У дакладзе гаворыцца пра тое, як патэнцыйна неабмежаванае, кругласуткавае і некантралюемае сачэнне падточвае сілы актывістаў НКА, бо рызыкоўнымі становяцца самыя элементарныя дзеянні, напрыклад, прызначэнне сустрэчы па тэлефоне.
«У краіне, дзе вас могуць затрымаць за ўдзел у акцыі пратэсту ці крытыку прэзідэнта, адной пагрозы таго, што ўлады за вамі шпіёняць, бывае дастаткова, каб зрабіць працу актывістаў амаль немагчымай», – сказаў Джошуа Франка, даследчык Amnesty International па тэхналогіях і правах чалавека.
Усё гэта адбываецца са згоды тэлекамунікацыйных аператараў (у тым ліку тых, што належаць групе Telekom Austria і кампаніі Turkcell), якія прадастаўляюць уладам амаль неабмежаваны доступ да камунікацый і дадзеных сваіх кліентаў. Забеспячэнне ўладам аддаленага доступу да тэлефонных і інтэрнэт-камунікацыяў усіх сваіх абанентаў – умова працы ў Беларусі.
«Дзеючыя ў Беларусі кампаніі абавязаны прадастаўляць уладам доступ да якіх заўгодна дадзеных і калі заўгодна. Таму калі КДБ хоча за кімсьці шпіёніць, яму не патрэбны ордэр, не трэба прасіць кампанію аб доступе», – адзначыў Джошуа Франка.
«На тэлекамунікацыйныя кампаніі ўскладаецца вялікая адказнасць. Звычайна тэхналогіі спрыяюць свабодзе слова, аднак з распаўсюдам камунікацыйных тэхналогій у Беларусі пагроза рэпрэсій узрасла. Важна, каб тэлекамунікацыйныя кампаніі не давалі злоўжываць камунікацыйнымі тэхналогіямі, выкарыстоўваючы іх для абуральнага замаху на недатыкальнасць прыватнага жыцця і свабоду выказвання меркаванняў, – працягнуў ён. – Будучыня свабоды ў інтэрнэце залежыць ад таго, стануць тэлекамунікацыйныя кампаніі супраціўляцца ўрадам, якія ўрываюцца ў прыватнае жыццё і прастору свабоды слова, або пакорліва пагодзяцца на ўсе іх ўмовы, каб толькі не страціць у прыбытку».
Пільнае сачэнне з боку дзяржавы негатыўна адбіваецца на дзейнасці актывістаў. У тэлефонных і інтэрнэт-сетках ў беларускага КДБ і іншых сілавых ведамстваў ёсць бясплатны, пастаянны аддалены доступ да камунікацыйных дадзеных як у рэальным часе, так і да іх захаваных копіяў.
У аснову дакладу ляглі інтэрв’ю, узятыя са жніўня 2015 года па травень 2016 года больш чым у 50 праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў, прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, тэхнічных экспертаў і іншых людзей, якія пражываюць у Беларусі і ў эміграцыі. Яны дэманструюць, як страх перад сачэннем адбіваецца на прыватным жыцці, свабодзе выказвання меркаванняў, свабодзе мірных сходаў і свабодзе аб’яднанняў.
Як распавялі арганізацыі Amnesty International актывісты, праз татальную сакрэтнасць вакол сачэння яны вымушаныя лічыць, што за імі ўвесь час сочаць. Адзін незалежны журналіст, чыя асоба не раскрываецца, заўважыў: «Большасць людзей баяцца адкрыта гаварыць па тэлефоне. Гэта стала часткай ладу мыслення. Ты заведама думаеш, што жыць страшна і дрэнна, што ты нічога не можаш ні кантраляваць, ні змяніць. У прынцыпе, кажу я ў памяшканні, па тэлефоне, ці пішу электронную пошту, я лічу, што ўсё гэта патрапіць у КДБ».
Такія самыя простыя дзеянні, як пошук фінансавання для сваёй арганізацыі, тэлефонныя званкі, прызначэнне сустрэчы ператвараюцца ў рызыкоўныя, таму што, па словах актывістаў, яны баяцца, што іх асабістая альбо фінансавая інфармацыя можа быць выкарыстання для распачынання супраць іх справы, дыскрэдытацыі або шантажу.
Беларускія ўлады маюць неабмежаваны доступ да камунікацый
Паводле беларускага заканадаўства, сеткі аператараў павінны быць сумяшчальныя з сістэмай тэхнічных сродкаў для забеспячэння аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў (САВМ), дзякуючы чаму ўладам для атрымання доступу да камунікацый больш не трэба ні накіроўваць запыт аператару сувязі, ні апавяшчаць яго. Кампаніі павінны таксама захоўваць дадзеныя пра прылады кліентаў і аказаныя ім паслугі доступу да інтэрнэту на працягу пяці, а можа, і 10 гадоў, каб ва ўладаў захоўвалася магчымасць аддаленага доступу да такой інфармацыі.
Усё адбываецца амаль бескантрольна, і няма ніякай адкрытай інфармацыі аб тым, наколькі часта выкарыстоўваецца гэтая сістэма і для якіх мэтаў. Юрыдычныя падставы для сачэння вызначаюцца надзвычай шырока. У прыватнасці, сачэнне можа весціся ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы. У беларускім заканадаўстве апісаны 30 відаў пагрозаў нацыянальнай бяспецы, у тым ліку «зніжэнне ўзроўню дабрабыту і якасці жыцця насельніцтва», «рост беспрацоўя», «недастатковыя аб’ёмы і нізкая якасць замежных інвестыцый», а таксама «спробы разбурэння нацыянальных духоўна-маральных традыцый і неаб’ектыўнага перагляду гісторыі». Для ініцыявання сачэння ўладам не патрэбная санкцыя суда.
Amnesty International заклікае беларускія ўлады стварыць сістэму стрымак і процівагаў у сферы сачэння, каб прывесці яго прымяненне ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека.
Арганізацыя таксама заклікае тэлекамунікацыйныя кампаніі, якім цалкам або часткова належаць беларускія аператары, аспрэчыць прававыя нормы, якія не дазваляюць ім выконваць недатыкальнасць прыватнага жыцця, і праінфармаваць сваіх кліентаў у Беларусі аб тым, што ўлады ў любы момант могуць атрымаць доступ да іх дадзеных.
Amnesty International лічыць, што кампаніі парушаюць трывала ўстаноўленыя стандарты ў галіне бізнесу і правоў чалавека. Згодна з прынятым ААН Кіруючым прынцыпам прадпрымальніцкай дзейнасці ў аспекце правоў чалавека, нацыянальнае заканадаўства краіны, дзе працуе кампанія, не можа служыць апраўданнем для парушэння правоў чалавека.
«Назойлівае сачэнне – не навіна для Беларусі. Адзіная змена палягае ў тым, што дзякуючы тэхналогіям яно выходзіць на зусім іншы ўзровень. Ва ўладаў зараз ёсць велізарны апарат сачэння, які дазваляе без якіх-небудзь абмежаванняў умешвацца ў прыватнае жыццё. Пры дапамозе дэталізацыі званкоў КДБ здольна бачыць, дзе і з кім чалавек знаходзіцца. Мабільны тэлефон ператварыўся ў партатыўнага міліцыянта, прыстаўленага да чалавека», – падсумаваў Джошуа Франка.
Артыкулы па тэме