яўляюцца новыя людзі і арганізацыі, новыя напрамкі дзейнасці і гэты прагрэс і развіццё можна толькі вітаць”.
Адзін з удзельнікаў форуму, Міхаіл Мацкевіч (на фота) з Офісу па правах чалавека з інваліднасцю, адзначыў, што форум дае магчымасць пазнаёміцца з калегамі і лепш зразумець сваё месца ў агульнай сітуацыі: “Форум – гэта магчымасць рэфлексіўнага стаўлення да праваабарончага руху і сектару. Ён дазваляе канстатаваць нейкія змены, што адбываюцца ў сектары. Таксама гэта, безумоўна, новыя знаёмсвы. Нягледзячы на тое, што мы працуем у агульным полі, заўсёды можна пазнаёміцца з тым, каго не ведаў раней. Таксама форум дае матывацыю, гэта таксама важны пункт. Важна адчуваць сябе часткай супольнасці, часткай чагосьці большага. Вядома, складана дэталёва абмеркаваць усе пытанні ў межах паўтарагадзінных сесій, але зразумець погляды і настроі калегаў гэта дапамагае. Напрыклад, калі аб этычных прынцыпах на папярэдніх форумах толькі казалі, то на гэтым яны ўжо прыняты – такім чынам, можна казаць пра тое, што ёсць нейкі планамерны рух. Форум – адна з магчымасцяў прагаварыць бліжэйшыя свае планы, каб у калег таксама было разуменне, куды рухаемся мы ўсе разам і кожны паасобку”.
З заклікам аб неабходнасці працаваць сумесна, кансалідавана і салідарна выступіў таксама кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі (на фота): “ Мой пасыл такі – сябры, нам трэба працаваць далей разам, нашыя супольныя дзеянні значна больш эфектыўныя, чым калі мы працуем паасобку. Таму давайце праводзіць салідарныя кампаніі, давайце рабіць сумесныя праекты, падключаць нашых сяброў і партнераў з Украіны, з Расіі, з краін ЕЗ. Варта павялічваць эфект праваабарончай сілы, дзякуючы агульным сумесным намаганням. Нам трэба працаваць далей. Поле вялікае, сейбітаў мала і хто, калі не мы?”
Менавіта такія сустрэчы, па словах удзельнікаў, дазваляюць праваабарончай супольнасці кансалідавацца, а праваабаронцам, у сваю чаргу, разлічваць на патрымку калегаў у крытычны момант. Так, падчас форуму, неаднаразова закраналася тэма ўмоваў працы праваабаронцаў у Беларусі і, у прыватнасці, хваля масавых затрыманняў і арыштаў, што прайшла ўвесну 2017 году.
Леанід Свецік (на фота), прадстаўнік ПЦ “Вясна” з Віцебску, распавёў, як падтрымалі яго калегі падчас 15-суткавага зняволення: “Перш за ўсё форум дае магчымасць адчуць локаць адзін аднаго, зразумець, што мы патрэбныя адзін аднаму для таго, каб супрацьстаяць усім тым выклікам, якія ўзнікаюць у нашай дзейнасці. Гэта дае магчымасць стаць салідарней, дае ўпэўненасць, што ў крытычны момант ты атрымаеш дапамогу ад сваіх таварышаў. Калі я непасрэдна адбываў 15 сутак за ўдзел у масавых мерапрыемствах у Віцебску, я атрымаў дзясяткі лістоў падтрымкі ад сваіх калегаў”.
Словы Леаніда падтрымаў і яго віцебскі калега з БХК Павел Левінаў (на фота): “Вясна, што была ў нас у гэтым годзе … Можна сказаць з упэўненасцю, што калі б не было папярэдніх форумаў, то не было б такога згуртавання. Адчувалася, што адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, адчувалася падтрымка не толькі ўнутры Беларусі, але ж на кожны форум прыязджаюць нашы калегі праваабаронцы з сумежных дзяржаў, і адчувалася падтрымка гэтай вясной у тым ліку і ад праваабарончага руху іншых краін”.
Пры гэтым можна адзначыць, што год ад году пашыраецца і шэраг хвалюючых пытанняў, што выклікаюць дыскусіі – сярод такіх, напрыклад, сёлета былі кодэкс этыкі беларускіх праваабаронцаў, а таксама працэдура і крытэры вызначэння паняцця “палітычны зняволены”.
Так, у 2013 годзе падчас ІІІ Беларускага праваабарончага форума было прэзентавана Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны вязень». Падчас цяперашняга праваабарончага форуму, праваабаронцы Уладзімір Яворскі і Валянцін Стэфановіч падзяліліся досведам выкарыстання распрацаваных тады крытэраў для вызначэння палітычных зняволеных.
Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны вязень» было распрацавана працоўнай групай праваабаронцаў з Азербайджану, Беларусі, Грузіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны і прынятае ў кастрычніку 2013 года. Яго мэтай з’яўляецца ўніфікацыя падыходаў у дзейнасці праваабарончых арганізацый па вызначэнні і выкарыстанні паняцця «палітычны вязень». З моманту прыняцця кіраўніцтва у Беларусі шэсць асобаў атрымалі такі статус. На дадзены момант за кратамі знаходзяцца два з іх – гэта Міхаіл Жамчужны і Дзмітрый Паліенка.
Патрабаванне вызвалення палітвязняў было, сярод іншых, згаданае ў Рэзалюцыі IV Беларускага праваабарончага форуму. Рэзалюцыя была прынятая адзінагалосна 21 кастрычніка.
Documents:
- Рэзалюцыя IV Беларускага праваабарончага форуму
- Резолюция IV Беларуского правозащитного форума
- Resolution of the 4th Belarusian Human Rights Forum
In the resolution, unanimously adopted on 21 October, the participants of the forum highlighted existing issues in the human rights situation in Belarus, and provided recommendations for the Belarusian authorities.