9 ліпеня камітэт па замежных справах ЕП ухваліў даклад у другім чытанні пасля таго, як у дакумент было ўнесена каля 300 паправак. Сёння тэкст ухваленага дакумента апублікаваны на сайце Еўрапарламента.
Прадстаўленне камітэту даклада па Беларусі ў першым чытанні ў канцы мая выклікала вялікі грамадскі рэзананс. Яе падрыхтаваў сябра Еўрапарламента, спецыяльны дакладчык па Беларусі, дэпутат з Літвы Юстас Палецкіс.Першапачаткова ў дакуменце адзначалася паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2012 годзе, што выклікала абурэнне беларускай апазіцыі і праваабаронцаў. У адказ на абвінавачанні аўтар даклада Юстас Палецкіс сцвярджаў, што такую выснову ён зрабіў на падставе інфармацыі беларускіх праваабаронцаў.
«Гэта была першапачатковая версія. І я ўжо падкрэсліваў, што тыя дзве з паловай старонкі былі толькі рамкі. А пасля былі 292 дапаўненні еўрапарламентароў. І цяпер гэта змянілася непазнавальна. Тэза пра тое, што змянілася сітуацыя з правамі чалавека перафармулявана непазнавальна. Цяпер гаворыцца пра цяжкое становішча з правамі чалавека. Але адначасова цытуецца, па статыстыцы „Вясны“,што колькасць асуджаных паводле палітычных матываў зменшылася. Але цяпер тлумачыцца, што гэтыя лічбы вынік атмасферы запалохвання і рэпрэсіяў”, – адзначыў Палецкіс.
У дакуменце таксама зазначаецца, што маючы адбыцца ў лістападзе ў Вільнюсе саміт Усходняга партнёрства «можа стаць важнай магчымасцю для паляпшэння адносін паміж Беларуссю і ЕС пры ўмове, што беларускія ўлады вызваляць і рэабілітуюць усіх палітзняволеных», а ў палітычны дыялог паміж Мінскам і Бруселем, які магчымы пры выкананні вышэйзгаданай умовы, павінны быць уцягнутыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі Беларусі.
У сваю чаргу апазіцыі, як зазначаецца ў дакладзе, неабходна працаваць над стварэннем агульнай стратэгіі і плана дзеянняў. Стварэнню такой стратэгіі садзейнічалі б канкрэтныя меры — такія, напрыклад, як агульны спіс кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах 2014 года, агульная палітычная праграма, вылучэнне адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.
Еўракамісіі, Вярхоўнаму прадстаўніку ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі, Савету ЕС і дзяржавам — членам ЕС еўрапарламентарыі рэкамендуюць заклікаць беларускія ўлады паважаць правы чалавека і рухацца ў кірунку дэмакратычных рэформ, каб спыніць самаізаляцыю краіны ад Еўропы.
ЕС таксама павінен яшчэ раз ясна акрэсліць: перадумовай якога-небудзць прагрэсу, які мог бы прывесці да зняцця санкцый і разблакіроўкі двухбаковых адносін, з’яўляецца безумоўнае і неадкладнае вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітзняволеных, падкрэсліваецца ў дакладзе.
ЕС, гаворыцца ў дакладзе, павінен «з найбольшай карысцю выкарыстаць часовае прыпыненне візавых санкцый у дачыненні да міністра замежных спраў Беларусі як дыпламатычнага канала сувязі, і яго магчымы ўдзел у саміце Усходняга партнёрства найперш для таго, каб садзейнічаць вырашэнню пытання аб палітзняволеных».
Пры гэтым у дачыненні да іншых чыноўнікаў, «адказных за парушэнні дэмакратычных выбарчых стандартаў і правоў чалавека, санкцыі адмяняцца не павінны», мяркуюць у Еўрапарламенце.
ЕС таксама павінен «заахвочваць дыялог з тымі чыноўнікамі, якія не былі персанальна ўцягнутыя ў рэпрэсіі, для таго, каб садзейнічаць развіццю беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва, а таксама іх узаемадзеянню з беларускай грамадзянскай супольнасцю, каб у выніку аблегчыць правядзенне рэформ».
У справаздачы гаворыцца і пра тое, што Беларусь павінна выканаць усе рэкамендацыі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, зняць любыя абмежаванні на ажыццяўленне права на свабоду сходаў, выказванняў, мірных сходаў, слова для прадстаўнікоў апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і няўрадавых арганізацый, у тым ліку ліквідаваць любыя перашкоды па рэгістрацыі НДА.
Апрача таго, зазначаецца ў дакладзе, у Беларусі неабходна правесці рэформы, якія гарантавалі б незалежнасць судовай сістэмы, не прыводзіць у выкананне вынесеныя ў 2013 годзе смяротныя прыгаворы і ўвесці мараторый на смяротную кару.
ЕС рэкамендавана ў аднабаковым парадку спрасціць парадак выдачы віз для беларусаў і знізіць іх кошт з 60 еўра да ўзроўню, прымальнага для беларускіх грамадзян, а таксама ў поўнай меры выкарыстаць магчымасці для выдачы бясплатных віз, якія дае Візавы кодэкс ЕС.
Documents:
- РЕКОМЕНДАЦИИ ДЛЯ СОВЕТА ЕС, КОМИССИИ ЕС И ЕВРОПЕЙСКОЙ СЛУЖБЫ ВНЕШНЕПОЛИТИЧЕСКОЙ ДЕЯТЕЛЬНОСТИ
Артыкулы па тэме
Новая назва: Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
Спецдакладчык ААН сустрэўся з беларускімі праваабаронцамі
Вызваленне палітвязняў – абавязковая ўмова для ўзнаўлення ўзаемаадносін ЕЗ з Беларуссю